Геаграфія ў 11 пунктах

Хто і калі аказаўся бліжэй да цэнтра Зямлі? Якая новая дзяржава з’явілася ў Афрыцы? Чаму ЮНЕСКА да трох самых запатрабаваных навук XXI стагоддзя адносіць геаграфію? Аб гэтым і не толькі сваім алімпіяднікам расказвае Дзмітрый Уладзіміравіч Паджыгераў, настаўнік геаграфіі Магілёўскага абласнога ліцэя № 1. Чатыры вучні Дзмітрыя Уладзіміравіча сталі пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. А аднаму юнаму знаўцу навукі аб зямлі ён дапамог трапіць у беларускую каманду, якая сёлета з міжнародных спаборніцтваў прывезла бронзавы медаль. Два гады, як пашырылася і “геаграфія” месцажыхарства яго вучняў. З 2011 года Дзмітрый Уладзіміравіч Паджыгераў да рэспубліканскіх спаборніцтваў рыхтуе каманду Магілёўскай вобласці.

Усяго ведаць немагчыма

“Падрыхтоўка да алімпіяды не павінна быць спантаннай. Рыхтавацца трэба на працягу ўсяго навучальнага года, — упэўнены Д.У.Паджыгераў. — Менавіта сістэматычныя заняткі з адоранымі дзецьмі даюць стабільны вынік”. Для заняткаў настаўнік з дзецьмі збіраецца кожную суботу — адзіны вольны ад урокаў дзень. І працуе з 9 і да 14 гадзін як мінімум. Адораных дзяцей Дзмітрый Уладзіміравіч можа разгледзець і ў “сярэднячках”, велізарны патэнцыял якіх, магчыма, яшчэ схаваны. Менавіта на такіх дзяцей ён робіць стаўку. “Школьная праграма перагружана, таму ў выдатнікаў можа не хапаць часу на сур’ёзныя заняткі геаграфіяй”, — тлумачыць Дзмітрый Уладзіміравіч.
“Для таго каб падрыхтаваць вучня да алімпіяды, трэба вызначыць аб’ём інфармацыі, якім ён павінен свабодна аперыраваць, паколькі алімпіядныя заданні выходзяць далёка за межы школьнай праграмы. І з кожным годам гэтыя заданні ўскладняюцца, — гаворыць Д.У.Паджыгераў. — Таму аналіз алімпіядных заданняў апошніх гадоў проста неабходны”.
Крыніцы такіх заданняў Дзмітрый Уладзіміравіч для сябе вызначыў. Часта гэта тыповыя зборнікі алімпіядных заданняў, дыдактычныя матэрыялы, тэматычныя і выніковыя кантрольныя работы, а менавіта пытанні V узроўню, розныя дапаможнікі з займальным матэрыялам па геаграфіі, геаграфічныя часопісы і газеты. “Настаўніку проста неабходна мець асабістую бібліятэку такіх матэрыялаў. У асобную папку збіраць алімпіядныя тэсты і сачыць за апошнімі зменамі ў сацыяльна-эканамічнай геаграфіі”, — упэўнены настаўнік.
А змены такія адбываюцца. Маладая краіна Афрыкі Паўднёвы Судан яшчэ не пазначана на ўсіх картах, а васьмікласнікі ведаюць, што з’явілася яна ў 2011 годзе і сталіца яе Джуба. Нядаўна адбыліся і іншыя змены — у жыцці Еўрапейскага кантынента. У ліпені 2013 года канчаткова ўвайшла ў склад Еўрасаюза Харватыя. Так што зараз у аб’яднанні 28 раўнапраўных членаў.
На факультатывах Д.У.Паджыгераў з вучнямі часцей за ўсё разглядае алімпіядныя заданні. Калі ў вучняў ёсць недахопы ў ведах, то практыкум ператвараецца ў прасунутую лекцыю. “Усяго ведаць немагчыма. Я сам, калі чагосьці не ведаю, не саромеюся прызнацца і вучу дзяцей не саромецца гэтага”, — гаворыць Д.У.Паджыгераў. Хутка знайсці адказ дапамагае інтэрнэт, якім карыстаюцца на занятках. У кабінеце стаіць праектар, на які трансліруецца неабходная інфармацыя.
Каб не запалохаць вучняў строгім навуковым матэрыялам, Дзмітрый Уладзіміравіч асабліва на першых занятках прапаноўвае школьнікам займальныя геаграфічныя пытанні. “Хто і калі бліжэй аказаўся да цэнтра Зямлі?” — пытаецца ён у вучняў. Звычайна логіка падказвае, што адказ трэба шукаць на дне глыбакаводнага жолаба. І, напэўна, чалавек, які апусціўся на дно гэтага жолаба, быў бліжэй за ўсё да цэнтра Зямлі. І калі дзеці пачынаюць “капацца”, даведваюцца, што на дно Марыянскага жолаба (а гэта самы глыбокі жолаб) першым апусціўся Жак Пікар у 1960 годзе. Адказ няправільны. Наша Зямля сплюшчана каля полюсаў, і бліжэй за ўсё да цэнтра Зямлі аказваецца Паўночны полюс. Значыць, трэба шукаць таго чалавека, які першым пакарыў Паўночны полюс. Гэта быў Роберт Піры ў 1909 годзе.
Аб’ём інфармацыі, які павінны ведаць вучні, вялікі, таму падрыхтоўчая работа да алімпіяды ідзе паралельна па некалькіх кірунках. Са свайго вопыту Д.У.Паджыгераў самым складаным турам алімпіяды лічыць тэарэтычны, на якім прапаноўваюцца вялікія адкрытыя пытанні па нейкай тэме. Напрыклад, па карысных выкапнях альбо пэўным рэгіёне. Пытанні, канечне, універсітэцкага ўзроўню. Дзмітрый Уладзіміравіч выдзеліў для сябе 11 блокаў пытанняў, пунктаў, згодна з якімі і рыхтуе дзяцей.

Дзеля вучнёўскіх рэкордаў

Пунктам № 1 у спісе Дзмітрыя Уладзіміравіча стаіць вывучэнне картаграфічнага матэрыялу. Веданне карты дапаможа адказаць на алімпіядныя тэсты, часам амаль на 50% такіх заданняў.
Другі пункт пры падрыхтоўцы — вывучэнне геаграфічных рэкордаў і ўнікальных прыродных і гаспадарчых аб’ектаў. Гэта заданні ў стылі “самы”, “самая”, “самае”.
Наступны блок работы — тэарэтычная падрыхтоўка па фізічнай геаграфіі. Асноўны ўпор у гэтым геаграфічным адгалінаванні Д.У.Паджыгераў робіць на спецыфічныя фізіка-геаграфічныя аб’екты і з’явы. Напрыклад, на ледавіковыя формы рэльефу (трогі, цыркі, камы, озы, барановыя лбы, кучаравыя скалы і інш.). Толькі запомніць іх недастаткова. Трэба зразумець заканамернасці іх паходжання і распаўсюджання.
Дастойна выступіць на алімпіядзе дапамагае і тэарэтычная падрыхтоўка па эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі. Гэта чацвёрты пункт у спісе Д.У.Паджыгерава. Асаблівую ўвагу настаўнік рэкамендуе звярнуць на найноўшыя даныя:
а) з’яўленне новых незалежных дзяржаў на палітычнай карце свету, змены ў складзе каланіяльных уладанняў;
б) новыя даныя па насельніцтве свету: колькасць, структура, першая дзясятка краін па колькасці насельніцтва; найбуйнейшыя гарады, агламерацыі і мегаполісы; асаблівасці дэмаграфічнай палітыкі ў асобных краінах і рэгіёнах;
в) дзясятка краін-лідараў па ўсіх відах прыродных рэсурсаў, прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі;
г) змены ў складзе сусветных і рэгіянальных міжнародных арганізацыях (ААН і яе падраздзяленнях, ЕС, АКЭН, АКПУА, НАТА, ЛАД, СААРК, МЕРКОСУР, НАФТА і інш.);
д) усе сучасныя ваенныя канфлікты і прычыны іх узнікнення;
е) глабальныя праблемы і шляхі іх рацыянальнага вырашэння.
Нядзіўна, што беларускім школьнікам спатрэбяцца паглыбленыя веды пра Беларусь. Таму наступным пунктам у Дзмітрыя Уладзіміравіча стаіць тэарэтычная падрыхтоўка па геаграфіі Беларусі. З аднаго боку, гэта краязнаўчы матэрыял, асабліва прыродакарыстанне і экалагічныя праблемы. З другога — планаванне будаўніцтва новых гаспадарчых аб’ектаў па рэгіёнах Беларусі. Каб прапанаваць нейкія праекты, трэба ведаць рэсурсы рэгіёна, транспарт, фактары размяшчэння прадпрыемстваў.
Карысным для алімпіяднікаў Д.У.Паджыгераў лічыць рашэнне тыпавых алімпіядных тэставых заданняў мінулых гадоў з падрабязным разборам тыповых памылак.
Паралельна з гэтым выконваюць практычныя работы павышанай складанасці на адпрацоўку агульнагеаграфічных уменняў і навыкаў. А гэта пабудова гіпсаметрычных профіляў, разрэзаў, графікаў, дыяграм; вылічэнне з дапамогай градуснай сеткі, аналіз кліматычных дыяграм.
Без матэматыкі не абыходзяцца і пры рашэнні матэматычных задач з выкарыстаннем геаграфічных даных:
а) разлікі падзення і ўхілу ракі, гушчыні рачной сеткі і гадавога сцёку;
б) разлікі каэфіцыента ўвільгатнення, абсалютнай і адноснай вільготнасці, сярэдніх тэмператур, амплітуд тэмператур, змены тэмпературы і атмасфернага ціску з пераменай абсалютнай вышыні мясцовасці, змены напрамку і сілы ветру са змяненнем атмасфернага ціску;
в) разлікі розных відаў асвоенасці тэрыторыі: сялібнай, транспартнай, прамысловай, сельскагаспадарчай;
г) разлікі рэнтабельнасці прадпрыемства;
д) разлікі, звязаныя са зменай часавага пояса;
е) разлікі на рознасць велічынь палярнага і экватарыяльнага полюсаў Зямлі;
ж) разлікі дэмаграфічных паказчыкаў: каэфіцыентаў нараджальнасці, смяротнасці і натуральнага прыросту, прагнозаў колькасці насельніцтва праз 20, 50, 100 гадоў;
з) разлікі вышыні сонца над лініяй гарызонту ў залежнасці ад пары года і шыраты мясцовасці.
На занятках не абыходзіцца і без вывучэння надзвычайных прыродных і культурна-гістарычных аб’ектаў па краінах і рэгіёнах свету.
Д.У.Паджыгераў вучыць дзяцей працаваць і з тапаграфічнай картай. А гэта веданне ўмоўных знакаў, уменне чытаць тапаграфічную карту, праводзіць вылічэнні па ёй (вызначаць геаграфічныя каардынаты, улічваць пры вылічэнні азімутаў магнітнае схіленне і збліжэнне мерыдыянаў, знаходзіць адлегласць з дапамогай маштабу і кіламетровай сеткі, вызначаць маштаб карты, нават калі ён не пазначаны, вылічваць перавышэнні паміж гарызанталямі, адносную і абсалютную вышыні любых кропак на тапаграфічнай карце. Сваім вучням расказвае і як складаць план мясцовасці.
Разбавіць навуковы матэрыял і матэматычныя разлікі Д.У.Паджыгераву дапамагаюць геаграфічныя кінахвілінкі. Фільмаў у Дзмітрыя Уладзіміравіча больш за 200. Класікай геаграфічнага кінематографа настаўнік лічыць фільм “Біяграфія планеты”, дзе ў 3D-мадэлях паказана, як 4,6 млрд гадоў назад з вогненнага шара пачала фарміравацца наша планета, як на ёй зараджалася жыццё і як яна развівалася да нашых дзён. Паглядзець яго Дзмітрый Уладзіміравіч рэкамендуе не толькі географам. Такі фільм цудоўна падыдзе і для біёлагаў.
Падабраць фільм Дзмітрый Уладзіміравіч можа на любую тэматыку. Дастаткова фільмаў, прысвечаных і глабальным праблемам. Што будзе, калі насельніцтва планеты за адзін дзень павялічыцца ўдвая? Сітуацыя на экране гіпербалізавана, аднак добра відаць, якія прыродныя рэсурсы неабходны чалавеку для падтрымання жыцця на Зямлі. А калі з’яўляецца асаблівы настрой, для разрадкі Д.У.Паджыгераў можа сыграць і на гітары.
Геаграфія спатрэбіцца кожнаму думаючаму чалавеку. У гэтым Д.У.Паджыгераў упэўнены. Геаграфія дапамагае разабрацца ў сутнасці канфліктаў і войнаў, дапамагае сарыентавацца ў сучасным жыцці. Перанаселенасць краін, малыя запасы карысных выкапняў… Гэтыя праблемы таксама разглядаюцца геаграфіяй. Д.У.Паджыгераў дакладна ведае, што задача сённяшняй геаграфіі — дапамагчы чалавецтву жыць у гармоніі з прыродай.

Святлана ШЫЯН.