Хуткая дапамога для атэстуемых

Гімназія № 1 Іўя з 2009/2010 навучальнага года вызначана рэсурсным цэнтрам па арганізацыі і правядзенні атэстацыі педагагічных кадраў. Перыяд атэстацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі — напружаная пара перш за ўсё для атэстуемых, таму мы дапамагаем педагагічным работнікам раёна падрыхтавацца да гэтага выпрабавання.

Метадычнае суправаджэнне атэстацыі педагагічных работнікаў у нашай гімназіі арыентавана на наступныя аспекты:
— стварэнне сістэмы дыферэнцыраваных сэрвісных паслуг па пытаннях атэстацыі;
— арганізацыя пастаяннай кансультацыйнай дапамогі ўстановам адукацыі раёна ў правядзенні атэстацыі педагагічных кадраў;
— аказанне метадычнай падтрымкі настаўнікам-прадметнікам па падрыхтоўцы да праходжання атэстацыі;
— стварэнне ўмоў для азнаямлення з вопытам работы педагагічнага калектыву гімназіі.
Важнае значэнне мае ўзровень правядзення інструктыўна-метадычнай нарады для педагагічных работнікаў, якія падалі заяву на атэстацыю. У дапамогу педагогам па праходжанні атэстацыі прапануюцца матэрыялы, дзе сабраны дыягнастычныя карты, вызначаны парадак самапрадстаўлення вопыту работы, пытанні для субяседавання, праграма вывучэння педагагічнай дзейнасці, патрабаванні да самааналізу вучэбных, факультатыўных заняткаў, пазакласнага мерапрыемства.
Штогод у кастрычніку, пасля працэдуры стварэння атэстацыйных камісій ва ўстановах адукацыі, на базе гімназіі праводзіцца інструктыўна-метадычная нарада для новавыбраных членаў атэстацыйных камісій, дзе абмяркоўваецца ход вывучэння педагагічнай дзейнасці.

Адміністрацыі ўстаноў адукацыі, старшыням, намеснікам, сакратарам атэстацыйных камісій прадастаўлена магчымасць азнаёміцца з нарматыўным прававым забеспячэннем атэстацыі педагагічных работнікаў, узорамі распрацаваных лакальных дакументаў.
Належная ўвага ўдзяляецца якасці самаадукацыі, індывідуальнай рабоце з педагогамі, персанальнаму кантролю за дзейнасцю атэстуемых.
Кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі маюць магчымасць пазнаёміцца з лепшымі праектамі па тэмах самаадукацыі. Напрыклад, такімі: “Выкарыстанне мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі ў працэсе выкладання беларускай мовы і літаратуры”, настаўніца Г.Б.Балунда; “Тэхналогія даследчай дзейнасці вучняў на ўроках хіміі”, настаўніца М.К.Пачынская; “Развіццё пазнавальнай і творчай актыўнасці вучняў на ўроках гісторыі з дапамогай выкарыстання сучасных адукацыйных тэхналогій”, настаўніца Ч.Ч.Куніцкая; “Выкарыстанне тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення на ўроках гісторыі і грамадазнаўства”, настаўніца Т.А.Базевіч; “Стварэнне сістэмы пераемнасці на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, настаўніца А.І.Паўлоўская.

Дзейнасць рэсурснага цэнтра па суправаджэнні працэдуры атэстацыі педагагічных работнікаў праводзіцца па двух напрамках: аказанне метадычнай падтрымкі ў вывучэнні практычнай дзейнасці педагога і абагульненне ўласнага педагагічнага вопыту. Матэрыялы абагульненага ў працэсе атэстацыі вопыту папаўняюць не толькі метадычную скарбонку гімназіі, але і трансліруюцца ў рамках правядзення заняткаў раённых метадычных фарміраванняў.
За апошніх пяць гадоў абагульнілі і трансліравалі вопыт работы дзесяць педагогаў. У іх ліку настаўніца Г.І.Бычко па тэме “Выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій у выкладанні матэматыкі”, настаўніца А.М.Хіневіч па тэме “Рэалізацыя асобасна арыентаванага, практыка-арыентаванага падыходаў у працэсе выкладання рускай мовы і літаратуры” і інш.
Усяго з 2009 года на базе гімназіі праведзена 38 пасяджэнняў раённых метадычных фарміраванняў. Свой вопыт праз правядзенне адкрытых вучэбных, факультатыўных заняткаў, класных, інфармацыйных гадзін, мерапрыемстваў прадставілі 91% педагогаў гімназіі. Майстар-клас атэстуемых па тэме самаадукацыі наведваюць не толькі члены атэстацыйнай камісіі, адміністрацыя, педагогі гімназіі, а таксама метадысты РВМК, калегі з іншых устаноў адукацыі. Так, у 2009/2010 навучальным годзе настаўніца біялогіі І.Р.Гушча правяла майстар-клас па тэме “Выкарыстанне мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі”, які наведалі намеснікі дырэктараў па вучэбна-выхаваўчай рабоце, біёлагі раёна. У 2010/2011 навучальным годзе Дні педагагічнага майстэрства “Сучасныя падыходы настаўніка ў рабоце са здольнымі і адоранымі дзецьмі” для калег раёна правялі І.А.Халява, Г.С.Халява, настаўніцы рускай мовы і літаратуры; Т.А.Базевіч, настаўніца гісторыі. У 2011/2012 навучальным годзе майстар-клас для калег раёна па выкарыстанні інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій правялі Л.М.Дайнакова, Т.У.Ярмош, настаўніцы англійскай мовы; В.А.Макуцэвіч, настаўніца пачатковых класаў; Ю.Б.Умрэйка, настаўнік фізічнай культуры і здароўя; А.І.Захар, настаўніца выяўленчага мастацтва. Сёлета калегі раёна мелі магчымасць пазнаёміцца з вопытам работы педагогаў гімназіі па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе тэхналогіі інтэрактыўнага навучання, тэхналогіі даследчай дзейнасці вучняў, тэхналогіі “Дэбаты”. З калегамі з Мастоўскага раёна дзялілася вопытам выкарыстання мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі настаўніца біялогіі І.Р.Гушча.
У практыку гімназіі як рэсурснага цэнтра па атэстацыі ўвайшло правядзенне індывідуальных і групавых кансультацый. Так, за апошні навучальны год было праведзена 18 такіх кансультацый, у ходзе якіх па заяўках устаноў адукацыі практыкуем правядзенне адкрытых вучэбных, факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў, вывучэнне дакументацыі, наведванне пасяджэнняў атэстацыйнай камісіі. Таксама педагогі, якім прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя пасля здачы кваліфікацыйнага экзамену, аказваюць адрасную дапамогу калегам у падрыхтоўцы да здачы кваліфікацыйнага экзамену, да напісання і абароны вопыту работы. Такая дапамога аказана не толькі педагогам гімназіі, але і двум педагогам Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы, аднаму педагогу Чарнельскага дзіцячага сада — базавай школы.

З 2009 года на базе гімназіі штогод праводзіцца семінар для намеснікаў дырэктараў па вучэбна-выхаваўчай рабоце, старшыняў атэстацыйных камісій устаноў адукацыі раёна з практычным паказам вопыту работы па атэстацыі педагагічных кадраў. Удзельнікам семінара прадастаўлена магчымасць паглядзець відэазапіс пасяджэння атэстацыйнай камісіі, працэдуры атэстацыйнай гутаркі.
У сувязі з прыняццем новай Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі) праведзены інструктыўна-метадычныя нарады з намеснікамі дырэктараў па вучэбна-выхаваўчай рабоце, старшынямі атэстацыйных камісій устаноў адукацыі раёна, індывідуальныя і групавыя кансультацыі па метадычным суправаджэнні атэстацыі педагагічных работнікаў.
Для таго каб выявіць рэзервы і намеціць шляхі далейшага развіцця і ўдасканалення работы па атэстацыі з педагагічнымі кадрамі, вядома, павінна быць эфектыўнай зваротная сувязь. На сайце гімназіі створана старонка “Атэстацыя”, дзе размешчаны матэрыялы з вопыту работы.
Правядзенне анкетавання педагагічных работнікаў устаноў адукацыі дапамагае вызначыць эфектыўнасць работы гімназіі як рэсурснага цэнтра па атэстацыі педагагічных кадраў.

Апытанне намеснікаў дырэктараў устаноў адукацыі раёна паказала, што метадычная дапамога з боку рэсурснага цэнтра гімназіі эфектыўная для падрыхтоўкі педагогаў да праходжання атэстацыі. Такая форма метадычнай работы дазваляе забяспечыць пераемнасць дзейнасці рэсурснага цэнтра і іншых устаноў адукацыі раёна па арганізацыйна-метадычным суправаджэнні атэстацыі педагагічных работнікаў, інтэграваць атэстацыю з іншымі відамі кіраўніцкай дзейнасці.

Часлава КУНІЦКАЯ,
намеснік дырэктара гімназіі № 1 Іўя.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*