Калі навучанне ў задавальненне

Сёння ў мяне нетыповы рэпартаж з урока. На заняткі да гэтага настаўніка давялося прасіцца тройчы. Віктар Канстанцінавіч Смольскі не проста фіналіст апошняга конкурсу “Настаўнік года”. Ён даўно (30 гадоў) паспяховы настаўнік французскай мовы гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля і такі ж паспяховы трэнер гарадской і абласной каманды на Рэспубліканскую алімпіяду па французскай мове. Актыўна дзеліцца вопытам з калегамі.

Акрамя таго, Віктар Канстанцінавіч даўні аўтар нашай газеты. Прынамсі, не так даўно мы друкавалі яго артыкул, дзе ён апісваў педагагічную і метадычную карысць міжнароднага  ўзаемадзеяння з калегамі і вучнямі. Наведванне краіны, мова якой вывучаецца, і зносіны з носьбітамі гэтай мовы, па яго меркаванні, абавязковая ўмова паспяховага вывучэння замежнай мовы. Дарэчы, адна з нашых сустрэч якраз і не адбылася таму, што Віктар Канстанцінавіч ехаў з вучнямі ў Францыю. І вось у яго цэйтноце знайшлося месца для майго прыезду, за што яму вялікі дзякуй.

Інтуіцыя зноў не падвяла мяне. Недарэмна я столькі разоў шукала магчымасць трапіць на ўрок да гэтага настаўніка. Убачаны ўрок быў вельмі эмацыянальным, гарманічным і ў той жа час змястоўным і зладжаным. Усе 45 мінут Віктар Канстанцінавіч працаваў у цесным псіхалагічным кантакце з кожным вучнем класа. Узаемнае цягаценне адчувалася на працягу ўсяго ўрока. У цэнтры ўвагі педагога была не толькі вучэбная дзейнасць дзяцей, але і арганізацыйныя моманты. Усе своечасова разгортвалі падручнікі, сшыткі, рабілі патрэбныя запісы. Падаючыя з парты ручкі і алоўкі тут жа падымаліся настаўнікам.

Віктар Канстанцінавіч увесь час трымаў увагу вучняў, а пры неабходнасці ўмела размяркоўваў яе на іншыя віды вучэбнай дзейнасці. Навучэнцы пільна сачылі за сваім настаўнікам, стараліся не збівацца з тэмпу (а ён у педагога даволі высокі) і лавілі кожнае яго слова. Шчыра кажучы, я была гэтаму здзіўлена: за партамі на ўроку сядзелі трэцякласнікі, але, нягледзячы на ўзрост, працавалі яны вельмі прадукцыйна.

Як вы ўжо зразумелі, Віктар Канстанцінавіч запрасіў мяне на ўрок французскай мовы ў 3 клас — жывы, непасрэдны, з добрай для іх узросту базай ведаў па французскай мове. Тое, што паміж дзецьмі і настаўнікам усталяваны добры кантакт, было заўважна яшчэ на перапынку. Віктар Канстанцінавіч нагадваў, што павінна ляжаць на парце, а дзеці засяроджана даставалі ўсё неабходнае. Яны дакладна ведалі, што на ўроку спатрэбіцца ўсё з пералічанага настаўнікам.

Празвінеў званок. Усе гатовы да працы. Пасля прывітання Віктар Канстанцінавіч нагадвае, што яны працяг­ваюць вывучаць тэму “Жывёлы”. Гэта быў трэці ўрок па гэтай тэме. Каб паўтарыць алфавіт, педагог разам з дзецьмі назву тэмы запісвае па літары, кожную з якіх агучвае нехта з вучняў.

Затым адбылося ўключэнне дзяцей у тэму з дапамогай адной фразы (сказа). Яна была ім знаёма з мінулага ўрока. Аднаў­ляць яе трэба было не ў вусным, а ў пісьмовым фармаце. Дзеці працавалі на хуткасць, што з’яўляецца адным з прынцыпаў работы педагога. І ён, дарэчы, перакананы, што такі навык павінен у сваіх вучнях развіваць кожны настаўнік.

Наступны этап — першасная актывізацыя лексічнага матэрыялу, з якім вучні пазнаёміліся на мінулым уроку, але да канца не засвоілі. Тут была арганізавана работа са слоўнікамі і выявамі на экране.

Затым з’явіўся лялечны персанаж — конік Патапу з лічылкай, якую на наступным уроку дзеці засвояць поўнасцю.

Потым была фізічная паўза. Гэта быў ужо экватар урока. Тут настаўнік разам з дзецьмі пагуляў у “Паравозік” — інтэлектуальна-рухальную гульню, закліканую дапамагчы зас­воіць пройдзены матэрыял.

Конік Патапу застаўся разам з дзецьмі і пасля фізкультхвілінкі. Ён дапамог настаўніку прагаварыць вучням іх будучы аповед пра свойскіх жывёл. Былі агучаны чатыры рэплікі: “Гэтая жывёла — конік. Яго завуць Патапу. Мне ён вельмі падабаецца. Я вельмі люблю сваю жывёліну”. Гэта была мадэль будучага выказвання трэцякласнікаў.

Апошняя частка ўрока прысвячалася падрыхтоўцы да дамашняга задання. Была арганізавана работа з пытаннямі. Асноўным пасылам гэтай часткі ўрока стала наступнае: пытанні, якія мы задаём, дапамагаюць фармуляваць адказы. Схематычна работа была пабудавана наступным чынам: агучвалася пытанне, рабіўся яго пераклад. Затым дзеці шукалі адказ на роднай мове, а пасля фармулявалі адказ на французскай, прымяняючы набытыя навыкі.

Паралельна рабіліся перапынкі на актывізацыю граматычнага навыку — спражэння дзеясловаў. Гэта неабходна было для таго, каб у структуры сказаў, якія дзеці бу­дуць складаць дома, не было памылак. Такім чынам, дамашняе заданне было забяспечана. Дзецям трэба будзе толькі дапоўніць яго сваімі свойскімі жывёламі.

На гэтым этапе вучні зноў вярталіся да напісання: запісвалі рэплікі-ўзоры. Рабілі гэта на хуткасць. У канцы усе атрымалі гэтыя фразы ў раздрукаваным выглядзе, што было зроблена для таго, каб у кожнага вучня матрыца дамашняга задання была ў поўным аб’ёме. Заўсёды ў класе ёсць тыя, хто не паспеў запісаць, тым больш калі ўключаны таймер.

Дзеці толькі пачынаюць пагружацца ў гэтую тэму, але навыкі дыялагічнага маўлення ўжо прысутнічаюць. Агульная мэта ўрока — фарміраванне лексічнага навыку. “Трэцякласнікі павінны фарміраваць свой лексічны запас (ведаць назвы жывёл) і вучыцца інтэграваць свае веды ў выказванні на гэтую тэму”, — пракаменціраваў настаўнік.

У пачатку ўрока, каб дзеці ўключыліся ў маўленчую дзейнасць, была арганізавана работа са слоўнікамі. На мінулым уроку кожны запісаў назвы жывёл на французскай мове ў адзін слупок, а побач, у другім слупку, быў дадзены іх пераклад. Вучні ўжо ведалі назвы, прынамсі, заданне настаўніка — навучыцца чытаць назву жывёлы — яны выканалі. А на ўроку, каб замацаваць гэтыя веды, Віктар Канстанцінавіч прапанаваў ім карцінкі жывёл суаднесці з назвамі. У выніку эмоцыі ад карцінак дапамаглі дзецям замацаваць сувязь “назва жывёлы — яе выява”, адпрацаваць арфаграфічныя і лексічныя навыкі.

Фізкультхвілінка была выдатна адаптавана да зместу ўрока. Дзеці парухаліся і прагаварылі новую лічылку разам з новым персанажам — конікам Патапу. З дапамогай лічылкі настаўнік лагічна падвёў сваіх вучняў да падрыхтоўкі выказвання. Ён вучыць рыхтаваць выказванне паэтапна, прычым строга сочыць за выкананнем кожнага пункта. Гэта важна, бо дапамагае вучыць слухаць і чуць адно аднаго, што неабходна ў простай камунікацыі паміж суразмоўнікамі. І яшчэ. Віктар Канстанцінавіч вучыць, што са слоў пытання можна скласці адказ.

Дамашнім заданнем стала склас­ці выказванне з чатырох сказаў. Гэта мінімум, які пасля можна будзе пашырыць новымі словамі і ведамі (характарыстыкай жывёлы, умовамі яе пражывання і г.д.). Асацыяцыі і вобразы не ўскладняюць дамашняе заданне. Пры падрыхтоўцы да дамашняга задання былі разабраны адказы, тым самым была падрыхтавана матрыца для ўласных адказаў пра сваіх жывёл. 

Праграмай для вучняў 3 класа прадугледжваецца набыццё чытацкіх навыкаў па французскай мове (карыстацца патрэбнымі правіламі чытання), таму Віктар Канстанцінавіч да замацавання гэтага ўмення звяртаецца на кожным уроку. Гэта робіцца праз прызму самай рознай дзейнасці, але просьба прачытаць чуецца ад настаўніка пастаянна. На гэтым уроку педагог таксама ўвесь час прасіў сваіх вучняў нешта прачытаць, прычым як пра сябе, так і ўголас.

Другі важны навык, прадугледжаны праграмай, — навучыць пісаць, таму на кожным уроку пэўны этап — пісьмовая дзейнасць. “Калі дзеці вывучылі алфавіт, я ўбачыў, што яны не мо­гуць канвекціраваць друкаваныя літары ў пісьмовыя, таму даю шмат практыкаванняў на трэніроўку менавіта гэтага навыку. Прынамсі, на гэтым уроку трэцякласнікі гэта рабілі двойчы”, — адзначыў Віктар Канстанцінавіч.

Урокі Віктара Канстанцінавіча ў пачатковай школе пачынаюцца з фарміравання навыкаў арганізацыйнай дзейнасці. Чырвонай лініяй праз увесь урок прахо­дзіць фарміраванне псіхалагічна-паводзінскіх навыкаў дзяцей. Гэта 3 клас, таму трэба нагадваць ім пра правілы ўзаемадзеяння вучня і настаўніка. Гатоўнасць да ўрока — гэта не толькі падрыхтаваныя сшытак, падручнік, ручкі, алоўкі. Яшчэ гэта працоўны настрой, гатоўнасць слухаць і бачыць настаўніка на працягу ўсіх 45 хвілін. У кантэксце ўрока важнымі з’яўляюцца словы, міміка, жэсты, інтанацыя, рухі педагога. Упускаць нічога нельга, інакш хутка саб’ешся з рытму ўрока і згубіш яго сэнсавую лінію.

На сваіх уроках у пачатковай школе педагог часта працуе з мяккімі цацкамі, якія можна ад зець на руку. Гэта зручна і эфектыўна, бо, напрыклад, з дапамогай такой цацкі вучні Віктара Канстанцінавіча вучыліся чытаць, знаёміліся адно з адным. А пасля (у канцы другой чвэрці) трэцякласнікі завялі слоўнікі, дзе запісваюць не толькі новыя словы, але і мадэльныя фразы, моўныя клішэ. Для развіцця вуснага маўлення ў малодшых школьнікаў лялька — ідэальны варыянт.

Гульня “Параво­зік”, якая таксама пра­водзілася на ўроку, прыз­вана дапамагчы запомніць патрэбныя словы, фразы, правілы. Проста запомніць (вывучыць) — гэта, напэўна, не вельмі эфектыўна. А калі пры запамінанні адбываюцца рухі, задзейнічана маторыка, то эфектыўнасць павышаецца ў разы. Тое ж спражэнне лепш запамінаецца з дапамогай рухаў цела. Тут пачынае працаваць не толькі рухальная, але і эмацыянальная памяць, што, апроч запамінання, дае псіхалагічную разрадку і запаўняе прастору.

Былі на ўроку і педагагічныя імправізацыі. На заняткі прыйшоў хлопчык з паламаным пальцам. Пісаць, зразумела, ён не мог. Тады Віктар Канстанцінавіч, каб уключыць яго ў дзеянне, прапанаваў работу вусна. Каля інтэрактыўнай дошкі, дзе з раскіданых слоў неабходна было сабраць сказ (паставіць словы ў адпаведным парадку). І гэта спрацавала. Вучань адклікнуўся на прапанаванае ўзаемадзеянне. Такое практыкаванне развівае логіку і ўменне сачыць за зместам, што таксама працуе на перспектыву. Акрамя таго, яно зноў выконвалася на хуткасць.

Адной з рыс педагагічнай дзейнасці Віктара Канстанцінавіча з’яўляецца зварот да пошукавай дзейнасці, калі для вучня ствараюцца ўмовы (у тым ліку і дыскамфортныя), якія матывуюць да пошуку. Тут трэба пазбягаць лінейнасці. Напрыклад, на ўроку дзеці працавалі са слоўнікам (шукалі назвы жывёл, выявы якіх з’яўляліся на экране), і традыцыйнае “прачытаем” настаўнік памяняў на пошук: на экране з’яўлялася выя­ва, пасля трэцякласнікі шукалі яе назву ў сваіх слоўніках. Для іх гэта быў своеасаблівы квест. Пры арганізацыі пошукавай дзейнасці запатрабаванымі становяцца практыкаванні кшталту “Знайдзі”, “Суаднясі”, “Аднаві цэласнасць”. 

Пры арганізацыі сваіх урокаў Віктар Канстанцінавіч найперш арыентуецца на псіхалогію класа, якую затым падмацоўвае педагогікай. “Для мяне вельмі важнай з’яўляецца атмасфера ў класе, кантакт з кожным вучнем. Калі вучань успрымае настаўніка, адкрываецца яму, то яго лягчэй “падсілкаваць” ведамі. Французы лічаць, што любое дзеянне павінна прыносіць задавальненне. А вучэбная дзейнасць — тым больш. Калі дзіцяці камфортна, то яно больш успрымальнае да новага”, — лічыць педагог.

Не менш важнай з’яўляецца асоба самога настаўніка, яго харызма. Віктар Канстанцінавіч — настаўнік эмацыянальны, актыўны і мабільны. Ён працуе ў высокім тэмпе, але пры гэтым у полі яго зроку кожнае дзіця.

Напрыканцы мы пагаварылі і пра адзнакі. Тут Віктар Канстанцінавіч — прыхільнік пэўных правіл. Ён лічыць, што калібрацыя ведаў павінна быць абавязкова. Напрыклад, “дзявятку” атрымае той, хто вывучыць усё дамашняе заданне. А “дзясятку” — калі зада­дзенае педагогам дапоўніць сваімі фразамі, словамі, эмоцыямі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.