Лайфхакі: як зацікавіць школьнікаў вывучэннем біяграфіі Янкі Купалы

Спецыфіка сучаснага свету заключаецца ў тым, што ён мяняецца ўсё больш хуткімі тэмпамі. Зараз навучанне накіравана не на перадачу пэўнага аб’ёму ведаў і навыкаў, а на фарміраванне ўмення самастойна здабываць веды і ўменні, арыентавацца ў свеце інфармацыі, на развіццё асобасных і метапрадметных кампетэнцый, што дазваляе вучням быць паспяховымі і канкурэнтаздольнымі ў розных сферах жыцця. Вялікімі магчымасцямі для асобаснага развіцця вучняў валодаюць урокі літаратуры.

На жаль, не ўсе вучні любяць літаратуру і хочуць чытаць творы, прадугледжаныя школьнай праграмай. Не ўсе ў сучасным лічбавым свеце гатовы ўдзяліць час і ўвагу кнізе і роздумам аб вечным. Не ўсе гатовы зацікавіцца жыццёвым шляхам пісьменніка. Час патрабуе ад педагога пошуку новых арыгінальных метадаў выкладання, якія  дапамаглі б актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў на ўроках літаратуры і дазволілі б паспяхова вырашаць вучэбныя задачы.

Прапаную лайфхакі, як зацікавіць вучняў вывучэннем біяграфіі народнага пісьменніка Беларусі Янкі Купалы. Гэтыя лайфхакі распрацаваны мной для арганізацыі вывучэння біяграфіі пісьменніка ў 9 класе, але, думаю, што некаторыя моманты будуць цікавыя і для вучняў іншых класаў. Інфармацыя пра жыццё і творчасць народнага пісьменніка Беларусі вельмі цікавая, павучальная і актуаль­ная ў наш час.

1. Пачынаю ўрок па вывучэнні біяграфіі Янкі Купалы з пытання “Каго з беларусаў шануюць за мяжой?” На гэтае пытанне ў вучняў заўсёды ёсць адказы, напрыклад, Францыск Скарына, Кастусь Каліноўскі, Тадэвуш Касцюшка, Сімяон Полацкі, Ігнацій Дамейка (можна крыху расказаць пра Ігнація Дамейку, адну з самых паважаных гістарычных асоб у Чылі, а таксама пра дамейказаўра, які так названы ў гонар нашага земляка). Абавязкова, па прывычцы, сфарміраванай яшчэ ў пачатковай школе, дзеці называюць і імя Янкі Купалы.

2. Безумоўна, прэзентацыя асобы Янкі Купалы пачынаецца з актуалізацыі ведаў вучняў па гэтай тэме. Выкарыстоўваю прыём з тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення “Кошык ідэй”. Вучні тэзісна запіс­ваюць у сшытках усё, што ім вядома па наз­ванай тэме. Затым працуюць у групах, абменьваючыся інфармацыяй. Падчас работы ў класе кожная група агучвае сваю інфармацыю, прычым яна не павінна паўтарацца. Настаўнік сцісла запісвае інфармацыю на дошцы. Пры арганізацыі работы на гэтым этапе можна выкарыстаць і прыём “Воблака тэгаў”, якія будуць абмяркоўвацца і аналізавацца падчас урока.

3. Вучоныя сцвярджаюць, што ў сучасных дзяцей пераважае кліпавае мысленне, яны з цяжкасцю канцэнтруюцца на вялікім аб’ёме інфармацыі, таму пры навучанні пажадана звяртацца да візуалізацыі, выкарыстоўваць малюнкі і фотаздымкі, а візуальны рад суадносіць з тэкстам. Прапаную арганізаваць у класе фотавыставу “Завуся я толькі — Янка Купала”, фотаздымкі з якой можна выкарыстоўваць пры вывучэнні жыццёвага шляху пісьменніка. Добра працуе такі прыём арганізацыі самастойнай работы з падручнікам, як “Суаднясі партрэт пісьменніка і жыццёвы перыяд”.

4. Калі актуалізацыя ведаў адбылася, самастойная работа з падручнікам дала свае вынікі, у вучняў сфарміраваліся веды пра асноўныя этапы жыццёвага шляху пісьменніка, надыходзіць час зацікавіць вучняў асобай песняра, дапамагчы ім зразумець, што інфармацыя пра жыццё і творчасць Янкі Купалы заўсёды цікавая і актуальная. Прапаную прыём “Чорная скрыня”. Настаўнік дастае са скрыні пэўны прадмет і прапануе вучням падумаць, як гэты прадмет звязаны з жыццём і творчасцю песняра.

А) Партрэт Юрыя Гагарына. (Маці першага касманаўта прыгадвала, што, прачытаўшы верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”, маленькі Юра адразу захацеў стаць падобным да героя твора. І яго дзіцячая мара спраўдзілася.)

Б) Дудачка. (Янка Купала ў дзяцінстве, акрамя чытання, захапляўся музыкай. Неяк у часопісе “Родина” ён вычытаў, што за два руб­лі можна выпісаць музычны інструмент. Ен прасіў грошы ў бацькі, але той не даў. Праз некалькі дзён маці ўсё ж дала Ясю два рублі. Пасля атрымання пасылкі з дудачкай Ясь цэлы дзень іграў, а праз пару дзён дудачка расклеілася. Ясь нават насіў яе “на лекі” да паважанага музыканта Павэл­ка на суседні хутар, але нічога не атрымалася. На пытанне сястры Леакадзіі “Ну, наладзіў дудачку?” Ясь адказаў: “Ашуканцы… Яна ўся зроблена з паперы. А яшчэ два рублі садралі”. Пазней у памяць аб гэтым выпадку пісьменнік назваў свой зборнік вершаў “Жалейка”).

В) Шахматы. (Янка Купала выдатна гуляў у шахматы і заўсёды перамагаў Якуба Коласа. Але гэта не перашкаджала іх шчыраму сяброўству).

Г) Літара А. (Першы зборнік Янкі Купалы “Жалейка” павінен быў выйсці пад псеўданімам Янук Купала. Але наборшчык у тыпаграфіі памыліўся ў наборы слова “Янук”, набраўшы “Янка”. Гэтую памылку аўтар зборніка выпраўляць не стаў, палічыўшы, што форма “Янка” арганічна спалучаецца са словам “Купала”).

5. Лічу мэтазгодным арганізаваць на ўроку знаёмства з народным пісьменнікам і праз выкарыстанне інфармацыйна­камунікацыйных тэхналогій. Прапаную вучням звярнуцца да інтэрнэту, завітаўшы на сайт Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы www.kupala­museum.by. Сярод мноства карысных рубрык звяртаю ўвагу на рубрыку “Шрыфт “Пясняр”, дзе  прадстаўлена лічбавая копія рукапіснага шрыфту Янкі Купалы, які можна спампаваць і ўстанавіць на свой камп’ютар. Сучасныя тэхналогіі даюць нам унікальную магчымасць пісаць шрыфтам песняра, адчуваючы сваю прыналежнасць да нацыянальнай культуры.

6. Віктарына “Веру — не веру”

1) Ці верыце вы, што ў Кітаі ёсць два помнікі Янку Купалу? (Так. 8 студзеня 2020 года ў Пекінскім універсітэце замежных моў адбылося адкрыццё помніка Янку Купалу. Мерапрыемства прайшло ў рамках завяршэння Года адукацыі Беларусі ў Кітаі. Яшчэ адзін помнік ёсць у Сіані).

2) Ці верыце вы, што Янку Купалу родныя ў дзяцінстве называлі Янам? (Не. Янку Купалу ў дзяцінстве родныя называлі Ясем).

3) Ці верыце вы, што ў Магілёве ёсць тры вуліцы, якія названы ў гонар Янкі Купалы? (Не. У Магілёве ёсць толькі адна вуліца Янкі Купалы).

4) Ці верыце вы, што Янка Купала любіў адпачываць у Грузіі і што ёсць вершы, прысвечаныя гэтай краіне? (Так. Янка Купала, пачынаючы з 1937 года, амаль кожны год адпачываў у Грузіі, дзе знаёміўся з архітэктурай гэтай краіны, слухаць народныя песні, цікавіўся жыццём, побытам мясцовых жыхароў. У творчай спадчыне паэта ёсць вершы “Грузія”, “Сонечнаму Шата Руставелі”, “Генацвале” і інш.)

5) Ці верыце вы, што верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?” перакладзены больш чым на 100 моў свету? (Так. У 2018 годзе выдавец­тва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выдала кнігу “А хто там ідзе: на мовах свету”, дзе сабраны пад адной вокладкай 101 пераклад легендарнага верша на мовы свету).

6) Ці верыце вы, што Янка Купала любіў саджаць дрэвы і даглядаць кветкі? (Так. У маленькім садзіку ў двары яго мінскага дома раслі разнастайныя кветкі, рэдкія расліны. Калі Янка Купала гасцінна сустракаў у сябе дома шматлікіх гасцей, то вадзіў іх аглядаць сад, па­дзіцячы радаваўся, паказваючы даволі вялікі разарый, якім ён асабліва ганарыўся).

6. На заключным этапе ўрока прапаную выкарыстоўваць такі прыём, як “Пажаданні ў падарунак”. Кожны вучань атрымлівае ў падарунак канверт з “сяброўскімі парадамі Янкі Купалы”. Гэта могуць быць наступныя выказванні:

1) “Не шукай ты шчасця, долі на чужым, далёкім полі”.

2) “Вучыся, нябожа, вучэнне паможа”.

3) “Не цурайцесь роднай песні ў шчасці і жалобе”.

4) “Без кахання шчасця, долі няма на зямлі”.

5) “Будзь смелым, як вецер, як воля сама! Знай, смелых не чэпе ні крыўда, ні цьма”.

Такім чынам, вывучэнне біяграфіі народнага пісьменніка Беларусі Янкі Купалы на ўроках беларускай  літаратуры рэалізуецца праз разнастайнасць метадычных форм і прыёмаў, захаванне сістэматычнасці, пераем­насці і практычнай накіраванасці. Гэта дапамагае зацікавіць вучняў асобай пісьменніка, зрабіць яго блізкім і добра знаёмым для дзяцей. Такая арганізацыя навучання вызначаецца актыўным уцягваннем школьнікаў у вучэбны працэс, выклікае цікавасць да прадмета, актывізуе пазнавальную дзейнасць вучняў.

Наталля ЗЯТКІНА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 19 Магілёва.