Малюнак праменьчыкам сонца

Прадстаўляю ўвазе педагогаў майстар-клас на тэму “Выкарыстанне нетрадыцыйных тэхнік малявання ў развіцці выяўленчай творчасці дзяцей”.

Мэта: пашырыць веды педагогаў пра выкарыстанне нетрадыцыйных тэхнік у выяўленчай дзейнасці дзяцей.
Задачы:
— данесці да педагогаў важнасць выкарыстання метадаў нетрадыцыйных выяўленчых тэхнік у развіцці вобразнага мыслення, пачуццёвага ўспрымання, творчасці дзяцей;
— развіваць камунікатыўныя формы паводзін, якія спрыяюць самаактуалізацыі і самасцвярджэнню;
— спрыяць стварэнню добрага псіхалагічнага клімату зносін членаў педагагічнага калектыву.
Абсталяванне: 3 сталы, расстаўленыя паўкругам. На кожным стале — выяўленчыя матэрыялы. Выстава кніг, дапаможнікаў па тэме “Нетрадыцыйныя тэхнікі малявання”.
Ход майстар-класа
Рыхтуючыся да ўрокаў, настаўнік старанна прадумвае, узважвае, адбірае найбольш мэтазгодныя метады — інгрэдыенты прагрэсіўнага навучання выяўленчаму мастацтву. Паспрабуем прыадкрыць сакрэты выяўленчай кухні і падумаць над вынікамі сваёй дзейнасці, бо ў настаўніка, які думае, і вучні заўсёды думаюць.
1. Практыкаванне “Заварваем чай”
На вачах удзельнікаў майстар-класа настаўнік апускае пакецік чаю ў шклянку з кіпнем.
— Напэўна, усе пагодзяцца, — гаворыць настаўнік, — што немагчыма атрымаць напітак, не робячы ніякіх дзеянняў. Таксама немагчыма аддзяліць цяпер заварку ад вады. І вы запомніце ўсё, што мы сёння будзем рабіць, таму што нас чакае навучанне праз дзеянне. У пачатку нашага майстар-класа я прапаноўваю вам кактэйль “Сустрэча”.
2. Кактэйль “Сустрэча”
Метад “Памяняемся месцамі”
Прызначэнне метаду: стварэнне спрыяльнай атмасферы, наладжванне камунікацыі паміж удзельнікамі, іх аператыўнае ўключэнне ў дзейнасць.
Патрабаванні да рэалізацыі метаду
Аптымальная колькасць удзельнікаў — да 30 чалавек.
Час рэалізацыі — да 5 мінут.
Парадак рэалізацыі метаду
Усе ўдзельнікі становяцца ў круг. Педагог тлумачыць, як рэалізоўваецца метад. Тыя ўдзельнікі, якія адказваюць на пытанне здавальняюча, павінны перайсці са свайго месца на якое-небудзь іншае. Калі ўдзельнікі адказваюць на пытанне адмоўна, яны застаюцца на сваіх месцах.
Педагог прапаноўвае памяняцца месцаму таму, хто:
* піў раніцай каву;
* працуе ў малодшых класах;
* зараз у добрым настроі;
* працуе ў старшых класах;
* утрымлівае дома кошку або сабаку;
* выхадныя часцей праводзіць на прыродзе;
* мае дзяцей школьнага ўзросту;
* плануе сваю прафесійную кар’еру;
* не любіць быць у цэнтры ўвагі;
* панічна баіцца публічных выступленняў;
* умее планаваць свой працоўны час і адпачынак;
* хоча мець зносіны;
* хацеў бы даведацца пра штосьці новае.
Такім чынам, я бачу, што ў вас добры настрой, працуеце ў пачатковых класах, хочаце мець зносіны і хочаце даведацца пра штосьці новае. Дазвольце пачаць з прытчы.
3. Прытча “Ці поўны збан?”
Настаўнік узяў шкляны збан, палажыў у яго даверху вялікія камяні і спытаўся ў вучняў, ці поўны збан.
— Канечне, поўны, гэта відавочна, — адказалі вучні.
Тады настаўнік стаў жменямі асцярожна ўсыпаць у збан дробную гальку, пакуль яна даверху не запоўніла прастору паміж камянямі.
— А цяпер збан поўны?
Некаторыя з вучняў няўпэўнена сказалі:
— Напэўна, поўны…
Настаўнік пачаў тонкім струменьчыкам усыпаць у збан пясок. Безумоўна, пясок таксама прасачыўся ў тыя шчыліны, якія засталіся паміж камянямі і галькай, пакуль не стала відавочным, што больш усыпаць немагчыма.
— А цяпер, на вашу думку, збан поўны?
Настала цішыня. Ніхто не асмельваўся адказаць.
Настаўнік стаў патроху ўліваць у збан ваду са шклянкі, пакуль не выліў усю шклянку.
— Як вы думаеце, зараз збан поўны?
Самыя смелыя вучні вырашылі перарваць маўчанне:
— Цяпер, напэўна, ужо поўны.
— Як вы думаеце, пра што гэтая прытча? (Збан можна папаўняць бясконца.)4. Сёння мы паспрабуем напоўніць наш збан ведаў па тэме “Нетрадыцыйныя тэхнікі малявання”.
Маляваць дзеці пачынаюць рана. Яны ўмеюць і хочуць фантазіраваць, але калі ў 2—3 гады дзіця можа разняволіцца ў малюнку, галоўнае — павадзіць па паперы алоўкам або пэндзлем і зрабіць гэта хутка, не маючы ніякай задумы, то, падрастаючы, яно можа заявіць: “Я не ўмею маляваць!” Гэта сітуацыя, з якой сутыкаецца кожны выхавальнік, у ёй адлюстроўваецца няўпэўненасць, залішняя асцярожнасць, страх дзіцяці перад ацэнкамі чужых людзей.
Чаму ж так адбываецца? Прычыны могуць быць розныя, у тым ліку і няправільны падыход педагога да выяўленчай дзейнасці, які заключаецца ў наступным:
* дзіцяці навязваюцца пэўныя штампы і стэрэатыпы (трава — толькі зялёная, дом — толькі такой формы);
* адпрацоўваюцца алгарытмы выяўленчай дзейнасці (паўтарэнне ўзору);
* выключаецца магчымасць самавыяўлення дзіцяці ў колеры, лініі.
І яшчэ адна прычына — боязь педагогаў даць дзіцяці мноства матэрыялаў для малявання. Часцей за ўсё дзецям прапаноўваюць алоўкі, пэндзлі, фарбы.
Якія ж незвычайныя матэрыялы можна ўключыць у дзіцячую творчасць? Іх вельмі многа. Можна памаляваць і пухам таполі, зубной шчоткай, полай трубкай, ганяючы па паперы вясёлую кропельку; тампончыкам, атрымліваючы пушыстых звяркоў; пальцам, далонькай, нават праменьчыкам сонца! Тое, што блізка і зразумела дзіцяці, можа дапамагчы яму разняволіцца, адчуць упэўненасць у сабе, пераадолець сваю нерашучасць. І любы новы матэрыял і кожны набыты навык — прадметы гордасці дзіцяці.
Нетрадыцыйныя тэхнікі малявання дапамагаюць адчуць сябе свабоднымі, пераадолець свой страх, убачыць і перадаць на паперы тое, што звычайнымі сродкамі зрабіць цяжэй. А галоўнае, яны даюць дзецям магчымасць здзівіцца і парадавацца свету. Бо ўсякае адкрыццё чагосьці новага, незвычайнага нясе радасць, дае новы штуршок да творчасці.
Хачу прапанаваць вам некалькі рэцэптаў нетрадыцыйнай выяўленчай кухні.
Самае прывабнае ў працэсе малявання — чараўніцтва. Вельмі цікавы ў гэтым плане прыём кляксаграфіі. На вачах дзяцей капаеш на лісты паперы тушшу або гуашшу кляксы, прапаноўваеш ім “паганяць” кропельку па лістку, паварочваючы яго. Дзеці назіраюць, як зліваюцца колеры. Паварочваючы і разглядаючы тое, што атрымалася, дзеці праяўляюць фантазію, дамалёўваюць толькі дробныя дэталі. Атрымліваюцца цікавыя работы — драконы трохгаловыя, салют, пачвара, арлы і інш. Гэты прыём можна паўтарыць з дзецьмі, выкарыстоўваючы аргшкло і мыльную пену. Прапанаваць дзецям налажыць на шкло розныя фарбы з унесенай у іх мыльнай пенай, потым прыкласці ліст паперы, разгладзіць далонькай — малюнак амаль гатовы, толькі фантазіруй, дамалёўвай дэталі. Атрымліваюцца пейзажы, прыгожыя букеты і інш.
Аказваецца, клякса можа быць і спосабам малявання, за які ніхто не будзе сварыцца, а наадварот, яшчэ і пахваляць. Пры гэтым не трэба мучыцца з пяром і чарнілам, а можна выкарыстоўваць рознакаляровыя кляксы з фарбаў. Калі скласці лісток папалам, на адзін бок накапаць некалькі кропель вадкай фарбы і шчыльна прыціснуць другі бок, то можна атрымаць незвычайныя цікавыя ўзоры. А потым у атрыманых кляксах пастарацца разгледзець дрэвы, кветкі, водарасці. Для пачатку можна паспрабаваць працаваць з адной фарбай, потым з некалькімі.
Раздзіманне фарбы
Гэтая тэхніка нечым падобная да кляксаграфіі. Таксама як і пры кляксаграфіі на ліст паперы наносяць некалькі кропель вадкай фарбы, але ліст не складваюць, а бяруць трубачку. Можна ўзяць трубачку для кактэйлю, а можна — ад звычайнага дзіцячага соку. Ніжні канец трубачкі накіроўваюць у цэнтр кляксы, а потым з намаганнем дзьмухаюць у трубачку і раздзімаюць кляксу ад цэнтра ў розныя бакі. Дзецям вельмі падабаецца, калі ў кляксы разбягаюцца ў розныя бакі “ножкі”. На пляму можна ўздзейнічаць і кіраваць ёю, ператвараючы ў які-небудзь задуманы аб’ект, некаторыя дэталі якога дамалёўваюцца звычайным пэндзлем або з дапамогай фламастараў. Намаганні па раздзіманні фарбы спрыяюць актыўнай рабоце лёгкіх.
Дзіўная для дзяцей тэхніка малявання парафінавай свечкай — фотакопія. Трэба завастрыць свечку як аловак. Дзеці малююць парафінавым алоўкам на паперы якую-небудзь карцінку. Нічога не відаць? Цяпер у ход пойдзе акварэль. Трэба зафарбаваць фарбай увесь ліст. Пажадана выкарыстоўваць больш розных колераў. Што за дзіва! На каляровым фоне выступіў першапачатковы малюнак. Чаму? І тут мы адкрываем дзеткам маленькі сакрэт.
Для асноўнага малюнка выкарыстоўваецца любы воданепрымальны матэрыял: свечка, кавалак сухога мыла, белая васковая крэйда. Нябачныя контуры не будуць афарбоўвацца пры нанясенні зверху акварэльнай фарбы, а будуць праяўляцца, як гэта адбываецца пры праяўленні фотаплёнкі.
Малюнак, які праяўляецца
Гэта змешаная тэхніка малявання рознымі матэрыяламі. Асноўная мэта — азнаёміцца з уласцівасцямі і асаблівасцямі матэрыялаў. Задуманы сюжэт выконваецца васковымі алоўкамі (крэйдамі). Потым на малюнак наносіцца акварэль. Акварэльныя фарбы скочваюцца з малюнка, і ён быццам праяўляецца.
Такі прыём нетрадыцыйнага малявання, як напырск, можна выкарыстоўваць у аплікацыі з самаклейнай паперы. Гэта вельмі цікавы занятак для дзяцей. Простым алоўкам на лісце самаклейнай паперы намалюем аблокі, парашут, фігурку чалавечка. Акуратна выразаем усе дэталі. Знімаем ахоўную плёнку і наклейваем дэталі на ліст белай паперы. Змочваем зубную шчотку вадой і набіраем крыху акварэльнай фарбы на кончыкі шчэці. Указальным пальцам праводзім па шчэці — са шчоткі пырснуць кроплі фарбы. Дабіваемся, каб пырскі атрымліваліся як мага драбнейшымі. Цяпер пачынаем запырскваць ліст з наклейкамі, каб стварыць нябесны фон. Як толькі фарба высахне, трэба знімаць наклейкі. Да парашута прымацоўваем ніткі або дамалёўваем іх фламастарам. Вось і ўсё!
Адбітак лістоў
Увосень, гуляючы з дзіцем у парку, можна сабраць лісце з розных дрэў, якія адрозніваюцца па форме, памеры і афарбоўцы. Лісты пакрываюць гуашшу, потым афарбаваным бокам кладуць на ліст паперы, прыціскаюць і знімаюць, атрымліваецца акуратны адбітак расліны.
Манатыпія
Гэтая тэхніка выкарыстоўваецца для малявання люстранога адбітку аб’ектаў на воднай гладзі (сажалкі, возера, ракі і г.д.). Гэтая тэхніка падобна да кляксаграфіі: ліст паперы складваецца папалам, на адной палове малююцца аб’екты будучага пейзажу і афарбоўваюцца, а пасля ліст складваецца папалам і прагладжваецца. Пасля атрымання адбітку зыходныя аб’екты малюнка ажыўляюцца фарбамі паўторна, каб яны мелі больш выразныя контуры, чым іх адлюстраванне на “воднай гладзі” вадаёма.
Тэхніка выканання вітражоў — клеявыя карцінкі
Контур будучага малюнка робіцца клеем ПВА з флакона з дазіраваным носікам. Папярэдне эскіз можна намаляваць простым алоўкам. Потым межы контуру абавязкова павінны высахнуць. Пасля гэтага прастора паміж контурамі афарбоўваецца яркімі фарбамі. Клеявыя межы не дазваляюць фарбе расцякацца і змешвацца.
5. Практычная работа
Прапаноўваецца выканаць малюнак зімовага пейзажу з выкарыстаннем нетрадыцыйных тэхнік: таніраванне ліста цэлафанам, раздзіманне фарбы.
6. Выстава работ
Паважаныя калегі, прапаноўваю вам падзяліцца ўражаннямі пра выкананую работу. Што спадабалася? Што выклікала цяжкасці? Што б вы зрабілі інакш?
7. Рэфлексія. Запішыце на лістах паперы тое, чым вы сёння папоўнілі свой збан ведаў. Кожны ўдзельнік групы агучвае свае выказванні і апускае лісток у збан.

Таццяна ПАЛЯКОВА,
настаўніца пачатковых класаў Цырынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.