Прыручыце вялікую псіхалагічную гульню!

Лета ў дзяцей (добра, калі б і ў дарослых было гэтак жа) асацыіруецца з радасцю, свабодай, новымі ўражаннямі, дзіўнымі прыгодамі і суправаджаецца прадчуваннем чагосьці незвычайнага, такога, чаго яшчэ ніколі не было ў іх вопыце.

Дыялог з чытачом
Лета — гэта маленькае жыццё? Не, вядома. Гэта вялікае, велізарнае жыццё! Няхай лета 2015 года не падмане чаканні дзяцей! Многія дзеці і падлеткі сустракаюць пачатак доўгачаканых канікул у школьным лагеры. Як правіла, ён размяшчаецца ў звыклым будынку ўстановы адукацыі, асацыяцыі з якім — напружаная вучэбная праца, адказнасць за высокія адзнакі, дзелавы стыль. Не толькі навучэнцам, але і нам, педагогам, цяжка пазбавіцца ад уражанняў навучальнага года нават у адсутнасці працэсу навучання. Давайце весці пошук натхняльных падыходаў да баўлення часу ў школьным летніку, разбураючы стэрэатыпы, дзеля таго каб час яго работы бег імкліва, запомніўся надоўга, знайшоў паклоннікаў і паслядоўнікаў.
Звернем увагу на гульню як сродак зрабіць вольны час дзяцей прывабным, развіццёвым, цудоўным. Дыдактычная гульня для нас, педагогаў, не новая. Мы выкарыстоўваем яе на ўроках як сродак вучэбнай задачы і строга сочым, каб дзеці не пераключаліся з урока на гульнявое ўзаемадзеянне. Зараз нам патрабуюцца іншыя магчымасці гульні. У летнім школьным лагеры можна дазволіць сабе раскошу вялікай псіхалагічнай гульні, акунуцца ў яе з галавой, здацца на яе літасць, даць магчымасць гульні захапіць дзяцей разам з намі цалкам. Вялікая псіхалагічная гульня — гэта ўнікальная прастора для фантазіі. Можна ствараць свой вобраз, свае адносіны з іншымі, будучыню сваю і свету ў бяспечнай сітуацыі і атмасферы, без дэфіцыту часу і неабходнасці ставіць вучэбную задачу на першае месца. У кожнага з нас, з’яўляемся мы дзіцем ці дарослым, ёсць патрэба ў эмацыянальных перажываннях — моцных, яркіх і цэласных. Цяжкія задачы глыбокага развіцця асобы і яе карэкцыі ў рамках псіхалагічнай гульні пакінем псіхолагам на навучальны год, а ў школьным летніку будзем атрымліваць асалоду ад яе творчых магчымасцей, яркага эмацыянальнага фону, таямнічасці гульнявой атмасферы, непрадказальнасці цячэння. Няхай гульня стане не столькі забавай, колькі падзеяй.
Найбольш папулярныя такія віды псіхалагічных гульняў, як гульнявыя “абалонкі” (напрыклад, пападанне ў чароўны свет, выпрабаванні для таго, каб штосьці знайсці, кагосьці выратаваць ці вярнуцца назад); “гульні-пражыванні” (калектыўнае і індывідуальнае асваенне нейкай прыдуманай прасторы бязлюднага вострава, незаселенай планеты, фантастычны свет, дагістарычны час; пабудова ў яе рамках міжасобасных адносін, стварэнне і асэнсаванне каштоўнасцей асабістага існавання); псіхалагічныя акцыі (гульнявое асяроддзе, якое на пэўны час ствараецца ў прасторы ўстановы адукацыі, накладваецца на звыклую дзейнасць). Вельмі важна помніць, што гульня захопіць і прынясе карысць толькі ў тым выпадку, калі ствараецца і разгортваецца менавіта для пэўнай групы ўдзельнікаў, а не наадварот, група “ўстаўляецца” ў сярэдзіну гульні з запраграмаваным вынікам.
Найбольш прадстаўлены ў школьным летніку ўзрост — пачатковыя класы. Для дзяцей гэтага ўзросту актуальнай магла б стаць гульня “Мой свет” (М.Р.Біцянава). Спатрэбяцца фарбы для малявання па твары, белыя прасціны ці аркушы ватману, васковая крэйда, прыстасаванні для мацавання “гірлянды”, свечка ў падсвечніку, спакойная музыка. Пачніце аб’ядноўваць дзяцей у групы па колеры настрою. Дзецям трэба выбраць колер у залежнасці ад свайго настрою і назваць яго вядучаму гульні. Не заўсёды проста ацаніць свой настрой. Дзіця, якое зрабіла выбар, атрымлівае метку: на шчацэ малюецца кружок выбраным колерам. Такім чынам прыналежнасць да групы набывае візуальны характар. Потым кожнай групе даецца заданне прыдумаць і ажыццявіць (намаляваць) пры дапамозе колеру і формы свой свет. Для работы кожнае дзіця ці невялікая група дзяцей атрымліваюць прасціну (ватман) і васковыя крэйды. Маляванне можа адбывацца пад музыку. У далейшым верхнія канцы прасцін з закончанымі малюнкамі звязваюцца, атрымліваецца “гірлянда”. Замацуйце “гірлянду” ў форме кола, выкарыстоўваючы любыя спадручныя сродкі. У выніку ўдзельнікі апынаюцца ўнутры імправізаванага белага шатра без даху, сцены якога ўпрыгожаны малюнкамі. У незвычайным шатры прапануйце ўсім сесці ў круг і па чарзе, перадаючы свечку, расказаць пра свой свет, паказваючы малюнак, адказваючы на пытанні, расказваючы і пра сам працэс малявання. Напрыканцы гульні важна ўсім узяцца за рукі і моўчкі абысці свой шацёр, у думках развітацца са сваім малюнкам і пакінуць пакой.
Прасціны ці ватманы з малюнкамі можна выкарыстаць па-рознаму: можна размясціцца ў сваім свеце зручна, уладкаваўшыся на разасланай на падлозе прасціне (ватмане), памарыць уголас; можна загарнуцца ў прасціну з малюнкамі і патанцаваць. Любы гульнявы ход добры, калі ён адпавядае парывам, настроям канкрэтных дзяцей.
Калі вышэйапісаная гульня актуальная для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, то псіхалагічная акцыя “Тайны сябар” падыходзіць усім школьнікам. Па ўмове гульні, кожны ўдзельнік выбірае сабе тайнага сябра па жэрабю (напрыклад, лісточкі з імёнамі ў скрыначцы) і на працягу пэўнага часу аказвае яму розныя знакі ўвагі (запіскі, паштовачкі, прысмакі, маленькія падарункі, зробленыя сваімі рукамі) так, каб аб’ект увагі не здагадаўся, хто ж яго тайны сябар. Кожны знак увагі пазначаецца літарамі “ад Т.С.”. Пасля аб’яўлення аб заканчэнні гульні тайнае становіцца яўным. “Тайны сябар” — свята для людзей, якія ўмеюць рабіць іншым дабро і радавацца за іншых. Напрыканцы гульні, калі раскрыты ўсе тайныя сябры, узнікае, як правіла, незвычайна цёплая атмасфера. Але могуць знайсціся дзеці, якія толькі аказвалі знакі ўвагі іншым, але не атрымалі іх самі. У гэтым выпадку можна арганізаваць “Карусель” (фарміруюцца два колы дзяцей — вонкавае і ўнутранае, у вонкавым коле тыя, хто атрымаў увагу, ва ўнутраным — хто не атрымаў). Вонкавае кола рухаецца, і кожны, хто стаіць у ім, гаворыць ці робіць што-небудзь прыемнае ўдзельніку ўнутранага кола. Абмяняйцеся ўражаннямі з дзецьмі ад пражытых пачуццяў у гульні. Абмяркуйце, якія рэакцыі яны назіралі ў сваіх “падапечных”? Што ім спадабалася больш за ўсё ў сваёй ролі “тайнага сябра”? Які са сваіх падарункаў яны лічаць самым удалым?
Калі ў дзяцей узнікае шкадаванне, што гульня завяршылася, то можна прапанаваць ім стварыць суполку тайных сяброў, якая будзе здзяйсняць добрыя справы, тайна радаваць іншых. На падлозе рассцяліце чысты аркуш ватману, і тыя, хто жадае ўступіць у суполку, няхай абвядуць контур сваёй далонькі на паперы і ўсярэдзіне яго напішуць сваё імя.
Дарагія педагогі, важна, каб псіхалагічная гульня была падзеяй не толькі знешняга, але і ўнутранага жыцця дзіцяці, падзеяй у адносінах, у бесперапынным працэсе развіцця і сцвярджэння сябе ў свеце. Прыдумвайце свае варыянты псіхалагічных гульняў, знаходзячы апору ў вопыце тых, хто ўжо стварыў сваю псіхалагічную гульню, карыстайцеся гатовымі ідэямі і распрацоўкамі, прыстасоўваючы іх да сваіх дзяцей і сітуацыі. Гуляйце разам з тымі, каго выхоўвацца і аберагаеце! У гульні мы больш падобныя на сябе, чым у жыцці!
Псіхалагічнае люстэрка
Дарагі мой вораг!
Калі ў школьным летніку “кіпіць” жыццё, то акрамя сяброўскага ўзаемадзеяння, прыяцельскіх адносін паміж дзецьмі не выключаны (хоць і сустракаюцца эпізадычна) непрыязныя, канфліктныя, варожыя. Калі такое здарылася, то не будзем успрымаць гэта як катастрофу ці педагагічную няўдачу, а выкарыстаем жыццёвую сітуацыю як выклік педагагічнаму майстэрству. Акрамя таго, дзецям карысны вопыт пераўтварэння ўзаемаадносін ад непрыязных да пазітыўных. Адзін з творчых і арыгінальных спосабаў урэгулявання негатыву ва ўзаемаадносінах — “Анкета для ворагаў” Р.Остэра, некаторыя пытанні якой прапаноўваем вывучыць для абуджэння ўласнай фантазіі па нараджэнні сваіх варыянтаў анкет па актуальных пытаннях вашага з дзецьмі летняга жыцця ў школьным лагеры.

Анкета для ворагаў:
Дарагі мой вораг!
На старонках гэтай анкеты цябе чакаюць мае пытанні. Выберы, калі ласка, адзін з прапанаваных адказаў ці напішы свой варыянт.
За што ты мяне так моцна, сярэдне, слаба, злёгку, зусім крышку не любіш, не паважаеш, ненавідзіш, ставішся з пагардай?
1. З чаго ты ўзяў(ла)?
2. Мне няма за што цябе ненавідзець.
3. Ты не заслужыў(ла) маёй павагі і сам(а) у гэтым вінаваты(ая).
4. За тое, што ты сам(а) са мной не сябруеш.
Свой адказ…
Ці трэба мне чакаць ад цябе якой-небудзь гадасці? Укажы, калі ласка, дзе і калі мне яе ад цябе чакаць?
1. Чакай штодзённа, усюды, заўсёды.
2. Не чакай нідзе, ніколі.
3. Я гадасцей не раблю нікому.
4. Ты ў мяне хутка дачакаешся!
Калі б я быў Пушкіным, змог(ла) бы ты стаць Дантэсам?
1. А давай Пушкіным буду я!
2. Так, вельмі ўжо ты мне надакучыў(ла).
3. Не. Я ў паэтаў не страляю.
4. З цябе такі ж Пушкін, як з мяне Папа Рымскі.
Калі б тваю кошку звалі Джульета, а майго сабаку Рамэа, ці дазволіў(ла) бы ты ім сустракацца?
1. Ты і сам(а) свайго сабаку да маёй кошкі не падпусціш.
2. Няхай сустракаюцца, сабакі за сваіх гаспадароў не адказваюць.
3. Не. Мая Джуля знойдзе сабе прыяцеля лепшага, чым твой аблезлы Ромка.
4. Я то дазволю, але яны ўсё роўна перагрызуцца.
Кажуць, ад нянавісці да любові адзін крок. Зробім яго?
1. Дзякуй. Я лепш пастаю.
2. Думаю, што ты на такі крок не здольны(ая).
3. Хто? Я? Цябе любіць? Ды ніколі ў жыцці!
4. Згодзен(ная), калі першым(ай) гэты крок зробіш ты.
Калі б чараўнік паабяцаў табе ўсё, што захочаш, але пры ўмове, што я атрымаю тое ж самае, толькі ўдвая больш, што б ты ў яго прапасіў(ла)?
1. Шчасця.
2. Пірожных і цукерак.
3. Мех грошай.
4. Удараў па карку і выспяткаў.
Ёсць прымаўка: “Снеданне з’еш сам, абед падзялі з сябрам, вячэру аддай ворагу”. Дарагі вораг, можа зойдзеш сёння вечарам? Мама абяцала перадаць нешта смачненькае.
1. Дзякуй. Я лепш лягу спаць галодным!
2. Даруй, але я не прыйду.
3. Добра. Прыйду. А не атруціш?
4. Лепш ты прыходзь да мяне на абед.
Выберы, які спосаб мірыцца табе больш падабаецца:
Спосаб 1. Счапіцца мезенцамі, сказаць хорам: “Мірыся-мірыся і больш не біся, а калі будзеш біцца, я не буду мірыцца”.
Спосаб 2. Схапіць ворага за каўнер і сілай прымусіць яго назаўсёды пасябраваць з табой.
Спосаб 3. Папрасіць адно ў аднаго прабачэння.
Спосаб 4. Сесці поруч і разам з’есці пуд солі.
Спосаб 5. Проста забыць пра сварку і жыць дружна.
Свой варыянт…
Варыянт прымірэння ёсць заўсёды, часцей за ўсё самы лепшы ляжыць у прасторы добрага гумару. Удалага ўсім нам пошуку! А лепш за ўсё давайце жыць дружна!

Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык МГІРА.