Таямніца экслібрыса

На гэты раз мы пабывалі на адкрытым уроку настаўніцы выяўленчага мастацтва сярэдняй школы № 17 Баранавіч Брэсцкай вобласці Святланы Мікалаеўны Шкурко, лаўрэата Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014”. Святлана Мікалаеўна праводзіла ўрок у 5 класе па тэме “Эскіз экслібрыса для дамашняй бібліятэкі”.
Шчыра кажучы, ехала ў камандзіроўку з вялікай цікавасцю, бо звычайна ўрокі выяўленчага мастацтва з’яўляюцца аднымі з самых любімых вучнямі. На іх дзеці могуць крыху разняволіцца, даць волю сваёй фантазіі, не баяцца парушыць правілы, якія даўно ўстаяліся. Так яно і здарылася. Гэта быў урок творчасці, на якім пачынаючыя мастакі стваралі свае маленькія шэдэўры, урок, дзе кожнае дзіця змагло праявіць сябе, самарэалізавацца.

Мэта ўрока — пашырыць веды аб графіцы як відзе выяўленчага мастацтва — дасягалася праз фарміраванне ўяўленняў вучняў аб мастацкім вобразе, аб абагульненым і сімвалічным выяўленні ў графіцы, аб асаблівасцях выканання экслібрыса, а таксама праз развіццё абстрактнага мыслення і фарміраванне практычных уменняў распрацаваць экслібрыс для дамашняй бібліятэкі.
Разам з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце школы Вольгай Аляксандраўнай Барбарыч мы зайшлі ў кабінет інфармацыйных тэхналогій, аснашчаны інтэрактыўнай дошкай, ноўтбукам, за некалькі хвілін да званка. Настаўніца нагадала дзецям, што на рабочым стале ў кожнага павінны быць ліст фармату А4, гелевая ручка, маркер, фламастар чорнага колеру і аловак. Пяцікласнікі закончылі рыхтавацца да ўрока, апошнюю падрыхтоўку зрабіла і настаўніца — яшчэ раз праверыла работу тэхнікі, каб тая ў патрэбную хвіліну не падвяла.
І вось празвінеў званок. Вучні сцішыліся і віталі за партамі настаўніцу і гасцей. Дарэчы, Святлана Мікалаеўна праводзіла ўрок у класе, у які адабралі пасля пачатковай школы высокаматываваных вучняў, мэтанакіраваных, амбіцыйных, якія канкурыруюць паміж сабой.
Ужо на пачатку ўрока ўвагу вучняў, як, дарэчы, і нашу, прыцягнулі запіс на дошцы слова “экслібрыс”, выстава вучнёўскіх работ з мудрагелістымі літарамі, а таксама папкі-падказкі на партах. Матывацыйны этап заняткаў Святлана Мікалаеўна пачала словамі:
— Сёння, дзеці, я прапаную вам пабыць у ролі мастакоў-графікаў, каб самім паспрабаваць стварыць дзівосныя маленькія шэдэўры — экслібрысы. Але што гэта такое, вам пакуль невядома, таму я прыйшла на ўрок не з пустымі рукамі. Я прынесла з сабой скрыню, у якой ляжыць прадмет, звязаны з тэмай урока. Каб даведацца, што ў скрыні, вам давядзецца адгадаць загадку. Што гаворыць моўчкі?
— Кніга, — з усіх канцоў класа пачуліся галасы пяцікласнікаў.
— Так, правільна, кніга. Экслібрыс і кніга неразлучныя. А дзе праяўляецца гэтая сувязь? Давайце працягнем пошукі, — адзначыла настаўніца.
Далей вучні разам са Святланай Мікалаеўнай прыгадалі, як да нас прыйшла кніга. Спачатку, саромеючыся гасцей, ціха і няўпэўнена дзеці ўступалі ў гутарку з настаўніцай, аднак потым асвоіліся і ўжо не звярталі асаблівай увагі на прысутных. Яны адзначылі, што пасля таго, як у старажытныя часы з’явіўся алфавіт, нашы продкі сталі ствараць кнігі, толькі стваралі іх уручную. Асаблівыя майстры — манахі-перапісчыкі — таленавітыя, пісьменныя, цярплівыя людзі. Яны перапісвалі кнігі, вялі летапісы. Радок за радком пісаў перапісчык тоўсты том.Да ХV стагоддзя кнігі заставаліся манускрыптамі — напісанымі ад рукі. На тэрыторыі Беларусі такой работай займалася Ефрасіння Полацкая (1102—1173) — беларуская асветніца, якая не толькі перапісвала кнігі і складала летапісы, але і перакладала з грэчаскай і лацінскай моў, пісала вершы. Толькі ў сярэдневякоўі ў Германіі было вынайдзена кнігадрукаванне Іаганам Гутэнбергам. Першая друкарня ўзнікла ў 1450—1455 гадах. А першая кніга на беларускай мове з’явілася ў 1517 годзе. І яе стваральнікам, як прыгадалі самі вучні, быў Францыск Скарына.
Потым настаўніца расказала дзецям, што госцю са скрыні яна ўзяла са школьнай бібліятэкі. Дзеці разгарнулі кнігу і на ўнутраным баку пераплёту ўбачылі невялікі ярлык, які расказаў, што кніга належыць сярэдняй школе № 17 Баранавіч. Паступова настаўніца падвяла дзяцей да тэмы ўрока. Пяцікласнікі даведаліся, што такі ярлык і называецца экслібрысам. А паколькі многія людзі маюць дамашнія бібліятэкі, то экслібрысы можна сустрэць не толькі ў грамадскіх, але і ў дамашніх бібліятэках. Дзеці самі спрагназавалі, пра што яны даведаюцца на ўроку (што такое экслібрыс, якія бываюць яго віды і як ён звязаны з графікай) і чаму навучацца (ствараць эскіз экслібрыса для дамашняй бібліятэкі). Вучні некалькі разоў хорам уголас прагаварылі слова “экслібрыс”.
Затым пяцікласнікі звярнуліся да папкі-падказкі, у якой настаўніца размяшчае тэарэтычныя матэрыялы па выяўленчым мастацтве, што выкарыстоўваюцца на кожным уроку і знаходзяцца заўсёды пад рукой. З гэтай папкі вучні даведаліся, што экслібрыс (ад лацінскага ex libris — “з кніг”) — кніжны знак, які наклейваўся ўладальнікамі бібліятэк на кнігу пераважна на ўнутраны бок пераплёту. Ён не толькі пацвярджае, што кніга належыць канкрэтнаму чалавеку, але з’яўляецца чымсьці большым, чым проста ахоўным знакам. Гэта нібыта часцінка ўнутранага свету ўладальніка, перанесеная ў кнігу. Па малюнку экслібрыса можна многае сказаць пра яго ўладальніка: што гэта за чалавек, пра што думае, чым цікавіцца. Нават праз многія гады экслібрыс і кніга будуць захоўваць гэтую інфармацыю для наступных пакаленняў сям’і.Святлана Мікалаеўна паведаміла дзецям, хто вядомы аўтар першага маляванага экслібрыса. Гэта манах Дасіфей, які ў ХV стагоддзі заснаваў бібліятэку пры Салавецкім манастыры. На некаторых кнігах гэтай бібліятэкі ён маляваў ад рукі свой экслібрыс — круглую, амаль замкнёную літару “С”, унутры якой складанай прыгожай вяззю (вязь — тып пісьма, у якім літары набліжаюцца ці спалучаюцца адна з адной і звязваюцца ў непарыўны арнамент) быў выпісаны працяг імя ўладальніка — “вященоинока Досифея”. Пазней з’явіліся друкаваныя экслібрысы.
Разам з настаўніцай пры дапамозе папкі-падказкі пяцікласнікі агучылі віды экслібрысаў. Так, гербавыя экслібрысы можна знайсці ў Нясвіжскім замку — рэзідэнцыі Радзівілаў. Пазней з’явіліся і прыгожыя сюжэтныя малюнкі — экслібрысы вензелевыя і сюжэтныя. Вензелевыя экслібрысы змяшчаюць прыгожае спляценне ініцыялаў уладальніка кніг. Такі экслібрыс унікальны. Ён можа быць выкарыстаны тысячамі спосабаў. Вензель можна вышыць на абрусе, бялізне, адзенні, адгравіраваць на посудзе, выразаць на дрэве, адліць у гіпсе і нават вырабіць у выгля-дзе ювелірнага ўпрыгажэння. А вось сюжэтныя экслібрысы сталі найбольш папулярнымі ў ХХ стагоддзі і ўяўляюць сабой выявы пейзажаў, архітэктурных матываў, эмблем, якія вобразна адлюстроўваюць густы, інтарэсы, прафесію ўладальніка бібліятэкі. Усе экслібрысы ўяўляюць сабой творы друкаванай графікі.
Яны ствараюцца рознымі тэхнікамі гравюры і з’яўляюцца самастойным жанрам графікі.
Затым увазе вучняў на інтэрактыўнай дошцы былі прадстаўлены рэпрадукцыі Альбрэхта Дзюрара, нямецкага мастака, аўтара мастацкіх экслібрысаў. Усяго да нашых дзён дайшлі 374 гравюры Дзюрара на дрэве і 83 — на медзі, а таксама больш за 900 лістоў з малюнкамі. Трэба было ба-чыць, як ажывіліся дзеці і з якой цікавасцю разглядалі выявы на экране. Падумалася, што выкарыстанне ІКТ, у прыватнасці мультымедыйнай прэзентацыі, дазваляе падтрымліваць цікавасць школьнікаў да матэрыялу, які вывучаецца, садзейнічае яго лепшаму разуменню, узбагачае дзяцей.Для замацавання ведаў вучняў Святлана Мікалаеўна на экране прапанавала тры экслібрысы і дала заданне вызначыць, які з іх гербавы, вензелевы і сюжэтны, з чым дзеці паспяхова справіліся. Затым навучэнцы перайшлі да практычнай работы — у якасці мастакоў-графікаў выканаць эскіз вензелевага экслібрыса, які складаецца толькі з адной літары ініцыялаў, прозвішча, для асабістай бібліятэкі.
— У маленькай карцінцы вам неабходна адлюстраваць самае-самае, тое, што з’яўляецца асновай, сутнасцю, стрыжнем вашай душы і асобы. Гэта нагода задаць сабе пытанні: “Хто я?”, “Пра што мару?”, “Да чаго іду?”. Эскіз экслібрыса ці той літары, якую вы адлюструеце, можа быць падобны на літару-звера, літару-дрэва, літару-птушку, літару-прадмет, літару-чалавека, — звярнулася Святлана Мікалаеўна да дзяцей.
Потым настаўніца запрасіла пяцікласнікаў на экскурсію выставачных работ вучняў старэйшых пакаленняў. Пяцікласнікі ўсталі са сваіх месцаў і падышлі да настаўніцы. З інтарэсам дзеці разглядвалі прадстаўленыя работы, у якіх прысутнічаюць стыль, выбрана правільная кампазіцыя (малюнак размешчаны ў цэнтры ліста, яго складнікі суразмерныя, кампазіцыйна звязаны паміж сабой), работы завершаныя. Дзеці прааналізавалі, як у работах праяўляюцца выразныя сродкі графікі: штрых, лінія, пляма.Каб вучні не адчувалі цяжкасцей пры выкананні практычнай работы, настаўніца правяла для іх майстар-клас па выкананні эскіза экслібрыса. Яна пакрокава прадставіла алгарытм работы:
1. Вызначце, якую літару будзеце адлюстроўваць у эскізе экслібрыса.
2. Вызначыце арыентацыю ліста.
3. Выберыце ўдалую кампазіцыю (размяшчэнне ў сярэдзіне ліста, не малое і не вялікае, з суразмернымі часткамі, кампазіцыйна звязанымі паміж сабой).
4. Выканайце эскіз экслібрыса алоўкам.
5. Выканайце эскіз графічнымі матэрыяламі.
На дошцы з’явілася літара “Ш” (ад прозвішча Шкурко) у арыгінальным выкананні.
Адразу дзецям былі прадстаўлены і крытэрыі паспяховасці работы: стылявое рашэнне экслібрыса; удалая кампазіцыя; арыгінальнасць і незвычайнасць вобразнага рашэння; гарманічнасць графічнага рашэння; завершанасць работы.
Пад спакойнае музычнае суправаджэнне вучні пачалі працаваць. Прычым, трэба заўважыць, ніводнае дзіця не засталося па-за ўвагай педагога. Настаўніца падышла да кожнага навучэнца, каму патрэбна, аказвала індывідуальную дапамогу, аналізавала тыповыя памылкі, тлумачыла этапы выканання работы. Было відавочна, што дзецям вельмі падабаецца працаваць, ім камфортна і зручна.Дваццаць хвілін урока, якія адводзіліся пяцікласнікам на выкананне практычнай часткі, прабеглі вельмі хутка. Святлана Мікалаеўна запрасіла выхаванцаў прымацаваць свае работы на магнітную дошку і правесці рэфлексію. Якіх экслібрысаў там толькі не было! І літара-кацяня, і літара-кароль, і літара-замак… Дзіцячая фантазія не ведае межаў! Простыя літары ператварыліся ў чароўныя вобразы. Самі вучні выбралі найбольш удалыя работы, аргументавалі сваё рашэнне, прааналізавалі адпаведнасць крытэрыям ацэньвання. У выніку аўтары лепшых работ атрымалі “дзясяткі”, усе астатнія вучні — “дзявяткі”. Як адзначыла настаўніца, работы атрымаліся крэатыўнымі і ўнікальнымі, высокага ўзроўню. А стымулам да далейшай творчасці школьнікаў павінна стаць афармленне дзіцячай выставы, якая размесціцца на другім паверсе школы.

 

* * *

— Пастаўленыя мэты і задачы ўрока былі дасягнуты, — патлумачыла пасля заканчэння ўрока Святлана Мікалаеўна. — Вучні пазнаёміліся з паняццем экслібрыса, з яго відамі. Слова “экслібрыс” не простае, але нават з такімі складанымі паняццямі неабходна знаёміць дзяцей. Па тэарэтычнай частцы ўрок быў насычаным: за кароткі прамежак часу вучні не толькі паўтарылі гісторыю стварэння кнігі і асноўных дзеячаў кніга-друкавання, а і ўзбагацілі свой слоўнікавы запас. Я старалася пабудаваць урок так, каб ён быў прадукцыйным, цікавым, імкнулася ўстанавіць супрацоўніцтва паміж мной і дзецьмі. Перад пераходам да практычнай часткі абапіралася на работы, якія калісьці былі створаны дзецьмі папярэдніх пакаленняў. Наглядны прыклад заўсёды дае магчымасць вучням уявіць, што яны могуць стварыць, бо яны нібы размаўляюць з гэтымі работамі на адной мове. Лічу, што важным момантам з’яўляецца ўласны прыклад. Кожны педагог выяўленчага мастацтва сам павінен паказваць, як трэба ствараць работы, прадэманстраваць свой майстар-клас. Падчас практычнай работы я аказвала індывідуальную дапамогу кожнаму навучэнцу, бо бачыла, што некаторыя дзеці не маглі сарыентавацца, у які вобраз ператварыць літару, рабіла бягучы інструктаж, ажыццяўляла прамежкавы кантроль. Каб дзіця разумела, на якім этапе практычнай работы яно знаходзіцца, неабходным лічу і дэманстрацыю ўзорных работ. Урок меў і сваё лагічнае завяршэнне. Лічу, што кожны з вучняў атрымаў дастойную адзнаку, бо створаныя імі работы былі высокага ўзроўню. Нават калі работа была выканана тэхнічна недасканала, у крэатыўным плане яна была якаснай. Сюжэты ў вучняў атрымаліся своеасаблівыя: літара-кацяня з загнутым хвосцікам, літара-дом, літара-печка, літара-акуляры. Акуратнасць у штрыхах, дакладны контур у стварэнні плямы гаворыць пра тое, што мастацтва развівае ў дзецях цярпенне і акуратнасць. На ўроку была выкарыстана здароўезберагальная тэхналогія. Спецыяльнай фізкультхвілінкі не праводзіла, аднак дзеці свабодна перамяшчаліся па класе, неаднаразова падыходзілі да дошкі. Пры пераходзе да практычнай часткі мне падалося, што не зусім карэктна адрываць школьнікаў ад іх пагружэння ў тэму для правядзення фізічных практыкаванняў. На ўроку выкарыстоўваліся слоўныя, ілюстрацыйныя метады і індывідуальная работа вучняў. Гэты ўрок пагружаў дзяцей у свет фантазіі і творчасці. Пераканана, што фантазійнае мысленне вельмі спатрэбіцца дзецям у будучыні. Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце В.А.Барбарыч, урок быў выбудаваны правільна, усе структурныя элементы — тлумачэнне, замацаванне, практычная частка і рэфлексія — праглядаліся і былі накіраваны на дасягненне галоўнай мэты — стварэнне эскіза экслібрыса. Змест матэрыялу адпавядаў узроставым асаблівасцям дзяцей: ён быў цікавым, зразумелым для ўспрымання. Навучэнцы былі падве-дзены да мэты ўрока, якую яны сфармулявалі самі. Дастаткова змястоўным быў і наглядны матэрыял. Дзеці былі матываваны на ўрок — матывацыя была закладзена на пачатку ўрока, падчас выкарыстання інтэрактыўнай дошкі. На працягу ўрока праглядваліся здароўезберагальныя элементы: была арганізавана змена відаў дзейнасці — і гутарка, і прагляд прэзентацыі, і выкананне практычнай работы. Пяцікласнікі самі ацанілі свае работы, прааналізавалі іх. Гэта вельмі важна, бо сучасныя вучні вельмі мала чытаюць і ход думак іх не зусім зразумелы. Мэта ўрока была дасягнута, што было відаць па выставе дзіцячых работ.

* * *

Урок выяўленчага мастацтва — гэта асаблівы ўрок, таму і патрабаванні да яго асаблівыя: ён павінен будавацца па законах мастацтва. Гэта мы і ўбачылі падчас наведвання баранавіцкай школы. Увядзенне вучняў у свет мастацтва, у сістэму ўзаемасувязі яго з жыццём ажыццяўляецца Святланай Мікалаеўнай Шкурко ў адзінстве радасці, дабра і прыгажосці. Школьнікі вучацца бачыць у навакольнай рэчаіснасці (у прадметах, з’явах, учынках) і разумець сапраўдную прыгажосць, якая не заўсёды бывае яркай, гучнай, а можа быць ціхай і спакойнай, сціплай і непрыметнай.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*