Віталіна ПАПКОВІЧ: “Шчасце — бачыць шчаслівымі ўсіх людзей вакол сябе”

Гераіня сённяшняга нумара — Віталіна Аляксандраўна ПАПКОВІЧ. Цудоўная Віталінка. Добры і спагадлівы чалавек, які валодае трапным словам, шчодрай душой, надзвычай чулым сэрцам. Віталіна заўсёды трымае руку на пульсе: як жыве клуб, чым дыхае, якія ў яго планы. Яна гатова выслухаць і дапамагчы. Яна ведае, як арганізаваць работу каманды педагогаў вобласці, якія выйшлі ў фінал рэспубліканскага конкурсу, як іх згуртаваць, як зрабіць так, каб педагогі, якія ўпершыню ўбачылі адно аднаго падчас конкурсу, пасябравалі і сапраўды сталі камандай.

Менавіта Віталіна валодае цудоўным дарам несці ў гэты свет цеплыню, святло і радасць. Радасць зносін. Радасць усмешкі і дабрыні. А яшчэ любоў. Любоў, якая свеціцца ў вачах і схавана ў вугалках вуснаў і ва ўсмешцы. Любоў, якую адчувае кожны навучэнец у яе класе, кожны член клуба. Любоў, якую яна дзеліць са сваімі блізкімі, якой па-добраму зайздросціш, калі знаёмішся з гэтымі людзьмі. Яна нібы лунае ў класе і дома. Яна дапамагае і акрыляе.

Віталіна, няхай наша любоў (любоў “жураўлёў”, тваіх навучэнцаў і іх бацькоў) падтрымлівае цябе і дапамагае распасціраць крылы, дапамагае лятаць!

На пытанні членаў клуба Віталіна адказала сцісла, лаканічна і ў той жа час з душой. Прачытайце ўважліва, і вы адчуеце тое, што я паспрабавала выказаць у гэтых некалькіх радках. Вы палюбіце яе так, як любім яе мы.

Вольга СЧАСНОВІЧ,
настаўніца інфарматыкі Варатынскай сярэдняй школы
Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці.

Аксана ПЯКУРЫНА:

— Віталіна, у цябе вельмі прыгожае і незвычайнае імя. Чыя была ідэя так цябе назваць? Ці ёсць нейкая гісторыя, звязаная з гэтым?

— Што да майго імя, то яго даў мне хросны тата. Ён вяртаўся з Германіі. У цягніку з ім ехала маленькая дзяўчынка. Прыгожая, кемлівая і непасрэдная. Так з’явілася на той час вельмі рэдкае імя Віта і ў нашым горадзе.

— Хто ты па знаку задыяка? Ці лічыш, што гэта паўплывала на твой характар?

— Па знаку задыяка я Дзева. Гэта, канечне, усё забабоны, але калі чытаю апісанні гэтага знака, то знаходжу шмат агульнага. На маю думку, гараскопы так і складаюцца, каб кожны знаходзіў у іх падабенства са сваім характарам.

— Самае яркае ўражанне з дзяцінства?

— Гэта мой апошні дзень у дзіцячым садзе. Нам тады дарылі цудоўны падарунак першакласніку і партфель. Многім падарылі ружовы ранец з малюнкам трох парасят. А мне, самай маленькай і па росце, і па ўзросце (я ішла ў школу ў няпоўныя 7 гадоў), дастаўся велізарны партфель з малюнкам матацыкла. Як мне хацелася мець ружовы ранец! Канечне, бацькі купілі мне іншы партфель, і я, шчаслівая, пайшла ў школу 1 верасня 1979 года.

— Ці памятаеш ты свайго першага настаўніка?

— Ці памятаю я свайго першага настаўніка? Канечне. І нават да сённяшняга дня мы маем зносіны. Гэта цудоўны і добры чалавек Валянціна Аляксееўна Маркіянава. Яна мяне выратоўвае, калі я езджу ў камандзіроўкі па рэспубліцы. І як здзіўляюцца мае вучні, калі я прашу іх аднесціся з павагай да Валянціны Аляксееўны, таму што яна мой першы настаўнік. Яны нават знаходзяць паміж намі нешта агульнае.

— А сваё першае каханне?

— Што да ўспамінаў пра маё першае каханне, сапраўднае, то яно і да гэтага дня побач са мной. Гэта мой муж Саша. Да вяселля мы сустракаліся 5 гадоў (у тым ліку 2 гады арміі). Прайшлі праверку на трываласць і… пажаніліся.

— Чым ты захапляешся ў вольны час?

— Вольны час праводжу з сям’ёй. Арганізоўваем сумесныя паходы ў лес, на возера, у кіно. Вельмі любім лыжныя прагулкі па нашых цудоўных лясах.

— Як у вас у сям’і размеркаваны абавязкі па гаспадарцы?

— А абавязкі па гаспадарцы мы ніколі не размяркоўвалі. У нас няма дзялення на жаночую і мужчынскую работу. Хто ўбачыў брудны посуд, той і памыў. Хто раней у пятніцу вярнуўся дадому, той і пачынае ўборку. (Мы беражом суботу для сумесных паходаў.) Гатуем таксама разам. Асабліва да свят. Тата катлетны фарш добра вымешвае. Я фармірую катлеты. Варвара (дачка) укачвае іх у сухарах. А Ваня (сын) дзяжурыць ля патэльні.

— Кім ты хацела стаць у дзяцін­стве? Няўжо заўсёды настаўнікам?

— З дзяцінства гуляла “ў доктара”, “у школу”. Спачатку хацела стаць дзіцячым доктарам, але пасля наведвання стаматолага жаданне працаваць у бальніцы знікла. І я ўсюды ажыццяўляла сваю мару — працаваць з маленькімі дзецьмі ў школе. Я пісала крэйдай на шафе (што не ацаніла мая мама), разразала сшыткі папалам, выходзіла на двор і гуляла ў школу з суседскімі дзецьмі. І мяне слухаліся. Садзіліся ў пад’ездзе на прыступках, як у аўдыторыі студэнты, і пісалі. Калі летам адпачывала ў бабулі ў вёсцы, арганізоўвала канцэрты — паказы для суседскіх бабуль. Вось такім быў мой шлях у прафесію. Прычым я першая ў нашым родзе настаўніца. Ніхто з дамашніх не мог мне дапамагчы.

— Ці памятаеш ты свой самы першы 1 клас? Ці пайшоў хто-небудзь з тваіх навучэнцаў па тваіх слядах, стаўшы настаўнікам?

— Свой першы клас памятаю добра, і з многімі навучэнцамі сустракаюся. Гэта быў асаблівы клас. (Тады пераходзілі на 11-гадовую школу.) І ўсіх дзяцей раёна, якія не пайшлі ў школу ў 6 гадоў, сабралі ў мяне. Быў проста 1 клас, без літарнай адзнакі. 25 хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны дапамаглі мне ў конкурсе “Самы класны класны”. Некаторыя з іх звязалі сваю дзейнасць з выкладаннем. Гэта Вольга Булай, Насця Куян, Яна Лысюк.

— Ці здаралася так, што твае былыя вучні прыводзілі да цябе ўжо сваіх дзетак?

— Былыя вучні яшчэ не прыводзілі. Вось-вось пачнуць. А дзяцей з адной сям’і — так. Здаралася нават, што тры пакаленні з адной сям’і я вучыла. Бацькі прытрымлівалі дзяцей, не аддаючы іх у 6 гадоў, каб яны трапілі ў мой клас. І гэта мае свае плюсы.

— Ты строгі настаўнік? Якія якасці асобы з’яўляюцца найбольш важнымі для настаўніка?

— З боку лепш відаць. Гавораць, што і строгі, і добры, і справядлівы. На мой погляд, настаўнік павінен быць і строгім, і добрым адначасова. Сучасны настаўнік — гэта прафесіянал, майстар сваёй справы. Ты будзеш нецікавы сваім вучням, калі твае веды абмяжоўваюцца падручнікам. А ў пачатковай школе дзеці вельмі ўдзячныя слухачы. Больш за тое, яны бяруць прыклад са свайго настаўніка і ўжо праз урок, другі нясуць сваю інфармацыю, знойдзеную ў даведніках, энцыклапедыях.

— Якія якасці асобы ты хочаш убачыць у сваіх вучнях?

— Хацелася б, каб мае вучні выраслі добрымі і цікаўнымі людзьмі, якія ўмеюць абараніць сябе ў любой жыццёвай сітуацыі, каб былі разумнымі і выхаванымі, крэатыўнымі і прыязнымі.

— Настаўнік пачатковых класаў выкладае розныя прадметы. А які з іх твой любімы?

— У кожным класе па-рознаму. У 1 больш люблю матэматыку. У 2—4-м — рускую і беларускую мовы.

— Што ты адчуваеш, развітваючыся з дзецьмі ў 4 класе? Ці падтрымліваеш з імі сувязь?

— Развітвацца заўсёды сумна. Стараемся гэта рабіць святочна. Разам з бацькамі і дзецьмі рыхтуем канцэрт з элементамі тэатральных паказаў. На наступны дзень па традыцыі ідзём у паход. Гульні, песні, спаборніцтвы. Удзельнічаюць усе. Але на апошніх хвілінах, як ні стараешся, гледзячы на бацькоў і дзяцей, якія ўжо выціраюць слёзы, плачу і я. Гэта і слёзы радасці адначасова. Успамінаючы 1 клас, яшчэ нязграбных, баязлівых дзетак, і гледзячы на чацвёртакласнікаў, такіх артыстычных і таленавітых, радуешся і за іх, і за сябе, і за бацькоў. У далейшым сувязь не страчваецца. Больш за тое, мае выпускнікі дапамагаюць мне ў арганізацыі свят для малышоў. Бывае і такое, што становімся сябрамі з сям’ёй выпускніка. Ці не гэта настаўніцкае шчасце?

Максім МІКУЛІЧ:

— Як бы ты адрэагавала на прапанову стаць дырэктарам школы?

— Некалі мне прапаноўвалі кіраўніцкія пасады. Я адмовілася. Працу з дзецьмі мне не заменіць ніякая пасада. Бляск іх вачэй, заўзяты смех, гуллівыя паводзіны, і ў той жа час цікаўнасць, інтарэс да невядомага. Што можа быць даражэй­шым?! А дырэктар? Ён жа больш працуе з калектывам дарослых. Можа, я і справілася б з гэтай пасадай, але, на мой погляд, побач з дзецьмі я прынясу больш карысці.

Іван ЯКІМЕНКА:

— Самы яркі момант конкурсу “Настаўнік года — 2014”? Менавіта 2014-га!

— Канечне, Ваня, я зразумела цябе. І самы яркі для нас момант конкурсу “Настаўнік года — 2014” — гэта ты і я ў ролі вядучых. Як жа было прыемна і ў той жа час адказна, калі мне па тэлефоне Г.І.Нікалаенка прапанавала гэтую ролю.

І, я думаю, мы з ёй справіліся. І яшчэ: ніхто не бачыў закуліснага жыцця канкурсантаў. Мы не маглі ацаніць іх урокі, але мы назіралі за іх узаемаадносінамі па-за сцэнай. І гэта даволі цікавы момант, дзе выяўляюцца ўсе чалавечыя якасці.

Алена ЦІЛЮПА:

— Ці хацелі б вы змяніць ацэначную сістэму ў школе?

— Я зусім адмяніла б адзнакі ў школе. (Або пакінула б толькі выніковую адзна­ку.) Тады дзеці ведалі б, для чаго яны вучацца ў школе. А то на якія толькі хітрыкі не ідуць, каб атрымаць найвышэйшы бал! Прычым не самыя сумленныя. І спісванне, і падман, і дадатковыя непатрэбныя рэфераты з інтэрнэту…

Мне пашчасціла скончыць курсы па навучанні стратэгіі актыўнай ацэнкі, а таксама пабываць у Варшаве, уба­чыць на свае вочы, як гэта адбываецца на практыцы. Дзеці свабодна асвойваюць матэрыял за адзін, два, тры ўрокі. Як атрымліваецца. Але яны ведаюць, што да пэўнага дня павінны прайсці выніковую атэстацыю або застацца на паўторны курс. Ніякага падману. Прапаноўваюцца дадатковыя заняткі (як у нас падтрымліваючыя). Нікога не трэба ўгаворваць. І бацькі не ходзяць, не выпрошваюць адзнакі.

Святлана ГІН:

— Мне цікава, як вашы бацькі і сябры паставіліся да выбару прафесіі настаўніка. Што вы зараз сказалі б сваёй дачцэ, калі б яна таксама выбрала гэтую прафесію?

— У той час (1989 год) у педагагічныя ВНУ быў вялікі конкурс. Прафесія настаўніка цанілася. Многія мае сябры-аднакласнікі тады паступалі ў педагагічныя ВНУ. Прычым лепшыя вучні. Бацькі лічыліся з маім выбарам, не адгаворвалі. Перажывалі разам са мной у час уступнай кампаніі.

Ведаеце, Святлана Іванаўна, вы як празорлівіца. Мая дачка Варвара хоча звязаць сваё жыццё са школай. Выкладаць беларускую і англійскую мовы. Я ёй не пярэчу. Яна ўсё бачыць сама. Бабуля толькі адгаворвае. На што дачка адказвае: “Калі ўсе так будуць гаварыць, хто ж будзе дзяцей вучыць?” І што тут скажаш у адказ? Пакуль яна толькі ў 7 класе. Пажывём — пабачым.

— Якую падзею з прафесійнага жыцця вы можаце назваць сваёй зорнай гадзінай, калі хацелася спыніць імгненне?

— Гэта час падрыхтоўкі да конкурсу “Настаўнік года — 2009”. Не, не сам конкурс, а менавіта падрыхтоўка. Вакол мяне сабралася цэлае сузор’е добрых і разумных калег. Мне здаецца, гэта згуртавала наш педагагічны калектыў. Усе хацелі мне дапамагчы: і настаўнікі, і адміністрацыя, і бацькі, і вучні. Яны ўсе былі са мной на сцэне. Яны адчувалі мяне, а я — іх. Калі мне трэба было пабыць адной, не перашкаджалі. І па маім поглядзе разумелі, чым могуць дапамагчы.

Вось гэтае імгненне сумеснай працы і хацелася б спыніць. Гэтае імгненне шчырых і добразычлівых зносін.

— Ці было калі-небудзь жаданне пайсці са школы? З чым гэта было звязана?

— Ніколі! І калі, як гавораць, прыйшлося б пражыць жыццё нанава, я пайшла б па гэтым жа шляху.

— Якую кнігу, на ваш погляд, павінен мець кожны настаўнік? А якую кожны бацька?

— Настаўнік — кнігу А.С.Макаранкі “Педагагічная паэма”. Бацька — усе кнігі В.А.Сухамлінскага.

— Што вы параіце бацькам малодшых школьнікаў, каб потым з падлеткамі ім не прыйшлося “залізваць раны”?

— Даць дзецям больш самастойнасці і свабоды выбару. Часцей гаварыць са сваімі дзецьмі. Не навязваць сваю думку, а ўмела ўгаварыць.

— Што вам дае клуб “Крыштальны журавель”? А што вы стараецеся даваць членам клуба?

— Клуб — гэта мая другая сям’я. Напэўна, ніхто з членаў клуба не зазнаў той любові і падтрымкі, якую зараз адчуваю я. Працуючы ў клубе, я ўдасканальваюся. Некага акрыляе RedBull, а мяне — клуб “Крыштальны журавель”.

Нават школьныя калегі заўважаюць, што ў мяне вочы гараць, калі я прыяз­джаю пасля сустрэч з клубам. Вялікі дзякуй, сябры-аднаклубнікі, што вы ў мяне ёсць! Я, у сваю чаргу, стараюся таксама дзяліцца з членамі клуба сваімі ведамі, напрацоўкамі, знаходкамі, а таксама дабрынёй і шчырасцю.

— Раскажыце пра які-небудзь цуд, які вам давялося зрабіць.

— Цуд — гэта мае дзеці, Іван і Варвара. Я ім дала жыццё. А яны, у сваю чаргу, дзівачаць, радуюць мяне. Ці не гэта ёсць шчасце і цуд мацярынства?!

— У адным моцным амерыкан­скім фільме пра школу — “Заплаці іншаму” — расказваецца пра вучня пачатковых класаў, які прыдумаў гульню, дзе кожны павінен быў для іншых зрабіць тры добрыя справы. А на вашу думку, як лепш: рабіць дабро таму, хто зрабіў яго табе, або перадаваць дабро па крузе?

— Дабро за дабро — гэта як у магазіне, на рынку. А добрая справа, зробленая не дзеля аплаты і падзякі, павялічваецца ў разы, таму не варта чакаць, калі да цябе прыйдзе дабро, каб перадаць яго іншаму. Давайце, як у песні:

“Твори добро на всей земле,

Твори добро другим во благо.

Не за красивое “спасибо”

Услышавшего тебя рядом”.

І памятайце: чым больш дасі, тым багацейшы будзеш сам.

— Што такога было ў старых савецкіх фільмах, чаго няма зараз? Чаму яны нават праз дзесяцігоддзі па-ранейшаму не пакідаюць нас абыякавымі?

— Было больш шчырасці, дабрыні і натуральнасці. А зараз гэта замя­няюць спецэфекты. Вось чаму гэтыя фільмы пераглядаюць, разбіраюць на цытаты. Іх нават спрабуюць зрабіць больш сучаснымі, што не заўсёды ўдала.

— Як вы думаеце, ці настане калі-небудзь у нашай краіне час, калі слова “настаўнік” зноў загучыць горда?

— Канечне, Святлана Іванаўна! Трэба верыць і рабіць усё магчымае нам, настаўнікам, каб гучаць горда.

Вольга СЧАСНОВІЧ:

— Віталінка, ты незвычайны чалавек. Цудоўная мама, любячая жонка, прафесіянал сваёй справы. Ты ўмееш атрымліваць задавальненне ад жыцця, у дробязях знаходзіш святло і цяпло, валодаеш цудоўнай здольнасцю радавацца жыццю і несці радасць іншым, знаходзіш цікавыя рэчы ў, здавалася б, звычайным. Адкуль у цябе такая здольнасць?

— Гэта перадалося ў спадчыну. Мой тата быў вельмі начытаным і пісьменным. На любую жыццёвую сітуацыю ў яго быў ці жарт, ці песня, ці цытата. Ды і мама ў мяне яшчэ той гумарыст і аптыміст па жыцці.

— Што самае складанае ў прафесіі настаўніка, на твой погляд?

— Самае складанае… Напэўна, не памыліцца. Для кожнага дзіцяці ўбачыць яго шлях развіцця і навучання. А яшчэ, нягледзячы на ўсе раздражняльнікі звонку, заставацца з дзецьмі добрай і шчырай. Яны ж тут ні пры чым. Любоў — самае галоўнае ў адносінах з людзьмі, асабліва з дзецьмі.

— У кожнай гаспадыні ёсць свой фірменны рэцэпт. Я ведаю, што ты любіш здзіўляць і сваіх родных, і сваіх вучняў. Ці ёсць у цябе такія фірменныя рэцэпты — на кухні, у школе?

— Што б ні рабіла, ці гэта каля пліты на кухні, ці каля школьнай дошкі, у любы рэцэпт дадай ЛЮБОВІ. Соліш, прамаўляй: “З любоўю!” Уваходзіш у школу, шапні: “З любоўю!” Ці можна гэта назваць фірменным рэцэптам, не ведаю, але гэта сапраўды працуе. Паспрабуйце, і вынік не прымусіць сябе чакаць — і дома, і на рабоце.

Інеса ЗУБРЫЛІНА:

— Якія тры жаданні ты загадала б залатой рыбцы?

— Міру. Здароўя. Вялікага ЗДАРОЎЯ ўсім!!!

Алена ПРАТАСЕВІЧ:

— Віталінка, ты валодаеш цэлым букетам цудоўных якасцей. Назаві, з твайго пункту гледжання, самыя важныя якасці сябра, настаўніка, мужчыны.

— Для сябра — шчы­расць і адданасць, для настаўніка — любоў і прафесіяналізм, для мужчыны — мужнасць і шчодрасць.

— Што для цябе шчасце?

— Шчасце — бачыць шчаслівымі ўсіх людзей вакол сябе.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

2 комментария

  1. Светлана

    Один из самых светлых и крылатых членов клуба! Хотите увидеть настоящего журавля — это наша ВИТАЛИНА!

  2. Ала Лазіцкая

    Віталіна, сапраўды, вельмі светлы чалавек! Колькі ў яе шчырасці і цяплыні! Вельмі хочацца, каб гэтая шчырасць і цеплыня вярнулася да яе шмат разоў памножанай і прарасла вялікім здароўем і моцам.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*