З розумам, сэрцам і рукамі

Вось амаль і праляцела першая чвэрць навучальнага года. Асабліва сур’ёзным выпрабаваннем яна стала для пяцікласнікаў, для якіх пачаўся этап адаптацыі, звязаны са зменамі ў арганізацыі вучэбнага працэсу, з’яўленнем новых форм і метадаў навучання, павелічэннем нагрузкі, вучобай у розных кабінетах, зменай настаўнікаў-прадметнікаў і неабходнасцю адаптавацца да новых настаўнікаў.

“Як зрабіць урок для пяцікласніка жаданым і радасным, не забываючы пры гэтым пра глыбокае засваенне імі вучэбнага матэрыялу?” — пытанне, якое заўсёды хвалявала настаўніка. У гэты перыяд вельмі важна знайсці спосаб узаемадзеяння з навучэнцамі на аснове вопыту супрацоўніцтва і асэнсавання таго, што перашкаджае і дапамагае фарміраванню практычных уменняў. Працуючы ў 5-х класах, варта памятаць пра такую псіхалагічную асаблівасць гэтага ўзросту, як выбіральнасць увагі, таму ўрокі павінны быць цікавымі і змястоўнымі, а спецыфіка нашага прадмета “Працоўнае навучанне. Абслуговая праца” дазваляе з поспехам вырашаць гэтую задачу.Заўважыўшы, што на ўроках абслуговай працы некаторыя дзяўчынкі адчуваюць павышаную трывожнасць, няўпэўненасць і частыя хваляванні ў сітуацыях, звязаных з вырашэннем самых простых задач і заданняў, а некаторыя, наадварот, вельмі шумныя і мітуслівыя, я вырашыла правесці назіранне і высветліць прычыну такіх паводзін. Пастаянны страх зрабіць або сказаць штосьці не так, г.зн. не адпавядаць чаканням навакольных, прыводзіць да таго, што нават здольнае дзіця не паказвае ў належнай ступені свае магчымасці. Каб вызначыць, наколькі глыбокая праблема, я вырашыла выкарыстаць, акрамя метаду назірання, апытанне і анкетаванне сярод пяцікласніц. Як паказваюць даследаванні, 73% навучэнак адчуваюць тыя ці іншыя цяжкасці ў гэты перыяд адаптацыі.
Важнай умовай паспяховай адаптацыі з’яўляецца пераемнасць у навучанні, якая прадугледжвае адзінства патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да ведаў, уменняў, навыкаў навучэнцаў, форм, метадаў і прыёмаў вучэбнай дзейнасці. Для гэтага неабходна падтрымліваць цесную сувязь з настаўнікамі пачатковых класаў і настаўнікамі-прадметнікамі, класным кіраўніком, псіхолагам і бацькамі.
На ўроках абслуговай працы, дзе навучаюцца толькі дзяўчынкі, цяжкасці адаптацыі больш прыметныя і ў настаўніка больш магчымасцей знайсці дыферэнцыраваны падыход да кожнай навучэнкі. А для гэтага неабходна ведаць і ўлічваць узроставыя і індывідуальныя асаблівасці дзяўчынак, пры ацэньванні вынікаў удзяляць увагу не параўнанню з дасягненнямі іншых вучаніц, а параўноўваць з папярэднімі вынікамі дзіцяці і ўлічваць ступень яго стараннасці, а ўжо потым суадносіць з агульным нарматывам. Вельмі важна з першых хвілін зносін на ўроках ствараць спрыяльную атмасферу, станоўчую матывацыю да вучэбнай дзейнасці, развіваць пазнавальны інтарэс да зместу матэрыялу, які вывучаецца, ствараць умовы для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў. Не варта забываць, што ў такім узросце любая дзейнасць на ўроках абслуговай працы павінна суправаджацца ацэнкай, пахвалой, падтрымкай.
У метадычнай скарбонцы настаўніка працоўнага навучання сёння дастаткова самых разнастайных і па форме, і па эфектыўнасці метадаў і прыёмаў, здольных павысіць прывабнасць урока. Важна вызначыць, якая з форм найбольш эфектыўная на гэтым этапе ўрока, якую задачу ён ставіць: аптымізаваць і сэканоміць час для фарміравання ўменняў і навыкаў або разняволіць дзяцей для раскрыцця іх індывідуальных якасцей.
У сваёй практыцы я выкарыстоўваю незвычайныя па форме і задуме ўрокі: урок творчасці, урок-гульня, урок-спаборніцтва, работа ў парах і групах, абарона праекта, работа з апорнымі сігналамі і алгарытмамі, а таксама выкарыстоўваю гульнявыя сітуацыі і цікавы матэрыял у выглядзе крыжаванак, загадак, рэбусаў, чайнвордаў, інфармацыйнага лато, пазлаў і інш.
Выкарыстанне ІКТ на ўроках абслуговай працы павышае цікавасць навучэнцаў да заняткаў і значна палягчае падрыхтоўку да іх настаўніка. Камп’ютар, вызваляючы час настаўніка, выконваючы многія руцінныя віды работы, дазваляе яму больш увагі ўдзяляць індывідуальнай рабоце з навучэнцамі, творча падыходзіць да вучэбнага працэсу. У прыватнасці, пры навучанні дзяўчынак відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва неабходна дэманстрацыя наглядных дапаможнікаў, і на гэтым этапе становіцца ўсё больш магчымым замест паказу рэальных вырабаў дэманстраваць іх выявы, у тым ліку і з дапамогай камп’ютара, дзе можна захоўваць і выкарыстоўваць грандыёзныя аб’ёмы інфармацыі.
Фотагалерэю падабраных фотаздымкаў, ілюстрацый (афармленне страў, віды сервіровак стала, старажытныя і сучасныя віды рукадзелля, народныя промыслы, творчыя праекты, найлепшыя эскізы і работы навучэнцаў) можна выкарыстоўваць для дэманстрацыі выяў па канкрэтнай тэме, для трэніроўкі пошуку навучэнцамі выяў неабходнага зместу, для сартавання выяў (папярэдне пераблытаных) і г.д.
Калекцыя прэзентацый выкарыстоўваецца пры тлумачэнні новага вучэбнага матэрыялу, пры ўзнаўленні атрыманага матэрыялу навучэнцамі, а таксама для працэсу абароны (прэзентацыі) творчага праекта. Вялікую цікавасць у навучэнцаў выклікае выкарыстанне ў прэзентацыях фрагментаў спрэчных сітуацый з мультыплікацыйных фільмаў і казак, пасля прагляду якіх навучэнцы з вялікім жаданнем пачынаюць абмеркаванне гэтых сітуацый, уступаюць у дыскусіі і шукаюць правільныя рашэнні, адказы на тэставыя пытанні, якія змяшчаюцца ў апошніх слайдах прэзентацый.
З дапамогай камп’ютарнай праграмы Super Test (аўтар Р.І.Мірсанаў) былі складзены тэсты па ўсіх раздзелах вучэбнай праграмы для 5 класа па абслуговай працы. Адной з пераваг камп’ютарнага тэсціравання з’яўляецца неадкладная зваротная сувязь. Калі ў дзіцяці прысутнічае пачуццё страху памыліцца падчас адказу перад настаўнікам, то, працуючы за камп’ютарам, ён адчувае сябе значна больш упэўнена. Навучэнцы, адказваючы на пытанне, тут жа атрымліваюць інфармацыю аб правільнасці свайго меркавання, а магчымасць паўторнага тэсціравання падштурхоўвае іх да пошукаў правільных рашэнняў або адказаў.
Тэсты дазваляюць у самы кароткі тэрмін не толькі праверыць веды ўсіх навучэнцаў, выявіць як прабелы пры выкладанні вучэбнага матэрыялу, так і цяжкасці, якія ўзнікаюць пры яго засваенні, але і паказваюць навучэнцам, на якім рэальным узроўні яны валодаюць матэрыялам і на якім узроўні яго трэба ведаць. Распрацоўка тэста патрабуе шмат часу і намаганняў на этапах яго стварэння, затое гатовы тэст намнога палягчае работу настаўніка і, галоўнае, павышае якасць працэсу навучання, адкрывае новыя магчымасці для яго ўдасканалення.
Працуючы ў графічных рэдактарах і выкарыстоўваючы сродкі для стварэння і дызайну эскізаў вырабу, дзяўчынкі маюць магчымасць самі змадэляваць форму і ўзор, падабраць арнамент вырабу і вызначыць колеравую гаму.
Вялікую дапамогу аказваюць пры вывучэнні розных тэм на розных этапах урока (пры тлумачэнні, замацаванні, самастойнай рабоце навучэнцаў) гатовыя камп’ютарныя праграмныя сродкі на кампакт-дысках. Гэта “Дзіцячая энцыклапедыя Кірыла і Мяфодзія”, электронныя энцыклапедыі і даведнікі, кулінарныя электронныя кнігі, праграмы па стварэнні схем для вышыўкі, вучэбныя курсы па ніткавым дызайне, абрэзкавым шыцці, гульнявыя праграмы для дзяўчынак “Я — модніца”, “Стыльныя дзяўчынкі” і інш. Просты і зручны інтэрфейс, яркі і прывабны дызайн, вялікая база гатовых вырабаў, адзіная класіфікацыя і фармат, хуткі пошук — усё гэта выклікае вялікую цікавасць і жаданне спасцігаць новае і спрабаваць выкарыстоўваць веды на практыцы.
Зыходзячы з індывідуальных асаблівасцей вучня, настаўнік сам вырашае, якія формы і метады больш мэтазгодна выкарыстоўваць на тым ці іншым этапе навучання — рэпрадуктыўныя або праблемныя, навучальныя або праграмы-трэнажоры і г.д.
Перавага гэтых метадаў і прыёмаў у тым, што яны дапамагаюць абудзіць цікавасць дзяцей, актывізаваць іх дзеянні, выклікаюць станоўчыя адносіны да дзейнасці, якая выконваецца. Для настаўніка гэта магчымасць дабіцца ўстойлівай цікавасці навучэнцаў да ўрокаў і стварыць усе ўмовы для развіцця творчага патэнцыялу кожнага дзіцяці. “Розум, сэрца і рукі — вось што трэба развіваць у дзецях як адзінае цэлае!” — гаварыў Л.У.Занкоў. А мы, настаўнікі, павінны дапамагчы раскрыцца магчымасцям дзіцяці і стварыць спрыяльныя ўмовы для іх развіцця.
Над гэтай тэмай я працую ўжо некалькі гадоў, маю мноства напрацовак і гатова падзяліцца вопытам з калегамі. Пішыце на электронны адрас: [email protected]

Алена РАБЦЭВІЧ,
настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 3 Ганцавіч
Брэсцкай вобласці.