Жамчужына краіны замкаў

Кожны прадмет, які вывучаецца ў пачатковай школе, уплывае на працэсы станаўлення духоўнага свету дзіцяці, фарміравання яго каштоўнасцей. Адзін з такіх прадметаў — прадмет “Чалавек і свет”. Ён з’яўляецца творчым падмуркам для развіцця маўленчай дзейнасці малодшых школьнікаў. Курс складаецца з трох кампанентаў: “Прырода і чалавек”, “Чалавек і яго здароўе”, “Чалавек і грамадства”.

Складнікам змястоўнага кампанента “Чалавек і грамадства” з’яўляецца блок “Мая Радзіма — Беларусь”, які вывучаецца ў 4 класе і які мае прапедэўтычны характар і забяспечвае стварэнне ўмоў для пераходу да сістэматычнага вывучэння гісторыі ў базавай школе. Блок “Мая Радзіма — Беларусь” прадугледжвае далучэнне дзяцей да культурнай спадчыны свайго народа; выхаванне любові і павагі да сваёй Радзімы; выхаванне беражлівых адносін да нацыянальнай моўнай культуры, любові да роднай мовы; усведамленне вучнямі сваёй адказнасці за лёс Айчыны; фарміраванне беражлівых адносін да духоўнай спадчыны беларускага народа.
У вучэбнай дысцыплiне “Мая Радзiма — Беларусь” можна вылучыць два аспекты: гiстарычны i моўны. Кожны з iх стварае пэўныя складанасцi пры навучаннi малодшых школьнiкаў. Як жа дасягнуць добрых вынікаў?
За час працоўнай дзейнасці я прыйшла да высновы: каб зацікавіць вучняў і дасягнуць поспехаў, трэба выкарыстоўваць тры аспекты работы над матэрыялам: міжпрадметныя сувязі (матэматыка, беларуская мова, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, музыка, літаратура), пазакласная работа (экскурсіі, музейная педагогіка, падарожжы па родным краі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, святы і г.д.), стварэнне прадметна-развіццёвага асяроддзя (выкарыстанне нагляднасці).

У сваёй рабоце па вучэбнай дысцыпліне “Мая Радзіма — Беларусь” я шмат увагі ўдзяляю раскрыццю гістарычнага мінулага беларускага народа. Яго вывучэнне дазваляе раскрыць ролю гістарычнай памяці ў жыцці народа, пазнаёміць са славутымі беларусамі. Малодшыя школьнікі знаёмяцца з практычным вопытам народа, асаблівасцямі беларускага мастацтва, фальклорам, музычнымі напрамкамі, даецца ўяўленне аб нацыянальных традыцыях, абрадах і звычаях, народных святах. Якімі метадамі і відамі работы гэтага магчыма дасягнуць? Адказ вельмі просты.
Па-першае, сам настаўнік павінен быць улюбёны ў гісторыю свайго краю і народа, а сваю любоў да родных мясцін пастарацца перадаць выхаванцам. І калі пачынаць урок з гульні, віктарыны, крыжаванкі, займальнага матэрыялу, з дапамогай апавяданняў і вершаў — усё гэта будзе садзейнічаць фарміраванню і развіццю звязнай мовы вучняў, іх зацікаўленасці ў вывучэнні прадмета, які з’яўляецца адным з цяжкіх у пачатковых класах. Разнастайныя формы работы дапамогуць максімальна актывізаваць пазнавальныя і маўленчыя магчымасці выхаванцаў.

Па-другое, калі на ўроку ёсць магчымасць завочнага падарожжа, экскурсіі ў музейны пакой і музей гісторыі, прагляду ўрыўка тэлевізійнай перадачы «Падарожжы дылетанта” або відэафільмаў з цыкла “Зямля беларуская” — гэта таксама яшчэ больш уражвае дзяцей і выклікае цікавасць да прадмета. І вельмі добра, калі на такіх уроках гучыць беларуская старадаўняя музыка, спяваюцца песні.
Эфектыўнасць пазнавальнай дзейнасці, на маю думку, залежыць ад форм (конкурсы і спаборніцтвы, тэматычныя дыскусіі, прэс-гульні і прадметныя агляды, віктарыны, завочныя падарожжы, гутаркі, акцыі, інсцэніроўкі і вусныя часопісы і г.д.) і спосабаў яе актывізацыі (праблемнае выкладанне ведаў, дыферэнцыяцыя і індывідуалізацыя навучання, самастойная даследчыцкая і творчая работа вучняў і г.д.).
Упэўнена, што трывалае засваенне вучэбнага матэрыялу, а значыць, больш актыўнае аперыраванне ім, забяспечвае выкарыстанне ў вучэбным працэсе гульнявой дзейнасці (дыдактычных гульняў). Асабліва дзецям падабаюцца гульня “Гістарычная размінка”, стварэнне і рашэнне гістарычных задач.
У час правядзення ўрокаў вельмі часта выкарыстоўваю групавую форму работы, якая дазваляе значна павялічыць колькасць часу для актыўнай размовы кожнага навучэнца, паколькі прадугледжвае сумеснае абмеркаванне, выказванне ўласных меркаванняў, дыскусію. Усё гэта дае магчымасць развіваць маўленчыя навыкі малодшых школьнікаў. Таксама вучні з задавальненнем працуюць над падрыхтоўкай невялікіх паведамленняў па тэме ўрока, што дае ім магчымасць нейкі час быць настаўнікам на ўроку. Вельмі актыўна вучні прымаюць удзел у падрыхтоўцы заданняў для конкурсаў “Край мой там, дзе Нёман льецца”, “Тут дзяды мае жылі”, “Ёсць такая зямля”, “Мова беларуская мая”. Стварэнне цікавых пытанняў і адказы на іх патрабуюць ад дзяцей пошукаў патрэбнага матэрыялу за межамі падручніка. А гэта ў сваю чаргу развівае ў вучняў уменне працаваць з даведачнай літаратурай, вучыць будаваць свой адказ, уменне данесці матэрыял да іншых, уменне абгрунтаваць свае меркаванні. На маю думку, усё гэта садзейнічае развіццю маўленчых навыкаў малодшых школьнікаў і цікавасці да прадмета. Так, пры вывучэнні тэмы “Мы і нашы суседзі” быў праведзены вусны часопіс “Падарожжа па Літве”, дзе вучні падрабязна пазнаёміліся з гісторыяй краіны-суседкі. Дзеці даведаліся аб агульных каранях дзвюх краін у час Вялікага Княства Літоўскага, аб падабенствах нацыянальнай кухні, пачулі легенды аб узнікненні сталіцы Літвы. У час правядзення вуснага часопіса гучалі літоўская і беларуская мовы, а таксама музыка.

Напэўна, мала знойдзецца дзяцей, якія не любяць падарожнічаць. Таму я заўсёды выкарыстоўваю гэтыя магчымасці, каб пазнаёміць вучняў з новымі мясцінамі. З задавальненнем мы бываем у розных гарадах Беларусі: старажытным Полацку і Мінску, Гродне і Брэсце, нам падабаецца прайсціся па старажытных вуліцах, дакрануцца да гісторыі.
Здаўна вядома, што калі Беларусь — гэта краіна замкаў, то Гродзеншчына — жамчужына краіны замкаў. У гэтым мы пераканаліся ў час нашай чарговай экскурсіі. А што можа быць цікавейшым, як урок па тэме “Пад сценамі старажытных замкаў”? Гэты ўрок адбыўся каля рэшткаў Крэўскага і Гальшанскага замкаў, дзе вучні з захапленнем слухалі паданні, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, аб тым, што ў падзямеллях замкаў захоўваюцца дзівосныя скарбы, што ўсе замкі злучаны паміж сабой падземнымі хадамі, што па начах у замках ажываюць здані іх былых гаспадароў: Белай Панны і Чорнага Манаха. Пасля праведзенага такім чынам урока ў дзяцей было шмат уражанняў, і многія па-іншаму паглядзелі на гісторыю сваёй малой радзімы — Ашмяншчыны, краю з багатай многавяковай гісторыяй. А гэта ў сваю чаргу дало вялікія задаткі для развіцця пазнавальнай і творчай дзейнасці. Пасля такіх падарожжаў вельмі добра малодшыя школьнікі ўключаюцца ў напісанне даследчых і творчых работ, стварэнне праектаў, прысвечаных роднай зямлі. Вучні з захапленнем і цікавасцю працавалі над праектамі “Жупранская старонка”, дзе даведаліся пра гісторыю ўзнікнення мястэчка, пра паходжанне назвы Жупраны, пра пабудову касцёла Пятра і Паўла, пра былых гаспадароў Жупран Радзівілаў, якім амаль 300 гадоў належала мястэчка. “Легенды Гальшанскага краю” ўвабралі ўсе паданні аб узнікненні Гальшан і наваколля, аб знакамітай прадаўжальніцы каралеўскага роду Ягелонаў — Соф’і Гальшанскай. Праект “Люблю Ашмяны — старонку гэту” даў магчымасць стварыць невялікае гістарычнае фоталітаратурнае падарожжа, якое выклікала жаданне больш падрабязна пазнаёміцца з гісторыяй і прыгожымі мясцінамі нашага горада, новым позіркам паглядзець на яго, пазнаёміцца з мясцовымі паэтамі, якія ў сваіх вершах апяваюць родную Ашмяншчыну.
Праект “Гіпіка, альбо Кніга аб конях” расказаў пра нашага знакамітага земляка Крыштофа Монвіда Дарагастайскага, вялікага маршалка літоўскага. Гэтая работа захапіла не толькі вучняў, але і іх бацькоў. Сумесна з бацькамі быў створаны відэафільм “Спадчына”. Усе праекты былі напісаны ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і выкарыстоўваліся для правядзення пазакласных мерапрыемстваў, на факультатыўных занятках.

Вялікія камяні называюць валунамі. Яны з’явіліся на беларускай зямлі пасля адыходу ледавіка. Шмат стагоддзяў ляжаць камяні на адным месцы. Многае бачылі гэтыя валуны. У старажытнасці нашы продкі пакланяліся камяням, верылі ў іх цудадзейную сілу, прыносілі ім падарункі. На нашай ашмянскай зямлі таксама ёсць вельмі шмат камянёў, якія выклікаюць цікавасць. Гэта і каменныя скульптуры на вуліцах, створаныя пасля правядзення ў нашым горадзе пленэра. Нават адно з паходжанняў назвы горада Ашмяны навукоўцы звязваюць з літоўскім словам “акменас”, што значыць камень. Таму пры знаёмстве з тэмай “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны” мае вучні вырашылі пайсці ў паход да каменя, які называецца “Нявесцін камень”, які і з’явіўся на ашмянскай зямлі менавіта пасля адыходу ледавіка. Гэтаму паходу папярэднічала пошукавая работа па зборы легенд і паданняў пра назвы камянёў, гутарка з супрацоўнікамі мясцовага краязнаўчага музея менавіта аб паходжанні гэтага каменя. Таксама была праведзена экскурсія па эказале нашай школы, дзе пытанню адведзена пэўнае месца.

Вывучэнню тэмы “Пясняр сялянскай долі” папярэднічаў першы ўрок у музеі Францішка Багушэвіча, які адбыўся 1 верасня ў Кушлянах. Мой клас, наколькі гэта было магчыма, прайшоў “Сцежкамі Багушэвіча”. Сваё падарожжа мы пачалі з Ашмян, потым былі Жупраны, якія размешчаны па дарозе, якая раней называлася стары Віленскі паштовы тракт. Мястэчка з гэтай нагоды заўсёды было на скрыжаванні гістарычных падзей. У Жупранах кожнага сустрэне помнік Багушэвіча, які стаіць на месцы даўнейшага рыначнага пляца. А затым былі Кушляны, якія сустрэлі нас цішынёй. На ўзгорачку стаіць дом Багушэвіча, які адразу прыцягвае сваёй велічнасцю і прыгажосцю. Быў цікавы аповед пра Францішка Багушэвіча, экскурсія па літаратурным музеі, дзе ліліся чароўныя гукі жалейкі, якая спявала аб цяжкай сялянскай долі. Затым была экскурсія па наваколлі Кушлян, дзе мы дакрануліся да гісторыі пабудовы прысядзібнай каплічкі, пасядзелі на парозе хаты паэта, пачулі аповед пра сімвал нашай Беларусі — буслоў, якія кожны год прылятаюць у гэтыя мясціны, прайшліся каштанавымі прысадамі да каменя-валуна “Памяці Мацея Бурачка”. Вяртаючыся дамоў, мы не маглі не заехаць на могілкі, дзе знайшоў свой прытулак беларускі пясняр волі і свабоды Францішак Багушэвіч. Потым зайшлі ў Жупранскі касцёл Пятра і Паўла, дзе вісіць шыльда з выявай Багушэвіча.
Гэтая экскурсія вельмі ўразіла маіх вучняў і была штуршком да напісання навукова-даследчай работы “Сцежкамі Багушэвіча”, якая заняла другое месца ў час правядзення раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Першы крок у навуку”, а таксама гэтая работа заняла другое месца на рэгіянальнай канферэнцыі ў Астраўцы.

Матэрыял блока “Мая Радзіма — Беларусь” дапаўняюць факультатыўныя заняткі “Мая Айчына”, якія даюць вельмі шмат матэрыялаў для правядзення пазакласных мерапрыемстваў. Так, тэма факультатыўных заняткаў “Янка Купала — вядомы пісьменнік Беларусі. Якуб Колас — наш славуты зямляк” цесна пераклікаецца з тэмай блока “Мая Радзіма — Беларусь” — “Славутыя дзеячы навукі і культуры”, што дало магчымасць вучням майго класа прыняць удзел у літаратурнай гасцёўні і ў раённым конкурсе чытачоў паэзіі Якуба Коласа і Янкі Купалы, дзе ў сваёй узроставай групе навучэнец майго класа заняў першае месца. Таксама ўзаемасувязь блока “Мая Радзіма — Беларусь” і факультатыўных заняткаў дапамагае падрыхтаваць вучняў да ўдзелу ў школьных, а таксама раённых алімпіядах.
Прымаючы ўдзел у акцыі “Паклонімся вялікім тым гадам” і вывучаючы тэму “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны”, наш клас пабываў на экскурсіі па маршруце “Хатынь — Лінія Сталіна — Курган Славы”, у нас была магчымасць падрыхтаваць выступленні, стварыць прэзентацыі пра гэтыя мясціны і выступіць з імі на факультатывах, пазакласных мерапрыемствах у іншых класах. Заканчэннем вывучэння блока “Мая Радзіма — Беларусь” стала экскурсія ў Брэсцкую крэпасць і Белавежскую пушчу.
Такім чынам, разнастайныя формы работы на ўроках блока “Мая Радзіма — Беларусь” спрыяюць развіццю пазнавальнай цікавасці малодшых школьнікаў да айчыннай гісторыі праз уздзеянне на іх эмацыянальную сферу, развіццё ўнутранага свету асобы, паказваюць прыгажосць беларускай мовы і нацыянальнай моўнай культуры, садзейнічаюць фарміраванню і развіццю звязнай мовы малодшых школьнікаў, камунікатыўных навыкаў, выхоўваюць любоў да сваёй Радзімы.

Данута КУЛІК,
настаўніца пачатковых класаў
сярэдняй школы № 3 Ашмян Гродзенскай вобласці.