Англічане выбіраюць манархію

Але чаму помнік Оліверу Кромвелю ўстаноўлены каля англійскага парламента?

Вольны час у вялікім дэфіцыце ў фіналіста Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2017” настаўніка гісторыі сярэдняй школы № 3 Оршы Андрэя Міхайлавіча Іванова. Яму трэба не толькі весці ўрокі, але і майстар-класы для калег, рыхтавацца да выступленняў на семінарах і канферэнцыях, на афіцыйных сустрэчах. Андрэй Міхайлавіч увесь час кудысьці спяшаецца. Такім жа імклівым, мэтанакіраваным быў і яго чарговы ўроку 8 класе, які мне пашчасціла наведаць, — першы ўрок у другой чвэрці.


Дзеці вывучалі новую тэму. На партах ляжалі рабочыя лісты. Настаўнік прапанаваў навучэнцам вусна выканаць заданне, якое дапаможа вызначыць тэму ўрока. Пытанне 1: выберыце гістарычны тэрмін, які з’яўляецца прычынай падзеі, што адлюстравана на карціне “Карл І развітваецца з сям’ёй перад пакараннем смерцю”. Растлумачце свой выбар. У лістах з заданнем пазначаны тэрміны “рэканкіста”, “рэвалюцыя”, “рэфармацыя”, “рэформа”. (Правільны адказ — рэвалюцыя, дзеці далі тлумачэнне тэрміну.) Пытанне 2: з’яўленне якога саслоўя прывяло да змяненняў у дзяржавах Заходняй Еўропы? (Правільны адказ — буржуазія.) Пытанне 3: вызначыце назву дзяржавы па яе абрысах. (Адказ — Англія.) Такім чынам, была акрэслена тэма ўрока —“Англійская буржуазная рэвалюцыя”, якую дзеці запісалі ў сшыткі. Адразу Андрэй Міхайлавіч прапанаваў і дыферэнцыраванае дамашняе заданне.

“Цяпер вызначым кола пытанняў, на якія нам трэба адказаць у працэсе вывучэння тэмы. Ці ёсць жадаючыя?”— звярнуўся да класа педагог. Усе вучні разам стварылі сабе маршрут для вывучэння тэмы ўрока: назваць прычыны рэвалюцыі, яе асноўных гістарычных дзеячаў, расказаць аб ходзе рэвалюцыі, яе выніках і значэнні, назваць асноўныя даты па тэме ўрока. Акрамя таго, Андрэй Міхайлавіч прапанаваў дзецям да канца ўрока адказаць яшчэ на адно пытанне: “Калі б вы былі англічанамі, якому гістарычнаму дзеячу перыяду рэвалюцыі вы ўстанавілі б помнік каля будынка англійскага парламента?”


“Гістарычныя падзеі трэба ўмець лакалізаваць у часе і прасторы, — упэўнены настаўнік. — Звярніце ўвагу на карту: “Хто з вас зможа паказаць Англію?” Да дошкі выйшаў вучань і выканаў заданне.“Зыходзячы з малюнка Англіі, які ты паказаў, скажы, гэта цэнтралізаваная дзяржава або феадальна-раздробленая?” Вучань заўважыў, што тэрыторыя краіны выглядае цэласнай, яна выдзелена адным колерам, значыць, Англія — цэнтралізаваная дзяржава. “Які сімвал ты бачыш побач? — зноў звярнуўся настаўнік да вучня. — Так, згодны, гэта герб Англіі, а дакладней, англійскага караля. За свой адказ ты зарабляеш бонус. На сённяшнім уроку я буду ацэньваць вас па бонуснай сістэме. На лістках-бонусах, якія я буду раздаваць за правільныя адказы, намаляваны сімвал каралеўскай улады Англіі — тры львы. Але заўважу, гэта выява толькі часткі герба”.

Зразумела, што ў Англіі ўлада караля моцная. Чаму ж у краіне адбылася рэвалюцыя? Андрэй Міхайлавіч прапануе дзецям паглядзець відэафрагмент (з мастацкага фільма “Олівер Кромвель”) і вызначыць прычыны рэвалюцыі ў Англіі, якія знайшлі ў ім адлюстраванне, назваць імёны яго галоўных герояў (гэта Карл І і Олівер Кромвель). Вучні ўважліва глядзелі відэа, рабілі пазнакі ў сшытках, але не спяшаліся з высновамі. На слайдзе з’явіўся поўны спіс прычын рэвалюцыі: высокія падаткі, устаноўленыя без згоды парламента, імкненне да аднаасобнага кіравання Карла І, імкненне буржуазіі і часткі дваранства абмежаваць каралеўскую ўладу, рэлігійныя супярэчнасці, цяжкае жыццё простага народа. Вучням трэба было суаднесці прычыны, якія яны ўбачылі ў відэа, з гэтым спісам.

“Уявім сябе на месцы гістарычных персанажаў. Калі б вы былі каралём, што зрабілі б, каб прадухіліць рэвалюцыю?”— пытаецца настаўнік у вучняў і выслухоўвае іх меркаванні. “Вы прапануеце саступіць, пагадзіцца з дэпутатамі парламента і панізіць падаткі, — разважае Андрэй Міхайлавіч.— Адразу відаць, што вы схільныя да кампрамісаў. Але ж магчымы і другі варыянт — распусціць парламент і падавіць выступленне дэпутатаў сілай, арыштаваць іх. Кароль скарыстаўся двума спосабамі: спачатку ён пайшоў на ўступкі дэпутатам, а потым паспрабаваў іх арыштаваць і распусціць парламент. Момант, калі ён пайшоў на ўступкі, 1640 год, стаў пачаткам рэвалюцыі”.


Дзеці адзначылі ў сшытках: рэвалюцыя ў Англіі прывядзе да грамадзянскай вайны. За правільнае азначэнне тэрміна “грамадзянская вайна” вучань атрымаў бонус. Андрэй Міхайлавіч прапанаваў класу звярнуцца да раздатачнага ліста з пытаннямі аб грамадзянскай вайне і, працуючы ў парах, адказаць на іх. А для гэтага скарыстацца падручнікам. Не мае значэння, хто з двух вучняў агучыць правільны адказ, бонус атрымаюць абодва.

“Перад вамі на слайдзе ілюстрацыя, якая паказвае воінаў перыяду грамадзянскай вайны, — звярнуўся да класа настаўнік. — Хто гэта? Прыхільнікі караля (кавалеры) ці прыхільнікі парламента (круглагаловыя)? Калі б гэта былі войскі караля, рэгулярная армія, яны былі б апрануты аднолькава. А яны апрануты ў розную вопратку, якая не з’яўляецца ваеннай формай, з ваеннай амуніцыі ў ёй толькі шлем і кіраса. Хутчэй за ўсё, гэта рэвалюцыйныя войскі”.

Дзеці агучылі адказы на пытанні. Назвалі: даты грамадзянскай вайны (1642—1648 гады), супрацьлеглыя бакі (прыхільнікі караля і прыхільнікі парламента), хто перамог у вайне (парламент), хто камандаваў арміяй пераможцаў (Олівер Кромвель), якія катэгорыі насельніцтва атрымалі найбольшую выгаду па выніках вайны (землеўладальнікі). І апошняе пытанне аб лёсе караля Карла І. (Ён быў пакараны смерцю, і ў Англіі ўсталявалася рэспубліка. Гэта адбылося ў 1649 годзе.) Так вучні падышлі да разумення паняцця “рэспубліка”. Бонус ад Андрэя Міхайлавіча атрымаў той, хто першым сказаў, што такое рэспубліка (форма дзяржаўнага кіравання, пры якой народам выбіраецца кіраўніцтва дзяржавы).

У сярэдзіне ўрока настаўнік прапанаваў вучням крыху расслабіцца. Для гэтага ім трэба было пашукаць каля сваіх парт схаваныя педагогам ілюстрацыі па тэме ўрока. Той, хто знаходзіў, выходзіў да дошкі з ілюстрацыямі-выявамі гербаў. Дзеці знайшлі сярод іх герб англійскай рэспублікі і абгрунтавалі свой адказ.


“Які орган улады галоўны ў англійскай рэспубліцы? — запытаў настаўнік. — Так, парламент. А вось за наступнае пытанне я дам бонус. Які чалавек будзе валодаць рэальнай сілай у англійскай рэспубліцы ў неспакойны час?” Адзін з вучняў адказаў, што гэта быў Олівер Кромвель — галоўнакамандуючы. “Ёсць парламент, а ёсць аўтарытэтны галоўнакамандуючы. Якія будуць адносіны паміж імі? — працягвае настаўнік. — Зразумела, напружаныя. Будзе ісці барацьба за ўладу”. Настаўнік прапанаваў вучням зноў уважліва паглядзець на гістарычную карціну і сказаць, што на ёй намалявана. У выніку разважанняў вучнямі была зроблена выснова, што на карціне адлюстраваны момант, як дэпутаты пакідаюць парламент. За спінай у іх узброеныя людзі — салдаты. У цэнтры карціны знаходзіцца Олівер Кромвель. Яна так і называецца — “Олівер Кромвель распускае парламент”.

“Пазначце, калі ласка, у сшытках: Кромвель — пратэктар. Ён, дарэчы, так і называў сябе — лорд пратэктар (абаронец), — сказаў Андрэй Міхайлавіч. — Чаму ён распусціў парламент? Пачаліся спрэчкі паміж Кромвелем і парламентам, ён абвінавачваў парламент у бяздзейнасці. Чаму пасля роспуску парламента не здарылася рэвалюцыі?” Вучні выказалі меркаванні: “У парламента было мала прыхільнікаў. Частка буржуазіі, дваранства і духавенства былі на баку Кромвеля”.

“Але што самае галоўнае? — працягвае настаўнік. — На яго баку была армія. Акрамя таго, Кромвеля падтрымлівала простае насельніцтва. Хто ж пойдзе ваяваць з тым, на чыім баку армія? Таму рэвалюцыі не адбылося. Улада Кромвеля заставалася поўнай і безумоўнай”. Пасля смерці Кромвеля перад англічанамі паўстала пытанне, якую форму кіравання зацвердзіць у Англіі. Андрэй Міхайлавіч прапанаваў класу выбраць форму кіравання. Для гэтага ўявіць, што на першым радзе сядзяць прадстаўнікі дваранства (графы, бароны, герцагі), пасярэдзіне — буржуазія (прадпрымальнікі, купцы, уладальнікі мануфактур), а на трэцім радзе — сяляне і рабочыя.


“Дваране, узнімеце рукі — вы за манархію або за рэспубліку? — гаворыць настаўнік. — Зразумела, за манархію. Але частка дваранства падтрымлівала рэспубліку. А вы, буржуазія? Частка з вас таксама сумнявалася. А простае насельніцтва — за рэспубліку. Але яно мала што вырашала. Правам голасу ў Англіі пасля рэвалюцыі валодалі толькі багатыя і заможныя грамадзяне. Буржуазія і дваранства выбралі рэстаўрацыю манархіі. Адзначым у сшытках:

1660 год — аднаўленне манархіі. Адным з каралёў дынастыі Сцюартаў, які быў запрошаны на трон, стаў Якаў ІІ, чый партрэт вы зараз бачыце. Гэта ўнук Карла І. Калі я вам скажу, што яго звергне чарговая рэвалюцыя, хто назаве хаця б адну прычыну гэтага? Давайце паразважаем, чаго хоча кароль? Улады. За кошт чаго? Парламента. Якаў ІІ дрэнна ведаў гісторыю. Стаўшы каралём, ён пачаў паўтараць памылкі свайго дзеда, спрабуючы абмяжоўваць уладу парламента. Здарылася рэвалюцыя, якую назвалі Слаўнай. Пішам: 1688—1689 гады — Слаўная рэвалюцыя, якая змясціла Якава ІІ з пасады. Уявім сябе англічанамі. Што яны зноў выберуць? Англічане выберуць манархію”.

Але навучаная горкім вопытам эліта Англіі дае падпісаць будучаму каралю Вільгельму ІІІ Аранскаму “Біль аб правах”. Вучні адзначаюць сабе дату — 1689 год. Такім чынам, ствараюцца дакладныя правілы гульні, якіх раней не было паміж каралём і парламентам. Навучэнцы бяруць рабочыя лісты і працуюць з гістарычным дакументам. Андрэй Міхайлавіч дае дыферэнцыраванае заданне. За пытанне с зорачкай прапануе два бонусы. А гучыць яно так: “Ці можна “Біль аб правах” назваць Канстытуцыяй (асноўным законам дзяржавы) і чаму?” Вучням неабходна было сфармуляваць азначэнне канстытуцыйнай манархіі. Адна з вучаніц дае правільны адказ: “Так, гэта Канстытуцыя, таму што яна вызначыла правілы ўзаемаадносін паміж каралём і парламентам, якія былі абавязковымі для выканання. Канстытуцыйная манархія — гэта манархія, пры якой кароль прытрымліваецца асноўных законаў дзяржавы; гэта форма кіравання, пры якой улада манарха абмежавана Канстытуцыяй і парламентам”. Наступнае пытанне: “Вызначыце рэакцыю на англійскую рэвалюцыю і “Біль аб правах” асноўных груп насельніцтва ў манархічных дзяржавах Еўропы (з выхадам на значэнне рэвалюцыі). Пастаўце любы сімвал у адпаведную графу табліцы”. Вучні высвятлялі, як адрэагавала дваранства і духавенства (былі заклапочаныя ўступкамі ніжэйшым саслоўям), буржуазія (палепшыла сваё становішча і была гатова паляпшаць яго і далей), а таксама сяляне і рабочыя (не палепшылі свайго становішча, але былі гатовы змагацца за пашырэнне сваіх правоў).

Напрыканцы ўрока настаўнік узгадаў пытанне, якое было пастаўлена ў самым пачатку: “Калі б вы былі англічанамі, каму б вы ўзвялі помнік каля парламента?”. Варыянты адказаў: Кромвелю, Карлу І, Якаву ІІ або Вільгельму ІІІ Аранскаму”. Дзеці галасавалі. А што выбралі англічане? Каля парламента яны ўсталявалі помнік Кромвелю. Чаму? Кромвель займаў пасаду галоўнакамандуючага, яго армія перамагла, з гэтай перамогі ўсталявалася рэспубліка. Англічане даравалі яму роспуск парламента, які потым зноў сабралі, але ўжо той, які дзейнічаў па ўказцы Кромвеля. Калі б не было Кромвеля, напэўна, не было б “Біля аб правах”, захавалася б манархія, і дэмакратычныя пераўтварэнні адбыліся б не так хутка.

“Якая форма кіравання ў сучаснай Беларусі?” — нечакана запытаўся ў вучняў Андрэй Міхайлавіч. Дзеці адказалі, што рэспубліка. Настаўнік высветліў, чаму яны так лічаць. Прагучала думка аб тым, што ўладу выбірае народ. “Калі ў краіне дэмакратычная рэспубліка, то не патрабуецца рэвалюцыйных пераўтварэнняў, — падвёў выснову Андрэй Міхайлавіч. — Дастаткова схадзіць на выбары і выказаць сваю волю, вызначыўшы тым самым будучыню дзяржавы. Гэтую магчымасць вы атрымаеце, калі вам споўніцца 18 гадоў. А пакуль будзем вывучаць гісторыю, каб не паўтараць памылак мінулага”.

У апошнія хвіліны ўрока вучні выканалі тэст з 6 пытанняў, з дапамогай якога прывялі ў сістэму свае веды і зразумелі, наколькі засвоілі матэрыял урока. Выпраўленні былі недапушчальныя. Пасля навучэнцы абмяняліся работамі і праверылі адно аднаго па ключы. “Пры жаданні можна абмяняць бонусныя балы і балы за тэсты на адзнакі па курсе адзін да аднаго, — адзначыў настаўнік. — Хто з вас па суме бонусаў і балаў сёння атрымае 9—10 балаў? А хто 7—8 балаў? Хто 5—6 балаў? Падыдзіце да мяне з дзённікамі. Усім вялікі дзякуй! Урок завершаны”.

***

— Андрэй Міхайлавіч, зрабіце, калі ласка, аналіз праведзенага вамі ўрока.

— Тып урока, які я выбраў сёння, — урок вывучэння новых ведаў па тэме “Англійская буржуазная рэвалюцыя”. Гэтая значная падзея ў палітычнай гісторыі XVII стагоддзя паслужыла стымулам для развіцця рэвалюцыйнага руху ў Еўропе, дзякуючы якому складваліся асновы грамадзянскага грамадства, народаўладдзя, так званыя традыцыйныя еўрапейскія каштоўнасці, якія на той момант былі рэвалюцыйнымі. Вялікае значэнне гэтая тэма мае ў плане фарміравання светапогляду, асаблівых адносін да сучасных дэмакратычных правоў і свабод. Узнікае разуменне, якой цаной яны былі заваяваны, колькі стагоддзяў спатрэбілася для гэтага. Па-іншаму пачынаеш адносіцца і да сваіх абавязкаў.

Сённяшні наш урок быў пабудаваны на аснове кампетэнтнаснага падыходу. Па маім меркаванні, калі вучань добра памятае гістарычныя даты і падзеі, але не разумее, чаму яны адбыліся, ён не ведае гісторыі. Таму часта на ўроку я задаю пытанне “Чаму?” і прашу вучняў выказаць свае адносіны да таго, што адбываецца, паставіць сябе на месца гістарычных персанажаў. Такім чынам, уключаю эмацыянальную памяць дзяцей як найбольш трывалую і падмацоўваю яе логікай мыслення. Маўляў, вы лічыце, што добра быць каралём? А што зрабіў кароль? Да чаго прывёў яго ўчынак?

На сваім уроку я імкнуўся арганізаваць работу навучэнцаў з рознымі крыніцамі інфармацыі. Гэта тэкст падручніка, відэафрагмент, ілюстрацыі, карта, гістарычная карціна. Дарэчы, большасць відэаролікаў, якія звычайна выкарыстоўваю на ўроках, — гэта вынік калектыўнай творчасці — маёй і маіх вучняў, якія дапамагаюць збіраць і рэдагаваць інфармацыю. Уменне аперыраваць рознымі відамі інфармацыі (адносіцца да так званых надпрадметных кампетэнцый) мае вялікае значэнне ў сучасным свеце. Формамі арганізацыі ўрока, якія я выбраў, былі франтальная, індывідуальная і парная. Усе важныя гістарычныя этапы, якія вывучаліся на ўроку, адлюстроўваліся на дошцы: рэспубліка — манархія — “Біль аб правах” — канстытуцыйная манархія. Навучэнцы бачылі партрэты гістарычных дзеячаў, аб якіх ішла гаворка на занятках.

Матэрыял сённяшняй тэмы новы, даволі складаны. Магчыма, таму самая распаўсюджаная адзнака ў вучняў за работу на ўроку — 7—8 балаў. Нагадаю, што максімальны бал, які можна было атрымаць за выкананне тэста, — 6. Дадаткова вучні ўзнагароджваліся бонусамі, таму ў кожнага была магчымасць атрымаць 10 балаў. У канцы ўрока звычайна праводзіцца рэфлексія — самаацэнка. Для мяне гэта паказчык узроўню актыўнасці вучняў і вынікі гэтай актыўнасці: устанаўленне зваротнай сувязі, тое, наколькі вучні разумелі мяне. Гэта і вынікі тэста, які рашаюць вучні, тое, як працуюць яны на занятках, ці актыўна ўзнімаюць руку. Работай дзяцей я сёння задаволены.

— Скажыце, чаму вы вырашылі стаць педагогам? Чым вас прывабіла гісторыя?

— Чаму мы выбіраем тую ці іншую дарогу ў жыцці — складанае філасофскае пытанне. Я лічу, што не настолькі важны сам выбар дарогі, колькі неабходна ўпэўненасць у тым, што ты яе адолееш. Упэўненасці мне надавала тое, што сярод маіх сваякоў ужо былі настаўнікі — прабабуля — настаўніца геаграфіі і дырэктар школы, бабуля і дзядуля — настаўнікі фізікі, тата — настаўнік працоўнага навучання. Дарэчы, і жонка мая таксама настаўніца. Многія з маіх знаёмых гавораць, што дарога выбрала мяне. Гісторыя прыцягвае многіх, бо, ведаючы мінулае, можна зразумець сапраўдны сэнс сучаснасці і мадэляваць будучыню. Яшчэ старажытныя рымляне казалі: “Historia estma gis travita” (“Гісторыя — настаўніца жыцця”).

— Як знайсці правільны падыход да кожнага дзіцяці? Раскажыце пра вашы любімыя метады, формы і прыёмы работы.

— Мы ўсе розныя. Адна з першарадных задач настаўніка — вызначыць, як у гэтай разнастайнай гаме знайсці галоўнае ў кожным вучню, сфарміраваць сілу характару і волю, каб ён дасягнуў сваіх вяршынь. Вырашаецца гэтая задача з дапамогай дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання, якія даюць магчымасць кожнаму вучню не толькі праявіць свой узровень здольнасцей, але і ўдасканаліць яго. Вельмі важна знайсці такі баланс, пры якім звычайныя школьнікі цягнуліся б за ведамі і за больш здольнымі, таленавітымі дзецьмі, а тыя, у сваю чаргу, маглі падзяліцца гэтымі ведамі з аднакласнікамі. Для гэтага я выкарыстоўваю групавую і парную формы работы вучняў на ўроку. Урок гісторыі для мяне — гэта дыялог настаўніка і вучняў у працэсе даследавання і вырашэння праблем, накіраваны на абуджэнне гістарычнай памяці. Асаблівую ўвагу ў сваёй рабоце ўдзяляю актыўным, інтэрактыўным, праблемным метадам навучання, практыкую гульнявыя заняткі, бо толькі ва ўзаемадзеянні магчымы добры вынік. З мэтай павышэння пазнавальнай актыўнасці вучняў шырока выкарыстоўваю відэафільмы і іх фрагменты. У педагагічнай дзейнасці імкнуся зыходзіць з прынцыпу вучэння без прымусу, які характарызуецца патрабавальнасцю, заснаванай на даверы, захопленасцю, народжанай цікавым выкладаннем, жаданнем, якое спрыяе поспеху, і, канечне, самастойнай дзейнасцю дзяцей.

— Якія тэмы па гісторыі навучэнцы больш за ўсё любяць?

— Гісторыя — гэта прадмет, у якім кожны вучань можа знайсці тое, што яму цікава. Камусьці падабаюцца валявыя гістарычныя асобы на конях, якія смела ідуць у атаку, і гром былых бітваў, а хтосьці цікавіцца адносна спакойнымі пытаннямі сацыяльна-эканамічнага і грамадскага развіцця краін і народаў або чакае ўрока, дзе будзе вывучацца творчасць еўрапейскіх мастакоў другой паловы XIX — пачатку XX ст., таму што захапляецца жывапісам і наведвае мастацкую школу. Майстэрства настаўніка заключаецца ў тым, каб на падставе цікавасці да якога-небудзь пытання гістарычнага развіцця абудзіць захапленне прадметам у цэлым.

— Чаму вы самі хацелі б навучыцца?

— У цэлым я ведаю аб слабых баках майго характару і, паколькі маю схільнасць да самаіроніі, лічу за лепшае злёгку з іх пасмяяцца, тым самым змяншаючы іх уплыў і значнасць. Чаго мне не хапае зараз, дык гэта таленту рацыянальна размяркоўваць час паміж работай і асабістым жыццём.

— Што змянілася ў вашым жыцці пасля конкурсу?

— Пакуль што ў хуткім рытме свайго жыцця я не заўважыў прынцыповых змен, хіба што мне стала не хапаць 24 гадзін у сутках.

— Назавіце, калі ласка, вашу формулу поспеху, жыццёвае крэда, хобі.

— У вольны час, а ён у мяне ў вялікім дэфіцыце, люблю пачытаць добрую кнігу, пазбавіцца негатыўных эмоцый падчас заняткаў спортам, проста пабыць дома з сям’ёй. А крэда ў мяне такое: каб мець права вучыць, трэба ўмець вучыцца самому і па магчымасці на чужых памылках.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.