Па прасторах даследавання — да поспеху

Педагагічнае асяроддзе як сукупнасць арганізацыйна-педагагічных і асобасных умоў адукацыйнай дзейнасці вучняў, педагогаў, устаноў адукацыі адыгрывае адну з асноўных роляў у развіццi і ўдасканаленні даследчыx уменняў і навыкаў вучняў.

У праектна-даследчай дзейнасці фарміруюцца наступныя агульнавучэбныя ўменні: рэфлексіўныя (уменне зразумець задачу, для рашэння якой недастаткова ведаў; уменне адказваць на пытанне “Чаму трэба навучыцца для рашэння пастаўленай задачы?”); пошукавыя ўменні (уменне самастойна генерыраваць ідэі, самастойна знайсці неабходную інфармацыю ў інфармацыйным полі, уменне вызначаць прычынна-выніковыя сувязі); менеджарскія (уменне планаваць дзейнасць, час, рэсурсы, пры­маць рашэнні і прагназаваць іх наступствы); камунікатыўныя (уменне ўступаць у дыялог, задаваць пытанні, уменне весці дыскусію і адстойваць свой пункт гледжання, уменне знаходзіць кампраміс); прэзентацыйныя (навыкі маналагічнай мовы, уменне ўпэўнена трымаць сябе ў час выступлення і адказваць на незапланаваныя пытанні, уменне пры выступленнi выкарыстоўваць розныя сродкі нагляднасці).

Разгледзім асноўныя складнікі арганізацыйна-педагагічнага кампанента адукацыйнага асяроддзя на розных этапах работы над даследаваннем: падрыхтоўчым, пошукава-даследчым, трансляцыйна-афарміцельскім і заключным.

На падрыхтоўчым этапе пры выбары тэмы даследавання вучнямі заўсёды існуе праблемнае поле тэм, якія вывучаюцца: “Сродкі масавай інфармацыі”, “Навука і тэхніка”, “Экалагічныя праблемы” на занятках па англійскай мове ў 10—11 класах; “Нетрадыцыйны падыход  I.Мележа да раскрыцця псiхалогii заможных сялян”, “Праблема маральнага выбару ў аповесцi В.Быкава “Знак бяды” па беларускай лiтаратуры ў 10—11 класах;  “Агульныя звесткi аб мове”, “Стылiстычныя магчымасцi лексiкi i фразеалогii” па беларускай мове ў 10—11 класах.

Істотную ролю на пошукава-даследчым этапе адыгрывае развіццё бібліяграфічных уменняў вучняў: знаёмства з бібліятэчнымі чытацкімі арыенцірамі (стэлажамі, указальнікамі, каталогамі), правільнае фармуляванне інфармацыйнага запыту, эканомія сіл і часу вучняў у працэсе інфармацыйнага пошуку на аснове рацыянальных прыёмаў работы з літаратурнымі крыніцамі. З мэтай развіцця гэтых уменняў арганізуюцца заняткі cупрацоўнікаў як школьнай, так і абласной бібліятэк Магілёва з вучнямі нашай школы. У вучняў ёсць таксама магчымасць карыстацца электроннымі рэсурсамі вядомых анлайн-бібліятэк.

На мой погляд, выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў у адукацыйным працэсе павышае матывацыю і пазнавальную актыўнасць вучняў, пашырае іх кругагляд і дазваляе выкарыстоўваць навучанне ва ўзаемадзеянні. Пры гэтым задача настаўніка — не даць вучню згубіцца ў лабірынце бесперапыннага патоку інфармацыі і здзейсніць неабходны баланс у выкарыстанні на ўроку інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і іншых прыёмаў і метадаў навучання. Найбольш распаўсюджанымі з пункту гледжання эфектыўнасці развіцця крытычнага мыслення вучняў сэрвісамі Web 2.0, якімі карыстаюцца настаўнікі нашай школы ў адукацыйнай дзейнасці, з’яўляюцца сэрвіс для стварэння воблака слоў wordart.com, сэрвіс wisemapping.com для стварэння карт памяці або майнд-мэпінга, сэрвісы learningapps.org і wordwаll.net для выкарыстання гатовых і распрацаваных педагогамi самастойна інтэрактыўных практыкаванняў, вэб-рэсурс photopeach.com для стварэння відэа з фотаздымкаў з магчымасцямі непасрэднага каменціравання вучнямі моўных сітуацый у самім відэа, сэрвіс classtools.net/hexagon для стварэння гексаў-шасцівугольнікаў для ўстанаўлення лагічных сувязей паміж паняццямі вызначанай тэмы, выяўлення прычын і наступстваў той або іншай з’явы, вэб-рэсурсы zunal.com і eliademy.com для работы з вэб-квестамі пры арганізацыі праектна-даследчай дзейнасці вучняў. Так, на платформе eliademy.com мной створаны дыстанцыйны курс “Лінгвістычная інтэрпрэтацыя камп’ютарнай клавіятуры” ў межах вывучэння тэмы “Навука і тэхніка” ў 10 класе (https://eliademy.com/app/a/courses/1742f78fca/tasks), а настаўнікам беларускай мовы і літаратуры А.В.Лебедзевым на гэтай платформе ажыццяўляецца распрацоўка дыстанцыйнага курса “Газеты і часопiсы як сродак пазнання роднай мовы”. Гэтыя дыстанцыйныя курсы адметныя наяўнасцю кампетэнтнасна арыентаваных заданняў, якія садзейнічаюць фарміраванню чытацкай пiсьменнасцi i развiццю творчага мыслення вучняў.

Камунікатыўныя і прэзентацыйныя ўменні вучняў на пошукава-даследчым і заключным этапе работы над вучэбным даследаваннем стымулюе стварэнне невялікіх відэафільмаў. Напрыклад, працуючы над работай даследчага характару па англійскай мове “Параўнальная характарыстыка сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі ў ЗША і Беларусі”, вучні нашай школы стварылі відэа аб нашай школе, якое ўключала ў сябе комплексную інфармацыю аб школе, а вучні з Хогард школы ў штаце Паўночная Караліна даслалі па электроннай пошце імі створанае відэа аб іх установе адукацыі, на падмурку якога была створана параўнальная табліца сістэм адукацыі дзвюх краін, якая ўказвае на іх падабенства і розніцу.

Камунікатыўныя ўменні вучняў пры вуснай абароне работ даследчага характару стымулюе таксама правядзенне на ўроках дэбатаў фармату Карла Попера. Пры гэтым важная роля падчас ацэньвання маналагічных выказванняў вучняў адведзена рабоце з табліцамі сама- і ўзаемаацэнкі як інструментамі фарміруючага ацэньвання, якія ствараюцца пры дапамозе вэб-рэсурсу http://rubistar.4teachers.org.

Варта адзначыць, што тая дзейнасць, якая праводзіцца настаўнікамі нашай школы па развіцці даследчых уменняў вучняў, прыносіць пазітыўныя вынікі. Летась на абласным конкурсе работ даследчага характару вучань 11 класа Ягор Таранаў атрымаў дыплом ІІ ступені па беларускай мове і літаратуры (тэма даследавання: “Дыдактычны патэнцыял рубрыкі “Размаўляем па-беларуску” ў газеце “Звязда”; настаўнік А.В.Лебедзеў); вучань 8 класа Іван Шайдзянкоў атрымаў дыплом ІІІ ступені па фізіцы (тэма даследавання: “Біямеханічны пашпарт свойскай жывёлы (сабакі)”; настаўнік С.С.Тарасенка) і вучань 11 класа Мікіта Тарасаў узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені па англійскай мове (тэма даследавання: “Лінгвістычная інтэрпрэтацыя камп’ютарнай клавіятуры”; настаўніца К.Л.Драздова).

Кацярына ДРАЗДОВА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 28 Магілёва.