У школу з радасцю назаўсёды

Напрыканцы жніўня — у пачатку верасня ўвага ўсіх дарослых, нават далёкіх ад адукацыйнай дзейнасці, прыцягваецца да школы. Нядзіўна, бо як цела чалавека амаль на 90% складаецца з вады, так і душа кожнага чалавека амаль на 90% складаецца з дзіцяці. Дарослыя, унутры якіх жывуць яшчэ не забытыя дзеці, магчыма, смуткуюць, што самі не вучні, ці шкадуюць, што ў сям’і ўжо няма школьнікаў ці пакуль няма. З радасцю ўспамінаюць, як гэта было ў дзяцей, унукаў.

У маёй сям’і таксама па-асабліваму ставяцца да першага дня верасня, з любоўю. А ў мамы Тамары Ігнацьеўны гэта было любімае свята, галоўныя героі якога — першакласнікі, іх настаўнікі і бацькі. Радасць, цікавасць, захапленне ў сувязі з паступленнем у школу важныя, але ў той жа час неабходна пачаць жыццё вучня так, каб станоўчыя эмоцыі, сімпатыя, прыхільнасць, жаданне вучыцца заставаліся на ўсе школьныя гады. Перафразуем вядомую прымаўку: пачатак над усімі пан. А значыць, важна да яго рыхтавацца не толькі арганізацыйна, але і псіхалагічна. З тым ці іншым поспехам дзіця рыхтуюць бацькі, а мы, педагогі, самі сябе.

Настаўнік для першакласніка знахо­дзіцца ў добрай псіхалагічнай форме, калі:

— адчувае цікавасць да дзяцей свайго класа, іх бацькоў (нават калі і як да псіхалагічна неапазнаных аб’ектаў);

— педагогу хочацца дзейнічаць, каб пазнаць і зразумець дзіця, бацькоў, і ён працуе над гэтым;

— разумее значэнне псіхалагічнага мік­раклімату ў класе і бацькоўскім калектыве;

— гатовы супрацоўнічаць з сям’ёй;

— пачынае адукацыйны працэс у новым класе па-новаму, апрабоўвае задуманае, нядаўна асвоенае, эфектыўнае з вопыту іншых;

— мае запас псіхалагічных гульняў, заданняў, якія дапамагаюць пазнаванню адно адным дзяцей класа, бацькоў, садзейнічаюць з°яднанню калектыву.

З чаго варта пачаць такі неабходны шлях да цудоўнага мікраклімату, на фоне якога ўсё і ва ўсіх будзе атрымлівацца? Праганяйце трывогу сваю, дзіцячую, баць­коўскую. Трывожнасць выклікае лішак ва ўсім, акрамя розуму.

Праганяць будзем уласнай педагагічнай упэўненасцю. Падтрымаем яе запас, падрыхтаваўшыся да дзеянняў з праяўленнем супраціўлення, упартасці дзяцей і дарослых. Тактыка можа быць такой, калі вы не прыдумаеце сваю, яшчэ больш эфектыўную, чым прапанаваная. Падзяліце сваю рэакцыю на тры часткі. У першай — крыху ўступіце ў неістотным. Ледзь-ледзь пасупраціўляйцеся, каб перамога ўпартага была для яго найкаштоўнейшай. У другой — рашуча і ўпэўнена настойвайце на галоўным. У трэцяй частцы пайдзіце на кампраміс. Крыху адцягніце, пахваліце, уключыце ў неабходнае пад іншым вуглом. Не забывайце пра прыём Тома Соера. Прымяняйце парадаксальную дэманстрацыю. Напрыклад, жадаючы падагнаць актыў­насць бацькоў да ўдзелу ў школьным жыцці дзяцей, заяўляйце: у экскурсіі прысутнасць бацькоў не прадугледжана, у класным мерапрыемстве можа ўдзельнічаць абмежаваная колькасць бацькоў. А для дзяцей — праз два разы на трэці рабіце выгляд, што хочаце і, чакаеце наадварот: на гэтым тыдні забаронена чытаць усё, акрамя падручнікаў.

Зніжайце трывогу бацькоў, тлумачачы, што ніхто не чакае ад іх і іх дзяцей дасканаласці, што абсалютна псіхалагічна гатовых да бацькоўства не бывае, што быць мамай і татам — гэта не работа, не функцыя, якую нам трэба выканаць, а шлях шуканняў, які мы выбіраем. На першых сходах абмяркуйце тое, што паступленне ў школу — важная падзея ў жыцці сям’і, але навучанне — гэта не ўсё жыццё дзіцяці. Бацькам не варта ўнушаць дзецяці, што пачынаецца цалкам новае жыццё. Жыццё вашага сына ці дачкі працягваецца, толькі становіцца больш напоўненым, больш цікавым, больш яркім. Бацькам вашых вучняў важна разумець, што гульня і цацкі застаюцца, па-ранейшаму вітаюцца, з’яўляюцца памочнікамі для паглыблення першакласніка ў новыя школьныя справы. Ляльцы ці мішку можна растлумачыць школьныя правілы, сабачку — пачытаць тэкст. Напішыце некалькі літар у сшытку і павазіце машынку. З вашай дапамогай бацькі павінны зразумець, што і яны самі, і іх дзіця маюць права памыляцца. Хваліце дзіця не за адсутнасць памылак, а за яго працу, за тое, што колькасць памылак змяншаецца, што сёння лепш атрымліваецца, чым учора ці нават не горш, чым учора, а спроба дзейнічаць каштоўная сама па сабе.

Навучыце бацькоў звяртаць увагу на пачуцці і эмоцыі дзіцяці ўвогуле і на звязаныя са школай у прыватнасці. Пагаварыце самі і прапануйце бацькам дамашнія размовы з выпадку і для прафілактыкі канфліктаў пра гнеў, крыўду, сорам, зайздрасць, сум, агіду. Прапануйце школьнікам дзіцячыя спосабы работы з гэтымі складанымі эмоцыямі. Дайце час злоснаму сябру супакоіцца. Гнеў баіцца смеху, і, калі раска­заць сябру, які злуецца, штосьці смешнае, ён можа перастаць гневацца. Калі табе стала крыўдна, не хавай гэтага. Абавязкова раскажы пра крыўду не на вушка сябру, а таму, хто цябе пакрыўдзіў. Калі не дапаможа, то адкрый свае пачуцці настаўніку, выхавальніку ці бацькам. Калі ты пакрыўдзіў, то хутчэй выправі гэта. Часам дастаткова проста сказаць “прабач”.

З агідай мы і самі часам не ведаем, як справіцца. Важна растлумачыць дзіцяці, як паводзіць сябе, калі ўзнікла гэтае пачуццё, як не закрануць пачуцці іншых у класе ці сталовай. Калі бачыш штосьці брыдкае, ёсць просты выхад — адвярнуцца і не глядзець. Часам трэба сумнявацца ў сваёй агідзе і пакаштаваць крыху бурака ці капусты, бо яны карысныя для здароўя і могуць аказацца цалкам ядомымі. Не паведамляй налева-направа і гучна пра сваю агіду да нейкага прадукту, бо твайму аднакласніку можа падабацца тое, што не падабаецца табе, ці наадварот.

Арганізуйце падказкі мамам і татам. Знайдзіце час на бацькоўскім сходзе і разам з мамамі і татамі стварыце калекцыю пытанняў да дзяцей пасля школы. Няхай гумар прысутнічае ў іх. Няхай бацькі з вашай дапамогай настройваюцца запытвацца не пра адзнакі, а пра тое, што адчувалі сын ці дачка ў школе, што было лёгка, што цяжка, што прыемна, што цікава рабіць.

Падкажыце бацькам эфектыўныя шляхі заахвочвання. Рэкамендуйце не скупіцца на заслужаную пахвалу дзіцяці і нават пахвалу авансам, калі трэба падбадзёрыць вучня. Стымулюйце бацькоўскае адабрэнне намераў, намаганняў, спроб, праяўлення спагады, разумення, дружалюбнасці.

Асцярожна і далікатна дзейнічайце, калі робіце заўвагі дзіцяці ці ўводзіце нейкія санкцыі для вучня, а таксама не стварайце сітуацый, каб клас смяяўся з вучня, якому вы зрабілі заўвагу. Давайце дзецям і бацькам прыклад клапатлівых адносін да асобы дзіцяці. Дайце мамам і татам каштоўныя ўказанні наконт пакарання:

1. Не шкодзіць здароўю ні фізічнаму, ні псіхічнаму.

2. Лепш недаціснуць, чым пераціснуць.

3. Калі некалькі правіннасцей за дзень — пакаранне адно. Салат з пакаранняў душа дзіцяці не вытрымае.

4. Даведаўся пра старую правін­насць — не карай наўздагон.

5. Няхай працуе схема “пакараны — прабачаны без знявагі”.

6. Выказваючы неадабрэнне, не кранай асобы, не выстаўляй дыягназ “ты неразумны”, “ты нявыхаваны” і г.д., а зрабіў, як неразумны, нявыхаваны чалавек, і г.д.

7. Бацькі і педагог не суддзі. Адрознівайце падыходы непрадузятага суддзі і чалавека, які жадае дабра і выхоўвае. Прыпісвайце дзіцяці матывы лепшыя, чым ёсць на справе пакуль (украла — узяло па дурасці, схлусіла — не давярае само сабе). Магчы­масць поспеху, каб такое не паўтаралася, вырасце.

Самае важнае, бадай, нават пунктам пад нумарам не будзем абазначаць — гэта прынцып пакарання не за кошт любові. Што б ні здарылася, важна не пазбаўляць дзіця заслужанай пахвалы і ўзнагароды, не адбіраць падоранае, не пасеяць сумненні ў безумоўнай любові. Не перашкаджайце дзіцяці быць розным. А ацэнку дзеянням, каб былі арыенціры, даваць неабходна.

Напэўна, у педагогаў ёсць свае спосабы ўзбадзёрыць і згуртаваць дзяцей, дарослых. Аднак новыя ідэі не перашкодзяць, асабліва калі гэтыя гульні ці практыкаванні з’яўляюцца ўніверсальнымі, гэта значыць могуць выкарыстоўвацца для любога ўзросту.

Гульня-размінка на 5—10 мінут “Ты мне падабаешся” вядзецца ў крузе. Жадаючы ці назначаны вядучым павінен сказаць суседу: “Ты мне падабаешся, але я не магу ўсміхнуцца”. Пакуль гаворацца гэтыя словы, трэба глядзець у вочы адно аднаму і той, хто гаворыць, сапраўды не павінен усміхацца. Хто не вытрымаў і засмяяўся — выходзіць у цэнтр круга. Варыянт выхаду штрафнікоў з круга: усім, хто апынуўся ў крузе, група хорам гаворыць: “Вы нам падабаецеся, і мы гатовы ўсміхнуцца”. Важна, каб гульцы былі ў добрым настроі і па-добраму ставіліся адно да аднаго. Тады смех і ўсмешкі будуць прарывацца праз забарону, а гэта нам якраз і трэба!

Гульня “Дзядзька Вася” дапаможа павысіць энергетыку групы, працаздольнасць, зняць напружанне. Правядзіце яе пасля таго, як было шмат складанай інфармацыі. Сядзьце роўна, рукі пакладзіце на калені, выпрастайце плечы. Запомніце словы песенькі. Мы будзем выконваць каманды і спяваць. Спявайце на любы матыў, які ўмяшчае ў сябе тэкст.

У дяди Васи семь сыновей,

Семь сыновей.

Они не ели, они не пили

И не скучали никогда.

Вядучы гаворыць: “Правая рука”. Усе спяваюць і паляскваюць у такт правай рукой.

Наступная каманда: “Правая рука, левая рука”. Таксама ўсе спяваюць, ляпаючы сябе абедзвюма рукамі па каленях. Пасля гэтага вядучы аб’яўляе: “Правая рука, левая рука, правая нага”. Удзельнікі спяваюць, тупаючы нагой і ляпаючы сябе рукамі па каленях. Наступнай камандай можа быць такая: “Правая рука, левая рука, правая нага, левая нага, правае плячо”. І гэтак далей, ускладняючы каманды. Гульня добра праходзіць, калі выкарыстоўваецца першы раз. Для дарослых варта ўлічыць, што аўдыторыя павінна быць разагрэтай.

Гульня “Сусвет” дапамагае раскрываць творчы патэнцыял класа, групы, спрыяе яе актывізацыі, вясёламу настрою. Падрыхтуйце прадмет, які сімвалізуе мэту. Гэта можа быць кегля, сцяжок, паветраны шар. Пастаўце ўдзельнікаў у дзве шарэнгі так, каб унутры атрымаўся калідор — шлях да мэты. І яго трэба прайсці так, як да вас ніхто гэтага не рабіў. У час праходу падтрымліваем удзельніка апладысментамі. Разлічваем гульцоў на першы-другі. Шарэнгі ўтварыліся. Вядучы можа першым прайсці па калідоры, натхняючы гульцоў. Праходка адбываецца пад музыку. Калі гульня падабаецца ўдзельнікам, можна прапанаваць усім прайсці па другім разе.

Усім дарослым, каб дапамагчы дзіцяці, хацелася б ведаць, чаго яно чакае ад нас кожны дзень, кожную хвіліну. Сакрэт просты: дзіця хоча ведаць і адчуваць, што яно добрае, і жыць цудоўна. Асабліва мае патрэбу ў гэтай найважнейшай упэўненасці дзіця, якое стаіць на новай прыступцы свайго развіцця.

Дзеці добрыя, нягледзячы на выхаванне. Менавіта так мы глядзім на дзяцей у рамках безумоўнага прыняцця. Хаця ў выпадку праблемным тлумачым, што і як трэба рабіць лепш ці зусім па-іншаму. Для таго каб лепш зразумець праблемы дзіцяці ці ўпэўніцца ў тым, што ў развіцці яго эмацыянальнага інтэлекту ўсё правільна, прапануем анкету для бацькоў і педагогаў (І.М.Андрэева). Аналізуйце вынікі самі ці з псіхолагам, іншымі педагогамі. Звярніце ўвагу на эмацыянальную арыентацыю дзіцяці. Што пераважае: накіраванасць на свет рэчаў ці людзей?

Пытанні   Так   Не  
Дзіця ветлівае ў зносінах з вамі і іншымі дарослымі?      
Цярпімае да вашых заўваг і заўваг іншых дарослых?      
Удзельнічае ў справах класа, дамашніх?      
Дапамагае сваім сябрам?      
Падтрымлівае сяброў, у якіх здараюцца непрыемнасці?      
Прызнае сваю віну, калі здзейсніла непажаданыя ўчынкі?      
Звяртае ўвагу на эмацыя­нальны стан навакольных?      
Выконвае даручэнні дарослых?      
Дакладна перадае інфармацыю, атрыманую ад іншых людзей?      
Выказвае сваё меркаванне аб учынках навакольных і іх узаемаадносінах?      

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.