“Допінг” перад дзевяцімесячным марафонам

Пунсовымі гронкамі рабіны i праліўнымі дажджамі сустракаў гасцей старадаўні горад Елабуга (Рэспубліка Татарстан). Тут з 6 па 8 жніўня прайшоў X Міжнародны фестываль школьных настаўнікаў, які сабраў больш за пяцьсот расійскіх педагогаў і каля ста мадэратараў з блізкага і далёкага замежжа, якiя не спужалiся амаль кастрычніцкага надвор’я і наведалі фестываль, каб атрымаць асалоду ўнікальнай атмасферы гэтага прафесійнага форуму.

У гэтым годзе фестываль школьных настаўнікаў у Елабузе ўрачыста адзначыў сваё дзесяцігоддзе. З ініцыятывы стварэння своеасаблівай нефармальнай пляцоўкі абмену педагагічным вопытам і перспектыўнымі ідэямі фестываль ператварыўся ў прызнаны прафесійны форум. 10 гадоў — гэта нямала: па школьных мерках, гэта шлях ад першакласніка да выпускніка. За гэты час фестываль набыў папулярнасць, заваяваў аўтарытэт, стаў доўгачаканай падзеяй для мноства настаўнікаў. Безумоўна, гэта заслуга яго арганізатараў — прафесарска-выкладчыцкага складу Елабужскага педагагічнага інстытута, на базе якога і праводзіцца гэты форум. Пасля заканчэння кожнага фестывалю дружная каманда аднадумцаў рэфлексуе кожны майстар-клас, аналізуе ўсе плюсы і мінусы і, не паспеўшы забыцца на  гарачыя фестывальныя дні, пачынае задумвацца над тым, чым яны будуць здзіўляць сваіх калег у наступны раз.

У гэтым годзе праграма фестывалю мела назву “Школа перамен”. Як павінна змяніцца роля настаўніка ў час адкрытай і нарастаючай інфармацыі, наколькi эфектыўнымi з’яўляюцца традыцыйныя і новыя фарматы школьнай адукацыі розных краін, як вучыць дзяцей ва ўмовах полiлiнгвальнага асяроддзя — гэтыя і іншыя пытанні былі вядучымі тэмамі абмеркавання.

Напярэдадні адкрыцця фестывалю настаўнікі былі ў разгубленасці ад незвычайна насычанай праграмы, наведаць хацелася абсалютна ўсе мерапрыемствы, але з-за паралельнай работы некалькіх фестывальных пляцовак прыходзілася рабіць вельмі няпросты выбар.

У рамках фестывалю прайшлі адкрытыя лекцыі навукоўцаў і спецыялістаў у галіне сучаснай адукацыі, пленарная сесія, круглыя сталы, дзелавыя гульні, майстар-класы па прадметных галінах, трэнінгі, экспертныя практыкумы, дыскусійныя пляцоўкі, культурная і аздараўленчая праграмы, кірмаш вучэбна-метадычнай літаратуры, творчыя і прафесійныя конкурсы.

Упершыню сёлета ўдзельнікамі форуму сталі прадстаўнікі бацькоўскіх камітэтаў. “Школьны трохвугольнік: настаўнік — вучань — бацькі” сабраў неабыякавых педагогаў і бацькоў, што дапамагло арганізаваць канструктыўны дыялог. Дыскусійная пляцоўка фестывалю дазволіла з’яднаць гэтыя часам супрацьлеглыя бакі дзеля камфортнага навучання дзяцей і паказаць і педагогам, і бацькам, як можна і трэба ўзаемадзейнічаць. Разам з псіхолагамі і незалежнымі экспертамі яны абмеркавалі актуальныя пытанні адукацыі і выхавання школьнікаў, напрыклад, булiнг у школах, дэструктыўны ўплыў інтэрнэту. Вядучыя гэтага круглага стала, вопытныя псіхолагі-трэнеры, пастаянна падкрэслівалі, што навучанне бацькоў i вучняў чатыром сучасным кампетэнцыям (крытычнае мысленне, камунікацыя, супрацоўніцтва і крэатыў) будзе вельмі карысным у пераадоленні бездані паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

На працягу трох дзён фестывальных мерапрыемстваў настаўнікі прынялі ўдзел у абмеркаванні праблем стварэння адукацыйнай полiлiнгвальнай прасторы, выкарыстання лічбавых адукацыйных тэхналогій у школе, развіцця і падтрымкі адоранасці школьнікаў, рэалізацыi інклюзіўнай адукацыі, арганізацыi і праектнай і даследчай дзейнасці школьнікаў, іміджу сучаснага настаўніка. Майстар-класы праводзілі вядучыя настаўнікі Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Татарстан, Беларусі, а таксама прадстаўнікі сістэмы сярэдняй і вышэйшай адукацыі, навукоўцы і эксперты ў галіне адукацыі і выхавання з універсітэтаў Германіі, Турцыі, Індыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Чэхіі.

Мадэратары дзяліліся з педагогамі сваім вопытам, знаёмілі іх з новымі эфектыўнымі тэхналогіямі і, што асабліва каштоўна, дэманстравалі гатовыя інструменты, сродкi i сэрвiсы, якімі можна карыстацца для дасягнення найбольш высокіх вучэбных вынікаў. Заняткі былі практыка-арыентаванымі, праходзілі ў інтэрактыўным рэжыме і карысталіся асаблівай папулярнасцю ў педагогаў, што ўвесь час адзначалася ў водгуках і лістах зваротнай сувязі, якія пасля кожнага майстар-класа запаўнялі ўдзельнікі фестывалю.

Напрыклад, на майстар-класе “Як захапіць дзіця чытаннем?”, які правяла Штэфані Ентгенс, доктар філасофскага факультэта інстытута школьнай педагогікі і дыдактыкі пачатковай школы г. Галле, прысутныя пазнаёміліся з двюма новымі методыкамі работы з тэкстам, якія былі паспяхова апрабаваны ў Германіі і дазволілі ў займальнай форме прэзентаваць розныя кнігі. Адной з самых цікавых методык, прызначанай для падлеткаў, на думку выкладчыка і ўдзель­нікаў, стаў “Бук слэм”. Сутнасць методыкі ў тым, што група вучняў ацэньвае кнігу пасля невялікай прэзентацыі настаўніка згодна з канкрэтнымi крытэрыямi. Акрамя дэталёвага апісання гэтай методыкі, Штэфані Ентгенс прапанавала прысутным пазнаёміцца з ёй на практыцы. Спікер паказала “вучням” вокладку кнігі і перадала яе змест, выкарыстоўваючы ілюстрацыі і музычнае суправаджэнне.

Вялікую цікавасць у педагогаў выклікаў майстар-клас, прысвечаны праблемам цяжкіх падлеткаў, якi правяла Вера Гюрава, доктар педагагічных навук факультэта педагогікі Сафійскага ўніверсітэта імя Святога Клімента Ахрыдскага (Балгарыя). Знаёмства з аўдыторыяй спікер пачала з таго, што папрасіла ўдзельнiкаў майстар-класа адказаць на некалькі простых пытанняў: хто такія цяжкія дзеці і які ваш рэцэпт паспяховых зносiн з імі? Разбіраючы розныя праблемныя сітуацыі, сярод якіх падлеткавы алкагалізм, інтэрнэт і нарказалежнасць, нізкая самаацэнка дзяцей пры завышаных патрабаваннях бацькоў, закаханасць, якая даводзіць да анарэксіі, дрэнныя кампаніі і праблемныя сем’і, мадэратар зрабіла акцэнт на тым, што ў вырашэнні праблемы з цяжкімі дзецьмі вялікую ролю адыгрывае прафілактычная работа, бесперапынны характар педагагічнага ўздзеяння і ўзаема­дзеяння, гуманнасць і дэмакратычнасць, прымяненне навуковага падыходу, гнуткасць выхаваўчай дзейнасцi, педагагічны такт, якасць адукацыйнага ўзаемадзеяння, партнёрства і супрацоўніцтва.

Высокую ацэнку расійскіх калег атрымалi і майстар-класы беларускіх настаўнікаў. Майстар-клас Алены Яўгенаўны Гарбар, настаўніка-метадыста, настаўніцы хіміі сярэдняй школы № 42 Мінска, быў прысвечаны арганізацыі і правядзенню ўрокаў абагульнення па хіміі з выкарыстаннем інтэрактыўных метадаў. Тэма была выбрана невыпадкова: многія настаўнікі сутыкаюцца з цяжкасцямі правядзення ўрокаў такога тыпу. Слухачам былі прадстаўлены 10 інтэрактыўных метадаў, апісаны асаблівасці іх выкарыстання на ўроках хіміі і іншых вучэбных прадметах. Удзельнікі майстар-класа адпрацоўвалі кожны метад пры дапамозе раздатачнага матэрыялу, прагназавалі дзеянні настаўніка на ўроку, абмяркоўвалі, які варыянт з прапанаваных будзе найбольш аптымальным. Акрамя пытанняў па тэме майстар-класа, Алене Яўгенаўне давялося задаволіць цікавасць расійскіх настаўнікаў наконт агульных адукацыйных тэндэнцый у Беларусі, напрыклад, 10-бальнай сістэмы ацэньвання.

Адной з ключавых тэм фестывалю стала навучанне роднай і замежнай мовам ва ўмовах полiлiнгвальнай адукацыі. Вопыт Рэспублікі Беларусь у гэтым кірунку быў прадстаўлены на майстар-класе І.У.Зубрылінай, старшага выкладчыка кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, настаўніка-метадыста, настаўніцы англійскай мовы Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Мінскага раёна. Ключавым прынцыпам майстар-класа стаў пастаянны параўнальны аналіз, бо Рэспубліка Татарстан, як і Рэспубліка Беларусь, з’яўляецца краінай з развітым дзяржаўным двухмоўем. Аналізуючы асаблівасці выкладання замежнай мовы ва ўмовах дзяржаўнага бiлiнгвiзму, падкрэслiвалася неабходнасць уліку спецыфікі роднай мовы. У ходзе майстар-класа была праілюстравана этымалагічная сувязь паміж беларускай, англiйскай і нямецкай мовамі, што выклікала дыскусію з прычыны наяўнасці падабенстваў паміж татарскай і замежнымі мовамi, якія вывучаюцца. Акрамя таго, вялікую цікавасць у слухачоў выклікалі прыклады выкарыстання беларускімі настаўнікамі на ўроках замежнай мовы тэхналогіі дыялогу культур. Расійскія педагогі з вялікім натхненнем абмяркоўвалі перспектывы трансгранічнага супрацоўніцтва, ідэі сумесных даследчых работ, прысвечаных пытанням полiлiнгвальнай адукацыі.

Станоўчыя водгукі пакінулі настаўнікi пасля наведвання майстар-класа “Крыптаграфія як сістэма развіцця лагічнага мыслення школьнікаў”, праведзенага С.І.Кетка, настаўнікам-метадыстам, настаўніцай інфарматыкі і матэматыкі гімназіі Дзятлава. Святлана Іосіфаўна прадэманстравала, як з дапамогай крыптаграфіі, навукі аб метадах забеспячэння канфідэнцыяльнасці, цэласнасці даных і ідэнтыфікацыі, настаўнік можа пашыраць кругагляд вучняў, развіваць iх лагічнае мысленне, навыкі алгарытмізацыі і праграмавання. Практычная частка майстар-класа запомнiлася яго ўдзельнiкам мноствам цiкавых i незвычайных кодаў, якiя яны з ахвотай разгадвалi.

Змест майстар-класа “Як навучыць дзяцей супрацоўнічаць на ўроку”, праведзенага І.Р.Клявец, настаўнікам-метадыстам, настаўніцай біялогіі гімназіі Смаргоні, абапіраўся на работы Клауса Фопеля “Як навучыць дзяцей супрацоўні­чаць?” і Наталлі Галеевай “100 прыёмаў для вучэбнага поспеху на ўроках біялогіі”. Сумесна з удзель­нікамі майстар-класа Ірына Рамуальдаўна паспрабавала знайсці адказы на шэраг пытанняў: што такое “супрацоўнiцтва”, як канструктыўна ацаніць узроўні развіцця ўнутраных рэсурсаў вучэбнага поспеху, як выявiць яго дыдактычны патэнцыял, як выкарыстоўваць гэтыя веды для праектавання індывідуальнай траекторыі развіцця вучня, як ацаніць сумесныя намаганні — і настаўніка, і вучня — у працэсе супрацоўніцтва на ўроку. У ходзе майстар-класа, праведзенага ў інтэрактыўным рэжыме, настаўнікі засвоілі паслядоўнасць дзеянняў, неабходных для паспяховага навучання супрацоўніцтву на ўроку.

На цырымоніі закрыцця фестывалю яго ўдзельнікі, звяртаючыся да арганізатараў, неаднаразова падкрэслівалі, што фестываль — гэта, сапраўды, вельмі патрэбная і сур’ёзная пляцоўка для папулярызацыі педагагічнага вопыту і павышэння прэстыжу настаўніцкай прафесіі. Такія мерапрыемствы вельмі каштоўныя для маладых спецыялiстаў і студэнтаў педагагічных універсітэтаў, таму што, гледзячы на паспяховых практыкуючых настаўнікаў, пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства, у маладых калег, напэўна, сфармiруецца паважлівае стаўленне да настаўніцкай прафесіі. І падобныя педагагічныя форумы, безумоўна, спрыяюць таму, каб будучы настаўнік з задавальненнем ішоў працаваць у школу, разумеючы меру адказнасці не толькі перад дзяржавай, дзецьмі і іх бацькамі, але і перад самім сабой.

Наведаўшы шматлікія майстар-класы, знаходзячыся сярод калег і абмяркоўваючы, у прынцыпе, аднолькавыя праблемы, мы спрабавалі зразумець, чым жа адрозніваецца фестываль у Елабузе ад іншых настаўніцкіх форумаў і што надае гэтаму фестывалю прывабнасці?

Перш за ўсё, напэўна, практычная накіраванасць. Праграма фестывалю цікавая настаўніку, які імкнецца пашырыць свой метадычны вопыт новымі тэхналогіямі і прыёмамі. Менавiта таму адным з любімых жанраў на фестывалі з’яўляецца майстар-клас, бо тут фарміруецца вопыт, узбагачаецца стыль выкладання.

Акрамя таго, змест фестывалю багаты на актуальныя ідэі, спрэчныя i арыгінальныя пытанні. Фестываль нацэльвае настаўнікаў на пошук, творчасць, свежасць навуковай думкі; па сваёй сутнасці, ідэі, задуме і ўвасабленнi ён дапамагае фармiраваць імідж сучаснага настаўніка.

І, безумоўна, прыцягальным для ўдзельнікаў фестывалю з’яўляецца прыгажосць Елабугi і наваколля Камы, на беразе якой размешчаны гэты горад з унікальнай гісторыяй. Прайсці міма яго літаратурных музеяў, гістарычных помнікаў і чаруючых душу ландшафтаў немагчыма!

Тры фестывальныя дні праляцелі на адным дыханні, пакінуўшы ўдзельнікам толькі віхор эмоцый ад бесперапыннай змены ўражанняў і ўспаміны пра бясконцы паток цікавых людзей, гатовых абмяркоўваць праблемы настаўніцтва і дзяліцца сваімі ідэямі і вопытам.

Фестываль у Елабузе — гэта месца незабыўных адукацыйных сустрэч з калегамі, вядомымі педагогамі і навукоўцамі. Прыняць удзел у гэтым фестывалі можа кожны, бо, нягледзячы на мову, на якой размаўляюць настаўнікі, яны заўсёды гатовы да дыялогу.

Інеса ЗУБРЫЛІНА,
старшыня асацыяцыi настаўнiкаў-метадыстаў “Iмкненне”.