Ці дапамагае вам ваша эмацыянальная мелодыя?!

Набірае абароты навучальны год, імчыць з вялікай хуткасцю да першых сваіх канікул! Наперадзе яшчэ доўгая дыстанцыя, і добра б ведаць, што можа дапамагчы нам прабегчы яе з належнымі вынікамі, камфортна, на поўную сілу. Важна разумець і настаўніку, і вучню, што памочнікам і падваяльнікам сіл служаць эмоцыі, якія суправаджаюць нашы справы, але і адваротны эфект магчымы. Як арыентавацца ў палітры эмоцый і пачуццяў? Як паставіць бар’ер эмоцыям, што разбураюць? Як ператварыць эмоцыю, якая знясільвае, у рэсурсную? Бадай, адказ на гэтыя пытанні мы знойдзем, выкарыстаўшы незвычайны погляд на свой псіхалагічны партрэт, разгледзеўшы ўплыў эмоцый на развіццё асобы, дзейнасць, пашукаем у сабе эмацыянальную крэатыўнасць.

Дыялог з чытачом

Вядома, што эмоцыі арганізоўваюць мысленне, дзейнасць, зносіны, уплы­ваюць на ўспрыманне. Станоўчыя эмацыянальныя станы ўзмацняюць увагу, звернутую на матэрыял, што дазваляе заўважыць новыя ўласцівасці аб’ектаў, якія вывучаюцца і звычайна ігнаруюцца. Станоўчая эмоцыя палягчае ўспрыманне розных бакоў і ўласцівасцей аб’ектаў і з’яў. Радасны чалавек мае доступ да большага аб’ёму матэрыялу ведаў у памяці. Дзейнасць, якая падтрымліваецца эмоцыямі, больш паспяховая, чым тая, што рухаецца толькі розумам. Эмоцыі валодаюць самастойнай каштоўнасцю, з’яўляюцца творчым прадуктам. Гэта добра разумееш, калі чалавек штосьці робіць з задавальненнем ці дзеля задавальнення. Адмоўныя эмоцыі зніжаюць псіхічны тонус, паніжаюць матывацыю да дзейнасці, стымулююць пасіўныя спосабы абароны. Дзіўна, але адмоўныя эмоцыі, такія як гнеў, лютасць, могуць узмацняць ахоўныя магчымасці арганізма, а страх — звужаць успрыманне, прымушаючы бачыць толькі аб’ект страху і шлях ратавання.

Вельмі важная функцыя сталай эмоцыі — авалоданне паводзінамі. Эмоцыі чалавека звязаны з самапавагай, самаацэнкай, з духоўна-маральным ростам асобы. Пераважнымі ў псіхалогіі сталі вынікі даследаванняў, якія пацвярджаюць выказаныя раней гіпотэзы: станоўчы эмацыя­нальны стан, незалежна ад цікавасці да задачы, павышае крэатыўнасць, прыво­дзячы да пэўнага разняволення мыслення чалавека. Акрамя таго, пацвердзілася меркаванне, што і адмоўны эмацыянальны стан можа павышаць крэатыўнасць, паколькі, выклікаючы больш станоўчых ідэй, людзі карэкціруюць свой настрой.

У кожнага настаўніка і вучня ёсць свая “эмацыянальная мелодыя” ці эмацыя­нальная скіраванасць. Чалавека да чалавека прыцягвае блізкасць эмацыянальнага гучання, якая задаецца каштоўнаснымі арыентацыямі асобы. Калі адносіны з навакольнымі ацэньваюцца як карысныя, ствараецца аснова станоўчай эмоцыі: напрыклад, шчасця, гордасці, палёгкі, сімпатыі. Даследаванні псіхолагаў паказалі, што культ эмоцый таксама небяспечны, як і культ іх заглушэння. Падкрэсліваецца, што прычынай многіх хвароб, стрэсавага вырашэння канфліктаў з’яўляецца адсутнасць у людзей культуры выяўлення эмоцый. На наш погляд, гаворка павінна ісці пры гэтым не проста пра культуру выяўлення, а пра культуру выкарыстання эмацыянальнай сферы асобы ў яе прафесійнай дзейнасці, паводзінах і зносінах.

У сувязі з культурай выкарыстання эмацыянальных рэсурсаў асобы ў дзейнасці, зносінах і жыцці ў цэлым, выяўляецца новая тэма эмацыянальнай крэатыўнасці. Паняцце эмацыянальнай крэатыўнасці асобы ў прымяненні да педагагічнай прафесіі з’яўляецца новым і выкарыстоўваецца для абазначэння характарыстыкі эмацыянальнай сферы педагога, якая забяспечвае прадукцыйна-творчы характар яго прафесійнай дзейнасці. Гэтая асобасная характарыстыка дазваляе педагогу творча выкарыстоўваць свае эмацыянальныя рэсурсы, беручы станоўчы вынік з любой эмацыянальнай праявы сваёй асобы. Гаворка ідзе, пра эмацыянальную крэатыўнасць асобы.

Уявіце, калі педагог пачуе наступнае выказванне ці атрымае пісьмовае паведамленне ад падлетка такога зместу: “Некалькі дзён назад я вырашыла, што закахалася, і ў каго — у настаўніка! Пры тым, што ён мяне бясконца лае. Але цяпер, дзякуй богу, я адумалася і ненавіджу ўсіх настаўнікаў”. Безумоўна, нам спатрэбіцца эмацыянальная крэатыўнасць, каб адрэагаваць і адказаць! Пісьмо з такім зместам атрымала Астрыд Ліндгрэн па пошце. Цікава, ці эмацыянальна крэатыўны яе адказ? І не сумнявайцеся: “Мілая Сара, дзякую табе за пісьмо і прыкладзеныя да яго цудоўныя развагі пра жыццё. Ніводны чалавек не адкрываецца цалкам, нават калі ён прагне гэта зрабіць. Кожны зняволены ва ўласную адзіноту, хаця вакол некаторых столькі народу, што яны не разумеюць гэтага ці не заўважаюць да часу. Але ты закахана і гэта цудоўны стан. Нішто так не аддаляе ад нас жах жыцця, як закаханасць ці каханне. Так што, спадзяюся, ты прабудзеш у гэтым стане як мага даўжэй — і ён не зробіць цябе нешчаслівай, а наадварот, дасць шчасце, не ў сэнсе, канечне, што ты “атрымаеш” яго, але я спадзяюся, ты ўсё ж такі будзеш шчаслівай, проста так…”

Эмацыянальная крэатыўнасць педагога ўяўляе сабой здольнасць арыгінальна, нестандартна праяўляць эмацыянальны інтэлект, творча выкарыстоўваць рэпертуар эмоцый і пачуццяў і іх паво­дзінскіх праяў ва ўсіх аспектах прафесійнай дзейнасці педагога, фарміраваць падыход да прафесіі як да прафесійнага служэння, у адрозненне ад іншых падыходаў валодання, улады, дасягненняў.

Развіццю эмацыянальнай крэатыўнасці могуць спрыяць эмацыянальныя траўмы, перашкоды і расчараванні ў вопыце чалавека. Траўматычны эмацыя­нальны вопыт падахвочвае задумацца пра свае эмоцыі і паспрабаваць іх зразумець, спрыяе пашырэнню дыяпазону перажыванняў і іх выхаду за рамкі штодзённасці. Эфектыўнасць/аўтэнтычнасць, якая ўсведамляецца, часцей асацыіруецца з меркаванай карысцю, узятай з ранейшага вопыту, а не з яго жорсткасцю ці колькасцю траўматычных падзей.

Не толькі негатыўны вопыт дазваляе развівацца эмацыянальнай крэатыўнасці. Практыкуючыся на павышэнні кваліфікацыі, група педагогаў, якія вучацца, здольна на працягу пяці мінут назваць і запісаць 219 эмоцый, пачуццяў і эмацыянальных станаў. Уражальны вынік. Стапрацэнтна паспяхова педагогі на павышэнні кваліфікацыі распаз­наюць эмоцыі па фотаздымках. Нават партрэт “Джаконды” рукі Леанарда да Вінчы разабралі на эмацыянальныя складнікі (шчасце, пагарда, страх, злосць).

Развіваючы эмацыянальную крэатыўнасць, абапірайцеся на свой творчы патэнцыял, складайце спіс некангруэнтных эмоцый (пяшчотнасць, прыкрасць, аптымізм; збянтэжанасць, зайздрасць, прыемнае здзіўленне) і стварайце гісторыю, эсэ, дзе магчымы менавіта такі парадак перажывання эмоцый у канкрэтных акалічнасцях.

Эмацыянальна крэатыўны працэс пражывайце, выкарыстоўваючы нестандартныя прадметы і заданні. Напрыклад, практыкаванне “Камень і пясчынка”, якое можа быць прапанавана і дзецям, і дарослым. З калекцыі камянёў, сабраных педагогам ці псіхолагам, прапануйце ўдзель­нікам практыкавання выбраць камень, які хочацца ўзяць у руку. Уявіце, што выбраны камень — гэта вы. Напішыце сваю “каменную гісторыю”. Што радуе камень? Што засмучае? Якімі рысамі характару ён валодае? Як адчувае сябе ў тых ці іншых сітуацыях? На наступным этапе практыкавання ўявіце сябе пясчынкай з выбранага каменя. Як яна трапіла ў камень, як ёй там жывецца, ці хоча пясчынка вызваліцца? Потым аб’яднайце ўдзельнікаў са сваімі каменьчыкамі ў групы. Прапануйце скласці кампазіцыю, а пасля апі­саць, як называецца канструкцыя з камянёў, як камяні сябе адчуваюць аб’яднанымі, як склеены, як узаемадзейнічаюць. Выслухайце гісторыі індывідуальныя і калектыўныя.

Існуе нямала метадаў у скарбонцы педагога, накіраваных на стымуляцыю эмоцый дзіцяці:

— забеспячэнне спрыяльнай ат­масферы на ўроках, добразычлівасць з боку настаўніка, яго адмаўленне ад выказвання ацэнак і крытыкі ў адрас дзіцяці, што павінна спрыяць свабоднаму праяўленню творчага мыслення;

— узбагачэнне “навакольнага асяроддзя” дзіцяці разнастайнымі, новымі для яго прадметамі і стымуламі з мэтай развіцця цікавасці;

— заахвочванне выказвання арыгінальных ідэй;

— магчымасці для практыкі; шырокае выкарыстанне пытанняў творчага тыпу ў разнастайных галінах ведаў;

— выкарыстанне асабістага прыкладу творчага падыходу да вырашэння розных праблем;

— прадастаўленне дзецям магчымасці свабодна задаваць пытанні.

Не абмінём увагай і сябе, стымулюючы ўласныя эмоцыі і крэатыўнасць.

Расшыфроўка егіпецкіх іерогліфаў

Знайдзіце ў інтэрнэце надпісы з егіпецкіх іерогліфаў. Падумайце, што яны азначаюць. На аснове гэтых здагадак складзіце гісторыю. Галоўнае, не падглядвайце, што гэтыя іерогліфы на самай справе азначаюць.

Складанне біяграфій

Калі вы будзеце ехаць у аўтобусе, гуляць, слухаць лекцыю, звярніце ўвагу на чалавека, які першым трапіцца, дайце яму характарыстыку і прыдумайце біяграфію.

250 ідэй

Уявіце, што вам далі гадавы адпачынак. Цэлы год вы можаце не працаваць, не вучыцца, а рабіць усё, што захочаце. Прыдумайце сабе 250 заняткаў. Запішыце на лісце ці ў тэкставым рэдактары, што вы будзеце рабіць увесь год.

Эмацыянальную крэатыўнасць мы можам развіваць, займаючыся чытаннем, праглядам фільмаў, падарожнічаючы, практыкуючы фізічную актыўнасць, наведваючы мастацкія выставы, малюючы, пішучы вершы, знаёмячыся з новымі людзьмі, маючы зносіны.

Псіхалагічнае люстэрка

Методыка для вывучэння эмацыянальнай крэатыўнасці

Вывучым сваю эмацыянальную крэатыўнасць з дапамогай Апытальніка (Emotional Creativity Inventory). Гэтая версія методыкі самаацэнкі эмацыянальнай крэатыўнасці (ЕСІ) распрацавана Д.Эйверылам. Яна ўключае 7 сцвярджэнняў для ацэнкі падрыхтаванасці (ведання пра эмоцыі і цікавасці да іх), 14 сцвяр­джэнняў для ацэнкі навізны (тэндэнцыі адчуваць незвычайныя перажыванні, якія з цяжкасцю можна апісаць), 9 сцвярджэнняў для ацэнкі эфектыўнасці і аўтэнтычнасці. Эйверыл адзначае, што хаця ён лагічна раздзяляе два апошнія паняцці, крытэрыі эфектыўнасці (наколькі эмоцыя дапамагае дзейнасці) і аўтэнтычнасці (наколькі эмоцыя камфортная і натуральная для чалавека) цяжка размежа­ваць, асноўваючыся на даных самаацэнкі.

Інструкцыя. Ацаніце кожнае з прыведзеных ніжэй сцвярджэнняў, выкарыстаўшы шкалу ад 1 (калі гэтае сцвярджэнне менш праўдзівае ў дачыненні да вас, чым да “сярэдняга чалавека”, ці вы цалкам не згодны з ім) да 5 балаў (калі гэтае сцвярджэнне больш праў­дзівае ў дачыненні да вас, чым да “сярэдняга чалавека”, ці вы цалкам згодны з ім).

Тэкст апытальніка ЕСІ

1. Калі ў мяне ўзнікаюць моцныя эмацыянальныя перажыванні, я спрабую знайсці іх прычыны.

2. Я ўпэўнены, што для эмацыянальнага развіцця трэба прыкладаць не менш намаганняў, чым для інтэ­лектуальнага.

3. Я разважаю пра свае эмацыянальныя перажыванні і спрабую іх зразумець.

4. Маё эмацыянальнае жыццё не асабліва мяне цікавіць.

5. Я абдумваю свой ранейшы эмацыянальны вопыт, для таго каб справіцца з бягучымі эмацыянальнымі праблемамі.

6. Пасля перажывання моцных эмоцый я спрабую азірнуцца і аб’ектыўна ацаніць мае эмацыянальныя рэакцыі.

7. Я ўважлівы да перажыванняў іншых людзей, таму што гэта дапамагае мне лепш зразумець асабістыя.

8. Мае эмацыянальныя перажыванні не падобны да перажыванняў іншых людзей.

9. Я магу ўявіць сябе адзінокім, раззлаваным і радасным адначасова.

10. Часам я перажываю эмоцыі і пачуцці, якія нялёгка апісаць словамі.

11. Я перажываў такія спалучэнні эмоцый, якія іншыя людзі, магчыма, ніколі не адчувалі.

12. Мне падабаюцца музыка, танцы, а таксама карціны, што выклікаюць новыя і незвычайныя эмацыя­нальныя перажыванні.

13. У мяне ёсць незвычайны і ўнікальны эмацыя­нальны вопыт.

14. Калі ўзнікае эмацыянальная сітуацыя, я звычайна рэагую на яе не так, як іншыя.

15. Мне падабаецца ўяўляць сабе сітуацыі, што выклікаюць незвычайныя эмацыянальныя рэакцыі.

16. Мае эмацыянальныя перажыванні могуць быць незвычайнымі і новымі.

17. Мне трэба было б стаць паэтам і раманістам, каб апісаць мае эмоцыі, якія я часам перажываю, бо яны такія ўнікальныя.

18. Я магу перажываць розныя эмоцыі адначасова.

19. Я аддаю перавагу фільмам і кнігам, у якіх паказваюцца складаныя і неверагодныя эмацыянальныя сітуацыі.

20. Часам мне цяжка апісаць усю разнастайнасць маіх эмацыянальных перажыванняў.

21. Я здольны адчуваць мноства розных эмоцый.

22. Я лёгка прыстасоўваюся да сітуацый, якія патрабуюць перажывання новых ці незвычайных эмоцый.

23. Я без усялякіх цяжкасцей выказваю свае эмоцыі.

24. Выказванне эмоцый дапамагае мне ва ўзаемаадносінах з іншымі.

25. Мае эмоцыі дапамагаюць мне ў дасягненні жыццёвых мэт.

26. Мае эмоцыі адыгрываюць важную ролю ў маім жыцці: без іх яно не мела б сэнсу.

27. Я спрабую быць шчырым у сваіх эмацыянальных рэакцыях, нават калі гэта стварае мне праблемы.

28. Мае эмоцыі амаль заўсёды перадаюць мае сапраўдныя думкі і пачуцці.

29. Мае знешнія эмацыянальныя рэакцыі дакладна адлюстроўваюць мае ўнутраныя пачуцці.

30. Я спрабую маскіраваць і хаваць свае эмоцыі.

Пры падліку вынікаў неабходна ўлічыць, што сума балаў па сцвярджэннях 1—7 уключна характарызуе ўзровень падрыхтаванасці, 10—21 — навізны, 22—26 — эфектыўнасці, 27—30 — аўтэнтычнасці. Балы па сцвярджэннях 4 і 30 налічваюцца па інверснай шкале (гэта значыць калі ацанілі 1 балам, уключайце ў падлік як 5, ацанілі 2 — уключайце ў падлік як 4, 3 — застаецца тройкай для падліку, 4 дадайце як 2, 5 дадайце да сумы як 1).

Святлана РАДЗЬКОВА.