Дзень самавучэння для пачаткоўцаў

“Век жыві — век вучыся! — прыказка не толькі знаёмая кожнаму, яна ўжо нават надакучыла і ледзь не нагнала аскому сваёй банальнасцю. Сапраўды, хто б сумняваўся?! Толькі вось наколькі яна з’яўляецца не проста прыгожым плакатам, а інструкцыяй да дзеяння? Ці магчыма рэальная самаадукацыя ў пачатковай школе, прычым такая, каб дзеці самі хацелі ёй займацца? Наш адказ адназначны: “Так!” Мы — гэта больш як 50 педагогаў і звыш 1000 малодшых школьнікаў з усіх куткоў рэспублікі.

Танцуем ад печкі

Пошукавы, або арыенціровачны, рэфлекс адносіцца да прыроджаных рэфлексаў, які разам са смактальным і глытальным забяспечвае выжыванне чалавечай істоты. Потым ён пераўтвараецца ў даследчыцкія паводзіны дзіцяці пад назвай “Што такое?”, а праз некалькі гадоў мы назіраем яго ў выглядзе цікаўнасці чамучак. Псіхолагі падлічылі, што дзеці ў гэтым узросце задаюць штодзень 300—400 пытанняў літаральна пра ўсё на свеце, яны сапраўды хочуць усё ведаць, хаця ніхто з імі гутарак на тэму бесперапыннай самаадукацыі не праводзіць! Здавалася б, такі паступальны рух павінен працягвацца. Але не! Да заканчэння пачатковай школы, а часам і да канца першага года навучання, пазнавальная матывацыя ў большасці вучняў некуды знікае… Магчыма, потым яна перажывае другое нараджэнне, калі нашы дзеці становяцца выпускнікамі і выбіраюць, куды пайсці вучыцца? Толькі чаму ў такім выпадку звыш 70 працэнтаў дарослых працуюць не па той спецыяльнасці, па якой атрымалі дыплом?

Першакласнік прыходзіць у школу са шчырым жаданнем вучыцца. Але часта ўзнікае вострая супярэчнасць: тыя пытанні, якія хвалююць дзіця, у праграму не ўваходзяць; а тэмы, што прапануюць падручнікі, — нецікавыя яму (а часам і даўно добра знаёмы!). Не верыцца? Адкрыйце праграму дашкольнай адукацыі, а яшчэ лепш праглядзіце энцыклапедыі для дашкольнікаў. На якіх уроках наш вучань зможа “пашырыць і паглыбіць” гэтыя веды?

Вядома, можна сказаць, што навучанне ў нас масавае, што не ўсе такія развітыя і пісьменныя, але задача пачатковай школы ў тым і заключаецца, каб выявіць індывідуальнасць. Пры гэтым зразумела, што на звычайных штодзённых уроках гэта зрабіць вельмі няпроста, але, можа, ёсць і іншыя варыянты?..

Вочы баяцца, а рукі робяць

Памятаеце са школьнага фальклору: “Последний день — учиться лень, мы просим вас, учителей, не мучить маленьких детей! У них головушки болят, они учиться не хотят!”

Любому настаўніку таксама добра знаёмы чамаданны настрой апошняга вучэбнага дня, калі ўсе адзнакі выстаўлены, усе думкі — толькі пра канікулы, тлумачыць новую тэму — не мае сэнсу, ды і займацца замацаваннем і паўтарэннем таксама малаэфектыўна, калі ў адно вуха ўлятае, а ў другое вылятае, а за тыдзень канікул і ўвогуле забудзецца!

Дык што, адмяніць урокі і адпусціць дадому? Не, вядома! Інакш такая ж праблема ўзнікне і ў перадапошні дзень. Угаворваць пацярпець або дазволіць ціхенька займацца сваімі справамі (а настаўнік у гэты час спакойна запоўніць усе справаздачы)? Зрабіць гэты дзень разгрузачным: арганізаваць экскурсіі, праводзіць увесь дзень гульні і конкурсы? Можна, зразумела, і так, але можна арганізаваць дзень самаадукацыі!

Напярэдадні настаўнік аб’яўляе, што заўтра ў школу трэба будзе замест падручнікаў прынесці некалькі дзіцячых энцыклапедый (для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту) і адзін чысты сшытак. Да ўрокаў усе кнігі раскладваюцца на настаўніцкім стале або ля дошкі на некалькіх свабодных партах, калі ёсць такая магчымасць.

Потым дзеці падпісваюць сшытак, толькі замест назвы вучэбнага прадмета пішуць “па самаадукацыі”, пасля чаго праводзіцца кароткая гутарка: як вучні разумеюць гэтае слова, навошта неабходна займацца самаадукацыяй, як гэта можна рабіць.

А далей — вочы разбягаюцца! Бо з усяго вялікага кніжнага багацця неабходна выбраць толькі адну кнігу! Кожны выбірае, што хоча, запісвае ў сшытак назву кнігі і абавязкова адзначае час. Потым гартае, чытае, разглядае, не забываючы выпісваць у сшытак самыя цікавыя факты або змалёўваць тое, што найбольш спадабалася! У такім рэжыме вучні працуюць два-тры ўрокі запар (зразумела, што на перапынках дзеці адпачываюць, хаця бывае, што яны не хочуць спыняцца і настаўніку трэба ледзь ці не ў загадным парадку падымаць іх з-за парт).

Фантастыка? Так не бывае? Паспрабуйце самі! Таму што на самай справе нічога дзіўнага няма, усё заканамерна! Не сумняваюся, калі вы займаецеся сваёй любімай справай, вас таксама нялёгка ад яе адарваць! Прадбачу пярэчанні: адна справа — хобі, а другая — кнігі! Усім вядома, што сучасныя дзеці чытаць не любяць і не хочуць!

Згодна, толькі давайце яшчэ раз прааналізуем умовы: па-першае, кнігі сапраўды цікавыя і вельмі разнастайныя; па-другое, ніхто не навязвае і не прымушае, якую кнігу выбраць; па-трэцяе, кнігу не трэба чытаць ад пачатку да канца! Энцыклапедыі тым і добрыя, што іх можна разгарнуць у любым выпадковым месцы! Такая сітуацыя нагадвае інтэрнэт-серфінг, калі падарожнічаеш па розных спасылках, пакуль вока не зачэпіцца за нешта цікавае! Зразумела, што для мастацкай літаратуры, дзе ёсць сюжэт і прыгажосць мовы, якія “мала ўбачыць, у іх трэба ўгледзецца”, такі спосаб фрагментарнага чытання зусім не прыгодны, але пазнавальныя кнігі мы чытаем менавіта так: або па канкрэтным запыце, або выбарачна (ці хтосьці чытае слоўнікі ад пачатку да канца?).

Але самае галоўнае: зусім неабавязкова вывучаць толькі адну кнігу! Калі аказалася, што гэтая тэма табе нецікавая, то можна (а на самай справе — трэба!) яе замяніць! Вучняў пра гэта адразу ж трэба папярэдзіць, толькі ўводзіцца абмежаванне: не раней, чым праз 10 хвілін (да таго ж можа здарыцца і так, што на першы погляд кніга падасца сумнай, а потым адчуеш смак!). І зноў кожны працуе ў сваім рэжыме: нехта з адной кніжкай не расстаецца, а нехта і штук 10 паспявае перагледзець! Гэта таксама нармальна, выбар, на самай справе, вельмі няпросты занятак!

Гэтую першую частку дня самаадукацыі ўмоўна можна назваць “загрузкай”, калі вучні набываюць новыя веды. А потым ідзе другая частка — “разгрузачная”, калі гэтымі навінкамі хочацца падзяліцца. Вучні па чарзе ля дошкі прэзентуюць сваю работу (аптымальна, калі расказваюць, але ў першы час могуць і чытаць). Аднакласнікі пры гэтым могуць задаваць пытанні, дапаўняць або проста ацэньваць, наколькі новай і цікавай (а яшчэ і зразумелай, даступнай) аказалася для іх гэтая інфармацыя.

У канцы дня падводзяцца вынікі, у вуснай або пісьмовай форме — вырашае настаўнік. Сшыткі збіраюцца і захоўваюцца ў школе да канца наступнай чвэрці, а кнігі вучні забіраюць дамоў. Хаця нярэдка бываюць сітуацыі, калі дзеці звяртаюцца да “гаспадара” кнігі з просьбай даць яе дачытаць на канікулах… (Дарэчы, бывала і так, што тыя адмаўлялі: калі прыносілі кнігу, якую самі раней не чыталі, а проста схапілі дома з кніжнай паліцы, а потым на ўроку кот у мяшку ператвараецца ў такую карову, якая патрэбна самому!)

Аптымальна, калі паміж першай і другой часткай дня самаадукацыі ёсць паўза: урок музыкі або фізкультуры, а яшчэ лепш дынамічны перапынак на свежым паветры.

Такая форма арганізацыі апошняга дня чвэрці была прыдумана амаль 20 гадоў назад і выкарыстоўвалася на працягу двух выпускаў з 2 па 4 клас пры правядзенні эксперымента па ўкараненні ТРВЗ-тэхналогіі ў працэсе выкладання агульнаадукацыйных прадметаў. Магчыма, яна б заняла сваё ганаровае месца ў аўтарскім архіве, калі б не інавацыйны праект, мэта якога заключаецца ў падтрымцы вучняў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі. Дзень самаадукацыі не проста арганічна ўпісаўся ў праект, а неаднаразова пацвярджаў сваю эфектыўнасць, як у невялікіх сельскіх школах, так і ў сталічных гімназіях, прычым не толькі ў руках вопытных прафесіяналаў, але і ў маладых спецыялістаў.

Ведаць бы, дзе ўпасці…

Спачатку былі сумненні, і ў першай чвэрці 2 класа адважыліся правесці дзень самаадукацыі толькі адзінкі. Асноўныя пярэчанні былі наступныя: дзеці яшчэ маленькія, яны не ўмеюць працаваць з літаратурай, ім будзе цяжка знайсці патрэбны матэрыял, яны не ўмеюць рабіць выпіскі і выступаць перад усім класам. З аднаго боку, усё правільна, але з другога, а дзе і як дзеці змогуць гэтаму навучыцца, калі падобныя заданні будуць адсутнічаць? Каб навучыцца плаваць, неабходна ўвайсці ў ваду; седзячы на беразе — навучыцца немагчыма!

Калі прачыталі захопленыя водзывы “першапраходцаў”, а падчас семінара не толькі пачулі ўражанні, але і ўбачылі, што запісалі дзеці ў сваіх сшытках, страхаў стала менш, і да канца навучальнага года дні самаадукацыі прайшлі на ўсіх інавацыйных пляцоўках” (асабіста мяне ўразіў сшытак адной дзяўчынкі, якая за ўрок спісала поўнасцю тры (!) старонкі (гэта пры норме дамашняга задання ў пару радкоў). Таму што ёй было цікава, таму што яна сама так захацела, таму што ёй гэта падабалася! Уласна кажучы, і ў іншых дзяцей былі такія ж матывы.

А яшчэ на семінары была магчымасць абмеркаваць праблемы, якія ўзніклі. Перш за ўсё пытанні тычыліся недахопу кніг: нехта забываў іх прыносіць, у некага дзіцячых энцыклапедый проста няма, а былі выпадкі, калі бацькі забаранялі бра ць кнігі ў школу. У такой сітуацыі можна рэкамендаваць выкарыстоўваць рэсурс уласнай або школьнай бібліятэкі. Прычым трэба загадзя вывучыць каталог, каб падабраць кнігі не толькі ў адпаведнасці з узростам, але і як мага больш разнастайныя. Таму што калі кніг будзе мала, сітуацыя ззяючых вачэй дзяцей малаверагодная. Вопыт паказвае, што іх павінна быць з лішкам: як мінімум у два, а то і ў тры разы больш, чым вучняў. Наша задача — зрабіць так, каб апетыт разыграўся.

Наступны блок праблемных сітуацый тычыўся арганізацыйнага боку: як быць з раскладам; што рабіць, калі ў гэты дзень ёсць урокі іншых настаўнікаў; чым займацца настаўніку, пакуль дзеці чытаюць? Мае адказы наступныя: журнал запаўняецца як звычайна, дзеці ж вучацца, хоць і інакш. Што тычыцца работы спецыялістаў, то па ўзгадненні з адміністрацыяй магчымы два варыянты: або гэтыя ўрокі праводзяцца, гэта значыць самаадукацыя атрымліваецца не суцэльнай, або гэты настаўнік таксама прымае ўд зел у дні самаадукацыі (дакладней, ва ўроку самаадукацыі, і, як і дзеці, робіць выпіскі з розных крыніц).

Дарэчы, у свой час я спачатку таксама прыносіла метадычную літаратуру і займалася паралельна з дзецьмі, але потым ад гэтага адмовілася: кнігі, якія ляжалі на сталах, былі настолькі захапляючымі, што было шкада прапускаць такую магчымасць (а набытую інфармацыю потым выкарыстоўвала на адпаведных уроках для пашырэння кругагляду вучняў). Дарэчы, як ні дзіўна, але тэма дысцыпліны і парадку амаль не ўзнімалася. Ды і я ў свой час вельмі добра запомніла здзіўленне дырэктара, які неяк зазірнуў у клас падчас урока і здзівіўся, як гэты шумны эксперыментальны клас у поўнай цішыні засяроджана сядзіць і працуе. Аналагічныя сітуацыі (як у чытальнай зале!) апісвалі і іншыя настаўнікі. Хаця на самай справе, усё лагічна: дзеці шумяць, калі ім сумна і нецікава або калі цяжка; а тут кожны сам сабе ўстанаўлівае планку.

А як быць са слабапаспяваючымі дзецьмі або тымі, хто дрэнна чытае? На самай справе, і гэтая задача вырашальная, бо кнігі можна не толькі чытаць, але і разглядаць (настаўніку неабходна прадугледзець, каб такія кнігі таксама былі); замест выпісак можна рабіць малюнкі! Уласна, так і робяць дашкольнікі, якія ўвогуле чытаць не ўмеюць, але “свае” кніжкі з рук не выпускаюць! Яшчэ раз паўтару: у сітуацыі, калі дзіця робіць выбар САМО, узровень адказнасці за кошт матывацыі яўна павышаецца.

І сапраўды, самымі сур’ёзнымі пытаннямі, якія часцей за ўсё гучалі, былі наступныя: як быць, калі ўсе дзеці хочуць расказаць і іх цяжка спыніць? Што рабіць, калі ў класе шмат вучняў і проста фізічна ўсіх немагчыма выслухаць? Як дзейнічаць, калі да канца аповедаў частка дзяцей проста стамляецца ад вялікай колькасці інфармацыі? Ці не праўда, нагадвае анекдот: “Нам бы вашы праблемы!” Толькі вельмі спрэчна, што прасцей: разварушыць маўчуна або перапыніць гаваруна? Ва ўсякім выпадку, тое, што другі за гэта пакрыўдзіцца, больш верагодна.

І тут я магу сказаць: “Не ведаю, універсальнага рэцэпта няма. У кожным класе магчымы свой варыянт. Трэба паспрабаваць і шукаць лепшы”. У нас, напрыклад, быў пясочны гадзіннік і трэба было ўкласціся роўна ў адну мінуту. А яшчэ сшыткі з дня самаадукацыі знаходзіліся ў адкрытым доступе, і ўсе жадаючыя маглі самі прачытаць тое, што не было сказана на ўроку. Выкарыстоўваўся таксама прыём, калі выступалі ля дошкі не ўсе, а некалькі вучняў, выбраных выпадковым чынам, па жэрабю, а работы ўсіх астатніх вучняў зачытваў настаўнік (толькі наступны раз трэба прадугледзець, каб ролі памяняліся).

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што гэтыя цяжкасці часовыя (невыпадкова больш за палову настаўнікаў у выніковай анкеце напісалі, што ніякіх праблем не ўзнікала).

Калі ўжо зусім шчыра, былі адзінкавыя выпадкі, калі праблемы стваралі самі настаўнікі. Напрыклад, замест пазнавальных кніг прасілі прынесці мастацкія, толькі як іх чытаць два ўрокі запар і якія факты можна выпісваць; або ўсе кнігі былі аднатыпныя (“Дзеці, у нас заўтра дзень самаадукацыі на тэму “У свеце жывёл” — і што рабіць таму, хто захапляецца кулінарыяй або самалётамі, не гаворачы пра нанатэхналогіі або зніклыя цывілізацыі?). Пра сітуацыі, калі настаўнік раздаваў дзецям кнігі або не дазваляў іх мяняць, думаю, што ўжо гаварыць не варта, таму што зразумела, што гэта супярэчыць самой сутнасці дня самаадукацыі.

І напаследак. А як быць з настаўніцкімі прэтэнзіямі накшталт: дзеці не ўмеюць знаходзіць галоўнае, ім складана канспектаваць, не могуць дакладна расказаць пра прачытанае, не ва ўсіх атрымліваецца сцісла і выразна даносіць інфармацыю?

Што тут скажаш? Пачнём з таго, што не толькі малодшыя школьнікі, але і не ўсе старшакласнікі валодаюць гэтымі ўменнямі. Да таго ж такія нараканні нагадваюць перажыванні трэнера, маўляў, у басейн прывялі дзяцей, якія плаваць не ўмеюць. Вось таму і прывялі! Інфармацыйная кампетэнтнасць, а менавіта пра яе ішла вышэй гаворка, не ўзнікае сама па сабе, гэтаму таксама трэба навучыць, разам з ненаціскнымі галоснымі і табліцай множання.

Куранят па восені лічаць

У канцы мінулага навучальнага года пераважная большасць настаўнікаў выказала жаданне працягваць правядзенне дзён самаадукацыі ў наступным навучальным годзе.

Да галоўных вынікаў такога дня педагогі аднеслі наступныя:
— зносіны вучняў з кнігай, жаданне падзяліцца з аднакласнікамі цікавай інфармацыяй і радасць ад таго, што “менавіта я паведаміў тое, чаго не ведалі іншыя”;
— зацікаўленасць вучняў;
— уменне знаходзіць інфармацыю самастойна, а таксама даносіць яе да аднакласнікаў;
— дзецям вельмі падабалася, яны з задавальненнем працавалі з кнігамі;
— дзеці прасілі ў бацькоў купіць энцыклапедыі;
— самастойны выбар інфармацыі для кожнага вучня, якая яго цікавіць, а не па плане настаўніка;
— дзеці вызначыліся з тэмамі даследаванняў на лета;
— самастойна здабытыя веды, роўны вучыць роўнага;
— кожны вучань знайшоў для сябе карысную інфармацыю;
— вучыліся працаваць з незнаёмай інфармацыяй, канспектаваць яе шляхам замалёвак, чарцяжоў, схем, што дапамагала сістэматызаваць атрыманыя веды і прэзентаваць іх аднакласнікам;
— вучні самастойна даведваліся пра новае і вучыліся даступна і цікава расказваць пра гэта аднакласнікам;
— дзеці разнявольваліся, праяўлялі актыўнасць на ўроку;
— да канца года вучні здзівілі тым, што старанна працавалі, ніхто не ўхіляўся, яны дзяліліся адно з адным сваімі знаходкамі, прадстаўлялі да публічнага выступлення самы цікавы матэрыял;
— дзеці з вялікім нецярпеннем чакалі дзень самаадукацыі;
— цікавасць вучняў даведацца больш, жаданне чытаць;
— набыццё вопыту публічнага выступлення;
— радасць, захопленасць вучняў ад новага;
— магчымасць у кожнага самаадукоўвацца па сваім жаданні;
— дзеці былі актыўныя, усе хацелі падзяліцца ведамі.
Мабыць, дастаткова! Хаця дапускаю, што высновы настаўнікаў маглі быць зроблены крыху авансам, маўляў, выдадзена жаданае за сапраўднае. Але на фотаздымках дзеці жывыя і сапраўдныя. І на іх тварах і праўда напісана: “Вельмі цікава ўсё тое, што невядома!”


Але гэта было год назад. Што скажуць педагогі, калі дзеці падраслі, як яны цяпер ацэньваюць дзень самаадукацыі, які правялі ў канцы першай чвэрці?

Давайце паслухаем.

“Дзень самаадукацыі праводзіўся. Дзеці былі вельмі рады. Працавалі як пчолкі. На перапынак давялося прымусіць адарвацца ад справы і выйсці з класа” (Н.Л.Ралькевіч, сярэдняя школа № 3 Старых Дарог).

“Гэта любімы дзень маіх вучняў, прычым усіх. Наша новенькая дзяўчынка, якая ў вучобе не моцная, шмат робіць памылак па мовах, паказала мне сваю работу, і я была здзіўлена: ніводнай памылкі пры спісванні, усё акуратненька, знайшла цікавую інфармацыю. Увогуле, у класе цішыня, рабочая атмасфера, нікому не трэба рабіць заўвагі. Самае цікавае, якія змены я ўбачыла, — гэта тое, як прэзентавалі свае знаходкі вучні. Вось тут я зразумела, як пасталелі мае дзеці!” (І.М.Рудая, гімназія № 1 Ваўкавыска).

“Паведамленне пра тое, што заўтра будзе дзень самаадукацыі, дзеці сустрэлі радаснымі воклічамі. У параўнанні з мінулым годам павялічылася колькасць пазнавальнай літаратуры. Бацькі сталі дарыць дзецям на дні нараджэння энцыклапедыі або проста так купляць іх, што сведчыць пра зацікаўленасць бацькоў у развіцці сваіх дзяцей” (Л.С.Сляпцова, сярэдняя школа № 14 Оршы).

“Дзень самаадукацыі — ад зін з доўгачаканых дзён для вучняў майго класа. Гэты від работы падабаецца дзецям магчымасцю выкарыстоўваць сваё права выбару тэматыкі і спосабу вывучэння матэрыялу. У працэсе такой работы вучні навучыліся без хвалявання выказваць сваё меркаванне. Працэс абмену інфармацыяй захапляе іх і садзейнічае развіццю навыкаў калектыўнага ўзаемадзеяння” (М.Р.Марчанка, сярэдняя школа № 8 Ліды).

“Вучням падабаецца дзень самаадукацыі сваім незвычайным фарматам, тым, што па стылі выбіваецца з шэрага звычайных вучэбных дзён. Вучні праяўляюць цікавасць да такіх урокаў, захоплена працуюць над матэрыялам. Такі від работы матывуе іх да пазнавальнай дзейнасці, якая працягваецца і ў пазаўрочны час” (І.М.Саладунова, гімназія № 36 Мінска).

“Энцыклапедыі і новыя кнігі вучні прынеслі з задавальненнем і самі нагадвалі пра дзень самаадукацыі. Пры абароне сваіх работ арганізоўвалі спаборніцтвы, асабліва, калі былі падобныя тэмы. Дзецям вельмі падабаецца! Дзяўчынкі, якія прыйшлі да нас у клас у гэтым годзе, удзельнічалі ў дні самаадукацыі з вялікай цікавасцю і сказалі, што так яны ніколі не рабілі ў іншай школе” (А.І.Буневіч, сярэдняя школа № 1 Астраўца).

“На жаль, я ў гэты час хварэла. Але радуе тое, што дзеці не забылі пра яго, і настаўніку, які замяняў мяне, усё падрабязна расказалі, і дзень самаадукацыі адбыўся. Дзецям вельмі падабаецца, яны даведваюцца шмат новага, з задавальненнем выступаюць перад аднакласнікамі. Форма работы незвычайная, пазнавальная, дзеці знаходзяць для сябе шмат новага і цікавага. Бяру яе сабе ў скарбонку” (М.М.Карбаценка, дзіцячы сад — пачатковая школа № 63 Гомеля).

“Дзеці загадзя цікавіліся самі, ці будзе такі у 3 класе. Да выбару кніг пачалі ставіцца больш свядома. Стараліся свае выступленні перад іншымі зрабіць больш яркімі, запамінальнымі (шукалі цікавыя факты, рабілі ілюстрацыі)” (В.І.Войцік, сярэдняя школа № 111 Мінска).

“О, вядома! Немагчыма было б яго не правесці, калі пра яго яшчэ з пачатку чвэрці пыталіся ўсе! Толькі назвы ніяк не маглі ўспомніць. У гэтай чвэрці я вырашыла праверыць, што запомнілі пра арганізацыю такога дня самі вучні, толькі сказала, што ў апошні дзень чвэрці будзе доўгачаканы дзень самаадукацыі. Ніводнай непатрэбнай кнігі вучні не прынеслі! Яны ўжо запомнілі, што такое пазнавальная літаратура. На 15 маіх вучняў было 62 кнігі і часопісы. Мне ўсе, перапыняючы адно аднаго, расказалі, чым яны будуць займацца, хутка разабралі свае сшыткі (іх мы захавалі з мінулага года) і селі за парты. Фізкультхвілінкі не хацелі праводзіць, на перапынак адмаўляліся ісці. Давялося правесці гутарку пра здароўезберажэнне.

У гэты дзень па раскладзе ў нас яшчэ музыка. Настаўнік музыкі пасля ўрока мяне спытаў, чым такім цікавым мы займаемся, што дзеці нават на музыцы глядзелі на гадзіннік і чакалі канца ўрока. Мае вучні ў калідоры ўсім хваліліся сваімі работамі, а потым настаўнікі старшых класаў прыходзілі да мяне па кансультацыю.

У сшыткі вучні ўжо выпісвалі сапраўды цікавыя звесткі, факты, хоць яшчэ і засталіся вучні, якія пісалі ўсё, што бачаць. Але такіх вучняў усяго двое (у мінулым годзе была трэцяя частка класа)” (В.С.Кандрацюк, сярэдняя школа в.Новыя Лышчыцы).

“Дзень самаадукацыі стаў традыцыйным. Адносіны да яго не змяніліся: па-ранейшаму гэтага дня чакаюць з нецярпеннем. Цяпер не я нагадвала пра гэты дзень, а, наадварот, яны — мне. Яшчэ б! У гэты дзень усе заняты самастойнай дзейнасцю, заснаванай на цікавасці. Гэтая работа, на мой погляд, не толькі актывізуе мысліцельную дзейнасць, развівае пазнавальную цікавасць, але і фарміруе важныя якасці вучня: самастойнасць, назіральнасць, знаходлівасць, кемлівасць, уседлівасць. Усім без выключэння падабаецца выступаць. Вучымся ўважліва слухаць дакладчыка, задаваць пытанні, аб’ектыўна ацэньваець выступленне” (А.Я.Лабай, сярэдняя школа № 9 Кобрына).

“Адносіны дзяцей цудоўныя. Калі ў другім класе крыху стамляліся, дастаткова было трох урокаў для самастойнага чытання, то цяпер дзяцей немагчыма было адарваць ад кніг. У вучняў пачынаюць фарміравацца свае інтарэсы, яны перагледзелі ўсе кнігі, якія ім цікавыя, з захапленнем дзяліліся прачытаным, асабліва тым, чаго раней не ведалі. Ад бацькоў толькі станоўчыя водзывы” (А.А.Чаркасава, сярэдняя школа № 2 Докшыц).

“Дзецям вельмі падабаецца дзень самаадукацыі. Яны называюць яго дзень самавучэння, таму што яны самі здабываюць веды і перадаюць іх іншым” (В.П.Люндышава, гімназія Светлагорска).

А мяне больш за ўсё здзіўляе тое, што такія цудоўныя дасягненні з’явіліся ўсяго пасля 3—4 разоў правядзення такога дня! Хаця на самай справе гэты WOW-эфект лёгка можна растлумачыць: дзеці ледзь не ўпершыню становяцца ад зін для аднаго носьбітамі новай інфармацыі (у адрозненне ад традыцыйных пераказаў, калі ўсе чытаюць адзін і той жа тэкст, і значэнне такога віду дзейнасці разумее толькі настаўнік); дзецям ледзь не ўпершыню прадастаўлена рэальная магчымасць выбару і самавызначэння. Зразумела, ім гэта падабаецца.

А яшчэ неабходна адзначыць, што атрыманыя вынікі цалкам узгадняюцца з патрабаваннямі адукацыйнага стандарту пачатковай адукацыі: вучні павінны авалодаць асновамі ўмення вучыцца, а таксама навучыцца карыстацца разнастайнымі крыніцамі інфармацыі пры арганізацыі самастойнай вучэбнай дзейнасці, праяўляць пазнавальную актыўнасць.

Таксама ў вучняў паступова фарміруецца сапраўдная чытацкая самастойнасць, пад якой вядомы метадыст Н.М.Святлоўская разумее патрэбу і здольнасць чытаць кнігі па ўсвядомленым выбары; больш за тое, чытацкая самастойнасць вызначаецца як аснова бесперапыннай самаадукацыі і самаразвіцця — што і неабходна было даказаць!

Хаця аднойчы я пачула: “Ды нічога дзіўнага ў гэтым вашым дні самаадукацыі няма! Урокаў няма, вось дзеці і задаволены, што не вучацца!” Але, здаецца, што ўсё наадварот: якраз дзеці менавіта і вучацца, прычым у тым першапачатковым сэнсе гэтага слова, таму што яны вучаць сябе! А тое, што гэта робіцца за межамі раскладу, па ўласным плане, — дык і ў рэальным жыцці ў кожнага таксама свой шлях.

Ну, што, паспрабуем? Паспеем яшчэ сказаць, што заўтра ўсе ўрокі адмяняюцца, а вучоба працягваецца? Спачатку чытаем і пішам, а потым расказваем — і ніякага дадатковага абсталявання і фінансавання, ніякай спецыяльнай падрыхтоўкі і асаблівай методыкі: вучыся — не хачу! (хаця на самай справе, менавіта ХАЧУ!)

Святлана ГІН.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.