Быць пісьменным проста

Тэставы кантроль як сродак павышэння якасці адукацыі

На ўроках беларускай мовы педагогі прымяняюць самыя розныя сродкі для фарміравання ў вучняў арфаграфічнай пісьменнасці. Завучванне правілаў не прыводзіць да пісьменнасці дзяцей, не развівае іх арфаграфічную пільнасць і памяць. Як паказвае вопыт, толькі адзінства маўлення і мыслення, тэорыі і практыкі, ведаў і навыкаў дае магчымасць свядома прымяняць правілы ў працэсе пісьма. Імкненне развіваць уменне вучняў бачыць арфаграмы і правільна іх пісаць садзейнічае стварэнню настаўнікамі адпаведных заданняў.

Папрацаваўшы з рознымі відамі заданняў і не адмаўляючы іншых форм фарміравання арфаграфічных навыкаў, з мэтай эканоміі часу і атрымання найбольш аб’ектыўных вывадаў аб узроўні ведаў і ўменняў вучняў я аддала перавагу тэставым заданням. На мой погляд, сіс­тэматычнае выкарыстанне розных тэставых заданняў на ўроках беларускай мовы ў 5—9 класах спрыяе павышэнню арфаграфічнай пісьменнасці вучняў.

Тэст — кароткі, строга стандартызаваны іспыт, які дазваляе колькасна вызначыць вынік і, значыць, дае магчымасць ажыццявіць яго матэматычную апрацоўку. У адукацыйнай практыцы выкарыстоўваюцца дыдактычныя (у некаторых крыніцах — педагагічныя) тэсты, мэтай правядзення якіх з’яўляецца фарміраванне адпаведных уменняў і навыкаў, а таксама вызначэнне ўзроўню іх засваення.

Педагагічны тэст — сукупнасць тэставых заданняў, па выніках якіх вызначаецца ўзровень падрыхтаванасці вучняў па вучэбным прадмеце. Тэставыя кантрольныя работы праводзяцца з 8 класа.

Апошнія гады ў школьнай практыцы шырокае распаўсюджанне атрымалі тэставыя заданні як сродак навучання, а таксама бягучага і сістэматычнага кантролю. Тэсты даюць магчымасць правесці экспрэс-аналіз узроўню засваення вучнямі пэўнага раздзела (тэмы). Тэставыя заданні могуць выкарыстоўвацца, па-першае, на ўроках, калі неабходна ўзнавіць раней вывучаны матэрыял (з мэтай праверкі гатоўнасці вучняў да ўспрымання новай тэмы), а па-другое, адразу пасля вывучэння тэмы і, нарэшце, пры выніковым паўтарэнні. У сувязі з гэтым адрозніваюць тры віды тэсціравання: дыягнастычнае, навучальнае і кантрольнае.

У навукова-метадычнай літаратуры апісаны розныя механізмы распрацоўкі тэставых заданняў. А самі тэсты могуць адрознівацца як па форме прадстаўлення, так і па змесце. Найбольш распаўсюджанай з’яўляецца наступная класіфікацыя тэставых заданняў:

1) закрытыя заданні, у якіх вучань выбірае правільны адказ з прапанаванага набору адказаў. Могуць быць двух відаў — з абмежаваннямі, накладзенымі на адказ, і з адказам, які свабодна канструюецца;

2) адкрытыя заданні (заданні на дапаўненне), якія патрабуюць ад вучня самастойна сфармуляваць адказ;

3) заданні на ўстанаўленне адпаведнасці, выкананне якіх звязана з выяўленнем адпаведнасці паміж элементамі дзвюх груп;

4) заданні на ўстанаўленне правільнай паслядоўнасці, у якіх вучань павінен адзначыць правільны парадак дзеянняў або працэсаў.

Вылучаюць шэраг патрабаванняў, якім павінны адпавядаць тэставыя заданні:

1. Кожнае тэставае заданне мае свой нумар. Звычайна заданні ў тэсце размешчаны па ўзрастанні ступені складанасці, хаця дапускаецца, каб складанасць заданняў вагалася ў розных кірунках па меры выканання тэста.

2. Кожнае тэставае заданне мае эталон правільнага адказу. Заданні, якія не маюць правільнага адказу або прадугледжва­юць варыянты адказаў, нека­рэктна ўключаць у тэст.

3. У тэставых заданнях усе элементы размешчаны на канкрэтна вызначаных месцах, зафіксаваных у рамках выбранай формы.

4. Тэставыя заданні адной формы суправаджаюцца стандартнай інструкцыяй, якая папярэднічае фармулёўцы заданняў у тэсце.

5. Для кожнага тэставага задання распрацоўваюцца правілы выстаўлення адзнакі (бала).

6. Тэставае заданне павінна быць дастаткова кароткім па форме прадстаўлення і па часе выканання.

7. Усе выказванні тэста павінны быць зразумелыя для ўсіх вучняў без выключэння.

8. Па магчымасці трэба пазбягаць зваротаў з адмоўем “не”, варта аддаваць перавагу сцвярджэнням (як станоўчым, так і адмоўным).

У заданнях адкрытага тыпу (заданнях на дапаўненне) гатовыя адказы не даюцца, іх неабходна сфармуляваць самастойна. Адрозніваюць два віды адкрытых заданняў: адкрытыя заданні з абмежаваннямі, накладзенымі на адказ, і адкрытыя заданні з адказам, які свабодна канструюецца. Апошнія адрозніваюцца тым, што вучням неабходна самім сфармуляваць правільны адказ і запі­саць яго.

Распрацоўка заданняў на дапаўненне падпарадкоўваецца наступным правілам:

• кожнае тэставае заданне павінна быць накіравана толькі на адзін адказ, месца якога адзначана пэўным чынам (прочыркам, шматкроп’ем або, як на цэнтралізаваным тэсціраванні, спецыяльнымі сімваламі ў бланку адказаў);

• прочырк ставіцца на месцы ключавога элемента, веданне якога з’яўляецца найбольш істотным для правяраемага матэрыялу;

• тэкст павінен мець простую сінтаксічную канструкцыю і змяшчаць мінімальную колькасць інфармацыі, неабходнай для правільнага выканання задання.

Заданні закрытага тыпу могуць уключаць:

•   выбар адказу з некалькіх прапанаваных варыянтаў;

• знаходжанне адпаведнасці паміж элементамі дзвюх груп;

•  устанаўленне правільнай паслядоўнасці дзеянняў.

Закрытае заданне з выбарам адказу звычайна ўключае пытанне і некалькі варыянтаў адказаў (прыкладаў) да яго. Вучню неабходна выбраць сярод адказаў правільныя.

Праўдападобныя адказы называ­юць дыстрактарамі, звычайна іх не больш за пяць. Дыстрактар падбіраюць з улікам тыповых памылак школьнікаў. Калі ніхто з вучняў яго не выбраў, дыстрактар называюць непрацуючым. Такі варыянт адказу замяняюць пры наступнай дапрацоўцы тэста.

У заданнях на ўстанаўленне адпаведнасці вучню трэба вызначыць сувязі паміж элементамі дзвюх груп. Заданне звычайна афармляецца ў выглядзе двух слупкоў, з якіх левы змяшчае элементы групы, у якой пастаўлена праблема, а правы — элементы, з якіх трэба выб­раць адказы.

Заданне на ўстанаўленне адпаведнасці можа быць як адкрытага, так і закрытага тыпу.

У сваёй рабоце я выкарыстоўваю тэсты розных відаў: адкрытага і закрытага тыпу, тэсты-крыжаванкі, тэсты-размалёўкі і інш. Аднак найбольш папулярнымі сталі тэставыя заданні, распрацаваныя на аснове камп’ютарнай праграмы МуТеstХ.

MyTestХ — гэта праграма тэсціравання навучэнцаў, рэдактар тэстаў і журнал вынікаў для стварэння і правядзення камп’ютарнага тэсціравання, збору і аналізу вынікаў, выстаўлення адзнакі па выбранай у тэсце шкале. Праграма лёгкая і зручная ў выкарыстанні. Усе навучэнцы хутка і лёгка асвойваюць яе. Для стварэння тэстаў маецца вельмі зручны рэдактар тэстаў з дружалюбным інтэрфейсам. Любы настаўнік-прадметнік, нават які валодае камп’ютарам на пачатковым узроўні, можа лёгка скласці свае тэсты для праграмы MyTestХ і выкарыстоўваць іх на ўроках.

Праграма MyTest працуе з сямю тыпамі заданняў: адзіночны выбар, множны выбар, устанаўленне парадку дзеяння, устанаўленне адпаведнасці, ручны ўвод колькасці, ручны ўвод тэксту і выбар месца на малюнку. Для кожнага задання ў тэсце можна індывідуальна задаць складанасць (колькасць балаў за правільны адказ) ад 1 да 100, максімальны час абдумвання задання і іншыя параметры.

Адзнака навучэнца вылічваецца па балах. Узровень ацэнкі ў працэнтах задаецца ў рэдактары. Шкала ацэнкі можа быць любой — ад двухбальнай (залік/незалік) да 100-бальнай. Найбольш зручнай, на мой погляд, з’яўляецца 10-бальная сістэма ацэньвання. Тэкст пытанняў і варыянтаў падтрымлівае фармаціраванне. Вы можаце мяняць шрыфт, яго памеры, колер, напісанне, выкарыстоўваць надрадковыя і падтэкставыя індэксы, мяняць выраўноўванне і ствараць спісы. Для гэтага ў рэдактары тэстаў ёсць WordPad. Таксама вы можаце рэдагаваць тэкст у сваім тэкставым рэдактары (напрыклад, Word) і ўстаўляць у праграму.

Дадзеная праграма ўсталявана на ўсіх школьных камп’ютарах нашай установы адукацыі. Яна даволі простая ў выкарыстанні, дазваляе ацаніць веды вучняў па 10-бальнай сістэме адразу пасля выканання заданняў.

Ёсць дастаткова шмат распрацаваных тэстаў па беларускай мове, якія выхо­дзяць асобнымі выданнямі, а таксама друкуюцца на старонках прадметных часопісаў. Але ў гэтых тэстах мяне не задавальняла тое, што ў адзін варыянт уключаны заданні розных відаў. Праграма МуТеstХ дазваляе выкарыстоўваць тэставыя заданні толькі пэўных тыпаў, што не ўскладняе падрыхтоўку да правядзення тэставай работы.

На працягу некалькіх гадоў я падрыхтавала банк камп’ютарных тэставых заданняў для 5—9 класаў па розных тэмах, якія можна выкарыстоўваць на розных этапах урока. 

Пачынаючы з 5 класа, прывучаю дзяцей да асэнсаванага рашэння тэставых заданняў па кожнай тэме. Гэта дазваляе выпрацаваць свой падыход у выкладанні прадмета. Перад пачаткам работы вельмі важна вызначыць узровень стартавых пазіцый моўных кампетэнцый вучняў, матывацыйную падрыхтаванасць да дадзенага віду дзейнасці. Для гэтага ў пачатку навучальнага года праводжу дыягнастычны тэст на  паўтарэнне вывучанага матэрыялу за папярэдні клас, які паказвае ўзровень ведаў вучняў. Паўтарэнне вывучанага ў 1—4 класах з выкарыстаннем тэстаў праходзіць для вучняў цікава і плённа, паколькі заахвочвае вучняў паказаць сябе з лепшага боку.

Тэставая работа можа выкарыстоўвацца і пры вывучэнні новага матэрыялу. У гэтым выпадку бяру за аснову не кантралюючую функцыю тэстаў, а навучальную. Тэсты дапамагаюць мне вызначыць ступень засваення паняццяў, тэрмінаў. Акрамя гэтага, яны даюць магчымасць за кароткі час праверыць, як вучні засвоілі новы матэрыял.

На працягу некалькіх гадоў пры правядзенні ўрокаў беларускай мовы практыкую пастаяннае выкарыстанне тэматычных тэставых заданняў. Прашу вучняў знаходзіць у тэсце тыя заданні, з якімі яны могуць справіцца адразу, і выконваць у першую чаргу іх. У працэсе выканання такіх тэматычных тэстаў даю школьнікам парады, на якіх заданнях можна сэканоміць час, каб перайсці да больш складаных. Вучу дакладна прымяняць вывучаныя на ўроках і падчас паўтарэння і сістэматызацыі правілы, умець арыентавацца ў азначэннях, класіфікацыях і г.д. Бачу сваю задачу як настаўніка ў тым, каб на гэтым этапе дапамагаць вучням даводзіць пэўныя практычныя ўменні да аўтаматызму. Тым больш што такі падыход да арганізацыі работы з тэматычнымі тэстамі прадыктаваны і асаблівасцямі распрацоўкі тэставых заданняў.

Віды заданняў могуць быць самыя розныя: адны з іх патрабуюць выбраць правільны працяг азначэння, правіла, другія — знайсці правільныя адказы ці сцвярджэнні, трэція — вызначыць прапушчаныя літары і знакі прыпынку, чацвёртыя — знайсці памылкі ва ўжыванні пэўнай моўнай з’явы.

Асаблівую ўвагу ўдзяляю тэстам, якія прымяняю на ўроках падагульнення і сіс­тэматызацыі вывучанага матэрыялу. Выкарыстанне тэставых заданняў на такіх уроках стала сістэматычным, што дазваляе выяўляць узровень засваення пэўнага раздзела мовы, а таксама прабелы і недахопы ў ведах вучняў.

Перад выкананнем тэставых заданняў абавязкова даю вучням парады па іх рашэнні: чытаць вельмі ўважліва фармулёўкі заданняў тэста; памятаць, што кожнае заданне можа мець 1, 2 і больш правільных адказаў; заданні тэстаў лепш выконваць паслядоўна; пасля выканання ўсіх заданняў неабходна ўважліва праверыць сваю работу.  

Сістэматычнае выкарыстанне на ўроках тэставых заданняў станоўча ўплывае на фарміраванне арфаграфічнай пісьменнасці, падахвочвае вучняў больш уважліва і сістэмна працаваць з матэрыялам падручніка, удзяляць больш увагі самападрыхтоўцы.

Распрацаваныя і сістэматызаваныя шаблоны — канструктары тэставых заданняў — скарачаюць час настаўніка на падрыхтоўку тэстаў да ўрока. Больш падрабязную інфармацыю аб праграме, а таксама апошнюю версію праграмы можна знайсці па адрасе http://mytest.klyaksa.net (раздзел інфармацыйна-адукацыйнага партала Клякс@.net, прысвечаны гэтай праграме).

Наталля МАЛІНОЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Гурнаўшчынскага дзіцячага сада — базавай школы Клецкага раёна.

Заданне на ўстанаўленне адпаведнасці

Устанавіце адпаведнасць паміж фразеалагізмамі і іх лексічным значэннем. Адказ запішыце.

А. гнуць сваю лінію;
Б. з агню ды ў полымя;
В. таўчы ваду ў ступе;
Г. падняць на ногі.

1) выхаваць да сталасці, да паўналецця;
2) марнаваць час;
3) з адной непрыемнасці ў другую;
4) настойліва дабівацца;
5) не звяртаць увагі, не заўважаць чаго-небудзь.

Адказ запісваецца наступным чынам: А4Б3В2Г1.