Каляды і Новы год — асаблівы час. Гэта час казак, цудаў, добрага настрою і, канечне, падарункаў.
Хочацца ўнесці часцінку чараўніцтва і ў вучэбны працэс. Таму было вырашана правесці ў 5 “А” класе Christmas Quest, які падарыў дзецям вялікую колькасць станоўчых эмоцый і задавальнення. Квест таксама быў прысвечаны тэме Specialday, якую вучні праходзяць у 5 класе. Яго працягласць — 1 урок.
Па сюжэце ведзьма ўкрала лічбы ад цыферблата чароўнага гадзінніка. Санта Клаус вельмі засмучаны, бо без гэтага гадзінніка не наступіць Новы год. Санта напісаў дзецям пасланне з просьбай дапамагчы яму знайсці ўсе лічбы ад 1 да 12, каб Новы год наступіў і Cанта Клаус мог даставіць падарункі ўсім дзецям своечасова.
У канверце ёсць першая падказка ад ведзьмы, якая і пачынае квест. На працягу ўсяго ўрока вучні будуць знаходзіць канверты з заданнямі і лічбамі ад цыферблата.
Для квеста спатрэбіцца:
1. сцэнарый заняткаў;
2. ліхтарыкі;
3. навагоднія шкарпэткі;
4. плюшавы мядзведзь;
5. гаршкі з кветкамі;
6. ёлка;
7. шкатулка або скрынка;
8. кодавы замок;
9. карціна;
10. падрыхтаваныя загадзя канверты з заданнямі.
Пачынаем. Вучні дзеляцца на дзве каманды. Яны атрымліваюць гадзіннік і канверт ад Санта Клауса, у якім знаходзяцца “шкляныя” шары і пасланне. Шары “адрэзаны” ад падстаўкі. Вучні павінны суаднесці словы на падстаўках і шары з карцінкамі. Але для аднаго шара (з выявай пінгвіна) падстаўка пустая, без подпісу. Гэта і з’яўляецца падказкай, дзе шукаць наступнае заданне.
Дзеці пачынаюць шукаць выяву пінгвіна ў класе. Каля знойдзенай карцінкі ляжыць канверт, заклеены з адваротнага боку штампам ведзьмы. У ім знаходзяцца маленькія пінгвіны і адна лічба ад цыферблата. На маленькіх пінгвінчыках напісаны словы-назоўнікі. Трэба вызначыць, якія з іх ужываюцца з артыклем А, а якія з артыклем АN. Але адно слова напісана ў множным ліку (шкарпэткі — stockings). Гэта і ёсць падказка, дзе шукаць наступнае заданне. У гэтым заданні дзеці паўтараюць тэму “Ужыванне артыкля a/an”.
У навагодніх шкарпэтках вучні знаходзяць наступны канверт. У ім заданне, літары алфавіта і дзве лічбы ад цыферблата. Вучні раскладваюць літары ў алфавітным парадку, але чатырох літар не хапае (D, E, K, S). Дзеці складаюць слова з гэтых літар (desk). Гэта наступная падказка. Вучні пачынаюць шукаць наступны канверт на партах і пад імі.
Пад партай хлопчыкі і дзяўчынкі знаходзяць канверт з крыжаванкай і адной лічбай ад цыферблата. Вучні разгадваюць крыжаванку, а літары з выдзеленых клетак запісваюць у поле ніжэй і такім чынам атрымліваюць падказку, дзе шукаць наступны канверт (flowers).
Наступны канверт знаходзяць пад гаршком з кветкамі. У канверце круг-дэшыфратар, шыфр і дзве лічбы. Круг-дэшыфратар складаецца з дзвюх частак. Іх суадносяць у адпадведным парадку і расшыфроўваюць пасланне (themissingnumberishiddenunderthechair).
Пад крэслам прыклеены канверт з заданнем, карцінкамі-пазламі і адной лічбай. Вучні складваюць элементы пазла і атрымліваюць карцінкі. На кожнай карцінцы напісаны слова і зялёная лічба, што ўказвае на літару, якую трэба ўзяць з гэтага слова. З першай карцінкі Bird бяром першую літару В, з другой — Penguins — другую літару Е, з трэцяга слова Snowman — шостую літару А, а з апошняга Reindeer — восьмую літару R. Атрымліваецца слова Bear.
Плюшавы мядзведзь трымае канверт у лапах. У канверце дзве лічбы і заданне, якое нагадвае марскі бой. Вучні выконваюць заданне, і ў іх адтрымліваецца слова Picture. Затым яны ідуць шукаць наступнае заданне — ля карціны.
За карцінай знаходзяць канверт, у якім — рэбус і дзве літары. Вучні разгадваюць рэбус (findatorch) і адпраўляюцца шукаць ліхтарыкі.
Побач з ліхтарыкамі ляжыць канверт. У канверце — выява Санта Клауса (яна склеена з трох частак, і без ліхтарыка нельга ўбачыць, што знаходзіцца ўнутры) і апошняя лічба. Вучні падсвечваюць карцінку ліхтарыкам і называюць прадметы, якія бачаць. Адзін з іх абведзены — Christmastree. Гэта наступная падказка.
Усе вучні ідуць да ёлкі. Пад ёй дзеці знаходзяць шкатулку. Але і тут не ўсё проста. Шкатулка закрыта на кодавы замок. А побач ляжыць апошняе заданне. Вучням трэба рашыць прыклады, а адказы будуць кодам да замка.
У шкатулцы знаходзіцца пасланне з падзякай ад Санта Клауса і прысмакі для дзяцей.
Вольга БУЙКО,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Слоніма імя П.І.Батава.