“Альхоўка”-2021: пад знакам крэатыўнасці

Лета ў самым разгары! Як жа свае адпачынкі праводзяць нашы калегі? Усе па-рознаму. Больш за пяцьдзясят настаўнікаў фізікі, мовы і літаратуры, іншых вучэбных прадметаў аддалі перавагу курсам павышэння кваліфікацыі ў метадычным летніку “Альхоўка”. Аўтару гэтых радкоў пашчасціла стаць іх удзельнікам. Чаму пашчасціла? Прачытаўшы артыкул, вы зразумееце гэта і, верагодна, пастараецеся ў наступным годзе таксама стаць удзельнікам унікальнай адукацыйнай падзеі.

Праект рэалізуецца з 1990 года пад эгідай Акадэміі паслядыпломнай адукацыі пры падтрымцы аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама. Аўтарам і натхняльнікам праекта, аўтарам курсаў з’яўляецца прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА Мікалай Іванавіч Запрудскі. Каб стаць удзельнікам летніка, трэба вытрымаць конкурс. Базай для правя­дзення служыць Альхоўская сярэдняя школа, у класах якой праводзяцца вучэбныя заняткі. Снедаюць і абедаюць удзельнікі ў школьнай сталовай, некаторыя з іх пражываюць у прышкольным інтэрнаце. Частка заняткаў, многія мерапрыемствы і вячэра арганізуюцца на лясной паляне на беразе вадасховішча на рацэ Страча — за кіламетр ад школы. Кожны год павышэнне кваліфікацыі праводзіцца па новай тэме. Сёлета яна гучыць так: “Крэатыўнасць настаўніка як умова развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў”.

Курсы праходзілі на працягу пяці тыдняў у два этапы: першы — дыстанцыйны (з 31 мая па 25 чэрвеня), другі — вочны, непасрэдна ў летніку (з 28 чэрвеня па 2 ліпеня). Дыстанцыйны этап уключаў у сябе вывучэнне тэарэтычнага матэрыялу па тэме, дзве кантрольныя работы і запаўненне выніковай анкеты. Мы даведаліся, як адкрыць у сабе крэатыўнасць, выявіць тып свайго мыслення і ацаніць узровень уласнай крэатыўнасці. Настаўнікі пазнаёміліся з метадамі творчага с­амаразвіцця, выхавання крэатыўнасці ў навучэнцаў, прыйшлі да высновы, што неабходна яе развіваць, паколькі крэатыўнасц­ь вельмі важная для сучаснага педагога і аказвае дабратворны ўплыў на выхаванне і развіццё навучэнцаў.

Толькі пасля паспяховага выканання кантрольных работ слухач атрымліваў асабістае запрашэнне ад аўтара курсаў на ў­дзел у вочным этапе. Ветліва сустрэў альхоўскі летнік 18 першагодкаў — тых, хто прыехаў сюды ўпершыню, і тых педагогаў, якія ўжо неаднаразова сюды прыязджалі. За 31 год склалася традыцыя цёплай сустрэчы тых, хто прыехаў у летнік зноў, з добразычлівымі абдымкамі сяброў і незнаёмых лю­дзей, з радаснымі, шчырымі ўсмешкамі. У прывітальным коле ў­дзельнікі прадстаўляюцца, расказваюц­ь пра галоўныя падзеі свайго прафесійнага і асабістага жыцця, што адбыліся за мінулы год, і выказваюць свае чаканні ад навучання на курсах у летніку.

Першы дзень заняткаў быў праве­дзены ў фармаце Mini EdCamp. На працягу мінуты педагогі расказвалі пра вопыт творчага самаразвіцця або развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў. Выступіць трэба было так, каб зацікавіць сваёй асобай і вопытам удзельнікаў летніка. Затым з дапамогай стыкераў слухач выбіраў для сябе тэмы чатырох майстар-класаў/прэзентацый, якія ён хацеў бы наведац­ь. Найбольшую колькасць галасоў атрымалі наступныя майстар-класы: “Настаўніцкія ініцыятывы” (Ірына Адамовіч), “Друдлы” (Вераніка Васільева), “Фізіка ў цацках” (Алена Ступчык), “Жыццё або кашалёк?” (Надзея Жвавая). У слухачоў і выкладчыка склалася ўяўленне аб крэатыўна-педагагічным патэнцыяле групы і асобных педагогаў, стала зразумела, хто і чым будзе цікавы не толькі на занятках, але і ў кулуарных зносінах.

Другі вучэбны дзень быў прысвечаны праблеме крэатыўнасці самога настаўніка. Прадуктам дня стала асабістая праграма ў­дзельніка па развіцці ўласнай крэатыўнасці. Слухачы прыйшлі да высновы, што крэатыўнасць педагога — гэта сума яго творчых здольнасцей, якія характарызуюцца гатоўнасцю да параджэння прынцыпова новых, незвычайных ідэй, што адрозніваюцца ад традыцыйных схем мыслення.

Наступныя дні мы займаліся практычнымі аспектамі развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў: абмеркавалі і апісалі адукацыйнае асяроддзе ўрока, якое з’яўляецца неабходнай умовай развіцця крэатыўнасці школьнікаў. У прыватнасці, яно характарызуецца атмасферай супрацоўніцтва, а не канкурэнцыі; заахвочваннем педагогамі матывацыі дасягненняў; нязмушанай абстаноўкай; адсутнасцю пагроз і прымусу; падтрымкай вылучаных навучэнцамі ідэй; свабодай дзеянняў і адсутнасцю крытыкі; дамінаваннем ацэнкі і самаацэнкі над адзнакай і да т.п. Карысным быў і сам працэс апісання ўдзельнікамі гэтага асяроддзя.

Далей мы пазнаёміліся з метадамі і сродкамі развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў: трэнінгі крэатыўнасці, мазгавы штурм, брэйнрайтынг, ментальныя карты, інфаграфіка, шэсць капелюшоў Эдварда дэ Бано, марфалагічны аналіз, аглюцынацыя, сінектыка, крэатыўныя заданні, праектная работа, ТРВЗ і інш. Гэта была карысная практыка: пад выбраныя намі характарыстыкі крэатыўнасці мы падбіралі адэкватныя метады і абгрунтоўвалі свой выбар.

Важным этапам, які ў пэўнай ступені дэманстраваў новы атрыманы на курсах вопыт удзельнікаў павышэння кваліфікацыі, быў этап праектавання — па выбары слухачоў:

1) урока, накіраванага не толькі на засваенне вучэбнага матэрыялу, але і на развіццё той ці іншай творчай здольнасці: адчувальнасц­ь да праблем, бакавое мысленне, лёгкасць генерыравання ідэй, уменне фантазіраваць, перанос у іншую сферу, развітасць інтуіцыі, талерантнасць да сітуацыі няпэўнасці і да т.п.;

2) майстар-класа для калег. Заўважым, што гэтаму варыянту аддалі перавагу або настаўнікі-метадысты, або тыя педагогі, якія рыхтуюцца да адпаведнага кваліфікацыйнага экзамену;

3) квеста для яго правядзення з навучэнцамі. Удзельнікі прыдумалі заданні, выкананне якіх накіравана на развіццё ў вучняў шэрага творчых здольнасцей.

Слухачы павышэння кваліфікацыі плануюць пасля апрабацыі ў наступным навучальным годзе распрацаваных урокаў, квестаў, майстар-класаў, адпаведнай іх карэкціроўкі апублікаваць матэрыялы ў сродках педагагічнага друку.

Увагу ўдзельнікаў прыцягнулі “спецыяльныя госці”, якія штодзень пасля абеду радавалі нас актуальнай інфармацыяй і новым вопытам. У першы дзень гэта была ўнікальны педагог, дзіўны чалавек Святлана Іванаўна Гін, прафесар кафедры педагогікі Гомельскага ІРА, кандыдат педагагічных навук, аўтар шматлікіх кніг, у тым ліку па развіцці крэатыўнасці навучэнцаў пачатковых класаў.

Падчас свайго выступлення Святлана Іванаўна падзялілася прыёмам “Думай пра іншае” і методыкай “Узроўні навізны”. Яна звярнула ўвагу на тое, што адным з вядучых прынцыпаў ТРВЗ-педагогікі з’яўляецца прынцып задачнага рэжыму: навучыць дзяцей любую праблему (цяжкасць, перашкоду) успрымаць як задачу, якая ўключае два пытанні: “Як быць?” і “А як яшчэ?”. Пры сістэматычным прытрымліванні гэтага прынцыпу ў школьнікаў фарміруецца гатоўнасць смела думаць і развіваюцца адпаведныя навыкі (пад дэвізам “Увесь свет — адкрытая задача, рашай — чакае цябе ўдача!”). Зрабіць працэс навучання займальным і захапляючым дапамагае гульня “Крэатыў — бой”, якую Святлана Іванаўна правяла з педагогамі. Хоць гульня прыдумана прыхільнікамі ТРВЗ адносна нядаўна, яна хутка заваявала папулярнасць. Розныя турніры праводзяцца не толькі паміж класамі, групамі, атрадамі, але і дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям бываюць міжрэгіянальнымі і міжнароднымі.

Тэмай нашай гульні сталі сюжэты з кнігі Э.Распэ “Прыгоды барона Мюнхаўзена”. У адрозненне ад “самага праўдзівага чалавека на Зямлі”, які ўмеў падарожнічаць на ядры або змог застацца ў жывых, апынуўшыся паміж кракадзілам і львом, трэба было прыдумаць рэалістычныя спосабы выхаду з цяжкіх сітуацый.

Спецыяльным госцем наступнага дня быў Сяргей Аркадзьевіч Гарбацэвіч, педагог дадатковай адукацыі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. У сваім выступленні ён адзначыў асаблівую важнасць арганізацыі работы з адоранымі навучэнцамі, звярнуў увагу на механізмы іх крэатыўнага развіцця, вопыт суправаджэння даследчай і праектнай дзейнасці навучэнцаў.

Курсам у летніку “Альхоўка” асаблівую прывабнасць надаюць традыцыйныя “пазакласныя” мерапрыемствы, якія ў гэтым годзе адрозніваюцца крэатыўнасцю зместу. Гэта, напрыклад, крэатыўна-спартыўная паласа перашкод. Аўтарам курсаў прыдуманы/падабраны для кожнага яе этапу цікавыя творчыя заданні. Агульная ідэя гэтай паласы — ідэя выбару: партнёраў для спаборніцтваў, станцый, якія каманда пажадае наве­даць, заданняў і ўзроўняў іх складанасці.

Незабыўныя эмоцыі і яркія ўражанні педагогі атрымалі ад наведвання відэаклуба, у якім яны ўбачылі цудоўны слайдфільм пра гісторыю праекта “Летнік настаўнікаў і метадыстаў у Альхоўцы”. Аўтар фільма — настаўнік фізікі з Адэльскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Анатолій Аляксандравіч Аўсейчык. Ён жа правёў начное арыентаванне. Трэба было знайсці ў лесе схаваных пікетчыкаў з наступнымі заданнямі: 1) паказац­ь фізічны прыбор; 2) адказаць на пытанне аб сабе або выканац­ь жаданне пікетчыка; 3) разгадац­ь рэбус; 4) адгадаць персанаж; 5) дамалявац­ь карцінку, праяўляючы крэатыўнасць. Акрамя таго, у гушчары лесу нас чакалі сюрпрызы: нечаканыя людзі, якія палохалі каманды. Цёмна было настолькі, што адна з каманд прыняла саперніка з іншай каманды за пікетчыка і выканала ўсе заданні, якія ім былі прыдуманы, каб затрымаць час. Самае цікавае — пошук удзельнікамі прыза на фінішнай паляне. Завяршылася гульня абмеркаваннем казусаў і падзей, якое су­праваджалася вясёлым смехам. Гэтае мерапрыемства істотна паўплывала на згуртаванне нашага калектыву.

Фізікі могуць усё, нават арганізаваць “лазню ў палатцы”, якая выклікала вялікае захапленне і здзіўленне калег. Усім жадаючым удалося пабываць у сапраўднай парылцы і адразу ж акунуцца ў цёплыя абдымкі ракі Страча.

Замілавальным было пасяджэнне “акадэміі”, якой сёлета споўнілася 25 гадоў. Крэатыўна і ўрачыста яго правялі настаўніца фізікі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Вольга Аляксандраўна Званцова і настаўнік інфарматыкі і фізкультуры Ясенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Максім Мікалаевіч Мікуліч. Галоўнай падзеяй пасяджэнняў з’яўляюцца выбары ў акадэмію тых удзельнікаў, хто прыехаў у летнік 10-ы раз. Ушаноўваюцца таксама юбіляры, якія ў Альхоўцы 5-ы, 15-ы, 20-ы, 25-ы раз.

Вельмі крэатыўным было народнае гулянне “Купалле” з карагодамі ў святочных беларускіх касцюмах, пошукамі кветкі папараці, народнымі танцамі і гульнямі, скачкамі праз вогнішча — усё гэта стварала асаблівы настрой удзельнікам купальскай ночы. Дзякуем за арганізацыю гэтага феерычнага свята Наталлі Літвіновіч з сярэдняй школы № 2 Мікашэвіч і Юліі Паўлавай з 1-й гімназіі Барысава.

Фішка нашага летніка — суботнія экскурсіі па маляўнічых і гістарычных мясцінах Астравеччыны і суседніх раёнаў. Гэтым разам значны след у душы пакінулі касцёл у Гервятах, возера Нарач і Блакітныя азёры. Нязменны арганізатар экскурсіі і экс­курсавод — А.А.Аўсейчык.

Феерычным атрымаўся канцэрт “першакурснікаў”, якія прадэманстравалі свае таленты ў песнях, танцах і гумары.

Тыдзень праляцеў непрыметна, і, на жаль, прыйшоў час расстацца. У развітальным коле ўдзельнікі расказалі пра тое, як будуць выкарыстоўваць атрыманыя веды ў адукацыйным працэсе, падзяліліся сваімі планамі і ўражаннямі ад курсаў і ад летніка.

Каб чытачы адчулі атмасферу летніка, каб у іх з’явілася жаданне далучыцца да нашай суполкі або самім арганізаваць штосьці падобнае, прапануем прачытаць выказванні ўдзельнікаў.

Святлана Гін (Гомель): “Я прыехала ў Альхоўку абмяняцца вопытам, энергіяй з такімі ж крэатыўнымі педагогамі”.

Вераніка Васільева (Мінск): “Альхоўка — гэта месца, дзе цябе прымаюць, месца, дзе пануюць сяброўства і ўзаемадапамога, месца, дзе ты вучышся і расцеш. Дзякую лёсу за тое, што на маім шляху з’явіліся гэты лес, гэтая вёска і, галоўнае, — гэтыя людзі. Уся справа ў іх. Чалавек стварае месца, а не наадварот. Я захапляюся ўсімі і кожным, хто быў у летніку. І ў першую чаргу Мікалаем Іванавічам Запрудскім, заснавальнікам гэтага месца шчасця і свабоды. Я захапляюся Святланай Іванаўнай Гін, якая паказала, што белай варонай быць не сорамна, а наадварот, — гэта знак якасці. У гэтае месца я хачу вярнуцца, у гэтым месцы ўжо жыве часцінка мяне. Тут у паветры лунаюць крэатыў і творчасць. Тут ты робішся майстрам”.

Уладзіслаў Саўчыкаў (Клічаўскі раён): “Зносіны з таленавітымі, крэатыўнымі педагогамі, удзельнікамі і пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” натхнілі мяне на ўдзел у гэтым конкурсе”.

Інеса Хіневіч (Мір): “Пазнаёмілася з цікавымі калегамі. Атрымала вялікі практычны вопыт. Мяне ўразілі сяброўскія ўзаемаадносіны паміж педагогамі”.

Алена Вярбіцкая (Слуцк): “Тут я пазнаёмілася з таленавітымі, крэатыўнымі людзьмі, якія далі магчымасць адчуць, што крэатыўнасць — важная і актуальная ў сучасным свеце. Захацелася самой змяніцца і пачаць крэатывіць”.

Ірына Андрыевіч (Слуцк): “Я атрымала магчымасць паглядзець на прафесію з іншага боку. Пасля складанага навучальнага года, калі пачынаецца прафесійнае і эмацыянальнае выгаранне, зносіны з лепшымі, творчымі педагогамі краіны зараджаюць ідэямі і жаданнем тварыц­ь на цэлы год.­ ­Хацелася б адзначыць вельмі добра­зычлівую атмасферу. Калі трапляеш у Альхоўку, адчуваеш, што ты прыехаў да сяброў, якія гатовы табе ва ўсім дапамагчы, падтрымац­ь, падзяліцца самым важным”.

Ірына Адамовіч (Барысаў): “Альхоўка — гэта месца сілы, натхнення, месца, куды хочацца вяртацца кожны год, месца, дзе настаўнікі абменьваюцца рознымі ідэямі. Калі я першы раз вярнулася з Альхоўкі, пачала размаўляць па-беларуску”.

Сяргей Цімашук (Столінскі раён): “Навош­та з году ў год я вяртаюся ў Альхоўку? Гэта немагчыма растлумачыць. Настаўнік павінен пастаянна развівацца. Тут мы атрымліваем цікавыя ідэі, цягнемся за таленавітымі педагогамі і раўняемся на іх”.

Алег Купрацэвіч (Жлобін): “Навошта вяртаюся ў Альхоўку? Для таго, каб сустрэцца з сябрамі-калегамі, каб запасціся новымі ідэямі, каб у асаблівай атмасферы аднавіць сілы, папоўніць энергію пасля складанага навучальнага года”.

Навошта настаўнікі прыязджаюць у Альхоўку? Крэатыўныя педагогі ў цяперашні час найбольш запатрабаваны ў школе. Яны канкурэнтаздольныя, і іх любяць дзеці. Толькі крэатыўны настаўнік можа выхавац­ь крэатыўнага навучэнца. А ў нашым летніку найвышэйшая канцэнтрацыя крэатыўных людзей, творчасцю прасякнуты ўвесь змест гэтай адукацыйнай падзеі.

Летнік паспяхова прайшоў дзякуючы не толькі самому Мікалаю Іванавічу Запрудскаму, але і Анатолію Аляксандравічу А­ўсейчыку, які адказваў за стварэнне ўмоў для жыцця­дзейнасці і паспяховай вучобы педагогаў; настаўніцы з Ушач Вользе Ана­тольеўне Жыткай і педагогу з Вара­паеўскай школы Пастаўскага раёна Мікалаю Алегавічу Атрахімовічу — адказным за арганізацыю харчавання; дырэктару Альхоўскай школы Сяргею Анатольевічу Гаўрыловічу, які стварыў умовы для вучобы і жыцця ў­дзельнікаў летніка. Дзякуй вам вялікі ад удзельнікаў курсаў!

Людміла ШАМАТРАНАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 19 Магілёва.
Фота Анатолія Аўсейчыка і Святланы Здаранковай.