Займальныя QR-­коды

QR-­коды сёння можна прымяняць на любым этапе вучэбных заняткаў — ад актуалізацыі ведаў да абагульнення матэрыялу. Навучэнцаў можна прыцягваць да розных форм работы, як індывідуальных, так і парных і групавых.

Прымяненне QR-кодаў на вучэбных занятках дапамагае захаваць цікавасць да прадмета, стварыць атмасферу пошуку і творчасці на ўроку. Практыка паказала, што прымяненне QR-кодаў даволі эфектыўнае.

Варыянты заданняў з выкарыстаннем QR-кодаў:

1. Жараб’ёўка

Дапусцім, што нам неабходна падзяліць клас на 3 групы па 4 навучэнцы. Ствараем 3 QR-коды, якія разразаем на чатыры часткі. З адваротнага боку на кожнай частцы напісана частка фразы (прымаўкі, вершы, выказванні…). Фразы павінны быць унікальнымі для кожнай з трох груп. Навучэнцы ў выпадковым парадку бяруць лісток, чытаюць і, склаўшы фразу, вызначаюць сваю групу. Перавярнуўшы лісток, сканіруюць QR-код, у якім можа быць зашыфравана першае заданне.

2. “QR-лато”

Пры вывучэнні тэмы “Агульныя звесткі пра стыль і ансамбль у адзенні, касцюме і аксесуары да яго” ў 9 класе на этапе вывучэння новага матэрыялу можна прапанаваць навучэнцам азнаёміцца з новымі паняццямі і азначэннямі ў працэсе гульні “QR-лато”. Дзяўчынкі працуюць у групах. Група атрымлівае картку-лато, у ячэйках табліцы зашыфравана з дапамогай QR-кодаў інфармацыя з назвамі паняццяў па новай тэме, а азначэнні гэтых паняццяў раздрукоўваюцца ў выглядзе выяў “бочачак” лато. Для выканання задання трэба “пакрыць” паняцці кодамі ў ячэйках картак з адпаведнымі азначэннямі. Неабходна расшыфраваць інфармацыю з дапамогай QR-сканера, падабраць з прапанаванага тэксту правільны адказ, вывучыць інфармацыю і выступіць па зададзеным пытанні ўдзельніку групы.

У канцы ўрока можна прапанаваць прагляд відэароліка “Як спалучаць аксесуары з адзеннем”, дзе сабраны пазнавальныя парады ад стыліста па падборы аксесуараў.

 3.    Выкананне запраграмаванага апытання дапаможа актывізаваць прыём “QR-даміно”: на адной палавінцы “фішкі” — заданне апытання, прадстаўленае ў выгля­дзе QR-кода, на другой — рашэнне іншай задачы апытання (нумар варыянта адказу).  Трэба “прыставіць” да задання правільны адказ. Кожнаму члену каманды выдаецца па адной картцы, яны сканіруюць QR-код, выконваюць заданне, выбіраюць нумар правільнага адказу. На парце выкладваецца фішка, як у даміно: з аднаго боку фішкі кропкі, напрыклад, 3:2. З другога — фішка падзелена на дзве паловы: адна з заданнем апытання (у выглядзе QR-кода), а другая з рашеннем іншай задачы апытання. Затым вучні гуляюць у даміно, выкладваючы сваё заданне да нумара, што супадае з нумарам рашэння. Такі прыём можна выкарыстоўваць, напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Валокны жывёльнага паходжання” ў 7 класе.

4. Пры вывучэнні тэмы “Выбар фасону і мадэлі швейнага вырабу. Паняцце пра фасон і мадэль” у 8 класе для замацавання тэарэтычных ведаў можна выкарыстаць картку-заданне “Правер сябе!”. Для гэтага неабходна, прачытаўшы тэкст азначэння, даць правільны адказ. Праверыць сябе можна па раскадзіраваным QR-кодзе ў другім слупку табліцы.

5. Разнастаіць урок дапаможа гульнявы прыём “Зарысуй”.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Выбар і стварэнне эскіза швейнага вырабу. Паняцце пра эскіз швейнага вырабу” ў 5 класе дзяўчынкі атрымліваюць карткі з зака­дзіраваным заданнем: “Прадумайце сваю мадэль фартуха і зарысуйце эскіз”. Для выканання задання неабходна расшыфраваць код, зарысаваць эскіз выбранай мадэлі фартуха. Навучэнцы выступаюць у якасці мастакоў-мадэльераў.

Найбольш эфектыўнымі ў плане актывізацыі пазнавальнай актыўнасці з’яўляецца творчае выкарыстанне патэнцыялу сучасных ІКТ. Адным з такіх спосабаў спалучэння сучасных сродкаў  сувязі і інтэрактыўных форм і метадаў навучання з’яўляецца квест-тэхналогія з выкарыстаннем QR-кодаў. Квесты з QR-кодамі — гэта заданні, якія могуць быць звязаны з чытаннем тэксту, праслухваннем аўдыя, праглядам відэа, уводам тэксту, запісам галасавога адказу навучэнцаў.

Можна правесці ўрок у выглядзе QR-квеста:

1. Вызначыць мэту QR-квеста: атрымаць новыя веды ці абагульніць наяўныя.

2. Вызначыць тып квеста: анлайн, афлайн, камбінаваны.

3. Прадумаць “архітэктуру” квеста: месца правядзення, колькасць груп, колькасць этапаў, напрамак руху каманд і г.д.

4. Адабраць і закадзіраваць інфармацыю розных тыпаў: тэксты, візіткі, спасылкі на сайт, відэа і г.д.

5. Распрацаваць правілы квеста: патрабаванні да выканання заданняў, сістэму ацэньвання вынікаў.

6. Праверыць чытальнасць QR-кодаў, падрыхтаваць неабходнае дадатковае абсталяванне да выканання квеста.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Агульныя звесткі аб характэрных асаблівасцях сервіроўкі стала і відах прыёму гасцей” у 9 класе маршрут для праходжання квеста выглядае наступным чынам.

У якасці заданняў закадзіравана: дайце назву вашай групы; вывучыце характэрныя прыметы відаў прыёму гасцей; праглядзіце варыянт сервіроўкі стала; прадумайце меню для вашага выбранага прыёму гасцей; зрабіце інфармацыйны плакат і падрыхтуйцеся да абароны прыёму гасцей.

Існуюць шматлікія спосабы выкарыстання QR-кодаў у адукацыйным працэсе: ад правядзення гульняў да стварэння рэзюмэ. Сфера прымянення QR-кодаў пастаянна пашыраецца. І, як вынік, заданне: раскадзіраваць QR-код і праглядзець займальны выпуск “Робат-настаўнік” кіначасопіса “Гармідар”.

Святлана ГАГАЛУШКА,
настаўніца абслуговай працы, настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 16 Ліды.