Адной з асноўных задач для мяне як педагога з’яўляецца развіццё ў вучняў цікавасці да навучання, творчасці. З мэтай павышэння матывацыі да вучэбнага прадмета я выкарыстоўваю STEM-падыход.
STEM-навучанне — гэта інавацыйная методыка, якая ўяўляе сабой паўнавартаснае планамернае навучанне, што ўключае вывучэнне прыродазнаўчых навук у сукупнасці з інжынерыяй, тэхналогіяй і матэматыкай. Пры выкарыстанні STEM-тэхналогій развіваюцца здольнасці знаходзіць рашэнне праблемы і працаваць з інфармацыяй. Пры гэтым канкрэтныя адказы не даюцца, іх неабходна знаходзіць самастойна. Гэта дазваляе навучэнцам, абапіраючыся на ўласны вопыт, фармуляваць высновы, прымяняць на практыцы веды, прапаноўваць уласны (ці групавы) погляд на праблему.
На занятках навучэнцы самастойна ствараюць прататыпы прадукту, выкарыстоўваючы сучасныя матэрыялы і абсталяванне, грунтуючыся на простых і даступных інжынерных рашэннях. Для стварэння канчатковага прадукту вучні могуць выкарыстоўваць дэталі абсталявання, што ўжо існуе, ці стварыць мадэль з пластыку і кардону, але ў любым выпадку яны атрымаюць вопыт камбінавання розных матэрыялаў, навучацца ўлічваць уласцівасці рэчываў і зразумеюць, як найлепшым чынам злучыць структурныя кампаненты мадэлі, каб зрабіць яе максімальна функцыянальнай і эфектыўнай.
Развіццё крытычнага мыслення — яшчэ адна асаблівасць STEM-навучання. Крытычнае мысленне прадугледжвае самастойны непрадузяты погляд на сітуацыю, уменне браць пад сумненне вядомыя факты, самастойны аналіз даных з мэтай стварэння ўласных рашэнняў. Падлетак, які крытычна мысліць, зможа найбольш эфектыўна ўзаемадзейнічаць з інфармацыйнай прасторай, ацэньваць і знаходзіць супярэчнасці ў любой інфармацыі.
Выкарыстанне праблемнага навучання — гэта STEM-падыход, які зарэкамендаваў сябе ў выкладанні хіміі, у рэалізацыі рашэнняў праблемных сітуацый, пошуку правільных адказаў, пераадоленні перашкод на шляху да запланаванага рашэння. Тут важным момантам з’яўляецца фарміраванне ў навучэнцаў асаблівага стылю разумовай дзейнасці, даследчыцкай актыўнасці і самастойнасці. Пры выкарыстанні праблемных сітуацый ствараюцца ўсвядомленыя цяжкасці для навучэнца, пераадоленне якіх патрабуе творчага пошуку, прымушае вучня мысліць, шукаць выйсце, разважаць, што садзейнічае развіццю актыўнай пазнавальнай цікавасці да прадмета.
Выкарыстанне інтэрактыўных модуляў на ўроках хіміі — яшчэ адзін падыход STEM-адукацыі. Для іх характэрна дакладная структураванасць інфармацыі, аптымізаваны аб’ём матэрыялаў, замкнутасць, самадастатковасць зместу і добрая ступень нагляднасці. Першасны кантроль вывучанага матэрыялу за кароткі прамежак часу можна арганізаваць з дапамогай хімічнага дыктанта ці тэставых заданняў з выкарыстаннем розных праграм і сэрвісаў для стварэння тэстаў (My Test, Scratch, Learningapps і інш.). Learningapps.org з’яўляецца бясплатным сэрвісам Web 2.0 для падтрымкі навучання і працэсу выкладання. Выкарыстанне гэтага сэрвісу дазваляе атрымаць яркія інтэрактыўныя заданні, якія я выкарыстоўваю на розных стадыях урока (падчас апытання, паўтарэння, замацавання вывучанага матэрыялу, пры арганізацыі групавой работы) (https://learningapps.org/watch?v=pq695ukr520). Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Аксіды” выкарыстоўваю заданні па вызначэнні валентнасці элемента ў аксідзе, што дазваляе за кароткі прамежак часу праверыць веды навучэнцаў па наменклатуры. Сэрвіс Learningapps дае магчымасць ствараць дадаткі, а пасля аб’ядноўваць усе практыкаванні па пэўнай тэме ў адзін блок, што вельмі зручна.
Genial.ly — гэта анлайн-сэрвіс для стварэння прыгожага інтэрактыўнага кантэнту для блогаў і сайтаў: прэзентацый, інтэрактыўных плакатаў, гульняў, інфаграфікі і г.д. На ўроках часта выкарыстоўваю “інтэрактыўны плакат”. Гэта электронны адукацыйны сродак, што мае інтэрактыўную навігацыю, якая дазваляе адлюстроўваць неабходную інфармацыю: графікі, тэкст, гук. Такім чынам забяспечваецца высокі ўзровень задзейнічання інфармацыйных каналаў успрымання, нагляднасці вучэбнага працэсу, вар’іруецца ўзровень паглыблення ў тэму.
Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Кісларод як простае рэчыва. Кісларод у прыродзе. Паветра як сумесь газаў. Метады збірання газаў” навучэнцы самастойна стварылі плакат пра ролю кіслароду ў прыродзе.
Такім чынам, інтэрактыўныя электронныя плакаты з’яўляюцца сучасным шматфункцыянальным сродкам навучання. Яны залучаюць у вывучэнне тэмы ўсіх навучэнцаў, забяспечваецца шматузроўневая работа з пэўным аб’ёмам інфармацыі на ўсіх этапах урока. Колькасць работ не абмежавана. Гатовую работу можна ўбудаваць на старонку сайта ці блога.
STEM-тэхналогіі маюць вялікія магчымасці ў навучанні, арыентаваным на развіццё практычных навыкаў, фарміраванне гатоўнасці выпускнікоў школ працягваць рэалізоўваць творчыя ідэі ў навучальных установах і ў далейшай прафесійнай дзейнасці.
Выкарыстоўваю на сваіх уроках і бясплатны ўніверсальны канструктар OnlineTestPad. З яго дапамогай ствараю тэсты, крыжаванкі, сканворды, апытанні, лагічныя гульні. З дапамогай сэрвісу OnlineTestPad праводжу экспрэс-праверку ўзроўню засваення матэрыялу навучэнцамі (https://onlinetestpad.com/wfwtgfpfwztsq) на ўроку, а таксама вучні з выкарыстаннем спасылкі правяраюць свае веды дома. Функцыі анлайн-канструктара дазваляюць стварыць у рэжыме анлайн тэст любога ўзроўню складанасці. Тут я ствараю тэсты, крыжаванкі, апытанні на любыя тэмы. Канструктар тэстаў прадугледжвае 14 тыпаў пытанняў, у тым ліку: вызначэнне паслядоўнасці, запаўненне пропускаў, паслядоўнае выключэнне, дыктант, мультывыбар ці выбар аднаго рашэння, увод лікаў і тэксту, дабаўленне файлаў. Вынік падаецца ў 4 фарматах, для настройкі якіх ёсць персанальная шкала. Па кожным запоўненым апытальніку можна атрымаць статыстыку адказаў. У таблічным выглядзе прадстаўляюцца ўсе вынікі, рэгістрацыйныя параметры, адказы на пытанні, якія можна захаваць у Excel.
З мэтай выяўлення цяжкасцей, узроўню засваення матэрыялу як адным вучнем, так і класам у цэлым выкарыстоўваю сэрвіс Kahoot. Гэта выдатны інструмент для атрымання імгненнай зваротнай сувязі ад навучэнцаў у межах урока. Вучні адказваюць на створаныя настаўнікам тэсты з планшэтнікаў, ноўтбукаў, смартфонаў, гэта значыць з любога ўстройства, што мае доступ да інтэрнэту. З дапамогай інтэрактыўнага модуля Kahoot навучэнцы самі ствараюць гульні і спаборніцтвы па пэўнай тэме. Такім чынам, у навучэнцаў узнікае жаданне лепш засвойваць матэрыял, каб паказваць лепшыя вынікі ў гульні (https://create.kahoot.it/details/0ddfee15-5c45-41c5-83c1-cfd151c76e11). Створаныя ў Kahoot заданні дазваляюць уключаць у іх фатаграфіі і нават відэафрагменты. Тэмп выканання віктарын, тэстаў рэгулюецца шляхам увядзення часавага абмежавання для кожнага пытання.
Для рэфлексіі і вызначэння ўзроўню засваення матэрыялу на ўроку выкарыстоўваю інструмент для стварэння прэзентацый Buncee. Гэты інтэрактыўны модуль прадастаўляе шырокі спектр мультымедыйных элементаў для анлайн-прэзентацый. Настаўнік і вучні могуць выбіраць навучальнае відэа (даступныя на Vimeo і YouTube), аніміраваных персанажаў, тэксты, наклейкі, выявы з Pixabay (адфільтраваныя выявы агульнага карыстання) і загружаць свой уласны кантэнт, які складаецца з дакументаў, выяў і відэа. Зручным інструментам з’яўляецца магчымасць малявання непасрэдна на слайдах. Правядзенне мультымедыйных урокаў садзейнічае развіццю ў вучняў крытычнага мыслення, навыкаў зносін, супрацоўніцтва і творчасці.
Яшчэ адным інструментам для стварэння віктарын з’яўляецца Quizizz, які дазваляе ствараць свае ўласныя гульні, а таксама праводзіць гульню непасрэдна ў класе. Я як настаўнік магу кантраляваць працэс, пераключаючы табліцу лідараў, таймер і іншыя настройкі. Дзякуючы Quizizz, даступнаму на ўсіх устройствах, навучэнцы гуляюць разам, але кожны ў сваім уласным тэмпе. Такім чынам, гэты сэрвіс дазваляе ў гульнявой форме правяраць ступень засваення матэрыялу. Выкарыстанне такіх інтэрактыўных модуляў у адукацыйным працэсе падабаецца вучням, садзейнічае развіццю асобы дзіцяці, фарміраванню актыўнай, самастойнай пазіцыі, развівае даследчыцкія, рэфлексіўныя і ацэначныя ўменні.
STEM-тэхналогіі дазваляюць вучням з цікавасцю і хутка засвойваць вялікі аб’ём навукова-пазнавальнай інфармацыі, урок становіцца больш цікавым і займальным, якасць навучанасці павышаецца, а самае галоўнае, гэты матэрыял надоўга застаецца ў памяці навучэнцаў. З дапамогай STEM у вучэбным працэсе можна ажыццявіць індывідуалізацыю навучання, паглыбіць і ўдасканаліць веды навучэнцаў з дапамогай камп’ютара, правесці карэкцыю прабелаў, часткова ліквідаваць перагрузкі. Пры гэтым усе навучэнцы ўцягнуты ў працэс пазнання і маюць магчымасць рэфлексаваць наконт сваіх ведаў і магчымасцей удзелу ў дыскусіі, аргументацыі і абароны сваёй пазіцыі. У працэсе дыскусіі становіцца запатрабаваным суб’ектыўны вопыт навучэнцаў і фарміруецца іх асабістая пазіцыя.
Перапрабаваць дзесяць метадаў і выбраць свой, найбольш эфектыўны для канкрэтнай групы навучэнцаў, перагледзець дзесяць падручнікаў і не прытрымлівацца ніводнага няўхільна, улічваючы індывідуальныя ўмовы, — вось адзіны шлях жывога выкладання. Пастаянна штосьці вынаходзіць і спрабаваць на аснове асэнсавання вынікаў, паслядоўна патрабаваць, няспынна ўдасканальвацца — гэта адзіны правільны курс настаўніка.
Святлана БАБРОЎНІЦКАЯ,
настаўніца хіміі сярэдняй школы № 3 Ашмян.