Ад інфармавання і асветы да навучання

Блогі, асабліва прафесійныя настаўніцкія, з’яўляюцца параўнальна новай з’явай у асяроддзі педагогаў. Але тыя, хто пастаянна вядзе свой блог, могуць вырашыць адразу некалькі задач: пашырэнне інфармацыйнай прасторы адукацыйнага працэсу; фарміраванне ІКТ-кампетэнцый навучэнцаў; стварэнне летапісу класа, своечасовае інфармаванне бацькоў пра падзеі, якія адбываюцца ў класе; публікацыя творчых работ навучэнцаў; фарміраванне культурных і бяспечных паводзін у сетцы; размяшчэнне карысных парад і рэкамендацый па вывучэнні асобных тэм, парады бацькам, аб’явы.

У апошні час мы часта гаворым, што жывём у інфармацыйным грамадстве, і пры гэтым падкрэсліваем — ва ўмовах грамадства ведаў. Але гэтыя веды не з’яўляюцца самі па сабе. Іх ствараюць людзі, здольныя глыбока разумець існуючую сітуацыю, хутка адгукацца на запыты грамадства і ствараць прадукт ведаў. Таму сучасныя школа, клас, адукацыйнае асяроддзе — гэта творчая майстэрня фарміравання крэатыўнасці. У эпоху лічбавага грамадства мы атрымліваем лічбавую педагогіку, лічбавы клас, электронныя рэсурсы, інтэрактыўныя дошкі, прадметы з убудаваным інтэлектам інтэрнэт-рэчаў, віртуальную лабараторыю.

Інфармацыйныя тэхналогіі ўсё глыбей пранікаюць у жыццё сучаснай школы, а інфармацыйная кампетэнтнасць усё больш вызначае ўзровень адукаванасці педагогаў і школьнікаў. Таму адным з самых запатрабаваных кірункаў у рабоце школы з’яўляецца выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Важна, каб вучань мог самастойна і актыўна працаваць з інфармацыяй, ставіўся да яе крытычна і ўмеў прымяняць у залежнасці ад мэт і задач сваёй дзейнасці. Сучасны настаўнік у сваю чаргу павінен умець навучыць вучня гэтаму. Відавочна, што, выкарыстоўваючы толькі традыцыйныя метады навучання, вырашыць праблему немагчыма. Таму ў апошні час уменне настаўніка працаваць ва ўмовах інфармацыйнага асяроддзя з’яўляецца адным з паказчыкаў яго прафесійных кампетэнцый.

Школьная сістэма мяняецца цалкам, пашыраюцца адукацыйныя межы, школа становіцца адкрытай для інавацый, рэалізоўваюцца новыя ідэі, падыходы, тэхналогіі. Адзін з важных аспектаў прафесійнай дзейнасці педагога — рыхтаваць дзяцей да жыцця ў свеце, які пастаянна мяняецца, са школы.

Шырокае прымяненне ў адукацыйным працэсе знаходзяць такія формы выкарыстання інфармацыйных тэхналогій, як прэзентацыйнае суправаджэнне ўрока, дыдактычныя гульні, тэсціраванне, выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў. Сучасныя IT-сродкі дапамагаюць педагогу зрабіць формы разнастайнымі. Адным з такіх сродкаў, якія забяспечваюць пастаянную сувязь з вучнямі і іх бацькамі, з’яўляецца настаўніцкі блог.

Працуючы настаўнікам пачатковых класаў, з’яўляюся класным кіраўніком ужо амаль 20 гадоў і разумею, што мне пашанцавала ў два разы больш, чым проста настаўніку. Па-першае, з’яўляюся класным кіраўніком цудоўнага класа, па-другое — удзельнікам інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў (законных прадстаўнікоў)”. Здавалася б, як многа ёсць форм у арсенале педагога, каб наладзіць узаемадзеянне з сям’ёй, але неабыякаваму класнаму кіраўніку традыцыйных форм работы з бацькамі недастаткова. Што яшчэ можна ўзяць на ўзбраенне?

Набіраючы ў мінулым годзе першы клас, цвёрда ведала, што ў мяне будзе блог класа. У гэтай публікацыі хачу падзяліцца вопытам з тымі педагогамі, хто яшчэ толькі на шляху да яго стварэння.

Блог — гэта дошка аб’яў. Валодаючы гэтай функцыяй, няма неабходнасці набіраць і раздрукоўваць шматлікія аб’явы для бацькоў, шматразова паўтараць інфармацыю дзецям. Першакласнікі часцей за ўсё забываюць перадаць яе або робяць гэта несвоечасова, дзённікаў, каб запісаць, няма, ды і ў першым класе мы толькі вучымся пісаць. Чытаючы блог, бацькі заўсёды ў курсе ўсіх падзей класа (калі бацькоўскі сход, якая акцыя зараз праходзіць у школе і які ўдзел можа прыняць кожная сям’я, у якой дыстанцыйнай алімпіядзе можа паўдзельнічаць дзіця, якія матэрыялы патрэбны да ўрока працоўнага навучання і г.д.).

Для мяне блог — гэта яшчэ і летапіс нашага класнага жыцця. На старонцы “Фотарэпартажы” размяшчаю фота, фотакалажы, відэаролікі. Усе фотасправаздачы размешчаны ў храналагічным парадку (у самым версе старонкі — самы свежы фотарэпартаж). Часам так атрымліваецца, што не ўсе бацькі могуць наведаць школьнае свята, паехаць з намі ў паездку, а ў некага няма пад рукой тэхнікі для здымання. Дзякуючы блогу, ва ўсёй сям’і ёсць магчымасць завочна, віртуальна пабываць з намі ў паходзе, паездцы, музеі. Ад сумеснага сямейнага прагляду можна атрымаць масу прыемных уражанняў і ўспамінаў. Сабраўшы ўсё відэа і фота, можна запісаць дыск, які стане выдатным падарункам на свяце “Бывай, пачатковая школа!”. Такі вопыт у мяне ўжо ёсць.

Блог — гэта платформа для навучання не толькі вучняў, але і іх бацькоў. Зазірнушы на старонку “Бацькі — мае аднадумцы”, можна знайсці спасылкі на карысныя артыкулы ці такія, што востра абмяркоўваюцца. Напрыклад, “Як навучыць дзіця карыстацца гаджэтамі без шкоды для сябе і навакольных”, “10 спосабаў навучыць дзяцей атрымліваць ад чытання задавальненне”, “Дзіцячы ўрач-траўматолаг: “ватрушкі”, лядзянкі і санкі — асноўныя прычыны зімовых дзіцячых траўм”, “Хлопчыкаў трэба ўпэўніваць, што ў іх усё атрымаецца. Дзяўчынкам проста патрэбна ўпэўненасць, што іх любяць”.

Старонка “10 спосабаў матывацыі дзіцяці” дапамагае падрыхтавацца да бацькоўскага сходу, хутка і аператыўна запоўніць анкету, сабраць неабходныя звесткі (занятасць вучня, занятасць у шосты школьны дзень, уд зел у акцыі па зборы макулатуры). Дзякуючы Google-формам, з дапамогай якіх ствараю анкеты, апытальнікі, зноў эканомлю паперу і фарбу прынтара, а ўсе звесткі аўтаматычна змяшчаюцца ў табліцы, якую можна карэкціраваць, раздрукаваць, адправіць па электроннай пошце.

Блог — гэта магчымасць падарыць шчырыя і цёплыя словы. Тут вяду рубрыку “Віншуем”, у якой размяшчаюцца віншаванні з днём нараджэння. А калі вучань выйграе турнір па шахматах, а сям’я з твайго класа пацвердзіла званне народнага ансамбля, як расказаць усім пра гэта — блог у дапамогу. А калі дзіця захварэла і не наведвае вучэбныя заняткі, то абавязкова дома яго чакаюць самыя цёплыя словы з пажаданнямі хутчэйшай папраўкі.

Мяркую, што вядзенне блога для настаўніка — складаны і карпатлівы від дзейнасці. Гэта дадатковая работа для педагога, а таксама і адказнасць. Разам з тым прыходзіць разуменне таго, што немагчыма адразу змяніць прывычныя формы і метады. Але сучасны педагог, класны кіраўнік павінен знайсці такія формы, такія падыходы, якія максімальна дапамогуць арганізаваць працэс узаемадзеяння з сям’ёй, зробяць зносіны даверлівымі, і не забываць пра вядучую ідэю настаўніцкага блога: ад інфармавання і асветы — да навучання бацькоў.

Таццяна ЯКУБОЎСКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі Смаргоні Гродзенскай вобласці.