Актыўная ацэнка ў практыцы педагогаў

Фестываль педагагічных ідэй “Актыўная ацэнка ў практыцы работы педагогаў агульнай сярэдняй адукацыі” падвёў вынікі гадавой дзейнасці настаўнікаў, ментараў, метадыстаў. Каля 100 педагогаў сабралася ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, каб падзяліцца сваімі ідэямі, правесці майстар-класы для калег, атрымаць адказы на свае пытанні і яшчэ раз абмеркаваць, як зрабіць нашу школу сучаснай і якаснай.

Фестываль быў арганізаваны цэнтрам прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі АПА ў адпаведнасці з Рэспубліканскім каардынацыйным планам мерапрыемстваў дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў на 2018 год.

Тэматычнымі напрамкамі работы на фестывалі сталі мэтавызначэнне (прыняцце вучнямі мэт навучання і крытэрыяў поспеху), арганізацыя ў класе дыскусій, выкарыстанне пытанняў і заданняў, якія даюць інфармацыю аб навучанні (“святлафор”, рэфлексія, тэхнікі пастаноўкі пытанняў, ключавыя пытанні і інш), зваротная сувязь (інфармацыя, якая дапамагае вучыцца), практыка ўзаеманавучання (праца ў групах, парах, узаемаацэнка), вучань як суб’ект уласнага навучання (уцягванне вучня ў распрацоўку мэты, “НаШтоБуЗУ”, узаемаацэнка, самаацэнка, выбар, самастойнасць, ключавыя пытанні, сувязь ведаў з рэчаіснасцю, выкарыстанне праблемных пытанняў, вера ў магчымасці вучня).

Мікалай Іванавіч ЗАПРУДСКІ, прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, у сваім выступленні зрабіў невялікі ­экскурс у гісторыю з’яўлення тэхналогіі АА ў нашых школах, акцэнтаваўшы ўвагу на асноўных яе перавагах, а таксама на дасягненнях педагогаў.

“Улетку 2009 года Таварыства беларускай школы арганізавала першыя семінары па АА, якія праводзілі настаўнікі з Варшавы Данута Стэрна, Эва Боргаш, Іаанна Соцька і інш. Затым сфарміравалася група трэнераў АА, створаны і падтрымліваецца сайт www.aacenka.by, праводзіцца мноства семінараў, трэнінгаў, урокаў для дарослых, майстар-класаў у АПА, у некаторых ІРА, ва ўстановах адукацыі. Было арганізавана 6 дыстанцыйных курсаў па навучанні актыўнай ацэнцы, праходзілі стажыроўкі многіх настаўнікаў Беларусі ў школах Польшчы, курсы па АА ў Альхоўцы.

Існуе шмат відэазапісаў урокаў і майстар-класаў па АА. У навучальных установах працавала 13 інавацыйных пляцовак па ўкараненні ў адукацыйны працэс АА, выдадзены шэраг кніг, было мноства публікацый у “Настаўніцкай газеце”, якой мы вельмі ўдзячны за падтрымку. Многімі настаўнікамі абаро­нены вопыт прымянення АА.

Што мы маем сёння? Гэта ўжо другі фестываль па актыўнай ацэнцы. У тых настаўнікаў, якія ўмела прымяняюць АА, назіраецца павышэнне якасці адукацыі вучняў, іх матывацыі і адказнасці за навучанне, павялічылася колькасць ментараў. Нашы педагогі больш глыбока разумеюць філасофію АА, умела валодаюць сродкамі гэтай тэхналогіі. Мы ведаем, што эфектыўнасць актыўнай ацэнкі даказана не толькі вопытам нашых настаўнікаў, але і навукай. Разам з тым ёсць прыклады няўмелага прымянення АА, вульгарызацыі ідэі, нерэфлексіўнага выкарыстання знешне прывабных сродкаў гэтай тэхналогіі, але пазітыўнага вопыту значна больш.

Нагадаю, што актыўная ацэнка — інтэрактыўная тэхналогія, якая грунтуецца на зваротнай сувязі паміж вучнямі, настаўнікам і вучнямі, вучнямі і іх бацькамі, настаўнікам і бацькамі. Сродкамі актыўнай ацэнкі з’яўляюцца дыягнастычная фармулёўка мэты ўрока, мэта вучняў, крытэрыі ацэнкі (“НаШтоБуЗУ”), самаацэнка і ўзаемная ацэнка, каментарыі настаўніка на працы вучняў, КГА, пытанні, рэфлексія, уцягванне бацькоў у КАД і інш”, — адзначыў Мікалай Іванавіч.

Прэзентацыя педагагічных ідэй выкарыстання актыўнай ацэнкі ў адукацыйнай практыцы стала вельмі яркай і насычанай. Усе аўдыторыі былі запоўнены, і настаўнікі з вялікай ахвотай уключаліся ў інтэрактыўныя часткі майстар-класаў. Мне давялося пабываць на трох.

Пра свой вопыт выкарыстання зваротнай сувязі ў актыўным навучанні расказвала намеснік дырэктара сярэдняй школы № 5 Смаргоні Ларыса Пятроўна Валынец. Найперш яна звярнулася да азначэння зваротнай сувязі: “Паводле кнігі “АА ў дзеянні: вопыт настаўнікаў Беларусі”, зваротная сувязь — гэта ўздзеянне вынікаў функцыянавання якой-небудзь сістэмы на характар гэтага функцыянавання. А згодна з фармулёўкай М.І. Запрудскага (“Настаўніцкая газета” за 1 сакавіка 2018 года), зваротная сувязь — гэта адваротнае ўздзеянне вынікаў працэсу на яго праходжанне”. Пасля Ларыса Пятроўна засяродзіла ўвагу калег на тым, што пры арганізацыі зваротнай сувязі важна:

  1. Даваць рэкамендацыі канкрэтнаму вучню, а не ўсяму класу;
  2. Абавязкова знаходзіць у працы вучня нешта станоўчае;
  3. Канкрэтна паказваць вучню тое, над чым трэба працаваць (ці што неабходна дапрацаваць);
  4. Даць падказку, дзе знайсці неабходны матэрыял (канкрэтную старонку параграфа, спасылку на інтэрнэт-рэсурс і г.д.);
  5. Прапанаваць спосабы, як выправіць памылку (вырашыць праблему).

Па меркаванні Л.П.Валынец, нельга абыходзіцца нейкімі агульнымі, размытымі фразамі (“цудоўна”, “вельмі дрэнна”, “малайчына” і г.д.), аналізаваць работу ў агульным плане, вызначаючы толькі некаторыя памылкі для ўсяго класа, наладжваць зваротную сувязь ад выпадку да выпадку. Як і ва ўсёй АА, тут павінна быць сістэма.

Затым Ларыса Пятроўна прапанавала варыянты зваротнай сувязі:

  1. Настаўнік — вучань: зваротная сувязь на этапах урока (выхадны кантроль, QR-коды, “святлафоры”, Formative і г.д.) падчас каментарыя пісьмовай працы, падрыхтоўкі вучнямі прэзентацыі; анлайн-тэст і каментарый да яго праз сацыяльныя сеткі; пісьмо настаўніку (праз сацыяльныя сеткі).
  2. Вучань — вучань: каментарый адказаў адно аднаго, да пісьмовай працы аднакласніка, да прэзентацыі, выкладзенай у інтэрнэт. Абавязковая ўмова — пачы­наць са станоўчых момантаў. ­Адзін вучань можа рабіць самаацэнку праверкі ўласнай работы пры абавязковай наяўнасці строгіх крытэрыяў і “НаШтоБуЗУ”.

Пра выкарыстанне мабільных апытанняў і магчымасцей QR-кодаў пры арганізацыі практыкі сама- і ўзаеманавучання школьнікаў гаварыла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 Рагачова імя У.М. Калеснікава Вольга Віктараўна Краўчанка. Яе выступленне было вельмі насычаным і інтэр­актыўным. Прапаную некаторыя яго блокі.

“Як настаўнік можа выкарыстоўваць анлайн-апытанні? — спытала Вольга Віктараўна і адразу ж адказала. — Пазнаёміцца з навучэнцамі, правёўшы апытанне ў пачатку навучальнага года, даведацца пра пункт гледжання навучэнцаў і бацькоў па тым ці іншым пытанні; праводзіць тэсты, правяраючыя засваенне матэрыялу, складаць тэсты на аснове відэафрагментаў і выкарыстоўваць іх пры рабоце па мадэлі перавернутага класа.

А як могуць выкарыстоўваць анлайн-апытанні навучэнцы? Праводзіць сацыялагічныя даследаванні сярод аднакласнікаў, настаўнікаў і ўсіх жадаючых, як у рамках дамашняга задання, так і ў якасці пазакласнай дзейнасці. Стварэнне апытанняў — добры спосаб развіваць аналітычныя здольнасці, бо навучэнцам неабходна вырашаць, які тып пытання лепш за ўсё падыдзе для тых ці іншых мэт, правільна сфармуляваць пытанне, прааналізаваць вынікі”.

Далей Вольга Віктараўна прадставіла ­сэрвісы, якія значна аблегчаць дзейнасць педагога пры арганізацыі і правядзенні ўрока. “Google-формы — гэта адзін з самых хуткіх і простых спосабаў стварыць сваё апытанне або тэст: пішам заданне, выбіраем тып адказу (выбар з некалькіх варыянтаў, напісанне ўласнага) — гатова! Атрыманы тэст можна адправіць навучэнцам па электроннай пошце або ўбудаваць на свой сайт пры дапамозе спецыяльнага кода. Для паскарэння працы рэкамендую дабавіць плагін Flubaroo — ён аўтаматычна правярае адказы вучняў і ставіць адзнакі па зададзеных крытэрыях. Google-формы бясплатныя — для выкарыстання рэсурсу трэба толькі мець акаўнт Google.

Пры дапамозе Quizlet можна ства­раць тэсты, дзе навучэнцы будуць выбі­раць дакладныя адказы з прапанаваных, супастаўляць малюнкі і інфармацыю або ўпісваць ўласныя варыянты. Карыстацца гэтым сэрвісам вельмі лёгка — у інтэрфейсе можна разабрацца літаральна за пару хвілін, у дадатак Quizlet падтрымлівае рускую мову і працуе на Android і iOS. Quizlet бясплатны, але бывае і падпіска Plus за $10, якая дазволіць загружаць уласныя малюнкі і ствараць неабмежаваную колькасць вучэбных груп.

Kahoot! дазваляе падаваць у фармаце апытанняў і тэстаў ледзь не ўвесь вучэбны матэрыял. Каб нала­дзіць зваротную сувязь з вучнямі, можна абыграць новыя тэмы ў форме простых пытанняў і адказаў, а замацаваць веды — пры дапамозе больш падрабязнага тэсціравання.

Kahoot! разлічаны на выкарыстанне ў класе: настаўнік паказвае матэрыял на галоўным экране, а школьнікі ў гэты час адказваюць на пытанні і абмяркоўваюць інфармацыю, прымяняючы адмысловы кліент для камп’ютараў або браўзер на смартфонах (Android, iOS, Windows Phone). Сэрвіс дазваляе даведацца, як адказваў на пытанні кожны навучэнец, або будаваць дыяграмы паспяховасці ўсяго класа. Самі навучэнцы могуць сачыць за сваімі вынікамі ў спецыяльных табліцах. Kahoot! бясплатны і цалкам даступны пасля рэгістрацыі.

Барабук — зручны інтэрнэт-сэрвіс для завучвання інфармацыі на мабільным прыстасаванні. Усе наборы картак захоўваюцца ў “воблаку”. Дзякуючы гэтаму, яны даступны ў любы час з любой прылады Apple, Android або праз інтэрнэт-старонку www.barabook.ru. Функцыя пошуку дапаможа знайсці патрэбны набор на мабільнай прыладзе або на сайце, дзе ёсць адпаведная спасылка. Калі вы зрабілі карысны набор картак, то можаце падзяліцца ім з вучнямі. Змена ў наборы картак аўтаматычна будзе перададзена ўсім, хто яго выкарыстоўвае.

Plickers — сэрвіс для стварэння бліцапытанняў для атрымання імгненнай зваротнай сувязі на розных этапах урока. Што патрэбна? Карткі з QR-кодам для вучняў, камп’ютар і адна мабільная прылада з выхадам у інтэрнэт (праектар і экран для зручнасці)”, — расказала Вольга Віктараўна.

А каб удзельнікі майстар-класа адчулі на сабе выгоды такой палітры інтэрнэт-сэрвісаў, В.В.Краўчанка прапанавала ім стаць ­удзельнікамі апытання пры дапамозе сэрвісу Triventy. Гэта бясплатны канструктар гульняў і віктарын, ён выкарыстоўвае тую ж канцэпцыю, што і Kahoot! або Quizizz. Настаўнік можа стварыць тэст ці віктарыну на сваім камп’ютары, а вучні могуць адказваць на пытанні са сваіх мабільных прылад або ноўтбукаў.

Майстар-клас настаўніцы ­біялогіі Ушацкай сярэдняй школы Вольгі Анатольеўны Жыткай называўся “Ключавое пытанне. Як зацікавіць навучэнцаў тэмай урока?”. Вольга Анатольеўна падрыхтавала своеасаблівы алгарытм, які дапамагае не толькі зразумець сутнасць ключавога пытання, але і натхніць на стварэнне сваіх ключавых пытанняў. “Ключавыя пытанні павінны падкрэслі­ваць мэты навучання і паскараць іх рэалізацыю; выклікаць жаданне адказваць на пытанне; абуджаць цікавасць кожнага вучня; падахвочваць яго да самастойнага пошуку адказаў; стымуляваць на аргументацыю сваіх думак і спосабу пошуку адказаў.

Навошта патрэбны ключавыя пытанні? Такія пытанні павышаюць увагу навучэнцаў, і яны актыўна ўключаюцца ў працу, прычым не толькі на ўроку, але і дома; актывізуюць разумовую дзейнасць; фарміруюць у навучэнцаў асабістае меркаванне і ўменне выказ­ваць свой пункт гледжання; паказваюць сувязь вывучаемай тэмы з жыццём.

 Для таго каб сфармуляваць добрае ключавое пытанне, неабходна прааналізаваць мэту ўрока; падумаць, як яна звязана з кантэкстам, з іншымі ведамі пра навакольны свет; паразважаць, якое пытанне магло б зацікавіць навучэнцаў і падахвоціць іх да пошуку адказаў.

Крытэрыі ключавога пытання: нельга адназначна адказаць “так” або “не”; на яго нельга адказаць на пачатку ўрока; такое пытанне матывуе вучня на пошук адказу на працягу ўсяго ўрока; цесна звязана з тэмай урока і крыху выходзіць за рамкі зместу тэмы.

Работа з ключавым пытаннем праду­гледжвае яго пастаноўку ў пачатку ўрока (у пачатку вывучэння раздзела); адвядзенне часу на разгляд пытання; абмеркаванне адказу ў парах, групах; адказ па жэрабі; выключэнне каменціравання адказаў вучняў; вяртанне да пытання на працягу вывучэння тэмы і ў канцы ўрока.

Віды ключавых пытанняў: адкрытае пытанне (“тоўстае” пытанне); выкарыстанне аб’ектаў, гіпотэзы, задачы, малюнка ці фота, калажу, лайфхака”, — расказала Вольга Анатольеўна, а затым для абмеркавання прапанавала некалькі прыкладаў пастаноўкі ключавых пытанняў.

9 клас. Тэма “Карбанаты”.

“… яна дастала з вуха адну з велізарных жамчужын і… апусціла жамчужыну ў воцат. Настала маўчанне. Узрушаныя госці, затаіўшы дыханне, назіралі, як непараўнальная жамчужына павольна раствараецца ў моцным воцаце. Вось ад яе не засталося і следу, і тады Клеапатра падняла кубак, пакруціла яго, боўтаючы воцат, і выпіла ўвесь, да апошняй кроплі”.

Урывак з рамана Г.Р.Хагард “Клеапатра”.

Ключавое пытанне: “Што адбылося з жамчужынай і чаму Клеапатра змагла выпіць “моцны воцат”?

Тэма “Змены ў жыцці дзікіх жывёл зімой” (1 клас).

Мэта на мове вучняў: я змагу растлумачыць, чаму ў жыцці дзікіх жывёл зімой адбыліся змены.

Ключавое пытанне ўрока: “Што страшней для дзікіх жывёл: голад ці холад?”

Матэматыка, 5 клас. Тэма “Параўнанне дробавых лікаў”.

Мэта ўрока мовай вучняў.

Я ведаю: правіла параўнання двух дробаў з аднолькавымі лічнікамі; правіла параўнання дробаў з аднолькавымі назоўнікамі; правіла параўнання дробаў з рознымі назоўнікамі.

Я ўмею: параўноўваць дробы з аднолькавымі лічнікамі, з аднолькавымі назоўнікамі, з рознымі назоўнікамі; размяшчаць дробы ў парадку ўзрастання або змяншэння.

Ключавое пытанне: “Вы ведаеце, што Карлсан — вядомы ласун. Аднойчы ён суст­рэў знаёмых хлопчыкаў Мішу і Сашу, кожны з якіх запрасіў яго да сябе на дзень нара­джэння. Карлсан задаў толькі два пытанні: “А колькі тартоў будзе? А колькі будзе гасцей?”І атрымаў на іх адказы. Як вы думаеце, да каго з хлопчыкаў Карлсан пойдзе ў госці?

Гаворачы пра выкарыстанне сродкаў нагляднасці пры фарміраванні ключавога пытання, Вольга Анатольеўна прывяла прыклады са сваіх урокаў:

“Тэма ўрока  “Будова ліста”, 7 клас. Паказваю навучэнцам разгорнутую далонь, пяро голуба, лісце клёна, каштана, дуба і задаю пытанне: “Што агульнага паміж пералічанымі аб’ектамі і як яны дапамогуць нам сёння на ўроку?”

У 10 класе падчас вывучэння першага закона Мендэля ў якасці ключавога пытання настаўніца прапанавала задачу на монагібрыднае скрыжаванне: “Вы генетык-селекцыянер. Да вас звярнуўся ваш сябар, сабакавод-заводчык. Яму прапанавалі шчаня хаскі за 400 рублёў, запэўніўшы, што яно чыстакроўнае. Які спосаб праверкі на чыстакроўнасць гэтага шчаняці вы можаце прапанаваць свайму сябру як генетык?”

Пры вывучэнні ў 9 класе будовы стрававальнай сістэмы В.А.Жыткая ў якасці ключавога пытання прапанавала лайфак па прадухіленні пякоткі: “Нягледзячы на тое, што пякотка можа быць выклікана рознымі прычынамі, вы можаце знізіць верагод­насць яе ўзнікнення, калі будзеце спаць на левым баку”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.