Калядны фестываль у анлайн-фармаце

У канцы мінулага года ў анлайн-фармаце прайшоў X Рэспубліканскі калядны фестываль. За чатыры дні былі праведзены 32 мерапрыемствы: майстар-класы, педагагічныя студыі, аўтарскія майстэрні. У якасці вядучых выступілі 39 педагогаў краіны — члены рэспубліканскіх творчых груп, клуба “Крыштальны журавель”, настаўнікі-метадысты. Нягледзячы на анлайн-фармат, фестываль аб’яднаў прагрэсіўную педагагічную супольнасць, бо пазітыў, творчасць, натхненне перадаваліся і праз камп’ютарныя маніторы. За фестывальныя дні было зарэгістравана больш за 1000 кропак падключэння.

Іван Якіменка.

Удзельнікамі фестывалю традыцыйна сталі настаўнікі рускай мовы і літаратуры, беларускай мовы і літаратуры, замежнай мовы, матэматыкі, фізікі, біялогіі, хіміі, геаграфіі, гісторыі і грамадазнаўства, эстэтычнага цыкла (музыка, выяўленчае мастацтва, айчынная і сусветная мастацкая культура), пачатковых класаў, выхавальнікі дашкольнай адукацыі, педагогі-псіхолагі з усіх рэгіёнаў краіны.
Калядны фестываль — пляцоўка для дэманстрацыі педагагічнага майстэрства настаўнікаў, распаўсюджвання эфектыўнай практыкі выкладання вучэбных прадметаў. Апошні фестываль стаў анлайн-пляцоўкай, але гэта не стала перашкодай для абмену вопытам і прэзентацыі ўласных метадычных напрацовак.


Майстар-клас “Магчымасці вы­ка­рыстання адукацыйных рэсурсаў сеткі інтэрнэт як фактар па­вышэння якасці навучання” праводзіў нас­таўнік матэматыкі, настаў­нік-метадыст Ло­шніцкай гімназіі Ба­ры­саўскага раёна Мінскай вобласці, член клуба “Крыштальны журавель” Іван Якіменка.

“Калі настаўнік прэтэндуе на званне сучаснага, то ён карыстаецца на вучэбных занятках інтэрнэт-рэсурсамі”. Прыняўшы гэтае сцвярджэнне за тэарэму, спікер прывёў калегам доказы яе праўдзівасці. Зыхо­дзячы з вызначэння адукацыйнага кантэнту як структураванага прадметнага зместу, які выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе, Іван Віктаравіч прапанаваў своеасаб­лівую класіфікацыю адукацыйных рэсурсаў з апісаннем іх магчымасцей на канкрэтных прыкладах.

Праграмы для тэсціравання ADSoftTester (adtester.org) і MyTest (mytest.klyaksa.net) працуюць афлайн, што для школ з абмежаваным доступам у інтэрнэт можа стаць вырашальным фактарам пры выбары электронных адукацыйных рэсурсаў (у тым ліку пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання).

Рэсурсы, якія змяшчаюць вучэбны відэакантэнт (videouroki.net, ru.khanacademy.org, youtube.com), патрабуюць пошуку, адбору, папярэдняга прагляду і, магчыма, рэдагавання відэа. Па просьбе педагога калегі прапанавалі свае варыянты выкарыстання фрагментаў відэа пры навучанні матэматыцы.

Пазнаёміўшыся з рознымі відамі электронных рэсурсаў, удзельнікі майстар-класа зрабілі некалькі агульных высноў. Папулярныя сэрвісы Web 2.0 (напрыклад, quizizz.com, plickers. com) прапануюць анлайн-карыстальнікам розныя формы кантролю і ўліку дасягненняў навучэнцаў. Сайты вузкай накіраванасці (crosswordus.com— стварэнне і разгадванне крыжаванак, rebus1.com — рэбусы на любы густ) дапамогуць настаўніку ў арганізацыі гульнявых, спаборніцкіх момантаў урока на этапах актуалізацыі ведаў, замацавання, паўтарэння вывучанага матэрыялу.

Як і на любых вучэбных занятках, на майстар-класе была хвіліна эмацыянальнай разрадкі. Удзельнікам была прапанавана спасылка на анлайн-дошку з сумесным доступам, дзе ўсе жадаючыя размалёўвалі навагоднюю ёлку з падарункамі і пісалі пажаданні калегам, а разам з тым знаёміліся з інструментам r8.whiteboardfox.com.

Сэрвіс для работы з інтэрактыўнымі практыкаваннямі LearningApps.org задуманы аўтарамі як адзіная платформа, на якой настаўнік любога вучэбнага прадмета можа ствараць уласныя заданні або выкарыстоўваць гатовыя заданні з агульнай базы. Яшчэ больш магчымасцей прадастаўляе onlinetestpad.com. У гэтым сэрвісе, акрамя ўсяго вышэйпералічанага, ёсць убудаваная сістэма дыстанцыйнага навучання і тэсціравання.

Трэнажоры ведаў былі прадстаўлены сайтамі yaklass.by і effor.by. Работу ў такіх рэсурсах лепш за ўсё арганізоўваць на ўзроўні ўстановы адукацыі. Трэнажоры маюць вялікія базы практыкаванняў і праверачных работ (частка з іх патрабуе аплаты за карыстанне), вя­дуць улік выкананых заданняў для кожнага карыс­тальніка, прыдатныя для арганізацыі зваротнай сувязі.

Электронны адукацыйны партал e- vedy.adu.by выступае ў ролі адзінай рэсурснай базы і з’яўляецца добрай падмогай для настаўнікаў па ўсіх вучэбных прадметах і ў выхаваўчай рабоце.

У якасці дамашняй работы ўдзельнікі майстар-класа атрымалі наступнае заданне: спампаваць прэзентацыю, прадстаўленую Іванам Віктаравічам, прагледзець розныя рэсурсы і, самастойна пазначыўшы крытэрыі адбору, выбраць тыя рэсурсы, якія яны будуць выкарыстоўваць у сваёй педагагічнай дзейнасці. Як гаворыцца, “што і патрабавалася даказаць”.


Педагагічную студыю “Асаблівасці выкарыстання электронных рэсурсаў пры дыстанцыйным навучанні хіміі” правяла настаўніца хіміі настаўнік-метадыст ліцэя БДУ Таццяна Калевіч.

Таццяна Калевіч.

Таццяна Аляксандраўна ўжо працяглы час праводзіць урокі хіміі анлайн (у класе 22 чалавекі). “Нельга сказаць, што гэта паўнавартасныя заняткі: нешта мы губляем, але нешта і знаходзім. Вядома, жывых зносін не хапае. Але ліцэісты падчас анкетавання адзначылі зручнасць навучання ў рэжыме анлайн. Мы ў ліцэі шмат чаго зрабілі яшчэ да эпідэміі каранавіруса. Наш сайт распрацаваны на платформе Мoodle, плюс якой — у адкрытасці.

Moodle дапамагае не проста апавяшчаць дзяцей, але і ажыццяўляць кант­роль за засваеннем ведаў, працаваць у інтэрактыўным рэжыме. Самая галоўная праблема пры дыстанцыйным навучанні — наладжванне зваротнай сувязі. На рэсурсе “Расійская электронная школа” вывучэнне хіміі прадстаўлена модулямі. Рэсурс напоўнены анімацыяй з добрым інфармацыйным складнікам, але яму не хапае зваротнай сувязі з вучнямі. Мы ж яе добра наладзілі. І дапамаг­ла ў гэтым платформа Moodle”, — адзначыла Таццяна Аляксандраўна.
Далей педагог падрабязна расказала пра раздзел “Хімія”, у які можна зай­сці з сайта ліцэя. Калі казаць пра змест дадзенай інтэрактыўнай старонкі, то яна складаецца з лекцый і практычнай часткі. Пасля лекцыйнага матэрыялу абавязкова ідуць пытанні. Калі пасля вывучэння лекцыйнага матэрыялу ліцэіст адказвае на пытанні, то пераходзіць ды вывучэння наступнага матэрыялу.

Сістэма Мoodle прадугледжвае наяў­насць справаздач: вы заходзіце на старонку справаздач, дзе вядзецца статыстыка наведвання, выканання, адказаў на пытанні кожнага ліцэіста, і можна даведацца, колькі працэнтаў заданняў ліцэіст выканаў. Па такой жа схеме працуюць і інтэрактыўныя тэсты па хіміі. Кантрольныя работы праводзяцца таксама ў выглядзе тэстаў.

“Гэта ўсё мы рабілі яшчэ да таго, як пачалася эпідэмія. Такі інтэрактыў выкарыстоўваўся пры падрыхтоўцы дамашняга задання, пры арганізацыі перавернутага навучання. Калі пачаўся каранавірус і мы перайшлі ў ліцэі на дыстанцыйнае навучанне, то ўвесь наш анлайн-інтэрактыў стаў асноўнай дзейнасцю. Ёсць шмат платформ, якія выкарыстоўваюцца для правя­дзення заняткаў анлайн. У ліцэі асноўнымі платформамі арганізацыі дыстанцыйнага навучання з’яўляюцца Zoom і GoogleMeet (сэрвіс відэатэлефоннай сувязі).

Я папрацавала з гэтымі дзвюма платформамі. Калі іх параўноўваць, то ў абедзвюх ёсць свае перавагі і недахопы. Мне больш падабаецца Zoom, бо тут зручней пісаць (графіка лепшая). Але Zoom мае адзін вялікі недахоп — абмежаванне па часе выкарыстання (сеанс можа доўжыцца толькі 40 хвілін). На GoogleMeet такога няма. Яшчэ адной перавагай гэтага сэрвісу з’яўляецца тое, што можна арганізаваць аўтаматычны запіс у воблака.

Хачу спыніцца яшчэ на адным рэсурсе — Quizzes (віктарыны). Фармат Quizzes такі, што ў тэкст пытання можна ўводзіць малюнкі, а гэта значыць можна дабаўляць формулы па арганічнай хіміі. Гэтыя рэсурсы добрыя і тым, што не патрабуецца рэгістрацыя”, — адзначыла педагог.

На завяршэнне Таццяна Аляксандраўна спынілася на асаблівасцях падручніка па хіміі для 10 класа, адным з аўтараў якога яна з’яўляецца.Электронны варыянт падручніка можна спампаваць з сайта Нацыянальнага інстытута адукацыі.

У падручніку ёсць матэрыялы для базавага і павышанага ўзроўню. Матэрыялы павышанага ўзроўню адкрываюцца праз QR-код, які размешчаны на жоўтым фоне. Акрамя таго, на сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі размешчаны варыянт падручніка ў раздзеле “Профільнае навучанне”, дзе таксама ёсць спасылкі на паглыблены варыянт вывучэння матэрыялу праз QR-код.


Аўтарам педагагічнай студыі “Прадметнае мадэляванне на ўроках біялогіі” стала настаўніца біялогіі настаўнік-метадыст гімназіі № 2 Пінска Таццяна Пархамчук.

Таццяна Пархамчук.

“Мадэляванне — гэта працэс пабудовы мадэлей з падручных матэрыялаў для даследавання і вывучэння аб’ектаў, працэсаў, з’яў”, — сказала Таццяна Віктараўна.

Мадэлі, якія прымяняюцца на ўроках біялогіі, можна класіфікаваць па прадмеце мадэлявання:


аб’екты (малекулы, клеткі, органы, сістэмы органаў, арганізмы розных царс­тваў, супольнасцей і г.д);

біялагічныя з’явы (осмас, тургор клеткі, каранёвы ціск і г.д.);

біялагічныя працэсы (біясінтэз бялку, мітоз і меёз, развіццё жывога арганізма і г.д.).

Мадэлі могуць быць статычнымі і дынамічнымі. Алгарытм работы з імі ўключае апрацоўку інфармацыі, адбор прымет і якасцей жывых арганізмаў для мадэлявання, стварэнне аб’ёмнай ма­дэлі.

Прадметнае мадэляванне (ад дэманстрацыі і стварэння мадэлей па ўзоры да самастойнага вывучэння аб’ектаў/з’яў або замацавання вывучанага матэрыялу з дапамогай мадэлявання) можа быць выкарыстана на арыенціровачна-матывацыйным, аперацыйна-пазнавальным, кантрольна-ацэначным і рэфлексіўным этапах урока.

Каб замацаваць тэорыю, Таццяна Віктараўна прапанавала сваім калегам памадэляваць. У выніку яны дружна і весела (хоць і анлайн) стваралі мадэль “Скрыначка маку”, а затым мадэлі “Ракавіна двухстворкавага малюска” і “Лёгкія чалавека”.


У педагагічнай студыі настаўніцы фізікі намесніка дырэктара сярэдняй школы № 9 Бабруйска Таццяны Багдановіч раскрывалі сакрэт рабочага ліста.

Таццяна Багдановіч.

Размова пачалася з асацыяцый і разваг. У выніку з’явілася расшыфроўка: рабочы ліст — гэта ліст, які змяшчае заданні з указаннямі і зваротную сувязь. Рабочыя лісты могуць уключаць апорныя схемы, табліцы, рэбусы, крыжаванкі, воблака слоў, цытаты, карты, ілюстрацыйны матэрыял, лагічныя ланцужкі і інш.

Адметнасцю педагагічнай студыі Таццяны Віктараўны было тое, што яна ўвесь час абапіралася на прыклады. Гэта і зразумела: менавіта прыклады рабочых лістоў стваралі правільнае ўяўленне пра іх. Пры распрацоўцы гэтага метадычнага інструмента настаўніца абапіралася на распрацоўкі Марыны Курвітс — магістра, настаўніцы матэматыкі і інфарматыкі з Таліна (Эстонія). Марына Курвітс — папулярны ў педагагічым асяроддзі метадыст, які пазіцыянуе сябе як дызайнер вучэбных прастор, педагагічны кансультант, адукацыйны блогер.

Згодна з яе распрацоўкамі, рабочы ліст можа быць тэставым, інтэграваным, інфармацыйным, даследчым і лістом-самавучыцелем. Гэтую градацыю ўзяла за аснову і Таццяна Віктараўна, таму асноўную частку сваёй педагагічнай студыі яна прысвяціла апісанню прадстаўленых відаў рабочых лістоў.

Тэставы рабочы ліст, або ліст-трэнажор, быў разгледжаны на прыкладзе такой фізічнай тэмы, як “Раўнамерны рух”. Педагог прадставіла ліст, у якім было 10 задач: 7 — часткі А, дзе трэба было выбраць адказ, і 3 задачы часткі В, дзе неабходна было ўпісаць адказ.

У лісце-даследаванні ўказваецца абсталяванне, ён павінен утрымліваць эксперыментальную частку, вынікі, выснову і самаправерку. Карацей, гэты ліст будуецца па этапах эксперыментальнага даследавання, якія арганізуюцца на ўроках фізікі. Такі ліст удзельнікі педагагічнай студыі вучыліся складаць па тэме “Сілы трэння. Сілы супраціўлення асяроддзя”.

Інтэграваны рабочы ліст складаецца з дзвюх частак. Спачатку вы распрацоўваеце канспект урока ў выглядзе рабочага ліста, а затым ствараеце другі рабочы ліст з праверачнымі заданнямі і пытаннямі (гэты ліст можа складацца па другой тэме, напрыклад, для практычнай работы). Тут Таццяна Віктараўна прадстаўляла рабочы ліст (канспект урока) па тэме “Вока як аптычная сістэма. Дэфекты зроку. Акуляры”. У ліст былі ўпісаны такія этапы ўрока, як “Правер сябе” (тэставае заданне), “Новы матэрыял” (у выглядзе інтэлект-карты), “Замацаванне” (тэставае заданне), “Паўза” (фізкультхвілінка), “Паспрабуй разгадай” (крыжаванка па светлавых з’явах).

Другая частка інтэграванага ліста была па тэме “Тэмпература. Вымярэнне тэмпературы. Тэрмометры”. Работа па гэтым лісце будавалася ў тры этапы: “Давай успомнім” (трэба было адказаць на пытанні), “Вывучым тэорыю” і “Замацуем” (былі прапанаваны практычныя заданні: па адным малюнку вызначыць значэнне кожнага з прадстаўленых тэрмометраў, па другім — вызначыць цану дзялення прыбораў, паказанні прыбораў і запоўніць адпаведную табліцу).

Як зрабіць рабочы ліст-канспект, разбіраліся ў межах тэмы “Закон праламлення святла. Паказчык праламлення. Поўнае адлюстраванне”. Гэты рабочы ліст уяўляў сабой калабарацыю тэорыі (даваліся азначэнні законаў адлюстравання, праламлення) і практыкі.
Найвышэйшым пілатажам Таццяна Віктараўна назвала стварэнне рабочага ліста-самавучыцеля. Такі ліст складаецца з фокусам на самастойную работу навучэнца (настаўнік выступае ў ролі кансультанта); абавязкова ўтрымлівае выразную інструкцыю на даступнай і зразумелай для навучэнцаў мове; вучэбная дзейнасць ажыццяўляецца праз камунікацыю: работа ў парах, групах.

У рабочым лісце-самавучыцелі заданні падбіраюцца ад самага простага да складанага, суправаджаюцца самаправеркай навучэнцаў з дапамогай QR-кодаў, якія могуць змяшчаць прымацаваны дакумент, відэа і інш. Абавязковая зваротная сувязь.

Такі рабочы ліст можа складацца па любым прадмеце. Адзнака за яго выкананне не ставіцца. Таццяна Віктараўна прадставіла сэрвісы для складання індывідуальнага рабочага ліста: LiveWorksheets, Wizer.me, Google-дакументы. Яны дапамогуць ствараць інтэрактыўныя заданні, даюць магчымасці хуткай зваротнай сувязі. Акрамя таго, яны могуць быць інструментамі як для фарміруючага, так і для выніковага ацэньвання.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.