Літаратура ў тэстах

Паказчыкамі якасці літаратурнай адукацыі з’яўляюцца агульны культурны ўзровень вучня, яго эрудыцыя, начытанасць, асобаснае засваенне зместу праграмнага літаратурнага твора, характар, ступень самастойнасці, доказнасці эстэтычных меркаванняў вучня і ўзровень развіцця яго маўлення. Агульнавядома, што адным з найважнейшых структурных кампанентаў навучання з’яўляецца праверка і ацэнка ведаў, уменняў і навыкаў вучняў. Што тычыцца ўрокаў беларускай літаратуры ў старшых класах, дзе на вывучэнне прадмета адводзіцца 1—2 гадзіны на тыдзень, то паўстае пытанне эфектыўнасці і аб’ектыўнасці кантролю і ацэнкі вучэбных дасягненняў вучняў ва ўмовах кароткага прамежку часу.

Думаю, не памылюся, калі скажу, што для настаўніка на ўроках літаратуры найбольш складаным з’яўляецца аб’ектыўнае ацэньванне ведаў вучняў. Як часта настаўнік, захапіўшыся работай над літаратурным творам, з задавальненнем выслухоўвае адных і тых жа вучняў, якія заў­сёды гатовы адказаць. Пры гэтым ацаніць работу вучняў у канцы ўрока бывае складана. Акрамя таго, старшакласнікі з іх нястрымнай прагай да самастойнасці і асобаснага самасцвярджэння не надта схільны выконваць працяглую па часе працу, чытаць вялікія па аб’ёме мастацкія творы. Выйсце ў такой сітуацыі мне бачыцца ў спалучэнні розных метадаў кантролю, сярод якіх нельга пакінуць па-за ўвагай тэставы кантроль. Выкарыстанне тэстаў на ўроках літаратуры  дазваляе  выявіць узровень ведаў і ўменняў вучняў, актывізаваць работу па засваенні вучэбнага матэрыялу, дысцыплінаваць, арганізаваць дзейнасць, стварыць роўныя магчымасці для кожнага вучня.

Тэсціраванне ў педагогіцы  выконвае тры ўзаемазвязаныя функцыі:

1) дыягнастычная функцыя заключаецца ў выяўленні ўзроў­ню ведаў, уменняў і навыкаў вучняў;

2) навучальная функцыя выяўляецца ў матываванні вучняў да актывізацыі работы па засваенні вучэбнага матэрыялу;

3) выхаваўчая функцыя рэалізоўваецца пры ўмове, што тэставы кантроль на ўроках праводзіцца сістэматычна, а гэта дысцыплінуе, арганізоўвае вучняў, фарміруе ў іх імкненне развіваць свае здольнасці. 

Пры відавочнай важнасці дыягнастычнай і навучальнай функцый не менш значную ролю выконвае выхаваўчая функцыя. Выкарыстанне тэстаў дысцыплінуе вучняў, вымагае ад іх сістэматычнай паўрочнай працы.

Формы тэставых заданняў, якія выкарыстоўваю на ўроках літаратуры, бываюць розныя. Аднак найбольш распаўсюджанай з’яўляецца наступная: прапануецца пытанне ці сцвярджэнне, вучням з некалькіх варыянтаў адказу трэба выбраць адзін ці некалькі правільных. Але часта такая форма тэстаў не дазваляе ўсебакова і аб’ектыўна ацаніць веды вучняў,таму выкарыстоўваю тэставыя заданні адкрытай формы: вучань павінен даць поўны адказ на пастаўленае пытанне. (Дадатак 1.) Як мне давялося пераканацца, такая форма тэстаў павышае матывацыю да навучання. Часта прапаную выканаць такія тэсты не пасля засваення вучэбнага матэрыялу, а ў працэсе яго засваення: чытаем твор і адначасова шукаем адказы на тэставыя пытанні. Пасля правяраем і ацэньваем. Добрую адзнаку мае магчымасць атрымаць практычна кожны вучань, які ўважліва азнаёміцца з прапанаваным мастацкім тэкстам, што і спрыяе не толькі выкананню задання, але і грунтоўнаму засваенню новага матэрыялу.

Наступная форма тэставых заданняў — заданні на ўстанаўленне адпаведнасці і заданні на ўстанаўленне правільнай паслядоўнасці. Выкананне такіх заданняў дазваляе раскрыць сюжэтна-кампазіцыйныя, тэматычныя, стылістычныя асаблівасці тэксту, выказаць уласныя думкі наконт праблем, узнятых у творы.

Акрамя традыцыйных тэставых заданняў, выкарыстоўваю на ўроках беларускай літаратуры клоўз-тэсты, падчас выканання якіх вучням трэба ўставіць ва ўрывак з тэксту прапушчанае аўтарскае слова. Асабліва цікава выкарыстоўваць такі від тэстаў пры вывучэнні паэтычных твораў. (Дадатак 2.) Выкарыстанне чэнч-тэстаў фарміруе ў вучняў уважлівае стаўленне да аўтарскага слова, паколькі падчас выканання такіх тэставых заданняў вучням трэба знайсці слова, якім заменена аўтарскае, а затым узнавіць арыгінальны тэкст твора. (Дадатак 3.)

Вучням старшых класаў падабаецца абменьвацца самастойна складзенымі тэстамі, ацэньваць адно аднаго. Такая работа развівае пазнавальную актыўнасць, творчыя здольнасці вучняў, дае магчымасць прымяніць атрыманыя веды ў новай сітуацыі. Тэставыя заданні на ўроку літаратуры выкарыстоўваю не толькі як форму кантролю і праверкі ведаў вучняў, але і для паўтарэння ўжо засвоенага матэрыялу. На ўроках беларускай літаратуры лічу мэтазгодным выкарыстанне тэставых заданняў:

  • пры вывучэнні жыццёвага і творчага шляху пісьменніка;
  • як уводны кантроль на пачатку вывучэння эпічнага твора буйной формы ці тэматычны кантроль пры завяршэнні яго вывучэння. Зразумела, што мэта выкарыстання тэстаў і іх віды ў гэтых выпадках розныя. У першым выпадку стаўлю задачу вызначыць, хто з вучняў не прачытаў твор і не можа рухацца далей, а хто прачытаў, але, магчыма, не вельмі ўважліва (так званы скарочаны варыянт тэксту). У другім выпадку выкарыстанне тэстаў накіравана на высвятленнне ступені засваення матэрыялу і глыбіні асэнсавання прачытанага;
  • як формы кантролю пры вывучэнні пытанняў тэорыі літаратуры; на ўроках па творах для дадатковага чытання.

Паколькі тэставыя заданні здольны забяспечыць магчымасць аб’ектыўнай ацэнкі ведаў і ўменняў вучняў па аднолькавых для ўсіх вучняў крытэрыях, то дазваляюць атрымаць уяўленне пра якасць падрыхтоўкі не проста асобнага вучня, а ўсяго класа. Для гэтага можна выкарыстаць табліцу, у якую заносіцца колькасць вучняў, якія далі правільны адказ па кожным пытанні. Прааналізаваўшы даныя табліцы, бачу, як тое ці іншае пытанне засвоена класам, з якімі вучнямі неабходна правесці індывідуальную работу.

Пры выкарыстанні тэставых заданняў на ўроках беларускай літаратуры варта помніць, што фармулёўкі тэставых заданняў павінны быць сціслымі і дакладнымі, кожны вучань павінен мець свой экзэмпляр з заданнямі, перад пачаткам выканання тэстаў вучні павінны быць азнаёмлены з крытэрыямі ацэнкі тэста, яго зместам, часам, які адводзіцца на выкананне тэставых заданняў. Вучням дазваляецца выконваць тэставыя заданні ў любым парадку.

Выкарыстанне тэставых заданняў на ўроках беларускай літаратуры дазваляе:

  • улічыць індывідуальныя асаблівасці вучняў падчас праверкі вынікаў навучання;
  • праверыць узровень засваення вучэбнага матэрыялу на кожным этапе навучання;
  • ажывіць працэс навучання;
  • сэканоміць час, які адводзіцца на апытванне;
  • забяспечыць аб’ектыўнасць праверкі ведаў, уменняў вучняў;
  • знізіць узровень трывожнасці, страху вучняў падчас праверкі ведаў, уменняў.

Тэставыя заданні — гэта, безумоўна, зручная і эфектыўная форма кантролю ведаў і ўменняў вучняў. Выкарыстанне тэставых заданняў дазваляе павысіць паказчыкі паспяховасці маіх вучняў.

ДАДАТАК 1

Тэставая работа па рамане Івана Мележа “Людзі на балоце”

Па дадзеным пачатку сказа запішыце працяг-адказ:

1. Брата Васіля Дзятліка звалі…

2. На пачатку твора аўтар параўноўвае Ганну Чарнушку з…

3. Назва банды, якая дзейнічала ў наваколлі, — …

4. Аднойчы Васіль пашкадаваў Ахрэму Грыбку…

5. Прадмет асаблівага гонару ў абліччы Яўхіма…

6. Брата Яўхіма звалі…

7. Ганна едзе на кірмаш у…

8. Яўхім перад вяселлем падарыў Ганне…

9. Месца спатканняў Ганны і Васіля было…

10. Па дарозе ў царкву вясельны картэж Яўхіма і Ганны…

11. Падчас вяселля Яўхім падарыў мачысе Ганны…

12. Шлюбнае ўбранне Ганна шыла ў…

13. Бойка Васіля з Яўхімам адбылася…

14. Лепшую сяброўку Ганны звалі…

15. У думках Ганна параўноўвае малатарню ў гумне Глушака…

16. На кірмашы Ганна ўбачыла Васіля ў…

17. На вячоркі ў гурт моладзі Ганна не можа ісці пасля…

18. Аднаго куранёўскага “інцялігента” звалі…

19. Бацьку Ганны звалі…

20. На малатарні ў Глушакоў працавалі…

ДАДАТАК 2

Выкарыстанне клоўз-тэстаў на ўроках беларускай літаратуры (11 клас)

Устаўце прапушчаныя ў вершах словы.  Вызначце аўтара твора і згадайце яго назву.

Край мой_________, край!

Дай мне прыгарнуцца, дай!

Да твайго ляснога

__________ долу,

Дзе так шчасця многа

Выпала на долю, —

Дай жа прыгарнуцца, дай!

Край мой беларускі, край!

Дай ты мне напіцца, дай!

Той вады________

З той крыніцы вечнай,

Дзе ад ран балючых

Ты арлоў вылечваў, —

Дай жа мне напіцца, дай!

(“Край мой беларускі, край”, Н.Гілевіч.)

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Там заблудзімся ў _______травах.

Пачынаецца ўсё з любві,

Нават самая простая ява.

I тады душой не крыві

На дарозе жыцця_______.

Пачынаецца ўсё з любві —

Першы поспех і першыя крокі.

Прыручаюцца______,

I змяняюцца краявіды.

Пачынаецца ўсё з любві —

Нават ненавісць і агіда…

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Сто дарог за маімі________.

Пачынаецца ўсё з любві,

А інакш і жыць_________.

(“Ты пакліч мяне. Пазаві”, Я.Янішчыц.)

ДАДАТАК 3

Выкарыстанне чэнч-тэстаў на ўроках беларускай літаратуры (9 клас)

Знайдзіце ў вершах словы, якімі заменены аўтарскія. Прапануйце правільны варыянт тэксту.

Песняй вясны лебядзінаю,

Скінуўшы цяжкія чары,

Шэпчуцца явар з калінаю

У ціхай даліне над ярам.

Лісцікі радасцю хваляцца

Небу панятлівай мовай:

Росамі мыюцца раніцай,

Песцяцца сонцам паўднёвым.

(“Явар і каліна”, Янка Купала.)

Мой родны кут, як ты мне мiлы!..

Забыць цябе не маю сiлы!

Не раз, спалоханы дарогай,

Жыццём вясны мае ўбогай,

К табе я ў думках залятаю

I там душою спачываю.

О, як бы я хацеў спачатку

Вясну жыцця па парадку

Прайсцi яшчэ раз, азiрнуцца,

Сабраць з дарог прылады тыя,

Што губяць сiлы маладыя,

К вясне б маёй хацеў вярнуцца.

Вясна, вясна! Не для мяне ты!

Не я, табою абагрэты,

Прыход твой радасны спаткаю,

Цябе навек, вясна, хаваю.

(Урывак з паэмы “Новая зямля”, Якуб Колас.)

Людміла ЛУЗЯНІНА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Конькаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.