Маладым педагогам патрэбна дзейснае асяроддзе

Сёлета ўпершыню грамадскія арганізацыі Гродзенскай вобласці правялі конкурс на саісканне прэміі “Лідар настаўніцтва”. Адным з лаўрэатаў прэміі стала настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Астраўца Наталля Назараўна Ляшчэўская. Аб сістэме работы з маладымі спецыялістамі і прафесійных сакрэтах гутарым з лідарам настаўніцтва Гродзеншчыны.

— Наталля Назараўна, наколькі цікава было прымаць удзел у такім конкурсе? Дзякуючы чаму ўдалося стаць “Лідарам настаўніцтва”?

— Безумоўна, гэта быў важны новы вопыт. Для таго каб маладыя педагогі замацоўваліся, неабходна забяспечыць ім паспяховы старт у прафесійнай сферы. Конкурс якраз створаны для таго, каб выявіць, падтрымаць і распаўсю­дзіць эфектыўны вопыт педагогаў-настаўнікаў.

Было адказна прадстаўляць наш рэгіён на конкурсе і дзяліцца ўласным вопытам. Астравецкі райвыканкам, аддзел адукацыі, вучэбна-метадычны кабінет, установы адукацыі шмат увагі ўдзя­ляюць адаптацыі маладых педагогаў. Усе разумеюць, што маладое пакаленне — наша будучыня. У настаўніцкай прафесіі няма магчымасці рэпеціраваць і пераробліваць нешта шмат разоў, трэба правільна і своечасова арганізоў­ваць бесперапынны адукацыйны працэс. Таму мы з калегамі заўсёды гатовы дзяліцца вопытам з тымі, хто выбраў няпросты і адказны шлях — вучыць і выхоў­ваць дзяцей.

Калі гаварыць пра сябе, то я ніколі не адмаўлялася ад прапаноў стаць настаўнікам для маладых спецыялістаў, правесці адкрытыя вучэбныя заняткі ці майстар-клас у рамках разнастайных метадычных мерапрыемстваў. Скажу шчыра: рабіла я гэта ў першую чаргу для сябе, а потым — для маладых калег. Калі дапамагаеш вырашыць супярэчнасці, ліквідаваць недахопы ў ведах ці проста даеш парады маладым калегам, адначасова павышаеш сваё прафесійнае май­стэрства. А яшчэ дадам, што падтрымка і дапамога калег і сама атмасфера нашай гімназіі спрыяюць выніковай конкурснай дзейнасці.

— Як вы будуеце работу з маладымі спецыялістамі?

— Працуючы з маладымі спецыялі­стамі, важна павысіць іх прафесійную кампетэнтнасць, стварыць спрыяльнае асяроддзе для фарміравання ўменняў фармуляваць канкрэтныя педагагічныя задачы ў адпаведнасці з пэўным калектывам вучняў, планаваць і праектаваць уласную дзейнасць, выбіраць формы, метады і сродкі арганізацыі адукацыйнага працэсу, ацэньваць вынікі педагагічнай дзейнасці.

З’яўляюся кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы. Плануючы нашу з калегамі дзейнасць, я зразумела: з маладымі спецыялістамі неабходна займацца дадаткова. Аднак ізаляваць іх ад больш вопытных калег не варта. Вынікі дыягностыкі прафесійнай кампетэнтнасці маладых педагогаў сведчаць аб тым, што існуе шэраг праблем, вырашэнне якіх без дапамогі вопытнага педагога немагчымае.

Пераканалася: найбольш эфектыўна работа з “навабранцамі” можа быць арганізавана ў рамках метадычнага фарміравання “Школа маладога педагога”, у склад якога ўваходзяць настаўнікі першага і другога года работы. Прычым заняткі трэба праводзіць асобна для кожнай групы. Я вельмі ўдзячна калегам за тое, што адгукаюцца на маю просьбу падзяліцца сваім педагагічным вопытам з моладдзю, прыняць удзел у вучэбных занятках, прааналізаваць план-канспект ці дыдактычныя матэрыялы.

Неабходна не толькі тлумачыць на словах і паказваць, але і назбіраць адпаведную базу даных. Маладым педагогам варта забяспечыць доступ да матэрыялаў па тыпалогіі вучэбных заняткаў, сучасных метадаў навучання, мэтапакладання, структуры вучэбных заняткаў, педагагічных тэхналогій, вучэбных планаў-канспектаў і аналізе вучэбных заняткаў, а таксама разнастайных тэстаў, кантрольна-вымяральных матэрыялаў. Такая інфармацыя значна аблегчыць працэс праектавання, мадэлявання і правядзення вучэбных заняткаў у першы год работы.

Істотна павысіць прафесійную кампетэнцыю маладых настаўнікаў удаецца шляхам арганізацыі сістэмы работы па самаадукацыі. Правільная фармулёўка тэмы — гэта залог далейшай паспяховай дзейнасці ў гэтым кірунку. Мы ўдзя­ляем гэтаму моманту вялікую ўвагу. Адным з галоўных крытэрыяў пры выбары тэмы з’яўляецца яе актуальнасць. Абавязкова неабходна прапанаваць маладому спецыялісту агучыць свой першы вопыт перад калегамі. І тут таксама нічога нельга пускаць на самацёк, каб атрымаць станоўчы вынік, а не расчараванне. Папярэдне вопытнаму педагогу варта разам з навічком абмеркаваць форму і ключавыя моманты прэзентацыі педагагічнага вопыту, правесці сумесную рэпетыцыю.

У маладых спецыялістаў часта выклікае цяжкасці рэалізацыя сучасных падыходаў у адукацыйным працэсе па замежнай мове. Традыцыйна для пачынаючых педагогаў ладзім тэарэтычныя і практычныя заняткі па гэтай тэме. Выкарыстанне педагагічных тэхналогій у рабоце настаўнікаў замежнай мовы — адзін з абавязковых кампанентаў сістэмы работы па павышэнні тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі маладых калег.

Павышэнне прафесійнай кампетэнцыі — гэта развіццё творчай індывідуальнасці, фарміраванне ўспрымальнасці да педагагічных інавацый, здольнасць адаптавацца да зменлівага педагагічнага асяроддзя. Каб дасягнуць гэтага, маладых педагогаў неабходна абавязкова прыцягваць да ўдзелу ў прадметных тыднях, метадычнай дэкадзе, раённых, гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Дзейснае асяроддзе дапамагае маладому настаўніку сама­сцвердзіцца, адчуць сябе часткай педагагічнай грамадскасці.

— А што вам самой у свой час дапамагло ўключыцца ў прафесію?

— Я скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў у 1992 годзе. Адзін год працавала ў Альхоўскай сярэдняй школе Астравецкага раёна, пасля перавялася ў сярэднюю школу № 2 Астраўца (з часам яна стала гімназіяй), якую сама скончыла. Мае школьныя настаўнікі нямецкай мовы Соф’я Ільінічна Каралёва і Данута Браніславаўна Мацвейчык сталі калегамі, настаўнікамі ў новым, прафесійным, сэнсе ці, як я часта кажу, сапраўднымі школьнымі мамамі. Мае бацькі і я ўдзячны ім за тое, што яны прывілі мне любоў да замежных моў, дапамаглі правільна выбраць прафесію, а затым дзяліліся сваім настаўніцкім вопытам.

— Наталля Назараўна, якіх пры­нцыпаў у рабоце вы прытрымліваецеся сёння? Без чаго не можаце ўявіць свайго сучаснага ўрока?

— Сёння ў сваёй рабоце я ў першую чаргу прытрымліваюся прынцыпаў асобасна арыентаванага навучання. Выкарыстоўваю разнастайныя формы і метады арганізацыі вучэбнай дзейнасці, якія дазваляюць раскрыць суб’ектыўны вопыт вучняў. Імкнуся стварыць атмасферу зацікаўленасці кожнага дзіцяці ў рабоце на ўроку. Стымулюю сваіх навучэнцаў да выказванняў, прымянення разнастайных шляхоў выканання заданняў без страху памыліцца. У сваёй практыцы актыўна выкарыстоўваю дыдактычны матэрыял, які дазваляе вучню выбіраць найбольш падыходзячыя для яго від і форму вучэбнага зместу. Таксама ў ліку ключавых момантаў — стварэнне на ўроках педагагічных сітуацый зносін, якія дазваляюць кожнаму праявіць ініцыятыву, самастойнасць, вынаходлівасць у спосабах выканання задач, а яшчэ — прадастаўленне магчымасці для натуральнага самавыяўлення дзіцяці.

Настаўніку важна ацэньваць дзейнасць вучняў не толькі па канчатковым выніку (правільна або няправільна), але і па працэсе яго дасягнення. Варта не забываць пра заахвочванне вучня, калі яму ўдалося знайсці свой спосаб выканаць заданне. Падчас урока трэба аналізаваць спосабы работы вучняў, выбіраць і ацэньваць найбольш рацыянальныя, звяртаць на іх увагу.

Сучасныя эфектыўныя вучэбныя заняткі немагчыма ўявіць без дзейснага асяроддзя, у якім удаецца спалучаць сучасныя падыходы, суб’ект-суб’ектныя адносіны. Таксама важна фарміра­ваць прадметныя, міжпрадметныя і мета­прадметныя кампетэнцыі, выкарыстоў­ваць ІКТ, актуалізаваць суб’ектны і на­бываць суб’ектыўны вопыт. І ўсё пералічанае неабходна дэкарыраваць высокім патэнцыялам навучэнцаў і самога настаўніка.

У наш час прафесійна кампетэнтным можна назваць настаўніка, які на дастаткова высокім узроўні ажыццяўляе сваю дзейнасць, дасягае стабільна высокіх вынікаў у навучанні і выхаванні дзяцей. Безумоўна, важна перадаваць такі вопыт маладым педагогам, але не трэба чакаць хуткіх вынікаў. Стаць прафесіяналам сваёй справы складана, і для гэтага патрабуецца шмат сіл і часу, таму навічкам варта адразу настроіцца на доўгі шлях.

— Як складаўся ваш педагагічны шлях?

— Мне ўвесь час хацелася рухацца наперад, павышаць свой прафесійны ўзровень. Магчыма, таму і ішла з цікавасцю ад адной новай прыступкі да другой. Спачатку падключылася да раённай творчай групы. З цягам часу стала кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы раёна, а затым гімназіі. Гэта запатрабавала яшчэ большай работы над сабой, бо неабходна ўвесь час ісці на крок наперадзе іншых настаўнікаў, адсочваць усё новае.

Затым была рада далучыцца да творчай групы па рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі культуры камунікатыўных паводзін сродкамі вучэбнага прадмета “Замежная мова”. На працягу двух навучальных гадоў з’яўлялася кіраўніком раённай школы маладога настаўніка. З адчуваннем адказнасці дзялюся сваім вопытам яшчэ і выступаючы ў якасці лектара, які праводзіць заняткі для настаўнікаў англійскай мовы ў Гродзен­скім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

Зараз я кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання, настаўнік не толькі для вучняў, але і для маладых спецыялістаў, член рэспубліканскай творчай групы.

— Вы паспелі вельмі многае. А якія свае дасягненні лічыце галоўнымі?

— У іх ліку, безумоўна, нядаўняя перамога на новым абласным конкурсе “Лідар настаўніцтва”. Вельмі знакавай падзеяй стала членства ў рэспубліканскай творчай групе настаўнікаў замежных моў. Яе ўдзельнікамі з’яўляюцца высокапрафесійныя калегі, на якіх хочацца раўняцца. Гэта супольнасць, дзе спалучаюцца самыя яркія, цікавыя, крэатыўныя ідэі.

Таксама хачу выдзеліць дыплом І ступені на рэспубліканскім завочным конкурсе метадычных распрацовак “Арганізацыя міжкультурных іншамоўных зносін на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці ў намінацыі “Замежная мова. Вучэбныя заняткі 3—11 класы” ў 2018—2019 годзе.

— Раскажыце, калі ласка, як вы развівалі і развіваеце свае прафесійныя кампетэнцыі. Што дапамагае вам расці як педагогу?

— Для таго каб развіваць свае прафесійныя кампетэнцыі, выкарыстоўваю ўсе даступныя сродкі. Важна і радасна, што ў нашым раёне і гімназіі, дзе працую, створаны ўсе ўмовы для правя­дзення сучасных заняткаў і павышэння прафесійнай кампетэнцыі. Так, у нашай гімназіі тры лінгафонныя кабінеты па замежнай мове. Каб прыйшоў поспех і вопыт, трэба быць актыўным, праяўляць ініцыятыву, удзельнічаць у мерапрыемствах і конкурсах, рэгулярна праходзіць курсавую падрыхтоўку, наведваць семінары ўсіх узроўняў, сістэматычна працаваць над самаадукацыяй. Варта таксама падтрымліваць зносіны з калегамі як са свайго рэгіёна, так і з іншых, якія сталі прафесіяналамі, і ў рэшце рэшт не баяцца самім пачынаць трансліраваць уласны вопыт.

Я выкарыстоўваю кожную магчы­масць паехаць у Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі, Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. З цікавасцю слухаю выступленні калег, наведваю майстар-класы і адразу праводжу маніторынг сфарміраванасці маіх прафесійных кампетэнцый. Пасля планую, што новага мне неабходна вывучыць, асвоіць і прымяніць. Такая схема павышэння прафесійнай кампетэнцыі склалася ў мяне за гады, яе і прытрымліваюся. Самае ж галоўнае — мне гэта цікава і прыносіць задавальненне.

— А якія задачы для вас галоўныя на сённяшнім этапе прафесійнай дзейнасці?

— Адным з асноўных кірункаў сёння для мяне з’яўляецца падрыхтоўка да атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”. Гэта лагічны працяг маёй шматгадовай працы і новая важная прыступка.

— Наталля Назараўна, да чаго імкняцеся ў прафесіі?

— Думаю, мае імкненні такія ж, як і ў маіх калег. Больш за ўсё хацелася б, каб кампетэнцыі, сфарміраваныя ў навучэнцаў, дапамаглі ім правільна выбраць прафесію, атрымаць адукацыю, знайсці любімую работу і дасягнуць у ёй поспехаў, стаць самадастатковымі, дастойнымі людзьмі.

У рабоце з маладымі спецыялістамі імкнуся арганізаваць для іх такое суправаджэнне, якое дапаможа стварыць сітуацыю ўзаемаразумення і прадукцыйнага ўзаемадзеяння з іншымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу і будзе спрыяць усебаковаму развіццю іх асобы.

— Дзякуй за змястоўную размову. Поспехаў і плёну вам!

Таццяна ШЫМКО.