Кожны з нас ведае прыгожую казку пра тое, што калі вельмі захацець, самая запаветная мара можа стаць рэальнасцю. У школьныя гады я была ў захапленні ад творчасці Аляксандра Грына, з вялікім задавальненнем перачытвала яго аповесць “Пунсовыя ветразі” і ўяўляла сябе шчаслівай Асоль, за якой на белым караблі прыплыве цудоўны прынц. А таму ў прадчуванні нечага прыемна незвычайнага і таямнічага я ехала на ўрок літаратуры па творы “Пунсовыя ветразі”намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніцы рускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”сярэдняй школы № 3 Крупак Мінскай вобласці Таццяны Аляксандраўны Канавалёнак. І не памылілася.
Урок па аповесці “Пунсовыя ветразі” нікога не пакінуў абыякавым. І гэта абумоўлена найперш асобай педагога — яркай, эмацыянальнай, харызматычнай, якая змагла запаліць дзяцей і павесці за сабой у краіну Грын-Ландыю, тымі жыццёвымі праблемамі, што абмяркоўваліся на ім (чалавечнасці, чуласці, здольнасці прыйсці на дапамогу блізкаму, кахання), — праблемамі, за што ўрокі літаратуры і называюць урокамі жыцця. А яшчэ дасканала падабранымі прыёмамі і метадамі работы ў 7 класе, што таксама яскрава сведчыць аб майстэрстве настаўніка.
Урок у 7 класе на тэму “Сакрэт” — першы з трох вызначаных у вучэбнай праграме ўрокаў па аповесці А.Грына “Пунсовыя ветразі”.
Мэты ўрока:
• пазнаёміць навучэнцаў з цікавымі фактамі біяграфіі А.Грына, падрыхтаваць іх да ўспрымання тэксту;
• спрыяць развіццю творчага, вынаходніцкага мыслення, здольнасці да візуалізацыі вобразаў мастацкага твора;
• выхоўваць у вучняў веру ў свае сілы, магчымасці, у дабро, у цуд; фарміраваць асновы для ўспрымання агульначалавечых маральных каштоўнасцей.
У якасці дамашняга задання вучням на гэтыя заняткі было прапанавана азнаёміцца з біяграфіяй Аляксандра Сцяпанавіча Грынеўскага і прачытаць 1 главу аповесці “Пунсовыя ветразі”. На вучнёўскіх партах, акрамя вучэбнага дапаможніка па літаратуры і сшыткаў, я заўважыла самаробныя глянцавыя часопісы, у якіх вучні па жаданні ўносяць свае думкі, эмоцыі, уражанні, замалёўкі. У многіх дзяцей у гэтых часопісах была старонка, прысвечаная зададзенаму твору. А гэта значыць, аповесць кранула дзіцячыя душы.
На пачатку ўрока сваёй абаяльнай усмешкай і прыўзнятым настроем Таццяна Аляксандраўна супакоіла расхваляваных сямікласнікаў і настроіла на рабочы лад. З дапамогай імправізаваных карт вучні размеркаваліся па змешаных групах, у кожнай з якіх быў вызначаны камандзір.
Матывацыйны этап урока пачаўся з прадстаўлення педагогам чароўнай скрыначкі.
— Як вы думаеце, а што ў гэтай скрыначцы? — запыталася настаўніца.
— Пэўны прадмет, цукеркі, магчыма, ліст паперы… — пасыпаліся вучнёўскія версіі.
— Не ведаеце? А як называецца тое, што схавана? Вось я пра гэта ведаю, але нікому не скажу, — працягвае Таццяна Аляксандраўна.
— Таямніца, сакрэт.
— Пра якую ж таямніцу, аб якім сакрэце ідзе гаворка… Менавіта пра гэта наш урок, тэма якога “Сакрэт” , — так паступова настаўніца падвяла сваіх выхаванцаў да тэмы ўрока і яго мэт. — А як вы думаеце, у чым жа сакрэт нашага ўрока і чаго мы чакаем ад яго?
Школьнікі адзначылі, што сёння яны павінны даведацца, што размешчана ў скрыначцы і для чаго гэта патрэбна ці што яно абазначае.
Затым настаўніца пазнаёміла дзяцей з некаторымі фактамі біяграфіі Аляксандра Грына, прычым зрабіла гэта ў цікавай форме. Спачатку сямікласнікі атрымалі на кожную групу па два намёкі на факты з біяграфіі пісьменніка і ім неабходна было вызначыць “Што б гэта значыла?”
Потым на слайдах Т.А.Канавалёнак прадставіла гэтыя факты — агучвала іх сама, а вучні або пагаджаліся, або не прымалі іх. Гэтае апытанне было заснавана на выкарыстанні фейкавай інфармацыі. Дзеці актыўна ўключыліся ў работу. Было відаць, што такая форма работы ім спадабалася. У час лічбавых тэхналогій школьнікам так неабходны навыкі крытычнага мыслення. Яны павінны ўмець аналізаваць інфармацыю і не прымаць выдуманую. Спачатку адказы давалі самыя смелыя, упэўненыя ў сабе вучні, а потым паступова загаварылі ўсе.
Навучэнцы даведаліся, што Аляксандр Сцяпанавіч Грынеўскі нарадзіўся ў сям’і ссыльнага беларуса ў горадзе Вятцы ў Расіі. Чытаць Грынеўскі навучыўся ў 6 гадоў, а першай кнігай, якую ён прачытаў, была “Прыгоды Гулівера” Джонатана Свіфта. Бацька разлічваў, што з яго старэйшага сына выйдзе інжынер ці доктар, нават настаўнікі ў школе пра гэта гаварылі. На самай справе, на працягу жыцця Аляксандр паспеў асвоіць мноства розных прафесій. Ён пабыў і лесарубам, і золаташукальнікам, і рыбаком, і чыгуначным служачым, і матросам. Першыя два апавяданні не дайшлі да чытачоў — тыражы былі канфіскаваны паліцыяй і спалены. Грынеўскі тварыў пад рознымі псеўданімамі, але самым вядомым стаў Грын. Гэта была яго дзіцячая мянушка і менавіта так звалі яго сябры ў школе. Іменем Грына названа адна з малых планет, адкрытых у 1985 годзе — Грыневія.
Пасля заканчэння такой работы сямікласнікі ўбачылі на слайдах партрэт Аляксандра Грына і расказалі пра свае асацыяцыі, звязаныя з выявай гэтага чалавека. Вучні прыйшлі да высновы, што па суровых рысах твару, глыбокіх маршчынах можна меркаваць, што жыццё ў пісьменніка было няпростае. Пры гэтым погляд Грына — погляд упэўненага ў сабе чалавека. Ён быў сапраўдным мараком, аб чым сведчыць фуражка на галаве і адзенне.
Таццяна Аляксандраўна запрасіла сямікласнікаў у краіну пісьменніка — Грын-Ландыю, карту якой з некалькіх частак вучні сабралі і размясцілі на дошцы. Потым дзеці параўналі яе з картай, якая захавалася ў архівах Феадасійскага літаратурна-мемарыяльнага музея А.С.Грына.
— Карта — першае, з чым сустракаешся, пераступіўшы парог музея. Сцены, столь — на выспах, залівах… Яны акружаюць цябе адразу, пераносяць у свет, дзе рэчаіснасць і выдумка “перапляліся ў цудоўнай, шчаслівай няправільнасці”. Грын-Ландыя, Зямля Грына — так была названа гэтая краіна крытыкам К.Зялінскім. Яе не адшукаеш ні на адной геаграфічнай карце свету, і ўсё ж яна такая знаёмая тым, хто хоць аднойчы адкрыў томік Грына. Пісьменнік прыдумаў мора, астравы, пралівы… На старонках сваіх кніг ён пабудаваў гарады з дзіўнымі экзатычнымі назвамі, насяліў іх моцнымі, мужнымі людзьмі — паляўнічымі, падарожнікамі, маракамі, — падкрэсліла настаўніца.
На карце Грына вучні адшукалі горад, знаёмы ім з аповесці, у якім жыла галоўная гераіня Асоль са сваім бацькам, — Каперна.
Затым вучням была прапанавана работа па аналізе галоўных герояў твора ў групах, заснаваная на выкарыстанні гексаў. Кожнай групе быў дадзены галоўны гекс з указаннем героя пасярэдзіне і размешчаных на яго гранях фраз-падказак, сутнасць якіх у тым, каб навучэнцы прапрацавалі ўважліва тэкст. Задача гэтага этапу ўрока — пагружэнне ў тэкст.
Герой |
Падказка |
|||||
Мэры |
Лангрэн |
Тры месяцы назад |
Пошукі шляху выхаду з сітуацыі |
Паход у Ліс |
Суседка |
Хочам дадаць |
Дзяцін-ства Асоль |
Галоўнае рашэнне Лангрэна |
Спосаб |
Характар і звычка Лангрэна |
Замена мору |
Суседка |
Хочам дадаць |
Менэрс |
Хроніка падзей |
Унутраны стан Лангрэна |
Прычына ўчынку Менэрса |
Андрэй Арынуш- |
Адносіны жыхароў Каперны да Лангрэна |
Хочам дадаць |
Асоль |
Адносіны дзяцей да Асоль |
Пытанні Асоль |
Чаму навучылася Асоль |
Шлях Асоль у Ліс |
Любімая забава Асоль |
Хочам дадаць |
Эгль |
Незвычайны карабель |
Уяўленне Асоль |
Асоль у лесе |
Нечаканая сустрэча |
Адносіны Эгля да жыхароў Каперны |
Хочам дадаць |
Работа вялася ў 5 групах і яна не была дзецям у навінку. Школьнікі навучыліся выслухоўваць меркаванні кожнага, выбіраць неабходнае і адкідваць непатрэбнае. Паколькі групы складаліся з чатырох вучняў, то адсядзецца за спінамі таварышаў не атрымалася ні ў кога. Ды і работа з гексамі сямікласнікам таксама добра знаёмая, хаця і настаўніца падыходзіла да кожнай групы, давала парады, рабіла некаторыя каментарыі. Было відаць, што вучні прачыталі тэкст і асаблівых цяжкасцей не адчувалі. Дзесьці праз дваццаць хвілін работы кожная каманда прадставіла вынік сваёй дзейнасці, ахарактарызаваўшы прапанаваных герояў. Падчас гутаркі былі закрануты праблемы адзіноцтва і неразумення, якое зыходзіла ад грамадства, паводзін чалавека ў экстрэмальнай сітуацыі (паводзіны Лангрэна), чалавечнасці і міласэрнасці (учынак Менэрса).
Калі вучні характарызавалі Эгля, настаўніца запыталася ў іх наконт таго, як збіральнік-казачнік адносіўся да жыхароў Каперны і што ён прадказаў Асоль. Таццяна Аляксандраўна прапанавала навучэнцам праглядзець відэафрагмент з кінафільма А.Птушко “Пунсовыя ветразі” 1961 года, калі Эгль прадказвае Асоль будучыню, і абмеркаваць яго.
— А памятаеце, на пачатку ўрока мы паставілі мэту, якую павінны дасягнуць? У чым жа сакрэт нашага ўрока? Чаго мы чакаем ад яго? Можа, хтосьці здагадаўся, што за сакрэт тут схаваны? — звярнулася настаўніца да сямікласнікаў, зноў узяўшы ў рукі скрыначку.
— Можа, тканіна? — запыталася светлавалосая дзяўчынка.
— Можа. А якая?
— Пунсовая.
— Чаму?— працягвала настаўніца.
— Таму што пра гэта была мара Асоль. Пра карабель з пунсовымі ветразямі і прынцам на борце.
— А чаму менавіта пунсовыя?
Таццяна Аляксандраўна адкрыла чароўную скрыначку і дастала адтуль кавалкі тканіны рознага адцення чырвонага. Кожная група атрымала свой кавалачак. Прайшло абмеркаванне таго, а які ж колер пунсовы і якія асацыяцыі ўзнікаюць пры гэтым колеры. Сярод варыянтаў адказаў навучэнцаў — радасць, рамантыка, чаканне, цуд, каханне, вера, перамога.
— Любы чалавек верыць, што калі-небудзь настане чароўны дзень выканання жаданняў. Адну з найцудоўнейшых гісторый мары, якая ажыццявілася, нам і расказаў вядомы рускі пісьменнік Аляксандр Грын. Гераіня Асоль вучыць нас верыць у тое, што на першы погляд абсалютна не ажыццяўляецца. Бо сіла чалавечага жадання, падмацаваная верай і надзеяй, не мае ніякіх меж. Галоўнае — захаваць у сваім сэрцы дабрыню і шчырасць, якая рана ці позна прывядзе да ажыццяўлення мары. “Пунсовыя ветразі” ні ў якім разе не варта ўспрымаць як казку, бо ў жыцці кожнага чалавека можа адбыцца цуд, калі ён адкрыты яму, — адзначыла настаўніца, перайшоўшы да этапу рэфлексіі. — А ці ёсць у вас мара? Вы, безумоўна, хочаце, каб яна спраўдзілася. Вазьміце на сваіх сталах маленькія ветразі і запішыце на іх сваю мару. Падумайце, а якія крокі трэба здзейсніць, каб дасягнуць яе. На наступным уроку мы з вамі даведаемся, ці спраўдзілася мара Асоль, а для гэтага накіруемся следам за пунсовымі ветразямі.
Настаўніца агучыла вучням адзнакі, атрыманыя на ўроку: некалькі найбольш актыўных школьнікаў атрымалі “дзясяткі” за арыгінальныя думкі, капітаны каманд былі адзначаны “дзявяткамі” за ўменне арганізаваць работу ў групах і дастойна прадставіць вынікі. А на дом вучні атрымалі заданне: прачытаць 2 і 3 главы твора, адказаць на пытанне: “Жанр аповесці А.Грына — феерыя. Чаму аўтар вызначыў менавіта так сваю аповесць?”.
Урок праляцеў вельмі хутка. Здаецца, вучні толькі пагрузіліся ў сюжэт твора, пачалі разумець яго герояў, тлумачыць іх учынкі, як празвінеў званок. Наперадзе іх чакаюць яшчэ два захапляльныя ўрокі па аповесці пісьменніка. І ў гэтым я ніколькі не сумняваюся, бо, па-першае, Аляксандр Грын натхняе нас на дзейсную дабрыню ў адносінах да людзей. З яго кніг можна зрабіць выснову: наша жыццё будзе менавіта такім, якім мы яго зробім. І калі яно нас не задавальняе, то прычына хаваецца ў нашым бяздзеянні ці нават процідзеянні шчасцю. А, па-другое, Таццяна Аляксандраўна абыграе ўсё яскрава і незвычайна, каб данесці да дзяцей глыбокія і сур’ёзныя пытанні даступна і захапляльна.
“Урок па аповесці А.Грына “Пунсовыя ветразі” праводзіўся ў 7 “А” класе — не самым моцным у паралелі. Стаўка была зроблена на групавую работу, бо яна дазваляе павялічыць тэмп урока, разабраць больш інфармацыі, — пракаменціравала праведзены ўрок настаўніца. — Каб групы паспяхова працавалі, мэтазгодна фарміраваць іх з вучняў з рознымі вучэбнымі магчымасцямі, як, дарэчы, і было зроблена. У гэтых групах вучні, валодаючы рознай навучальнасцю, цікавасцю і працаздольнасцю, дапаўняюць адно аднаго. Вучні з высокімі здольнасцямі пры самастойнай рабоце, як правіла, паспяваюць выканаць заданне за больш кароткі тэрмін, дзякуючы чаму ў іх знаходзіцца час для аказання дапамогі таварышам. Сумесна аналізуючы матэрыял, вырашаючы задачы, яны дасягаюць больш высокіх вынікаў.
Тэма ўрока — “Сакрэт” — была выбрана невыпадкова, яна будзе абыгрывацца і на наступных двух уроках вывучэння творчасці А.Грына.Так, сёння сямікласнікі разгадвалі сакрэт скрыначкі. Я, дарэчы, была ўпэўнена, што вучні спачатку не здагадаюцца, што ляжыць у ёй, і мне сапраўды ўдалося іх заінтрыгаваць. Такім чынам, было лёгка пачаць урок. На наступных занятках вучні даведаюцца, што “Сакрэт” — гэта назва карабля, на якім прыплыве Грэй. (Урок пачнецца зноў з карты А.Грына, а дакладней, з задання: “Знайдзіце на карце аб’ект, які вам вельмі знаёмы”.)
Мэты ўрока былі агучаны на мове навучэнцаў. Дарэчы, гэта ўзята са стратэгіі актыўнай ацэнкі. Пры вывучэнні біяграфіі А.Грына я выкарыстала прыём “Фейкавая навіна”, калі разам з правільнай робіцца ўкідванне няправільнай інфармацыі. Я выбрала толькі самыя цікавыя факты з біяграфіі пісьменніка. Партрэт, які з’яўляецца на слайдах, меў важнае значэнне. Нягледзячы на тое, што школьнікі вывучаюць прадмет “Мастацтва”, дзеці адчуваюць цяжкасці ў апісанні партрэта, таму даводзілася іх падштурхоўваць, акцэнтаваць увагу на дэталях — рысах твару, маршчынах. І навучэнцы справіліся, адзначыўшы, што А.Грын пражыў нялёгкае жыццё і адлюстраваны на партрэце ў форме марака.
Адштурхнуўшыся ад біяграфіі пісьменніка, мы накіраваліся ў краіну, якую прыдумаў сам Грын, і перайшлі да работы з тэкстам, выкарыстоўваючы гексы (мэта асноўнага этапу ўрока — пагрузіць вучняў у літаратурны твор). Гексы — шасцівугольнікі, выразаныя з паперы. На іх можа быць напісана, намалявана, раздрукавана ўсё, што заўгодна, па тэме ўрока. Таксама гексы могуць быць пустыя, каб вучні маглі самі напісаць на іх паняцці і скласці логіка-сэнсавую мадэль. Ідэя гэтага метаду заключаецца ў тым, што, каб веды былі трывалымі, яны павінны лагічна абапірацца на раней засвоеныя, выцякаць з іх. Дарэчы, пустыя гексы я выкарыстала б у больш моцным класе. Складаючы з набору гексаў пазл, дзеці ўстанаўліваюць лагічную сувязь паміж тымі карткамі, якія сутыкаюцца сваімі бакамі, і гэтыя сувязі становяцца бачнымі. Гексы мы выкарыстоўваем не на кожных занятках (звычайна на ўроках тлумачэння новага матэрыялу, увядзення ў тэму, калі патрэбен пэўны аналіз фрагмента тэксту), бо іх падрыхтоўка — карпатлівая праца для настаўніка.
Пры прадстаўленні вынікаў работы кожнай каманды было адразу заўважана веданне тэксту. Было бачна, што вучні яго разумеюць, бачаць герояў. У адной групе гекс “Хачу дадаць” быў запоўнены. Цікава было назіраць, што тры групы з пяці адкрылі кнігі і зверылі тэкст наконт адсутнасці памылак у прадстаўленай інфармацыі (як гэта было ў прыёме “Фейкавая навіна”).
Самы цікавы этап урока і, дарэчы, мой самы любімы — прадстаўленне вучнямі сваёй каманднай работы. Ён дае магчымасць пачуць дзяцей. Яны адказваюць часам наіўна, часам не зусім правільна, аднак выказваюць свае думкі, задаюць пытанні, ствараюць праблемныя сітуацыі. Так было і на гэтым уроку, калі Максім запытаўся наконт таго, чаму маці Асоль не звярнулася па дапамогу да суседкі, якая потым адна ўсё роўна даглядала Асоль.
Далей вучням быў паказаны відэафрагмент з прадказаннем Эгля, які яны прааналізавалі. А потым мы звярнуліся да мэты ўрока, пастаўленай напачатку. Сямікласнікі здагадаліся, што ў скрыначцы кавалкі тканіны. З дапамогай работы ў групах было вызначана, чаму колер ветразей менавіта пунсовы. Вучні ўпэўніліся, што кожны чалавек павінен марыць, у штосьці верыць і ў кожнага у жыцці павінны быць пунсовыя ветразі. На этапе рэфлексіі сямікласнікі напісалі на маленькіх ветразях сваю мару і падумалі, а якімі ж шляхамі можна дасягнуць яе. А гэта ўжо выкарыстанне кампетэнтнаснага падыходу.
Калі б мне надарылася магчымасць правесці ўрок наноў, то я б нічога ў ім не мяняла. Мэты ўрока былі дасягнуты: вучні пазнаёміліся з фактамі біяграфіі, візуалізавалі галоўныя вобразы твора, у іх нарадзілася вера ў дабро і цуд. Сямікласнікі дасягнулі і сваёй мэты — даведаліся, што знаходзіцца ў чароўнай скрыначцы, і пайшлі з урока з пунсовымі ветразямі ў душы. Урок адбыўся”.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.