Распрацоўка і выкарыстанне інтэрактыўных плакатаў на ўроках беларускай літаратуры

Урок у сучаснай школе. Якім ён павінен быць? Несумненна, мэты, задачы, этапы ўрока — усё гэта абавязковыя яго кампаненты. Аднак сучаснасць уносіць свае карэктывы ў методыку ўрока, таму настаўніку прыходзіцца асвойваць новыя спосабы падачы вучэбнага матэрыялу. Інтэрактыўныя тэхналогіі ўсё больш заваёўваюць сферу адукацыі. І нават вучэбныя плакаты таксама сталі інтэрактыўнымі.

У наша жыццё ўжо тры­вала ўвайшло такое паняцце, як камп’ютарныя тэхналогіі. Гэта апраўдана тым, што мы жывём у інфармацыйнае стагоддзе. У сувязі з гэтым лічбавыя адукацыйныя рэсурсы правамерна разглядаць як адзін з відаў электронных адукацыйных рэсурсаў новага пакалення. Гэта візуальная інфармацыя (ілюстрацыйны матэрыял), інтэрактыўны дэманстрацыйны матэрыял (плакаты, практыкаванні, табліцы, паняцці, схемы і інш.), трэнажоры.

Інтэрактыўны плакат — гэта сродак прадстаўлення інфармацыі, які здольны актыўна і разнастайна рэага­ваць на дзеянні карыстальніка. Інтэрактыўнасць забяспечваецца за кошт выкарыстання розных інтэрактыўных элементаў: спасылак, кнопак пераходу і інш. Такія плакаты ўтрымліва­юць значна больш вучэбнага матэрыялу, чым звычайныя мультымедыйныя плакаты, зробленыя ў выглядзе слайдаў у праграме PоwerPoint і прадстаўляюць матэрыял у больш эфектыўнай форме.

Для чаго ён патрэбен? У працэсе навучання інтэрактыўны плакат  дазваляе дасягнуць наступных вынікаў:

за кошт выкарыстання інтэрактыўных элементаў уцягнуць навучэнцаў у працэс атрымання ведаў;

за кошт выкарыстання разнастайных мультымедыя дасягнуць максімальнай нагляднасці інфармацыі.

Інтэрактыўны плакат па вывучэнні п’есы А.Дударава “Вечар”, створаны да ўрока беларускай літаратуры ў 8 класе (https://view.genial.ly/5f63b4c579626a0d7128a396/interactive-image-vechar) ужо на этапе знаёмства ўтрымлівае партрэт аўтара, фотаздымкі эпізодаў спектакля, размешчаныя на фоне вячэрняга пейзажу. На гэтым этапе адбываецца знаёмства з асобай аўтара і дзеючымі асобамі драматычнага твора. Тут мэтазгодна выкарыстаць прыём “Прагназаванне зместу”: паразважаць, чаму твор мае такую назву, пра што пойдзе гаворка ў творы.

На полі інтэрактыўнага плаката размешчаны значкі (“гарачыя кнопкі”), з дапамогай якіх адбываецца ўзаемадзеянне васьмікласнікаў са зместам вучэбнай інфармацыі.

1. Тэкст п’есы. Вучні маюць магчымасць працаваць са зместам у любы зручны для іх час.

2. Экранізацыя ўрыўка з твора. Магчымасць убачыць акцёрскае ўвасабленне драматычнага твора.

3. Інтэрактыўныя практыкаванні (learning apps):

• расстаўце падзеі п’есы ў храналагічным парадку (аналаг традыцыйнаму складанню плана мастацкага твора);

•  пазнайце, пра лёс каго з герояў гаворыцца ў цытаце.

4. Інтэрактыўная віктарына “Пазнай персанажа” (Genially): вучням прапаноўваюцца 6 пытанняў; паступова адкрываючы іх, дзеці могуць пазнаць персанаж п’есы.

5. Інтэрактыўная гульня “Пазнай, хто пра каго гаворыць”: за шасцю рознакаляровымі сектарамі размешчаны пытанні. Вучні выбіраюць і адкрываюць любы сектар, па цытаце адгадваюць героя твора.

6. “Збяры пазл”. На этапе рэфлексіі вучні збіраюць пазл — партрэт аўтара твора, адну са сцэн п’есы.

7. Практыкаванне для рэфлексіі прапаноўваецца і ў выглядзе тэксту: “На старонцы рабочага сшытка абвядзіце сваю далонь. На кожным пальцы запішыце абяцанні, якія б вам хацелася даць бацькам, свайму сумленню”.

У інтэрактыўны плакат можна запраграмаваць вэб-квест. Такую форму работы прапаную вучням 9 класа пры вывучэнні аповесці У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Вэб-квест размешчаны па спысылцы https://view.genial.ly/60b8ee5ca37efc0dbb8d4d86/interactive-image-interactive-image.

Гэты вэб-квест мае традыцыйную структуру: легенда, інтэрнэт-рэсурсы (спасылкі на тэкст твора, на мастацкі фільм), заданні ў выглядзе спасылак на інтэрактыўныя практыкаванні, кодавы замок, бонуснае заданне. На пачатковым этапе вучні запрашаюцца ў беларускі гатычны палац. Яны трапляюць у змрочную залу, дзе адну за адной разгадваюць таямніцы гатычнага палаца. У выніку праходжання заданняў збіра­юць лічбы сакрэтнага кода, уво­дзяць іх, каб выйсці з палаца. На шляху да разгадкі дзевяцікласнікі разгадва­юць філворд: называюць дзеючых асоб твора, узнаўляюць падзеі старажытнай легенды, выконваюць заданні віктарыны, праходзяць відэаквіз. Пры ўмове правільнага выканання кожнага практыкавання адкрываецца лічба сакрэтнага кода. Код дапамагае адкрыць замок на выхадзе са змрочнага палаца. Але вучняў чакае яшчэ адна загадка: што ўяўляе сабой камбінацыя лічбаў сакрэтнага кода? Падказкай і служыць бонуснае заданне. На выхад паказвае прывід жанчыны.

Вэб-квест мае на мэце самастойную пошукавую работу вучняў у сетцы інтэрнэт з наступнай апрацоўкай адабранай інфармацыі (крытычны аналіз, адбор, класіфікацыя, сістэматызацыя інфармацыі і інш.) і прадстаўленнем вынікаў у спецыяльна выбранай форме, напрыклад, прэзентацыя, выступленне.  

Такім чынам, да пераваг прапанаванага электроннага сродку навучання адносяцца:

высокая інтэрактыўнасць — дыялог паміж настаўнікам і вучнем праз гэты рэсурс як новы метад работы на ўроку;

нескладанасць у выкарыстанні — інтэрактыўны плакат не патрабуе спампоўвання на камп’ютар, мае просты і зручны інтэрфейс;

багаты візуальны матэрыял — яркія выявы, ілюстрацыі;

групавы і індывідуальны падыход — дазваляе арганізаваць работу як з усім класам (выкарыстанне на мультыбордзе), так і з кожным вучнем паасобку (работа за персанальным камп’ютарам);

вучэбны матэрыял прадстаўлены ў выглядзе лагічна завершаных асобных фрагментаў, што дазваляе настаўніку канструяваць урокі ў адпаведнасці са сваімі задачамі.

Ірына КАЗАЧЭНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лельчыцкай раённай гімназіі.