Рыхтуемся да “першакласнага” жыцця

Стаць першакласнікамі дашкаляты рыхтуюцца загадзя: хтосьці пазнае асновы пісьма і ліку ў дзіцячым садку, хтосьці дадаткова наведвае падрыхтоўчую групу ў школе ці ў іншай адукацыйнай установе. Цікавы вопыт работы ў гэтым кірунку мае Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. У ім ужо шмат гадоў працуе школа ранняга развіцця, дзе малышы спасцігаюць не толькі азы граматы, але і развіваюць свае творчыя здольнасці.

Заняткі ў нашай школе праводзіць Людміла Іосіфаўна Чыгілейчык, педагог з вялікім стажам і вопытам работы з маленькімі вучнямі, — расказвае дырэктар Цэнтра творчасці Вераніка Мар’янаўна Кумі­шча. — Але гэта не адзіны настаўнік, які працуе з малышамі. Да іх прыходзяць педагогі выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, вакальнага і харэаграфічнага профілю — яны працуюць над развіццём творчых здольнасцей выхаванцаў.

У школе ранняга развіцця — два класы: малодшая група для дзяцей 4—5 гадоў і старэйшая для малышоў 5—6 гадоў, хто ўжо амаль што стаіць на парозе школы.

— У кожную групу залічана па 16 чалавек, яны падзелены на падгрупы па 8 чалавек. Заняткі праходзяць два разы па 35 мінут, 15 мінут даецца на перапынак, — расказвае Людміла Іосіфаўна.

Перапынкі малышоў, як і заняткі, загадзя прадумваюцца педагогам, — дзеці толькі выбіраюць, будзе гэта гульнявая забава ці танцавальны адпачынак.

— Вучэбныя заняткі праходзяць па чатырох кірунках: матэматыка, грамата, развіццё маўлення і выяўленчае мастацтва, якое ўключае ў сябе малюнак, лепку і аплікацыю (гэтым наша школа не адрозніваецца ад дзіцячага садка). А вось тое, што з малышамі займаюцца педагогі дадатковай адукацыі творчай сферы, якраз і ёсць наша адмет­насць. Малышы не проста развіваюць эстэтычны густ і вучацца ў прафесіяналаў, яны маюць магчымасць выбраць сабе занятак па душы.

Актыўна практыкуе Людміла Іосіфаўна арганізацыю сумеснай падрыхтоўчай работы да заняткаў сваіх выхаванцаў і іх бацькоў — таты і мамы бяруцца за гэтую справу вельмі адказна. Тое, што бацькам трэба дапамагчы дзецям саб­раць патрэбныя прылады да заняткаў, — гэта адно. А вось калі яны, напрыклад, перад вывучэннем тэмы “Птушкі” разам з сынамі-дочкамі сходзяць паназіраць за птушкамі, сфатаграфуюць іх ці намалююць, а потым яшчэ прачытаюць пра іх штосьці цікавае або верш развучаць да чарговага ўрока — гэта зусім іншае.

— Перад заняткамі па развіцці маўлення я заўсёды папярэджваю бацькоў, якую тэму будзем разглядаць, і падказваю, што можна падрыхтаваць, на што звярнуць увагу, — дзеліцца педагог.— У нас адладжана сістэма работы, і прыемна, што таты і маці ставяцца да сваіх абавязкаў вельмі адказна.

— Я ўжо амаль што школьніца, — з гонарам заяўляе навучэнка старшай групы Софія Бладыка. — І літары ведаю, і лічбы, і нават чытаю — гэта Людміла Іосіфаўна навучыла! А яшчэ яна вельмі цікавыя гульні ведае і заўсёды з намі гуляе.

Вядома, што для паспяховага навучання і развіця трэба мець матэрыяльнае забеспячэнне і тэхнікай, і гульнёва-развіццёвым абсталяваннем. Камп’ютарная і мульты­­медыйная тэхніка ёсць, друкаваныя і лічбавыя дапамож­нікі для заняткаў — таксама. А вось сучаснай мэблі, месца, дзе б малышы маглі складваць свае прылады, расстаўляць прадукты творчай дзейнасці, пакуль што няма. Ды і развіццёвых, дыдактычных і гульнявых сродкаў навучання настаўніку ­хацелася б прыдбаць больш.

— Мы знайшлі спонсараў, — дзеліцца метадыст па гурт­ковай рабоце Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірына Баляславаўна Мілешка. — У мінулым годзе падалі заяўку на конкурс дабрачынных праектаў акцыянернага таварыства інжынірынгавай кампаніі “Атамбудэкспарт”, абгрунтавалі неабходнасць набыцця для школы ранняга развіцця зручнай мэблі для навучання, гульнявой зоны, канструктараў, развіццёвых цацак, дыванкоў і іншага.

Аўтар ініцыятывы “Дзяцінства — гэта маленькае жыццё” Ірына Мілешка атрымала грант на яе ажыццяўленне, і ў красавіку маленькія вучні ўжо будуць мець і абноўлены пакой, і ўсё, чаго ім не хапала для заняткаў.

Рыта ДРЭМА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*