Студыя прафесійнага самаўдасканальвання “РОСТ” для маладых педагогаў, якая дзейнічае пры Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі, накіроўвае педагогаў на абмен вопытам па актуальных, злабадзённых тэмах. На чарговым пасяджэнні абмеркавалі сакрэты матывацыі і далучэння да навучання.
На анлайн-сустрэчу былі запрошаны маладыя педагогі з устаноў адукацыі сталіцы са стажам да трох гадоў. Мерапрыемства пачала метадыст упраўлення каардынацыі конкурснага руху і адукацыйных ініцыятыў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Ірына Мікалаеўна Нікановіч.
— Далучэнне да навучання — гэта працэс, канкрэтнае дзеянне, якое вы робіце, каб захапіць сваіх вучняў актыўнай работай, — падкрэсліла І.М.Нікановіч. — Далучанасць жа — гэта ўжо вынік, ступень актыўнага ўдзелу вучняў ва ўсім, што звязана з асваеннем адукацыйнай праграмы. Аднак важна памятаць: мэтай навучання з’яўляецца не далучанасць, а выніковасць.
Пытанне — ключ да ведаў
Перад удзельнікамі разгарнулася панарама вопыту педагогаў. У якасці першага эксперта выступіла старшыня клуба настаўнікаў сталіцы “Вялікі перапынак” выкладчыца Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа Таццяна Іванаўна Паўлючук. Сваё выступленне яна прысвяціла тэме “Ключавое пытанне як эфектыўны сродак забеспячэння далучаннасці да навучання”.
— Мы ахвотна вучымся таму, да чаго маем цікавасць, што нас інтрыгуе ці прыводзіць да дасягнення мэты, — адзначыла Таццяна Іванаўна. — Таму, каб павысіць якасць вучэбнага працэсу, варта актывізаваць імкненне дзіцяці да пазнавальнай дзейнасці. Задача настаўніка — стварыць творчую атмасферу, якая дапаможа вучням самарэалізавацца і быць актыўнымі. Для гэтага неабходна валодаць метадамі выкладання, якія дазваляюць захапіць навучаннем.
Таццяна Іванаўна звярнула ўвагу, што для яе як настаўніка ключавая праблема — стварыць сітуацыю, у якой вучні будуць задаваць пытанні. Калі дзеці на ўроку пытаюцца, значыць, думаюць і ў выніку ведаюць. Гэта ўзаемасувязь відавочная і важная. Таму, безумоўна, пытанне — ключ да ведаў, эфектыўны сродак уцягнення ў навучанне. Настаўнікі чакаюць ад вучняў добрых і выдатных адказаў. Чуць іх — вялікая радасць. Аднак тут спрацоўвае такое правіла: выдатныя адказы атрымлівае той, хто задае выдатныя пытанні. Існуе шмат спосабаў і прыёмаў, якія спрыяюць развіццю ўмення задаваць пытанні. Таццяна Іванаўна падзялілася тым, што дапамагае ёй актывізаваць сваіх навучэнцаў.
Абавязкова неабходна ўзяць сабе на заметку мадэлі пытанняў па вядомай таксаноміі Б.Блума. Безумоўна, гэта шырока вядомая інфармацыя. Аднак засмучае, што часта педагогі задаюць простыя, закрытыя пытанні, якія арыентаваны па работу памяці і не патрабуюць вялікага разумовага напружання.
Існуе шмат стратэгій пастаноўкі пытанняў. Таццяна Іванаўна расказала пра тры з іх, якія часта выкарыстоўвае сама. Першая называецца “Патрэбнае закрэсліць”. Гэта стратэгія выбару правільнага адказу з прапанаваных варыянтаў і абгрунтавання свайго выбару. Напрыклад, можна запытаць: “Якія фізічныя практыкаванні добра ўплываюць на стан сэрца?” Аднак, згодна з названай стратэгіяй, настаўнік фармулюе пытанне іншым чынам: “Што з пералічанага (веласіпед, прагулка, гольф, плаванне…) добра ўплывае на стан сэрца?” Такое пытанне патрабуе разважання, бо вучню неабходна не толькі выбраць адказ, але яшчэ і абгрунтаваць яго.
Яшчэ адна стратэгія — “Займі пазіцыю, ці Налева пойдзеш…”. Вучням даецца сцвярджэнне, з якім яны згаджаюцца ці не, і зноў-такі тлумачаць свой выбар. Так, пытанне “Ці заўсёды карысна трэнне?” можна перафармуляваць: “Трэнне заўсёды карысна? Ты згодзен ці не? Дакажы”. Другі варыянт будзе значна больш эфектыўным.
І трэцяя стратэгія — “Што такое добра, што такое дрэнна”. Тут ужо адбываецца пошук адрозненняў. Пытанне “Якую ежу мы лічым здаровай?” можна змяніць. Як варыянт, каб дабіцца больш актыўнай дзейнасці вучняў, настаўнік скажа: “Чыпсам ці чорнаму хлебу трэба аддаць перавагу?”
Стратэгія “Падкрэслі патрэбнае”
Выбар правільнага адказу і абгрунтаванне свайго выбару
Першапачатковае пытанне | Пытанне, відазмененае пры дапамозе набору адказаў |
Якія фізічныя практыкаванні добра ўплываюць на сэрца? | Што з пералічанага добра ўплывае на сэрца: веласіпед, прагулка, гольф, плаванне, скачкі з парашутам, стральба з лука? Паспрабуй патлумачыць |
Якія рысы ўласцівы добраму сябру? | Якія з пералічаных рыс уласцівы добраму сябру: ветлівасць, шчырасць, шчодрасць на салодкае, здзек, прывабны выгляд, вернасць. Чакаю вашага абгрунтавання |
Што патрэбна раслінам для росту? | Што з пералічанага неабходна для росту раслін: паветра, вада, святло, цеплыня, глеба, малако? Чаму вы так думаеце? |
— Ролю пытання на ўроку складана пераацаніць, — сказала Т.І.Паўлючук. — Калі вучняў заахвочваюць думаць, іх жаданне вучыцца значна павялічваецца. Калі ж дзеці не маюць жадання вучыцца і не дасягаюць намечаных намі на ўроку мэт, гэта, як правіла, звязана з некалькімі прычынамі, у тым ліку і з памылкамі ў пастаноўцы пытанняў.
Часта на падрыхтоўку адказу пакідаецца занадта мала часу. Таксама няправільна, калі перавага аддаецца закрытым пытанням. А яшчэ нярэдка на ўроках гучаць адказы адных і тых жа вучняў. Часта гэта дзеці, якія першымі падымаюць рукі. Большасць вучняў прывыкае да гэтага і перастае старацца. Такую сітуацыю нескладана змяніць, варта толькі ўзяць на ўзбраенне некалькі няхітрых прыёмаў.
Час чакання адказаў вучняў варта павялічыць. Гэта спрыяе таму, што клас думае, дзеці становяцца больш спакойнымі і ўпэўненымі ў сабе. З’яўляецца некалькі альтэрнатыўных варыянтаў адказаў. Добра яшчэ і скарыстацца правілам непадымання рукі, бо, псіхолагі сцвярджаюць, што як толькі падымаецца першая рука, астатнія перастаюць думаць. Значна лепш захаваць інтрыгу і пры дапамозе жараб’ёўкі вызначыць таго, хто будзе адказваць.
Добрае пытанне — гэта тое, якое пакідае прастору для адказаў.
Псіхолаг У.М.Сняткоў.
Таксама Таццяна Іванаўна параіла паспрабаваць такую форму работы, як пошук адказаў на пытанні ў парах. Калі побач той, з кім можна параіцца, гэта надае ўпэўненасці і значна зніжае стрэс. Пасля настаўнік можа пачуць розныя варыянты адказаў і розныя способы ўспрымання пастаўленага пытання.
— Яшчэ варта пусціць у клас памылку, змяніць свае адносіны да яе, — дадала Т.І.Паўлючук. — Няправільны адказ ці фраза “Я не ведаю” — таксама каштоўная інфармацыя для настаўніка, каб задумацца, што рабіць далей.
Вучыць працаваць з інфармацыяй
Сваім вопытам, як вучыць моладзь працаваць з інфармацыяй, падзялілася настаўнік-метадыст настаўніца хіміі сярэдняй школы № 210 Мінска Юлія Аляксандраўна Кашырава.
— Мы жывём у час, калі інфармацыя любой накіраванасці і складанасці стала агульнадаступнай, — акрэсліла яна. — На першае месца сёння выступае жаданне і ўменне правільна скарыстацца інфармацыяй. Таму зараз у сістэме адукацыі акцэнт робіцца ўжо на фарміраванне ў вучняў умення працаваць з інфармацыяй, аналізаваць і прымяняць, крытычна асэнсоўваць яе. Толькі ў такім выпадку вынікам нашай працы стане развіццё ў дзяцей і моладзі інтэлектуальных, творчых здольнасцей, пазнавальнай цікавасці, фарміраванне сістэмы жыццёва важных ведаў і ўменняў.
Безумоўна, ні адзін урок не абыходзіцца без тлумачэння настаўніка. Але пры тлумачэнні новага матэрыялу вучні не павінны быць пасіўнымі слухачамі. Можна паспрабаваць розныя стратэгіі. Так, калі прапанаваць вучням самастойнае складанне канспекта, на справе часта даводзіцца бачыць бяздумнае спісванне, няўменне выдзеліць галоўнае і сістэматызаваць матэрыял. А падрыхтоўка дадатковага даклада рызыкуе ператварыцца ў несістэматызаваны матэрыял даўжынёй у некалькі старонак. Калі ж настаўнік прапануе самастойна паставіць пытанні, знайсці адказы на іх, вывесці правіла, то толькі адзінкавыя вучні ўключаюцца ў гутарку. Атрымліваецца, што такая праца малаэфектыўная.
Юлія Аляксандраўна накіроўвае вучняў на тое, каб пры знаёмстве з новай інфармацыяй яны асвойвалі і затым структуравалі матэрыял па прапанаваным ёй плане ці шаблоне-канспекце. У такім выпадку школьнік самастойна набывае новыя веды, адпрацоўвае свае ўменні і навыкі, вучыцца ў вялікім аб’ёме інфармацыі знаходзіць адказ на пастаўленае пытанне.
— У кожным шаблоне-канспекце я стараюся прапанаваць заданні, дзе атрыманыя веды па канкрэтнай тэме можна адразу прымяніць, — расказала Ю.А.Кашырава. — Мой прадмет, хімія, пачынаецца толькі ў 7 класе, дзе на яго вывучэнне адводзіцца адна гадзіна. Таму так будаваць работу можна нячаста і напачатку для дастаткова простых тэм. Напрыклад, у 7 класе, калі праходзім тэму “Рэакцыі гарэння”, прапаную розныя заданні (гэта можа быць пошук адказаў на пытанні, у тым ліку і на тыя, якія закладзены ў параграфе. Вучню неабходна знайсці інфармацыю, даць абгрунтаваны адказ на пастаўленае пытанне).
Выдатна дапамагаюць сістэматызаваць матэрыял схемы і табліцы, таму вучні складаюць іх самастойна. Так, дзевяцікласнікі вывучаюць тыпы крышталічных структур. Тэме адведзена некалькі старонак у падручніку. Усю гэтую інфармацыю вучні змяшчаюць у адну невялікую табліцу.
Такім чынам, школьнікі працуюць самастойна (адказваюць на пытанні, запаўняюць табліцы і складаюць схемы) і пры гэтым не толькі вывучаюць матэрыял, але і сістэматызуюць яго. Настаўнік можа адразу прадугледзець адзнаку за заданні ці прапанаваць яшчэ дадатковыя заданні па тэме.
Не адзін год у Мінску дзейнічае студыя прафесійнага самаўдасканальвання маладых педагогаў “РОСТ” — адна з форм работы клуба сталічных настаўнікаў “Вялікі перапынак”. Сустрэчы ў студыі “РОСТ” — гэта заўсёды комплексныя заняткі, накіраваныя на поўнае і ўсебаковае авалодванне пэўнай праблемай. Яны дазваляюць аказаць дзейсную інтэлектуальную і эмацыянальную дапамогу педагогам, асабліва тым, хто асвойвае новую тэхналогію ці методыку навучання.
Варыянтаў, як арганізаваць работу вучняў, нямала. Яны могуць спачатку вывучыць нейкую невялікую частку новага матэрыялу, пасля адпрацоўваць яго. Затым працягваць работу па той жа схеме. Пасля можна прапанаваць пяць дадатковых заданняў, ад простых да больш складаных, і ацаніць іх. У такім выпадку вучань не толькі самастойна авалодвае матэрыялам — ён яшчэ і адразу мае магчымасць атрымаць максімальную адзнаку за работу над новай тэмай. А гэта, пагадзіцеся, таксама выдатная матывацыя!
— Што ж такое вучыць вучыцца? — працягвае Ю.А.Кашырава. — Гэта калі нашы вучні самастойна працуюць з інфармацыяй і атрымліваюць веды, адпрацоўваюць свае навыкі і ўменні, вучацца сістэматызаваць матэрыял. У выніку пасля, калі ім прыйдзецца без дапамогі, шаблонаў і падказак настаўніка працаваць з матэрыялам, яны без праблем справяцца з гэтай задачай.
Матываваць на развіццё моўнай актыўнасці
Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 200 Мінска Кацярына Валянцінаўна Яфіменка ўзняла яшчэ адну актуальную тэму — “Матывацыя як залог поспеху моўнай актыўнасці вучняў на ўроках”. Яшчэ М.В.Ламаносаў падкрэсліваў: “У зносінах усе дні праходзяць нашы, але ўменне ладзіць зносіны — доля нямногіх”. З той пары мінула шмат часу, але сітуацыя не змянілася. Тады як жа навучыцца мастацтву зносін, як правільна будаваць свае моўныя паводзіны і кіраваць імі?
— Матываваць вучняў да развіцця моўнай актыўнасці — важная задача адукацыйнага працэсу, — адзначыла Кацярына Валянцінаўна. — Ступень сфарміраванасці камунікатыўных уменняў уплывае не толькі на выніковасць навучання, але і на працэс развіцця і сацыялізацыі асобы ў цэлым. Навучыць вучняў ладзіць зносіны на замежнай мове — задача складаная. Часта дзеці, хоць і валодаюць лексікай па тэме, усё ж складана пачынаюць гаварыць. Таму я вырашыла шукаць прыёмы, якія здольны матываваць навучэнцаў да актыўнага абмеркавання на ўроку.
Настаўніца надае кожнаму свайму ўроку камунікатыўны кірунак і стварае ўмовы, якія спрыяюць набыццю вучнямі камунікатыўнага вопыту, матывуюць да камунікацыі. Для Кацярыны Валянцінаўны гэта ў першую чаргу атмасфера спрыяльнага добразычлівага мікраклімату, супрацоўніцтва і іншамоўных зносін, падтрымка матывацыі вучняў, выкарыстанне практыкаванняў і прыёмаў для стымулявання моўнай актыўнасці.
У ходзе ўрока вучням прапануюцца практыкаванні для зносін (элементы сацыяльнага трэнінгу). Дзеці выстройваюцца ў круг, у адзін ці два рады ў залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў. Яны рашаюць розныя камунікатыўныя задачы, напрыклад: саступіць адно аднаму ў спрэчцы, паведаміць аб нейкай важнай падзеі. Пасля выбіраюць, хто быў самым ветлівым, тактоўным, эмацыянальным…
— Пры гэтым дзеці карыстаюцца карткамі з моўнымі клішэ, — тлумачыць педагог. — У выніку такіх практыкаванняў мы з вучнямі распрацавалі памятку моўных зносін. У ёй такія правілы: спачатку выкажы сваё меркаванне, пасля задай пытанне; выкарыстоўвай розныя фразы згоды/нязгоды з рэплікамі моўнага партнёра, каб даказаць свой пункт гледжання; не забывайся пра словы-звязкі і інш. Выкарыстанне такіх моўных апор дапамагае пераадолець моўную няўпэўненасць, знімае напружанасць і нерашучасць, ініцыіруе спантаннае маўленне.
Пошук прыёмаў прыводзіць настаўніка да тых, што становяцца пастаяннымі ў яго педагагічным арсенале. Так, для развіцця ўмення будаваць зносіны на розных узроўнях і з дапамогай пытанняў атрымліваць неабходныя звесткі, структураваць выказванне, праводзіць сваю стратэгічную лінію, весці дыялог К.В.Яўфіменка выкарыстоўвае такія прыёмы стымулявання моўнай актыўнасці, як мазгавы штурм, “Дыскусійная піраміда”, “Мазаіка”, “Пусты стул”, інтэрв’ю, “Крыжыкі-нулікі”, “Падумай. Абмяркуй. Вырашы” і інш.
Цікава, што прыём “Штурвал” быў узяты настаўніцай з электронных сродкаў навучання. Мультыборда ў кабінеце можа не быць, аднак гэта не перашкода. Афармляецца круг, на якім запісваюцца пытанні. У цэнтры замацоўваецца аловак з канцэлярскай сашчэпкай. Такая няхітрая канструкцыя дазваляе стварыць нязмушаную сітуацыю. Дзеці па чарзе круцяць аловак і адказваюць на пытанні, якія выпалі. Звычайна адказы рыхтуюць у парах ці групах. Дарэчы, такі штурвал можа мець розны выгляд (музычнага дыска, гадзінніка, глобуса, футбольнага мяча ці нават піцы) у залежнасці ад тэмы ўрока.
Яшчэ адзін з улюбёных прыёмаў “Падумай. Абмяркуй. Вырашы”. Агучваецца праблемнае пытанне. Кожны вучань павінен сфарміраваць уласны пункт гледжання і запісаць яго на стыкеры.
Для эфектыўнага падвядзення вынікаў работы на ўроку настаўніца зрабіла гульнявы рэфлексіўны інструмент “Компас поспеху”. Накіраваўшы стрэлку на пэўны сектар компаса, вучань атрымлівае заахвочвальную характарыстыку, якая служыць павышэнню матывацыі і цікавасці. Таксама даецца падказка, як наступны раз палепшыць вынік.
У выніку такога падыходу ўзровень камунікатыўных уменняў павышаецца. Вучні не толькі актыўна ўдзельнічаюць у абмеркаванні тэмы ўрока, але затым і ў розных канферэнцыях, дэбатах, конкурсах. Такім чынам, матывацыю моўнай актыўнасці, безумоўна, можна выкарыстоўваць у якасці эфектыўнага сродку, але залогам поспеху тут, як і заўсёды, становіцца пастаянная і мэтанакіраваная праца.
Таццяна ШЫМКО.