У фокусе — новы дапаможнік па беларускай мове для 5 класа

Сучаснае навучанне грунтуецца на кампетэнтнасным падыходзе, мэтай якога з’яўляецца развіццё ў навучэнцаў запатрабаваных грамадствам кампетэнцый, якія дапамагаюць асобе ў сацыялізацыі і самарэалізацыі. Што тычыцца вучэбнага прадмета “Беларуская мова”, то кампетэнтнасны падыход арыентаваны на рэалізацыю мадэлі моўнай адукацыі, сутнасць якой заключаецца ў наступнай формуле: мова вывучаецца для таго, каб ведаць яе і валодаць ёй.

У сувязі з гэтым хочацца выказаць падзяку аўтарам вучэбнага дапаможніка “Беларуская мова” 5 кла­са Г.М.Валоч­ка, В.У.Зелянко, С.В.Мартынкевіч, С.М.Якуба за ўмела падабраны як тэарэтычны, так і практычны матэрыял, дзякуючы якому ў вучняў павысілася матывацыя навучання, з’явілася цікавасць да вырашэння пастаўленых праблем,  да прымянення ведаў у незнаёмай творчай сітуацыі.

У дапаможніку размешчана шмат паэтычных і празаічных тэкстаў беларускіх пісьменнікаў пра нашу Радзіму, якія не толькі са­дзейнічаюць выпрацоўцы арфаграфічных і пунктуацыйных навыкаў, але і фарміруюць асобу грама­дзяніна, павышаюць ціка­васць да мінулага і сённяшняга нашай краіны. Дзякуючы ўмела падабраным практыкаванням, пяцікласнікі дапоўнілі свае веды пра беларускія рэкі, азёры і паспрабавалі на ўроку апісаць вядомую ім раку. А дадаткова выкарыстаныя відэаматэрыялы пра нашы рэкі: Вілію, Оксну, Ганутку, Гервятку, Ратагол, Тушчанку — далі магчымасць сканцэнтраваць увагу на вывучэнні малой радзі­мы.

Матэрыял дапаможніка рознабаковы. Пры вывучэнні тэмы “Неразвітыя і развітыя сказы” адбываецца знаёмства з асобамі беларускіх мастакоў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і Івана Хруцкага. На старонках кнігі вучні бачаць карціны мастакоў, што спрыяе развіццю асобы, дапамагае знаёміцца з каштоўнаснымі складнікамі беларускай культуры.

Пры вывучэнні тэмы “Сказ як сінтаксічная адзінка” выкарыстоўваю празаічны і вершаваны тэксты пра Францыска Скарыну. На ўроку вучням было цікава даведацца пра дзейнасць нашага славутага першадрукара. У працэсе работы яны задавалі пытанні пра яго кнігі, вучобу, жыццё. Усё гэта дапамагло вучням у стварэнні вуснага выказвання на тэму “Беларускі перша­друкар”. Я як настаўнік і самі вучні атрымалі сапраўднае задавальненне ад гэтага ўрока.

Цікавасць у школьнікаў выклікаюць практыкаванні з рубрыкі “Скарбы мовы”, дзе аўтары вучэбнага дапаможніка падабралі выдатны матэрыял: прыказкі, прымаўкі, загадкі. Гэта тая крыніца, якая дае магчымасць дакрануцца да багатай спадчыны нашых продкаў, спрыяе падрыхтоўцы вучняў да творчых конкурсаў, алімпіяд.

У другой чвэрці вучні заўважылі ў дапаможніку ўмоўнае абазначэнне ў выглядзе блакітнага мікрафона. Такім незвычайным знакам пазначана рубрыка “Гавары і пішы правільна”. Асаблівая ўвага звяртаецца на беларускамоўныя выразы: пайсці ў грыбы, у суніцы, у арэхі. Прайшоў час, а вучні і цяпер памятаюць, што летам можна пайсці ў ягады, а кнігу трэба адгар­нуць, а не адкрыць.

Умоўны знак у выглядзе разгорнутай кнігі скіроўвае нас на заданні на ўзбагачэнне слоўнікавага запасу вучняў, што дазваляе больш глыбока спасцігаць нашу мову. Працуючы з тэкстамі, вучні павінны падабраць сінонімы да слоў, адшукаць словы, якія адпавядаюць пэўнаму лексічнаму значэнню. Мае вучні добра запомнілі, што людзі будучых пакаленняў — гэта нашы нашчадкі, а цёплы летні дождж называецца грыбным.

Асаблівую ўвагу аўтары дапаможніка ўдзялілі выбару тэкстаў. Тэкст тут выступае і ў якасці сродку развіцця камунікатыўных здольнасцей вучняў, і для фарміравання навыкаў па ўсіх відах маўленчай дзейнасці. Вялікае значэнне на ўроку набывае не толькі пазнавальная функцыя тэкстаў, але і выхаваўчая, і эмацыянальная, і развіццёвая, гэта значыць тая, якая садзейнічае развіццю эмацыянальнай сферы вучняў, выхаванню лепшых маральных якасцей, фарміраванню і ўзбагачэнню іх духоўнага свету. Нездарма ў адным з тэкстаў В.Вітка сцвярджае: “Вучы азбуку душы. Рабі дабро не толькі тады, калі бачаць людзі. Будзь чулы, уважлівы да ўсіх людзей усюды і заўсёды!”

Тэкст у дапаможніку разглядаецца ў тым ліку ў аспекце лінгвакультуралагічнага падыходу: не толькі як факт мовы, але і як факт культуры. Змешчаны матэ­рыял звязаны з побытам беларусаў, праз тэксты назіраецца цесная сувязь з вуснай народнай творчасцю (вучням прапанаваны загадкі, прыказкі, прымаўкі рознай тэматычнай накіраванасці). Комплексная работа з тэкстамі вучэбнага дапаможніка садзейнічае развіццю ключавых агульнапрадметных і прадметных кампетэнцый. Аналіз тэксту рэалізоўвае сістэмна-функцыянальны, камунікатыўна-дзейнасны і лінгвакультуралагічны падыходы да навучання мове пачынаючы ўжо з пятага класа.

Далейшая работа з дапаможнікам дазволіць глыбей раскрыць асобу вучня, будзе накіравана на ўзмацненне матывацыі да вывучэння роднай мовы і, напэўна, бу­дзе не менш цікавай і пазнавальнай.

Таццяна МІНКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 6 Смаргоні.