Трэнінг “Эфектыўныя адукацыйныя структуры для далучэння дзяцей да працэсу навучання” прайшоў у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку падчас IX Мінскага маладзёжнага фестывалю педагагічных ідэй і рашэнняў. Перад маладымі педагогамі выступіла Таццяна Плотнікава, намеснік старшыні Маскоўскай гарадской арганізацыі агульнарасійскага прафсаюза адукацыі. Яна азнаёміла калег з магчымасцямі сінгапурскай методыкі навучання.
Развіццё “мяккіх” навыкаў
У аснове навучання дзяцей у многіх вядучых краінах свету — развіццё “мяккіх” навыкаў: работы ў камандзе, наладжвання камунікацыі, крэатыўнага і крытычнага мыслення. Яны патрэбны кожнаму чалавеку, каб быць паспяховым у сучасным свеце. Падчас паездкі ў Сінгапур Таццяна Плотнікава вывучала эфектыўныя адукацыйныя структуры, якімі карыстаюцца педагогі гэтай краіны, і ў далейшым выпрабоўвала іх на практыцы. Адукацыйныя структуры, аб якіх яна расказала беларускім калегам, накіраваны на развіццё “мяккіх” навыкаў.
— Падчас трэнінгу мне хацелася б падтрымліваць з вамі зваротную сувязь, каб мы чулі адно аднаго, — звяртаецца да педагогаў Таццяна Валер’еўна. — Для гэтага прапаную звярнуцца да сігналу цішыні Wi-Fi. Ён дапаможа і вам у рабоце з вучнямі прыцягнуць іх увагу ў патрэбны момант. Падніміце руку ўгору, развядзіце пальцы ў розныя бакі і скажыце “вай-фай”. Гэта заклік да цішыні. Вай-фай, калегі! Увага на мяне! Падчас трэнінгу вы можаце задаваць мне пытанні, на якія я па магчымасці буду адказваць. Запісвайце іх на стыкеры і прымацоўвайце на так званую паркоўку — рабочую дошку. Так вам не спатрэбіцца іх запамінаць, вы вызваліце сваю рабочую памяць.
Педагогі падзяліліся на каманды. Таццяна Валер’еўна правяла невялікае практыкаванне на тымбілдынг, каб задаць пазітыўны настрой.
— Сёння прапаную вам дадатковы інструмент для вашай прафесійнай практыкі, — працягвае выступоўца. — Адкрыйце рабочыя сшыткі, звярніце ўвагу на запіс “Мой кабінет”. Папрашу вас адказаць на пытанні і выканаць заданне: што з’яўляецца важным на маіх уроках? (Выберыце і абвядзіце 5 самых значных адказаў.) Запішыце 3 асноўныя мэты, якія вы ставіце перад сабой як настаўнік. Чаму вы хочаце навучыцца на гэтым трэнінгу?
Шукаем “сяброў па гадзінах”
Таццяна Валер’еўна папрасіла маладых людзей знайсці ў рабочых сшытках запіс адукацыйнай структуры “Гадзіннік”, якая дазволіць наладзіць узаемадзеянне паміж вучнямі ў парах. На выяве цыферблата нанесены лічбы 12, 3, 6 і 9 гадзін. Педагогам неабходна запланаваць сустрэчы з калегамі на гэты час або знайсці “сяброў па гадзінах”. Як гэта зрабіць? Падняць руку, падысці да калегі, у якога таксама паднятая рука, і спытаць, напрыклад: “Вы вольныя ў 3 гадзіны? Я запрашаю вас на сустрэчу”. Калі чалавек заняты, пашукаць іншага партнёра або прапанаваць сустрэцца ў іншы час. Калі хтосьці не змог знайсці партнёра (у аўдыторыі можа быць няцотная колькасць чалавек), тады замест адной з пар ствараецца тройка. Аналагічна і з сітуацыяй у класе падчас урока. Настаўнік не павінен станавіцца ў пару з вучнем, тады ён спрацуе на яго, але пры гэтым страціць клас, не зможа каардынаваць яго работу.
— Зараз я азнаёмлю вас са структурай “перамешаны клас”. Каб зразумець, як мы будзем выкарыстоўваць яе, абмяркуем: чаму мы задаём пытанні на ўроках? Самастойна пішам адказы, — працягвае Таццяна Валер’еўна. — Напрыклад: “для таго каб праверыць дамашняе заданне”, “даведацца, ці паспявае за мной вучань?” і г.д. Пасля вы знойдзеце сабе партнёраў з дапамогай паднятай рукі і абмяркуеце (збераце) усе ідэі ў камандах. Кожны запіша пазіцыі, якіх у яго няма.
Прыгожыя пытанні
Таццяна Плотнікава звярнула ўвагу на класіфікацыю пытанняў. 1) Рэпрадуктыўныя пытанні — для паўтарэння матэрыялу і ўзнаўлення інфармацыі. 2) Працэдурныя пытанні — для кіравання работай класа. 3) Генератыўныя пытанні — для ўключэння вучняў у працэс пазнання. 4) Канструктыўныя пытанні — для пабудовы новых ведаў. 5) Фасілітуючыя пытанні — для развіцця працэсу мыслення і ўсведамлення вучнямі таго, як яны вучацца. Асаблівую ўвагу трэнер звярнула на тры віды пытанняў, якія называюцца дзейснымі (актыўныя, прадукцыйныя). У іх ёсць тры асноўныя прыкметы: 1) матывуюць вучняў адказваць; 2) прыцягваюць да канкрэтнай кагнітыўнай дзейнасці на розных узроўнях складанасці (напрыклад, параўноўваць, супастаўляць, аналізаваць, ацэньваць); 3) звяртаюцца да знешняй і ўнутранай інфармацыі, якая мае дачыненне да вучня (тое, што для яго важна і аўтэнтычна).
— Прапаную кожнаму з вас прыдумаць тэму ўрока і скласці тры пытанні: генератыўнае, канструктыўнае, фасілітуючае, — гаворыць Таццяна Валер’еўна. — Так, генератыўныя пытанні — гэта аўтэнтычныя пытанні і задачы, на якія ніхто не ведае адказу (“Што магло б здарыцца, калі б не было гравітацыі?”). У той жа час гэта матывуючыя пытанні, з якіх пачынаецца вывучэнне тэмы (“Чаму прадметы на нашай планеце не лятаюць, як у космасе?”).
Канструктыўныя пытанні могуць быць на паглыбленне і тлумачэнне (“У якіх яшчэ выпадках гэтая формула можа быць выкарыстана?”); на сувязь з папярэднім вопытам (“Як гэта звязана з тым, што ты ўжо ведаеш?”); на канцэнтрацыю на галоўных ідэях, канцэпцыях або мэтах (“Якія агульныя тэмы можна вылучыць у паэтаў XXI стагоддзя?”); на ацэньванне (“Як можна вызначыць, ці з’яўляецца гэтае рашэнне лепшым?”).
Фасілітуючыя пытанні — для ўдакладнення, высвятлення прычыны, для доказу і абгрунтавання. Напрыклад: “Ці можаце вы сказаць больш?”, “Якія вы можаце прывесці доказы?”. З іх дапамогай можна стварыць дыскусіі на ўроках для высвятлення розных меркаванняў: што б сказаў гісторык/матэматык/філосаф? Можна растлумачыць і раскрыць значэнне: што вы маеце на ўвазе? Што прымушае вас так думаць?
Таццяна Валер’еўна прапанавала маладым педагогам абмеркаваць у парах прыдуманыя імі пытанні.
Гаворачая карта
Наступная адукацыйная структура — гаворачая карта. З яе дапамогай можна даведацца, наколькі глыбока вучні разумеюць тэму ўрока, навучыць дзяцей генерыраваць новыя ідэі, ствараць узаемасувязі і фармуляваць пытанні, аналізаваць адказы і рабіць высновы. На 1-м этапе стварэння гаворачай карты праходзіць мазгавы штурм. Настаўнік задае тэму для абмеркавання і дае час для разважання. Вучні запісваюць максімальную колькасць слоў ці фраз па тэме. На 2-м этапе ствараюцца сувязі і фармулююцца пытанні. Каманды пераходзяць ад стала да стала, каб прааналізаваць работу іншых каманд з мэтай устанаўлення узаемасувязей паміж ідэямі, злучаючы іх стрэлкамі і фармулюючы каментарый або пытанне па тэме. На 3-м этапе робяцца высновы і ідзе абмен ідэямі. Вучні, якія стварылі гаворачую карту, падводзяць вынікі, адказваючы на пытанні і аналізуючы створаныя сувязі. Каманды прэзентуюць свае работы адно аднаму.
…Маладыя педагогі сабраліся вакол сталоў. Перад кожнай камандай ватман — будучая гаворачая карта. Таццяна Валер’еўна просіць калег падабраць словы, якія асацыіруюцца з далучэннем дзяцей да працэсу навучання, і запісаць іх на ватманах. Каманды пераходзяць па гадзіннікавай стрэлцы да гаворачых карт, якія запоўнілі іншыя каманды, і занатоўваюць на іх пытанні, што адлюстроўваюць сувязі паміж словамі-асацыяцыямі. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра “стварэнне сітуацыі поспеху” і “гульні на ўроку”, іх можна аб’яднаць пытаннем: “Ці заўсёды гульня на ўроку спрыяе сітуацыі поспеху?”. Каманды вяртаюцца да сваіх першапачатковых плакатаў, фармулююць высновы, зыходзячы з пытанняў калег, і рыхтуюць мінутную прэзентацыю гаворачай карты. Такую нагляднасць можна вырабляць па розных прадметах і тэмах і размяшчаць на сценах вучэбных кабінетаў.
Прынцыпы навучання
— Падчас трэнінгу нашы зносіны будаваліся на чатырох прынцыпах карпаратыўнага навучання: пазітыўная ўзаемазалежнасць, індывідуальная адказнасць, роўны ўдзел і адначасовае ўзаемадзеянне, — гаворыць Таццяна Плотнікава. — Калі вы фармулявалі пытанні, бачылі рэакцыю адно аднаго, у вас з’яўляліся новыя ідэі, ішоў актыўны разумовы працэс, кожны з вас праяўляў адказнасць, унікаў у тэму, уносіў сваю лепту ў работу каманды. Можна параўнаць такі падыход з франтальным навучаннем, заснаваным на камунікацыі па прынцыпе “адзін гаворыць — астатнія маўчаць”. Так, пры франтальным апытанні настаўнік узаемадзейнічае з вучнем адзін на адзін. Пры рабоце ў парах або камандзе ў працэс навучання ўключана большасць вучняў.
Звяртаючыся да моладзі напрыканцы сустрэчы, трэнер зрабіла выснову: “Калі з першай часткі трэнінгу вы возьмеце для сваёй практыкі розныя віды пытанняў, а з другой — прынцыпы карпаратыўнага навучання, лічу, што мая задача выканана”.
Пакідаючы аўдыторыю, педагогі аддавалі Таццяне Валер’еўне “білецікі на выхад”, дзе дзяліліся ўражаннямі ад трэнінгу, адзначалі, якія адукацыйныя структуры будуць выкарыстоўваць на сваіх занятках.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.