Урок, на які мяне запрасіла Вольга Трухан, настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 3 Оршы, суперфіналістка рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2020”, быў прысвечаны актуальнай тэме — хваробе COVID-19. Гэта новая метадычная распрацоўка педагога. Вучні 5 класа вывучалі новыя для сябе словы. Аднак Вользе Аляксандраўне не прыйшлося звяртацца да тлумачэнняў на рускай мове. Усе выдатна разумелі адно аднаго.
Сімптомы COVID-19 і меры абароны
— Guten Tag! Wie geht’s? Wer will essen? Wer will schlafen? Wer will nach Hause gehen? — вітае вучняў Вольга Аляксандраўна і цікавіцца іх пажаданнямі і настроем.
— Was ist das? — педагог дэманструе ахоўную маску для твару, медыцынскія пальчаткі і сродак дэзынфекцыі (Mundschutz, Handschuhe, Desinfektionsmittel) і пытаецца ў вучняў пра тое, што яны бачаць перад сабой, просіць прагаварыць і паўтарыць гэтыя назвы на нямецкай мове.
— Seht bitte auf den Bildschirm und sagt, wie das Thema der Stunde heißt? (Corona, COVID-19.) Heute sprechen wir über Symptome von COVID-19 und Schutzmaßnahmen gegen diese Krankheit.
Дзецям прапануецца паглядзець на інтэрактыўны плакат (анлайн-дошку са спасылкамі на заданні) і сказаць, пра што пойдзе размова на ўроку. Так, гэта сімптомы COVID-19 і меры абароны ад яго.
— Was machen wir heute in der Stunde? Ordnet die Wörter zu! Ihr bekommt die Aufgaben der heutigen Stunde. So, heute wiederholen wir die Wörter zum Thema “Krankheiten und Symptome”, machen grammatische Übungen, sehen den Film über die Krankheit COVID-19, lesen einen Text zu diesem Thema und am Ende macht ihr Projekte zum Thema “COVID-19”. Wir arbeiten heute mit solchen Arbeitsblättern. Hier seht ihr alle Aufgaben für unsere Stunde, — Вольга Аляксандраўна заклікае вучняў самастойна спланаваць задачы ўрока, складаючы кароткія фармулёўкі з прапанаваных слоў: Wörter und Grammatik, Film, Projekt, lesen, wiederholen, sehen, machen, sprechen, Text, Deutsch (словы і граматыка, фільм, праект, чытаць, паўтараць, бачыць, рабіць, гаварыць, тэкст, нямецкая мова). Запіс вядзецца ў спецыяльных рабочых лістах. У канцы ўрока вучні павінны будуць працаваць над праектамі па тэме.
— Wörter wiederholen! Gehen wir zur ersten Aufgabe. Ordnet die Wörter den Bildern zu! Паўтараем словы! Падбіраем словы да малюнкаў! — працягвае настаўніца.
Вучні пераходзяць да паўтарэння лексікі па тэме ў электронным сэрвісе https://learningapps.org/watch?v=pzvond04t21. Яны супастаўляюць карцінкі з прапанаванымі варыянтамі слоў: das Fieber, das Gesicht, der Mund, der Kopf, der Hals, die Hand (тэмпература, твар, рот, галава, горла, рука). Адначасова выконваюць заданне ў рабочых лістах.
Інтэрактыўная гульня “Кракадзіл”
— Ich schlage euch vor, das Spiel “Krokodil” zu spielen. Ich habe Kärtchen. Zeigt bitte ohne Wörter, mit Gesten und Mimik, was da geschrieben ist. Alle in der Gruppe sollen erraten, was ihr zeigt. Danach bilden wir Sätze mit diesen Ausdrücken, — гаворыць настаўніца, паказваючы дзецям карткі, на якіх пералічаны недамаганні і пэўныя дзеянні чалавека.
Дзецям прапануецца згуляць у інтэрактыўную гульню “Кракадзіл”. Іх задача — без слоў, з дапамогай жэстаў і мімікі, паказаць тое, што напісана на картках. Адзін паказвае — астатнія адгадваюць. Пасля з гэтымі выразамі неабходна скласці сказы і запісаць іх у рабочыя лісты.
— Gehen wir weiter. Seht euch den Film an und beantwortet die Fragen. Was ist Corona? Welche Symptome hat Corona? Was muss man machen, um sich vor Corona zu schützen? Рухаемся далей. Зараз мы паглядзім фільм і адкажам на пытанні: што такое карона? Якія сімптомы кароны? Што вы павінны зрабіць, каб абараніць сябе ад кароны? — гаворыць Вольга Трухан.
Вучні глядзяць фільм “Што такое карона?”. У ім расказваецца пра тое, як гэтую хваробу пераносяць дарослыя і дзеці.
— An der Tafel seht ihr Ausdrücke. Verteilt sie in zwei Gruppen: “Schutzmaßnahmen” und “Symptome”.
Вучням трэба размеркаваць выразы на дзве групы: “Прафілактыка” і “Сімптомы”. Яны выходзяць па чарзе да дошкі і сартуюць выразы.
На дошцы прымацаваны словы і выразы, якія абазначаюць пэўныя сімптомы і дзеянні: Abstand halten, Fieber, Mundschutz tragen, Husten, zu Hause bleiben, Kopfschmerzen, Schnupfen, Hände waschen, Handschuhe tragen, Halsschmerzen, Muskelschmerzen (трымаць дыстанцыю, тэмпература, насіць маску, кашляць, заставацца дома, галаўны боль, насмарк, мыць рукі, насіць пальчаткі, боль у горле, боль у мышцах).
— In den Arbeitsblättern seht ihr den Lückentext zum Film. Füllt die Lücken aus. Tauscht die Hefte um und prüft einander. У рабочых лістах вы можаце ўбачыць тэкст з пропускамі да зместу прагледжанага відэа. Запоўніце іх і праверце адно аднаго, — просіць настаўніца.
Адзін з вучняў працуе каля мультыборда ў сэрвісе https://learningapps.org/view22285794.
Was ist Corona? Corona ist ein … . Corona macht die Menschen … . Die Kinder haben … und Schnupfen. Eltern, Omas, Opas haben … und schwere Krankheiten. Um keine Corona zu bekommen, muss man zu Hause bleiben, auf der Straße … halten, … tragen, Handschuhe … . Man darf nicht das … mit den schmutzigen Händen greifen. Nach dem Spaziergang muss man … mit Seife waschen.
Што такое карона? Карона — гэта… . Карона робіць людзей … . У дзяцей … і насмарк. У бацькоў, бабуль, дзядуляў … і цяжкія хваробы. Каб не захварэць на карону, трэба заставацца дома, трымаць … на вуліцы, насіць …, пальчаткі … . Да … нельга дакранацца бруднымі рукамі. Пасля прагулкі неабходна памыць … з мылам.
Wörter zur Auswahl: Abstand, Fieber, Gesicht, Hände, Husten, krank, Mundschutz, tragen, Virus. Словы на выбар: адлегласць, тэмпература, твар, рукі, кашаль, хворы, маска для твару, насіць, вірус.
Творчы праект
— Gehen wir zur letzten Aufgabe — Projekt machen. Unter dem Stuhl findet ihr Kärtchen “Symptome” und “Schutzmaßnahmen”. Bildet 2 Gruppen. Die erste Gruppe macht das Plakat “Symptome von COVID-19”; Die zweite Gruppe — das Plakat “Schutzmaßnahmen gegen COVID-19”. Präsentiert dann eure Arbeit! Die 1. Gruppe schätzt die Arbeit der 2. Gruppe und umgekehrt ein. Пераходзім да апошняй задачы — робім праект. Пад сядзеннем вашых крэслаў вы знойдзеце карткі “Сімптомы” і “Прафілактыка”. Сфарміруйце дзве групы. Адна група рыхтуе калаж-напамін “Сімптомы COVID-19”, другая група — калаж “Прафілактыка супраць COVID-19”, затым трэба абараніць свае праекты і ацаніць адно аднаго, — гаворыць педагог.
Вучні атрымліваюць дамашняе заданне — падрыхтаваць праект “COVID-19”. Яны самастойна выбіраюць форму праекта: прэзентацыя, калаж, эсэ.
Настаўніца арганізуе рэфлексію ўрока.
— Wählt bitte einen Mundschutz und argumentiert, warum ihr diese Farbe gewählt habt. Blau bedeutet super. Ich habe alles gemacht. Rosa bedeutet gut. Ich habe fast alles gemacht. Weiß bedeutet schlecht. Ich habe nicht alles gemacht und ich habe noch Fragen. Выберыце, калі ласка, ахоўную маску для твару пэўнага колеру і аргументуйце свой выбар, — гаворыць Вольга Трухан.
У залежнасці ад выбару вучням было прапанавана разысціся па трох кутах у кабінеце. Калі яны выбралі блакітную маску — значыць, у іх усё атрымалася на ўроку, было цікава; ружовую — было цяжка, але справіліся; белую — было цяжка, засталіся пытанні. Большасць вучняў выбралі блакітную маску.
Нестандартна і крэатыўна
— У рамках замацавання агульнай тэмы “Хваробы. Сімптомы”, якую мы зараз вывучаем па праграме ў 5 класе, сёння мы пайшлі далей, паглыбілі тэму. Выкарыстоўвалі новую, даволі складаную лексіку, — падкрэслівае настаўніца. — Асноўнай мэтай урока было складанне маналагічнага выказвання па зададзенай тэме (праблеме). Творчы праект, які выконвалі вучні, меў на ўвазе такі маналог. Дзецям трэба было зрабіць плакат-калаж у выглядзе памяткі па сімптомах COVID-19 і мерах прафілактыкі хваробы. Абарона праекта ў 5 класе прадугледжвае агучванне дзецьмі пяці-шасці сказаў звязнага тэксту. Усе дзеці справіліся.
На нашым уроку вучні не толькі паўтаралі і замацоўвалі раней вывучаныя словы і выразы, але і засвойвалі новую лексіку: ахоўная маска, насіць медыцынскія пальчаткі, дэзынфіцыруючыя сродкі (антысептык), трымаць сацыяльную дыстанцыю, не дакранацца да твару бруднымі рукамі і г.д. Такія фразы пакуль не ўнесены ў падручнікі па нямецкай мове. Адна з мэт майго ўрока — выхаваўчая, каб дзеці маглі абараніць сябе ад каранавіруса.
Трэба імкнуцца да таго, каб кожны ўрок быў нестандартным, метадычна правільна выбудаваным і крэатыўным. Пры вывучэнні замежнай мовы павінны абавязкова прысутнічаць чатыры віды маўленчай дзейнасці: гаварэнне, пісьмо, чытанне, аўдзіраванне — у розных прапорцыях у залежнасці ад задач урока. Неабходна памятаць пра камунікатыўны і кампетэнтнасны падыход, бо галоўная мэта вывучэння замежнай мовы — гаварыць на ёй, прымяняць на практыцы. Калі на гэтым засяродзіцца, то дзецям не будзе цяжка пагаварыць з суразмоўнікам на зададзеную тэму, абмеркаваць праблему, сітуацыю. У нямецкай мове вельмі складаная граматыка, яшчэ больш складаная, чым у англійскай мове. Ёсць артыклі, род, склоны, канчаткі прыметнікаў і назоўнікаў. Маючы базу нямецкай мовы, пасля прасцей асвойваць англійскую мову, бо абедзве яны адносяцца да германскай групы моў.
Сённяшнія вучні Вольгі Аляксандраўны вывучаюць нямецкую мову з першага класа. Спачатку — на платных гуртках, а з трэцяга класа — як асноўны прадмет па праграме і да таго ж у рамках гуртковай работы. Да 5 класа сфарміравалася група добра падрыхтаваных дзяцей, матываваных да вывучэння нямецкай мовы на павышаным узроўні.
У каляндарна-тэматычнае планаванне і ўрокі нямецкай мовы педагог уключае нацыянальна-рэгіянальны кампанент. Сама падбірае і абагульняе матэрыялы пра Віцебшчыну, яе гісторыка-культурныя славутасці, вядомых людзей краю. Дае іншамоўную інфармацыю пра сваё, роднае, блізкае і зразумелае — гэта добра засвойваецца і запамінаецца дзецьмі. Вольга Трухан выкарыстоўвае ўсе сучасныя інтэрактыўныя прыёмы, што робіць яе ўрокі прывабнымі, матывуючымі, навучальнымі. На ўроку па COVID-19 было шмат інтэрактыву, была забяспечана рухальная актыўнасць дзяцей. Напрыклад, у змест урока ўключана інтэрактыўная гульня “Кракадзіл”. Таксама педагог выкарыстоўвала магчымасці электронных сэрвісаў LearningApps, Canva.
Галоўныя якасці педагога
Сярэдняя школа № 3 Оршы, дзе працуе Вольга Трухан, — адзіная ў рэгіёне, з якой выйшлі два суперфіналісты конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. У 2017 годзе ім стаў настаўнік гісторыі Андрэй Іваноў. Вольга Трухан стала лепшай у намінацыі “Замежныя мовы”, была адзначана Падзякай Прэзідэнта за значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”. У родны горад педагог прывезла “Крыштальнага жураўля” і імянны наручны гадзіннік. Вольга Аляксандраўна з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Deutschlehrerverband Belarus (Асацыяцыі настаўнікаў нямецкай мовы Рэспублікі Беларусь), каардынуе работу са школамі.
— Гавораць, што не мы выбіраем дарогі, а яны нас. Думка прыгожая, глыбокая, але, мабыць, настаўніцкую дарогу людзі выбіраюць самі. Я — настаўнік. Захапілася педагогікай па прыкладзе сваёй маці Алы Уладзіміраўны Сіняўскай, якая сёння з’яўляецца дырэктарам школы № 3, дзе я працую, — адзначае Вольга Аляксандраўна. — Любоў да замежных моў прывіла мне настаўніца нямецкай мовы аршанскай сярэдняй школы № 2, якую я заканчвала, Вольга Сіняўская — цёзка па прозвішчы маёй мамы. Цяпер гэта мая калега. У 8 класе я вырашыла звязаць сваё жыццё з замежнымі мовамі, удзельнічала і перамагала ў прадметных алімпіядах, конкурсах. Скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. З трэцяга курса працавала валанцёрам-перакладчыкам у Германіі — суправаджала групы дзяцей з чарнобыльскай зоны. У гэтай жа краіне прайшла стажыроўкі. У школе № 3 Оршы першапачаткова вывучалася толькі англійская мова ў якасці замежнай. З маім прыходам былі адкрыты першыя нямецкія групы. Са школы ўжо выйшлі першыя выпускнікі, якія вывучалі нямецкую мову ў якасці асноўнай замежнай.
…Першы год маёй работы стаў для мяне годам адкрыццяў, узрушэнняў, а часам і расчараванняў. Я даведалася шмат новага, разбіраючыся ў пытаннях выхавання і навучання, знаёмячыся з формамі работы з бацькамі, разважаючы аб стварэнні спрыяльнага асяроддзя для развіцця дзяцей. Я ўдзячная сваім дасведчаным калегам за разуменне і дапамогу, а часам за крытыку, якая дапамагла мне пазбегнуць памылак і промахаў у рабоце. Чалавек вучыцца толькі ў тых, каго любіць. Я хутка зразумела, што максімалізм і непрымірымасць у барацьбе з нядбайнымі вучнямі — гэта не галоўныя якасці педагога, што дзяцей трэба любіць, трэба верыць у кожнага вучня, у яго патэнцыял, у тое, што нашы дзеці могуць развіваць свае здольнасці, стаць паспяховымі.
Сёння настаўнік — не толькі той, хто вучыць, але і той, хто штодня вучыцца, у тым ліку ў сваіх вучняў. Дзеці ўмеюць вучыць нават лепш за дарослых: яны гавораць і дзейнічаюць адкрыта. Кожны дзень я вучуся спецыяльна і “выпадкова”: жыццёвыя сітуацыі, кнігі ці вандроўкі даюць мне магчымасць адчуць, хто я. Вучуся сама, вучуся вучыць і вучу дзяцей уменню вучыцца.
За гады работы ў школе я ўдзельнічала і займала прызавыя месцы ў прафесійных конкурсах раённага, абласнога, рэспубліканскага маштабаў. Гэта натхніла мяне паспрабаваць свае сілы на самым прэстыжным конкурсе педмайстэрства — “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Падрыхтоўка да яго — гэта каласальны вопыт, сур’ёзны прафесійны рост. Мой педагагічны шлях яшчэ не такі вялікі, але я дакладна ведаю, што гэта толькі пачатак.
На сваіх уроках стараюся навучыць дзяцей, паважаючы чужую культуру, любіць сваю Радзіму і ганарыцца яе дасягненнямі. Цяжкасці існуюць у любой прафесіі. Самая вялікая цяжкасць, на мой погляд, у тым, каб пракласці сцяжынку да душы дзіцяці. Сцяжынку, якая стане шырокай дарогай. І, магчыма, некага прывядзе, як і мяне, у школу.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.