“Зерне” адкрыцця,

ці Выкарыстанне тэхналогіі Lapbook пры вывучэнні хіміі

Перада мной як педагогам стаіць задача навучыць маіх падапечных ставіць перад сабой мэты і задачы, знаходзіць творчыя спосабы іх вырашэння, а галоўнае, самастойна шукаць і адбіраць неабходную інфармацыю для вырашэння пастаўленага пытання сярод велізарнага мноства крыніц вучэбнага матэрыялу. Адным са спосабаў дасягнення гэтай мэты я бачу выкарыстанне на ўроках хіміі тэхналогіі стварэння лэпбука.

Лэпбук — гэта партфоліа ці калекцыя маленькіх кніжак з кішэнькамі і акенцамі, якія даюць магчымасць размяшчаць інфармацыю ў выглядзе малюнкаў, невялікіх тэкстаў, дыяграм і графікаў у любой форме і на любую тэму. Гэта кніга, якую навучэнец збірае сам, склейвае яе асобныя часткі ў адзінае цэлае, крэатыўна афармляе, выкарыстоўваючы разнастайныя колеры і формы. Лэпбук — гэта зборны вобраз плаката, кнігі і раздатачнага матэрыялу, які накіраваны на развіццё ў школьнікаў творчага патэнцыялу, які вучыць думаць і дзейнічаць крэатыўна ў рамках зада­дзенай тэмы.

Лэпбук дапамагае навучэнцам з розным узроўнем засваення ведаў па сваім жаданні арганізаваць пошук і падачу інфармацыі па тэме, якая вывучаецца, а таксама лепш зразумець і запомніць матэрыял. Трэба адзначыць, што гэта выдатны спосаб для паўтарэння і сістэматызацыі пройдзенага. Навучэнец у любы зручны для сябе час адкрывае лэпбук і паўтарае вывучанае. На мой погляд, гэта адзін з метадаў далучэння юных хімікаў да даследчай работы.

Работа над лэпбукам даволі разнастайная, і настаўнік у гэтым працэсе з’яўляецца назіральнікам, які пры неабходнасці можа даваць парады. Мае навучэнцы аддаюць перавагу самастойнаму творчаму пошуку, а я толькі карэкцірую іх задумы на пачатковай стадыі.

Неабходна адзначыць, што прымяненне лэпбука больш падыходзіць для ўрока замацавання ведаў ці ўрока абагульнення і паўтарэння, калі навучэнцы ў пэўнай ступені ўжо валодаюць інфармацыяй па зададзенай тэме. Лэпбук можна выкарыстоўваць як на ўроку, так і ў пазаўрочнай дзейнасці, на факультатыўных занятках. Складанне лэпбука можна выкарыстаць у якасці перспектыўнага дамашняга задання.

У мінулым навучальным годзе мы з навучэнцамі 7 і 10 класаў паспрабавалі ўпершыню стварыць серыю лэпбукаў, і гэтая работа проста захапіла нас. Так, сямікласнікі стваралі лэпбукі па тэмах “Кісларод”, “Вадарод”, “Вада”, а навучэнцы 10-х класаў — па тэмах “Вуглевадароды”, “Карбонавыя кіслоты”, “Спірты” і інш.

Работа над кожным лэпбукам доўжылася каля месяца. У пачатку вывучэння тэмы мы з дзецьмі агаворвалі, што будзем ствараць, вызначалі тэму і раздзелы, якія павінны знайсці адлюстраванне ў лэпбуку, разам распрацоўвалі макет. Стварэнне самога лэпбука ажыццяўлялася дома, паколькі гэта патрабуе шмат творчых намаганняў і часу. На працягу вывучэння тэмы дзеці паступова напаўнялі зместам свае лэпбукі, а на ўроку абагульнення і замацавання прадстаўлялі яго і маглі карыстацца сваім “творам”, пры неабходнасці дабаўляючы ці прымаючы матэрыял.

Лічу важным падкрэсліць, што гэтай тэхналогіяй можа карыстацца любы настаўнік-прадметнік. Як і іншыя тэхналогіі, Lapbook мае свае плюсы і мінусы. На мой погляд, да станоўчых момантаў прымянення гэтай тэхналогіі можна аднесці магчымасць выкарыстання індывідуальнай, парнай ці групавой форм работы навучэнцаў.

Навучэнцам у класе я прапанавала разбіцца на групы для стварэння лэпбука па сваім жаданні. Трэба адзначыць, што некаторыя навучэнцы пажадалі выконваць свой праект індывідуальна. Канечне, працаваць аднаму намнога цяжэй, але гэта цудоўная магчымасць для дзяцей, якія дрэнна знаходзяць кантакт з іншымі аднакласнікамі, паказаць сябе і раскрыць свае таленты.

Варта асабліва адзначыць, што ў стварэнне лэпбука былі ўключаны абсалютна ўсе навучэнцы класа. Але, канечне, ступень удзелу кожнага адрознівалася.

Другая перавага гэтай тэхналогіі, на мой погляд, у магчымасці далучэння бацькоў да сумеснай дзейнасці са сваім дзіцем, што асабліва актуаль­на ў цяперашні час.

Яшчэ адным плюсам з’яўляецца тое, што ўся работа выконваецца ўручную. Калі дзіця зной­дзе неабходную інфармацыю, апрацуе яе, прыдумае, як аформіць, намалюе, выража і сваімі рукамі ўсё прыклеіць, то, я ўпэўнена, яму запомніцца намнога больш інфармацыі па тэме, якая вывучаецца.

Немалаважна і тое, што працуючы, здавалася б, над адной тэмай, адным заданнем, дзеці з розных пар і груп вельмі часта зусім па-рознаму знаходзяць свае, арыгінальныя рашэнні пастаўленых перад імі задач.

Выкарыстанне згаданай тэхналогіі дазваляе рэалізоўваць індывідуальны падыход у навучанні. Кожны навучэнец працуе ў меру сваіх магчымасцей, у сваім тэмпе і, самае галоўнае, самастойна здабывае і атрымлівае веды.

Канечне, нельга не адзначыць і недахопы тэхналогіі Lapbook. Па-першае, стварэнне лэпбука — гэта працяглы працэс. Па-другое, гэта складанасць ацэньвання. Настаўнік не можа сказаць, што хтосьці зрабіў лепш, а хтосьці — горш. Кожны лэпбук унікальны, як і дзіця, якое яго стварыла, бо кожны працаваў у меру сваіх магчымасцей.

На заканчэнне хочацца сказаць, што лэпбук — гэта не проста тэхналогія ці метад, які дапамагае замацаваць і адпрацаваць атрыманыя веды на ўроку. Гэта, на мой погляд, палёт фантазіі. Ён можа даць непрадказальныя вынікі. Гэта даследаванне, якое, магчыма, аднойчы пачаўшыся, будзе працягвацца ўсё жыццё. Я ўпэўнена: калі пасеяць у дзіцяці “зерне” адкрыцця і даследавання, яно абавязкова будзе расці і павялічвацца.

Аксана ЛЕБЕДЗЕВА,
настаўніца хіміі сярэдняй школы № 42 Віцебска.