Сучасная сістэма адукацыі адной з галоўных задач называе фарміраванне метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў. Непасрэднае дачыненне да вырашэння гэтай задачы мае даследчая дзейнасць, якая дае навучэнцам магчымасць усвядоміць сваю значнасць, знаёміць з метадамі даследчай і творчай работы, развівае пазнавальную цікавасць, вучыць зносінам з равеснікамі і аднадумцамі, узбагачае вопыт удзелу ў прэзентацыях і канферэнцыях.
У гімназіі № 2 Бабруйска функцыянуе навуковае таварыства навучэнцаў “Парадоксе”, мэтай якога з’яўляецца ўдасканаленне сістэмы выяўлення, падтрымкі і развіцця творчага патэнцыялу таленавітых навучэнцаў, забеспячэнне іх самарэалізацыі.
У “Парадокс” функцыянуюць секцыі “Ноушата” (навучэнцы 4—6 класаў), секцыя прыродазнаўча-матэматычных навук, гістарычна-краязнаўчая секцыя, секцыя інфармацыйных тэхналогій, філалагічная секцыя. Стымуляванне цікавасці навучэнцаў да навуковых пошукаў, фарміраванне даследчых кампетэнцый з’яўляюцца тэмамі абмеркавання як на пасяджэннях секцый, так і на пасяджэннях прадметных метадычных аб’яднанняў.
Для павышэння эфектыўнасці работы НТН на працягу навучальнага года праводзяцца групавыя і індывідуальныя кансультацыі для навучэнцаў і настаўнікаў па праблемах, якія даследуюцца, па афармленні даследчых работ, падрыхтоўцы ілюстрацыйнага (дэманстрацыйнага) матэрыялу, праводзяцца практычныя заняткі па наступных тэмах: “Бібліятэка — твой памочнік”, “Работа з навуковай літаратурай”, “Афармленне работы даследчага характару”, “Складанне і афармленне бібліяграфіі”, “Абарона даследчай работы”.
У мэтах фарміравання камунікатыўных і сацыяльных кампетэнцый навучэнцаў ажыццяўляецца псіхалагічнае і сацыяльна-педагагічнае суправаджэнне арганізацыі індывідуальных заняткаў з навучэнцамі, якія цікавяцца даследчай работай, бо паспяховы ўдзел у творчых конкурсах шмат у чым залежыць ад псіхалагічнай гатоўнасці ўдзельнікаў. У гімназіі створаны добрыя ўмовы для паспяховага навучання і развіцця навучэнцаў праз выкарыстанне эфектыўных тэхналогій і методык псіхолага-педагагічнага суправаджэння іх асобаснага развіцця.
Для падрыхтоўкі навучэнцаў да ўд зелу ў інтэлектуальных і творчых конкурсах, даследчай і праектнай дзейнасці ёсць неабходнае лабараторнае і тэхнічнае абсталяванне, даведачная літаратура.
У мэтах стварэння аптымальных умоў для фарміравання творчай асобы, якая валодае навыкамі самастойнай даследчай работы, развіцця даследчыцкіх уменняў у навучэнцаў штогод праводзіцца тыдзень навукі. Да мерапрыемстваў далучаюцца навучэнцы не толькі 5—11 класаў, але і пачатковай школы. У рамках акцыі “Старэйшыя — малодшым” навучэнцам 1—6 класаў старшакласнікі дэманструюць цікавыя доследы.
Праводзяцца тэматычныя інфармацыйныя і класныя гадзіны (“100 ідэй для Беларусі”, “Дасягненні беларускай навукі”). Дзеці з задавальненнем падбіраюць матэрыял для выставы “У свеце цікавага”, удзельнічаюць у арганізацыі выставы малюнкаў “Навука вачамі дзяцей”.
На інфармацыйным табло ўвазе навучэнцаў прапаноўваюцца прэзентацыі па розных вучэбных прадметах.
З цікавасцю гімназісты ўдзельнічаюць у праглядзе і абмеркаванні навукова-папулярных фільмаў. Навучэнцам малодшых класаў асабліва падабаюцца пазнавальныя перапынкі, у час якіх дэманструецца мультфільм “Фіксікі”. Героі мультфільма ў даступнай форме расказваюць дзецям пра фізічныя і хімічныя законы.
Для навучэнцаў І і ІІ ступеней навучання дзеці старшых класаў паказваюць цікавыя доследы “Фізіка вакол нас”, “Хімія ў побыце”, якія тлумачаць розныя фізічныя і хімічныя з’явы, што садзейнічае абуджэнню цікавасці навучэнцаў да гэтых вучэбных прадметаў, а таксама да заняткаў даследчай дзейнасцю.
Дзеці маюць магчымасць праявіць свае інтэлектуальныя і творчыя здольнасці ў псіхалагічных акцыях і гульнях “Разумныя, таленавітыя, заўзятыя”, “Інтэлектуальны астравок”, “Плот інтэлекту”.
Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца інтэлектуальныя гульні, якія традыцыйна праводзяцца ў гімназіі: “Што? Дзе? Калі?”, “Брэйн-рынг”, “Свая гульня”. У іх удзельнічаюць зборныя каманды навучэнцаў 8—11 класаў.
“Закрывае” тыдзень навукі канферэнцыя па абароне работ даследчага характару. Прадстаўленыя матэрыялы — гэта заўсёды вынік працяглай, карпатлівай працы і цеснага ўзаемадзеяння дзяцей і іх навуковых кіраўнікоў.
Такім чынам, мерапрыемствы, якія праводзяцца ў рамках тыдня навукі, спрыяюць стварэнню аптымальных умоў для фарміравання творчай асобы кожнага навучэнца, які валодае навыкамі самастойнай даследчай дзейнасці, развіццю даследчыцкіх кампетэнцый навучэнцаў.
Штогод навучэнцы гімназіі ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх конкурсах “Зубренок”, “Журавлик”, “Инфомышка”, “Буслік”, “Кенгуру”, “Лингвистёнок”, “Колосок” і гульнях-конкурсах “Олимпионок”, “Белка”, “Глобусенок”. Апошнія некалькі гадоў стаў выніковым удзел гімназістаў у фестывалі “Физиканские львы” (у рамках Магілёўскага фестывалю навукі).
Яркім сведчаннем плённай сумеснай даследчай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў гімназіі з’яўляюцца штогадовыя заваяваныя дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеней на гарадскім этапе конкурсу работ даследчага характару, дыпломы на абласным і рэспубліканскім этапах конкурсу работ даследчага характару.
Прыярытэтным напрамкам даследчай дзейнасці навучэнцаў гімназіі з’яўляецца беларуская філалогія (“Вобраз хлеба ў беларускіх прыказках і прымаўках і ў жыцці беларусаў”, Валерыя Гуткоўская (6 клас) і Яна Койпыш (9 клас); “Біблейскія матывы ў беларускіх прыказках і прымаўках пра сямейныя ўзаемаадносіны”, Яна Койпыш (10 клас); “Асалода чытання, або Кніга ў жыцці чалавека”, Ксенія Лагойка (7 клас) і Кацярына Койпыш (5 клас), кіраўнік Н.У.Койпыш, настаўніца беларускай мовы і літаратуры).
У цэнтры ўвагі і гісторыя роднага краю (“Беларуская нацыянальная кухня як частка сусветнай культуры здаровага экалагічнага харчавання”, Вікторыя Міхалап (5 клас) і Ірына Галачова (5 клас), кіраўнік А.В.Клемпач, настаўніца англійскай мовы; “Код вянка”, аўтар Таццяна Юркавец (10 клас), “Вянок сяброўства”. Яднанне людзей і культур”, аўтар Таццяна Юркавец (11 клас), кіраўнік А.Г.Агінская, настаўніца англійскай мовы; “Беларуская эміграцыя ХХ стагоддзя”, аўтар Юлія Герасімовіч (10 клас); “Культурныя каштоўнасці Беларусі ў музеях свету”, аўтар Карына Урублеўская (10 клас), кіраўнік І.І.Фралова, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства.
Поспехі навучэнцаў штогод па заслугах ацэньваюцца кампетэнтным журы горада і вобласці. Удзел у рабоце навуковага таварыства “Парадокс” пашырае межы прымянення творчых і інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў, узбагачае іх унутранае светаадчуванне і светаўспрыманне, дапамагае навучэнцам вызначыцца ў выбары маральных каштоўнасцей і ў выбары прафесіі. Высокія дасягненні навучэнцаў з’яўляюцца прадметам гордасці саміх дзяцей, іх бацькоў і педагогаў.
Наталля КОЙПЫШ,
кіраўнік навуковага таварыства навучэнцаў “Парадокс” гімназіі № 2 Бабруйска, настаўніца беларускай мовы і літаратуры.