10 правіл дыялогу

Вы заўважылі, што ў апошні час дзеці пачынаюць вельмі позна гаварыць? Некаторыя бацькі нават падымаюць трывогу з гэтай прычыны: звяртаюцца да спецыялістаў, разнастайных бабак-шаптух. “Усё разумее, паказвае, умее лепш за дарослых абыходзіцца з гаджэтамі, камп’ютарам, тэлевізарам, а вось гаварыць не можа! Не, вымаўляе асобныя словы, словазлучэнні, але не гаворыць паўнавартасна!” — тлумачаць яны. Дык што такое?

Як гавораць спецыялісты, аказваецца, бацькі перасталі весці дыялог са сваімі дзецьмі. Яны ім паказваюць прадметы, карцінкі, жывёл, птушак, расказваюць пра іх, але не патрабуюць ад малышоў таго ж самага. З дзецьмі трэба займацца, а часу на гэта няма. Лепш даць у рукі пульт, і няхай націскае на кнопкі. Ці ўклю­чыць “стралялку” на камп’ютары, і дзіця некаторы час будзе маўчаць.

Ужо з самага дзяцінства хлопчыкі і дзяўчынкі адвыкаюць ад дыялогу з бацькамі, ім лягчэй моўчкі размаўляць з электроннымі сродкамі. Пазней бацькі захочуць пачаць дыялог, але іх дзецям гэта ўжо будзе не патрэбна. Тое ж самае часта адбываецца і ў школе. Настаўнік бярэ на сябе ролю расказчыка, дзіцяці адводзіцца роля слухача і адказчыка. І на гэтым усё заканчваецца. А калі вучня просяць працягнуць размову, стварыць тую ці іншую сітуацыю, ён не можа гэтага зрабіць, таму што не прывык да такой формы работы. Што ўжо тут гаварыць пра групавую ці парную работу! Дзеці не прывучаны размяркоўваць ролі, сілы, давяраць адно аднаму, таму што да пэўнага моманту іх ніхто гэтаму не вучыў.

Поспех урока — ва ўменні наладзіць дыялог з навучэнцамі, дыялог саміх навучэнцаў, іх дыялог з вучэбным матэрыялам. Дыялог не можа адбыцца без увагі адзін да аднаго, без разумення адзін аднаго, без умення слу­хаць, чуць і гаварыць.

Калі дыялог не адбыўся, арганізм адказвае на гэта поўным спусташэннем. Пра гэты стан гавораць: “З мяне як быццам выцягнулі ўсе жылы, усе ўнутраныя сілы…” А ўсё таму, што не было аддачы. Для чаго прыхо­дзіў на ўрок, для чаго тлумачыў, для чаго пытаўся? Для сябе? Зразумела, не для тых, да каго прыходзіў! “Але я ж стараўся! Бо ім жа гэта трэба, а не мне! Я ім столькі цікавых фактаў выклаў, а ім усё роўна!” — скардзіцца настаўнік.

Што ж тут не так? Каго вінаваціць? Неўтаймаваных навучэнцаў? Або ўсё ж такі вінаваты настаўнік?

Некалі вельмі даўно, прачытаўшы “Педагагічную паэму” Макаранкі, я была захоплена яго ўменнем наладзіць кантакт з самымі адпетымі хуліганамі. Думала, прыйду ў школу і буду, як ён. Не атрымалася. Чаму? У кожнага чалавека свая манера зносін, свае нормы патрабаванняў, свая шкала каштоўнасцей. Зыходзячы з гэтага, ён і дзейнічае. Нельга прымераць на сябе чужы вопыт, ён не заўсёды табе падыдз­е. Як касцюм з чужога пляча!

У мяне ёсць некалькі правіл, з дапамогай якіх я вучу дзяцей дыялогу, жывым зносінам.

Правіла першае. Разам вучымся жыццёвай мудрасці.(Аналізуем прыпавесці, казкі.)

Правіла другое. Разам вучымся актывізаваць увагу і ставіць мэты. (На аснове прадстаўленых ілюстрацый самастойна вызначаем тэму і мэты.)

Правіла трэцяе. Разам вучымся самастойнаму пошуку і адкрыццю новых ведаў. (Спрабуем даць азначэнне паняццям з дапамогай ілюстрацый, слоўнай падказкі.)

Правіла чацвёртае. Разам вучымся развіваць інтэлект і эстэтычнае светаўспрыманне. (Рэпрадукцыя карціны: вызначаем падзею, аўтара, падбіраем паняцці.)

Правіла пятае. Разам вучымся эмацыянальнай разрадцы. (Замест фізкультхвілінкі — музыка, вершы, мультыплікацыйныя фільмы.)

Правіла шостае. Разам вучымся развіваць свой кругагляд. (Да кожнага ўрока ў якасці арганізацыйнага моманту або хвілінкі адпачынку аднаму з навучэнцаў прапануецца падрыхтаваць вельмі цікавую інфармацыю для разважання.)

Правіла сёмае. Разам вучымся лагічнаму структураванню. (На прыкладах жыццёвых сітуацый вучымся аналізаваць гістарычны матэрыял.)

Правіла восьмае. Разам вучымся рашаць праблемныя задачы. (Вучымся адказваць на пытанне: “Як?”)

Правіла дзявятае. Разам вучымся ствараць (творчыя сачыненні, вершы, малюнкі).

Правіла дзясятае. Разам вучымся падводзіць рысу. (Даём ацэнку ўроку.)

Ва ўсіх правілах я раблю акцэнт на сумесную работу. Маё галоўнае правіла — усё рабіць разам.

Паколькі не ўсе дзеці прывучаны весці дыялог, вельмі часта ім цяжка пры ўсім класе адказваць ля дошкі. Яны саромеюцца, хвалююцца, баяцца сказаць не так, як гэтага хацеў бы настаўнік. Значыць, іх трэба навучыць раскаванасці, уменню тры­маць сябе на публіцы. Для гэтага некаторыя ўрокі я ператвараю ў міні-спектаклі, дзе дзеці па чарзе выступаюць у ролі акцёраў. Напрыклад, сёння мы ідзём у музей, дзе экскурсаводамі выступяць самі дзеці. Яны загадзя вучаць матэрыял, рэпеціруюць разам з настаўнікам.

Пазней, калі навыкі будуць адпрацаваны, можна такое заданне даць групе навучэнцаў у якасці самастойнага. Ці на самім уроку ў час апытання групе навучэнцаў даецца заданне: падрыхтаваць інсцэніроўку той ці іншай падзеі (настаўнік загадзя распісвае ролі і рэплікі) для паказу на ўроку ў час тлумачэння новай тэмы. Цяжка расказаць словамі? Раскажы малюнкамі на дошцы!

Зразумела, што падрыхтоўка да такіх урокаў патрабуе сіл і часу. Цэлымі днямі ў школе, а яшчэ сшыткі трэба праверыц­ь, планы напісаць, бацькоў абзваніць і яшчэ, яшчэ, яшчэ… Як быць, вырашае кожны самастойна. Але трэба памятаць, што мы ў адказе за тых, каго нам даверылі.

Аднойчы жанчыне прысніўся сон, што за прылаўкам магазіна стаіць Бог.

— Гасподзь! Гэта Ты? — усклікнула яна з радасцю.

— Так, гэта Я, — адказаў Бог.

— А што ў Цябе можна купіць? — спытала жанчына.

— У мяне можна купіць усё, — прагучаў адказ.

— У такім выпадку дай мне, калі ласка, поспеху, любові, здароўя, шчасця і шмат грошай.

Бог добразычліва ўсміхнуўся і пайшоў у дапаможнае памяшканне па заказаны тавар. Праз нейкі час Ён вярнуўся з маленькай папяровай скрынкай.

— І гэта ўсё? — усклікнула здзіў­леная і расчараваная жанчына.

— Так, гэта ўсё, — адказаў Бог. — Хіба ты не ведала, што ў Маім магазіне прадаецца толькі насенне?

Поспех не прыходзіць сам па сабе, ён патрабуе карпатлівай работы над сабой. А гэта самая цяжкая работа! Бог даў нам права быць сейбітамі дабра, ведаў, уменняў, навыкаў. І наша задача ў тым, каб пастарацца вырасціць з пасеянага спачатку здаровыя і моцныя расткі, а з іх потым вырастуць прыгожыя, здаровыя кветкі і дрэвы.

Наталля ГАНЦЭВІЧ,
настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Мастоў Гродзенскай вобласці.