Адбыўся ХХХ метадычны летнік настаўнікаў і метадыстаў

Бадай што гэта самы працяглы ў нашай краіне адукацыйны праект. Ён пачынаўся яшчэ ў Савецкім Саюзе і доўжыцца па сённняшні дзень. Ажыццяўляецца пад эгідай Акадэміі паслядыпломнай адукацыі пры падтрымцы Астравецкага аддзела адукацыі. 30 гадоў, але нязменны аўтар і кіраўнік праекта — прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА Мікалай Запрудскі. Нязменная база правядзення — Альхоўская сэрэдняя школа. Нязменная творчая атмасфера, якая пануе ў летніку.

За гэты час атрыманы вельмі значныя адукацыйныя эфекты. Назавём толькі некаторыя з іх: многія выпускнікі “Альхоўкі“ сталі настаўнікамі-метадыстамі, аўтарамі мноства метадычных артыкулаў, падручнікаў і дапаможнікаў для настаўнікаў і вучняў; перамагалі ў педагагічных конкурсах; авалодалі і паспяхова прымяняюць актуальныя і эфектыўныя тэхналогіі і сродкі арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў: актыўную ацэнку, праектнае навучанне, перавернутае навучанне, інтэгральную тэхналогію, арганізацыя групавой работы вучняў, даследчае навучанне, фарміраванне медыйнай дасведчанасці вучняў, электронныя сродкі навучання, кааператыўнае навучанне, абагульненне ўласнага вопыту работы і інш.

Зразумець, чаму летнік у Альхоўцы так прываблівае настаўнікаў, якім ён быў — трыццаты збор таленавітых і актыўных педагогаў, дапамогуць нататкі дзвюх настаўніц. Чытайце — і, магчыма, вы захочаце стаць удзельнікам гэтага праекта.

Толькі што вярнулася з летніка настаўнікаў і метадыстаў, што праходзіў у вёсцы Альхоўцы Астравецкага раёна Гро­дзенскай вобласці. Летніку трыццаць гадоў, але я ўдзельнічала ў ім упершыню. Была ў першагодках. Да першагодкаў тут асаблівая ўвага: да іх прыглядаюцца, пра іх клапоцяцца і ў некаторай ступені выпрабоў­ваюць. Прыезд у “Альхоўку” — гэта своеасаблівае выпрабаванне, бо, можа, не зусім камфортныя ўмовы для пражывання (палатка або школьны інтэрнат), напружаны графік (часам ты яшчэ не завяршыў адну справу, а ўжо трэба прымацца за другую, таму прыходзіцца дапрацоў­ваць уначы). Напэўна, ёсць такія першагодкі, хто не змог пераадолець гэтыя выпрабаванні. Але не на гэты раз…

Чаму ж настаўнікі так імкнуцца ў “Альхоўку”? Магчыма, іх прыцягвае да сябе асоба М.І.Запрудскага. Гэта паважаны педагог, заснавальнік летніка, яго арганізатар, у вачах якога — вялікая любоў да людзей і шчырая зацікаўленасць імі. Мікалай Іванавіч дакладна ведае, хто з настаўнікаў адкуль, чым займаецца і чым адметны. Гэта вельмі натхняе. У летніку іс­нуюць свае, выпрацаваныя з часам традыцыі. Яны непарушныя і строга ахоўваюцца акадэмікамі — тымі старажыламі, хто ў “Альхоўцы” быў 10 і больш разоў. Таму, нягледзячы на надвор’е ці іншыя ўмовы, усе мерапрыемствы заўсёды адбываюцца, а гэта і інтэлектуальна-спартыўная паласа перашкод, і начное арыентаванне, Купалле, экскурсіі, работа акадэміі летніка, лазня, канцэрт першагодкаў. І няважна, што я сама, напрыклад, не спяваю, не танцую. Галоўнае — усё рабіць шчыра і ад сэрца.

“Альхоўка” — гэта яшчэ і напружаная праца. Сёлета тэмай летніка стала “Праектнае навучанне”. За пяць дзён мы паспелі азнаёміцца з тэорыяй і, аб’яднаўшыся ў групы, распрацаваць па два праекты. Так, у складзе адной з груп мы накідалі тэзісы пра спрыяльнае асяроддзе для праектнай дзейнасці ў школе, якія ў найбліжэйшы час планую ператварыць у артыкул, а ў складзе другой разам з фізікамі і настаўніцай музыкі распрацавалі міжпрадметны ўрок-праект па тэме “Гук”.

Групавая работа настаўнікаў — гэта насамрэч вельмі важная частка заняткаў, бо ўяўляе сабой не толькі вынік у выглядзе прадукту (план-канспект урока, распрацоўка, прэзентацыя, артыкул ці інш.), але і дазваляе лепш пазнаёміцца, ста ць бліжэй, абмяняцца вопытам і нават пасябраваць. І гэта мае вялікае значэнне, бо дазваляе пашыраць педагагічную супольнасць аднадумцаў, крэатыўных і зацікаўленых педагогаў.

І супольнасць расце. Дзякуючы таму, што ў адным месцы збіраюцца паважаныя, вядомыя ўсім педагогі-прафесіяналы і тыя, хто робіць пакуль што нясмелыя крокі ў педагагічнай прафесіі, ствараецца вельмі прадукцыйнае творчае асяроддзе. Важна, што тут створаны ўмовы, каб праявіць сябе ў тым, што блізка менавіта табе, а ў адказ атрымаць адэкватную зваротную сувязь і падтрымку. Тут не баішся быць самім сабой, звяртацца па параду да прафесіяналаў, выказваць прапановы і ідэі. Настаўніку вельмі важна час ад часу засведчыць для сябе, што тое, што ён робіць, правільна, запатрабавальна і значна. “Альхоўка” — месца для самарэалізацыі, натхнення і творчасці. Летнік дапамагае самавызначыцца, пашырыць межы ведаў і адносін, дапамагае самарэалізацыі. За гэтым і едуць настаўнікі ў “Альхоўку”.

Ірына АДАМОВІЧ,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 20 Барысава.