Лета ў самым разгары! Як жа свае адпачынкі праводзяць нашы калегі? Усе па-рознаму. Больш за пяцьдзясят настаўнікаў фізікі, мовы і літаратуры, іншых вучэбных прадметаў аддалі перавагу курсам павышэння кваліфікацыі ў метадычным летніку “Альхоўка”. Аўтару гэтых радкоў пашчасціла стаць іх удзельнікам. Чаму пашчасціла? Прачытаўшы артыкул, вы зразумееце гэта і, верагодна, пастараецеся ў наступным годзе таксама стаць удзельнікам унікальнай адукацыйнай падзеі.
Праект рэалізуецца з 1990 года пад эгідай Акадэміі паслядыпломнай адукацыі пры падтрымцы аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама. Аўтарам і натхняльнікам праекта, аўтарам курсаў з’яўляецца прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА Мікалай Іванавіч Запрудскі. Каб стаць удзельнікам летніка, трэба вытрымаць конкурс. Базай для правядзення служыць Альхоўская сярэдняя школа, у класах якой праводзяцца вучэбныя заняткі. Снедаюць і абедаюць удзельнікі ў школьнай сталовай, некаторыя з іх пражываюць у прышкольным інтэрнаце. Частка заняткаў, многія мерапрыемствы і вячэра арганізуюцца на лясной паляне на беразе вадасховішча на рацэ Страча — за кіламетр ад школы. Кожны год павышэнне кваліфікацыі праводзіцца па новай тэме. Сёлета яна гучыць так: “Крэатыўнасць настаўніка як умова развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў”.
Курсы праходзілі на працягу пяці тыдняў у два этапы: першы — дыстанцыйны (з 31 мая па 25 чэрвеня), другі — вочны, непасрэдна ў летніку (з 28 чэрвеня па 2 ліпеня). Дыстанцыйны этап уключаў у сябе вывучэнне тэарэтычнага матэрыялу па тэме, дзве кантрольныя работы і запаўненне выніковай анкеты. Мы даведаліся, як адкрыць у сабе крэатыўнасць, выявіць тып свайго мыслення і ацаніць узровень уласнай крэатыўнасці. Настаўнікі пазнаёміліся з метадамі творчага самаразвіцця, выхавання крэатыўнасці ў навучэнцаў, прыйшлі да высновы, што неабходна яе развіваць, паколькі крэатыўнасць вельмі важная для сучаснага педагога і аказвае дабратворны ўплыў на выхаванне і развіццё навучэнцаў.
Толькі пасля паспяховага выканання кантрольных работ слухач атрымліваў асабістае запрашэнне ад аўтара курсаў на ўдзел у вочным этапе. Ветліва сустрэў альхоўскі летнік 18 першагодкаў — тых, хто прыехаў сюды ўпершыню, і тых педагогаў, якія ўжо неаднаразова сюды прыязджалі. За 31 год склалася традыцыя цёплай сустрэчы тых, хто прыехаў у летнік зноў, з добразычлівымі абдымкамі сяброў і незнаёмых людзей, з радаснымі, шчырымі ўсмешкамі. У прывітальным коле ўдзельнікі прадстаўляюцца, расказваюць пра галоўныя падзеі свайго прафесійнага і асабістага жыцця, што адбыліся за мінулы год, і выказваюць свае чаканні ад навучання на курсах у летніку.
Першы дзень заняткаў быў праведзены ў фармаце Mini EdCamp. На працягу мінуты педагогі расказвалі пра вопыт творчага самаразвіцця або развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў. Выступіць трэба было так, каб зацікавіць сваёй асобай і вопытам удзельнікаў летніка. Затым з дапамогай стыкераў слухач выбіраў для сябе тэмы чатырох майстар-класаў/прэзентацый, якія ён хацеў бы наведаць. Найбольшую колькасць галасоў атрымалі наступныя майстар-класы: “Настаўніцкія ініцыятывы” (Ірына Адамовіч), “Друдлы” (Вераніка Васільева), “Фізіка ў цацках” (Алена Ступчык), “Жыццё або кашалёк?” (Надзея Жвавая). У слухачоў і выкладчыка склалася ўяўленне аб крэатыўна-педагагічным патэнцыяле групы і асобных педагогаў, стала зразумела, хто і чым будзе цікавы не толькі на занятках, але і ў кулуарных зносінах.
Другі вучэбны дзень быў прысвечаны праблеме крэатыўнасці самога настаўніка. Прадуктам дня стала асабістая праграма ўдзельніка па развіцці ўласнай крэатыўнасці. Слухачы прыйшлі да высновы, што крэатыўнасць педагога — гэта сума яго творчых здольнасцей, якія характарызуюцца гатоўнасцю да параджэння прынцыпова новых, незвычайных ідэй, што адрозніваюцца ад традыцыйных схем мыслення.
Наступныя дні мы займаліся практычнымі аспектамі развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў: абмеркавалі і апісалі адукацыйнае асяроддзе ўрока, якое з’яўляецца неабходнай умовай развіцця крэатыўнасці школьнікаў. У прыватнасці, яно характарызуецца атмасферай супрацоўніцтва, а не канкурэнцыі; заахвочваннем педагогамі матывацыі дасягненняў; нязмушанай абстаноўкай; адсутнасцю пагроз і прымусу; падтрымкай вылучаных навучэнцамі ідэй; свабодай дзеянняў і адсутнасцю крытыкі; дамінаваннем ацэнкі і самаацэнкі над адзнакай і да т.п. Карысным быў і сам працэс апісання ўдзельнікамі гэтага асяроддзя.
Далей мы пазнаёміліся з метадамі і сродкамі развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў: трэнінгі крэатыўнасці, мазгавы штурм, брэйнрайтынг, ментальныя карты, інфаграфіка, шэсць капелюшоў Эдварда дэ Бано, марфалагічны аналіз, аглюцынацыя, сінектыка, крэатыўныя заданні, праектная работа, ТРВЗ і інш. Гэта была карысная практыка: пад выбраныя намі характарыстыкі крэатыўнасці мы падбіралі адэкватныя метады і абгрунтоўвалі свой выбар.
Важным этапам, які ў пэўнай ступені дэманстраваў новы атрыманы на курсах вопыт удзельнікаў павышэння кваліфікацыі, быў этап праектавання — па выбары слухачоў:
1) урока, накіраванага не толькі на засваенне вучэбнага матэрыялу, але і на развіццё той ці іншай творчай здольнасці: адчувальнасць да праблем, бакавое мысленне, лёгкасць генерыравання ідэй, уменне фантазіраваць, перанос у іншую сферу, развітасць інтуіцыі, талерантнасць да сітуацыі няпэўнасці і да т.п.;
2) майстар-класа для калег. Заўважым, што гэтаму варыянту аддалі перавагу або настаўнікі-метадысты, або тыя педагогі, якія рыхтуюцца да адпаведнага кваліфікацыйнага экзамену;
3) квеста для яго правядзення з навучэнцамі. Удзельнікі прыдумалі заданні, выкананне якіх накіравана на развіццё ў вучняў шэрага творчых здольнасцей.
Слухачы павышэння кваліфікацыі плануюць пасля апрабацыі ў наступным навучальным годзе распрацаваных урокаў, квестаў, майстар-класаў, адпаведнай іх карэкціроўкі апублікаваць матэрыялы ў сродках педагагічнага друку.
Увагу ўдзельнікаў прыцягнулі “спецыяльныя госці”, якія штодзень пасля абеду радавалі нас актуальнай інфармацыяй і новым вопытам. У першы дзень гэта была ўнікальны педагог, дзіўны чалавек Святлана Іванаўна Гін, прафесар кафедры педагогікі Гомельскага ІРА, кандыдат педагагічных навук, аўтар шматлікіх кніг, у тым ліку па развіцці крэатыўнасці навучэнцаў пачатковых класаў.
Падчас свайго выступлення Святлана Іванаўна падзялілася прыёмам “Думай пра іншае” і методыкай “Узроўні навізны”. Яна звярнула ўвагу на тое, што адным з вядучых прынцыпаў ТРВЗ-педагогікі з’яўляецца прынцып задачнага рэжыму: навучыць дзяцей любую праблему (цяжкасць, перашкоду) успрымаць як задачу, якая ўключае два пытанні: “Як быць?” і “А як яшчэ?”. Пры сістэматычным прытрымліванні гэтага прынцыпу ў школьнікаў фарміруецца гатоўнасць смела думаць і развіваюцца адпаведныя навыкі (пад дэвізам “Увесь свет — адкрытая задача, рашай — чакае цябе ўдача!”). Зрабіць працэс навучання займальным і захапляючым дапамагае гульня “Крэатыў — бой”, якую Святлана Іванаўна правяла з педагогамі. Хоць гульня прыдумана прыхільнікамі ТРВЗ адносна нядаўна, яна хутка заваявала папулярнасць. Розныя турніры праводзяцца не толькі паміж класамі, групамі, атрадамі, але і дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям бываюць міжрэгіянальнымі і міжнароднымі.
Тэмай нашай гульні сталі сюжэты з кнігі Э.Распэ “Прыгоды барона Мюнхаўзена”. У адрозненне ад “самага праўдзівага чалавека на Зямлі”, які ўмеў падарожнічаць на ядры або змог застацца ў жывых, апынуўшыся паміж кракадзілам і львом, трэба было прыдумаць рэалістычныя спосабы выхаду з цяжкіх сітуацый.
Спецыяльным госцем наступнага дня быў Сяргей Аркадзьевіч Гарбацэвіч, педагог дадатковай адукацыі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. У сваім выступленні ён адзначыў асаблівую важнасць арганізацыі работы з адоранымі навучэнцамі, звярнуў увагу на механізмы іх крэатыўнага развіцця, вопыт суправаджэння даследчай і праектнай дзейнасці навучэнцаў.
Курсам у летніку “Альхоўка” асаблівую прывабнасць надаюць традыцыйныя “пазакласныя” мерапрыемствы, якія ў гэтым годзе адрозніваюцца крэатыўнасцю зместу. Гэта, напрыклад, крэатыўна-спартыўная паласа перашкод. Аўтарам курсаў прыдуманы/падабраны для кожнага яе этапу цікавыя творчыя заданні. Агульная ідэя гэтай паласы — ідэя выбару: партнёраў для спаборніцтваў, станцый, якія каманда пажадае наведаць, заданняў і ўзроўняў іх складанасці.
Незабыўныя эмоцыі і яркія ўражанні педагогі атрымалі ад наведвання відэаклуба, у якім яны ўбачылі цудоўны слайдфільм пра гісторыю праекта “Летнік настаўнікаў і метадыстаў у Альхоўцы”. Аўтар фільма — настаўнік фізікі з Адэльскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Анатолій Аляксандравіч Аўсейчык. Ён жа правёў начное арыентаванне. Трэба было знайсці ў лесе схаваных пікетчыкаў з наступнымі заданнямі: 1) паказаць фізічны прыбор; 2) адказаць на пытанне аб сабе або выканаць жаданне пікетчыка; 3) разгадаць рэбус; 4) адгадаць персанаж; 5) дамаляваць карцінку, праяўляючы крэатыўнасць. Акрамя таго, у гушчары лесу нас чакалі сюрпрызы: нечаканыя людзі, якія палохалі каманды. Цёмна было настолькі, што адна з каманд прыняла саперніка з іншай каманды за пікетчыка і выканала ўсе заданні, якія ім былі прыдуманы, каб затрымаць час. Самае цікавае — пошук удзельнікамі прыза на фінішнай паляне. Завяршылася гульня абмеркаваннем казусаў і падзей, якое суправаджалася вясёлым смехам. Гэтае мерапрыемства істотна паўплывала на згуртаванне нашага калектыву.
Фізікі могуць усё, нават арганізаваць “лазню ў палатцы”, якая выклікала вялікае захапленне і здзіўленне калег. Усім жадаючым удалося пабываць у сапраўднай парылцы і адразу ж акунуцца ў цёплыя абдымкі ракі Страча.
Замілавальным было пасяджэнне “акадэміі”, якой сёлета споўнілася 25 гадоў. Крэатыўна і ўрачыста яго правялі настаўніца фізікі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Вольга Аляксандраўна Званцова і настаўнік інфарматыкі і фізкультуры Ясенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Максім Мікалаевіч Мікуліч. Галоўнай падзеяй пасяджэнняў з’яўляюцца выбары ў акадэмію тых удзельнікаў, хто прыехаў у летнік 10-ы раз. Ушаноўваюцца таксама юбіляры, якія ў Альхоўцы 5-ы, 15-ы, 20-ы, 25-ы раз.
Вельмі крэатыўным было народнае гулянне “Купалле” з карагодамі ў святочных беларускіх касцюмах, пошукамі кветкі папараці, народнымі танцамі і гульнямі, скачкамі праз вогнішча — усё гэта стварала асаблівы настрой удзельнікам купальскай ночы. Дзякуем за арганізацыю гэтага феерычнага свята Наталлі Літвіновіч з сярэдняй школы № 2 Мікашэвіч і Юліі Паўлавай з 1-й гімназіі Барысава.
Фішка нашага летніка — суботнія экскурсіі па маляўнічых і гістарычных мясцінах Астравеччыны і суседніх раёнаў. Гэтым разам значны след у душы пакінулі касцёл у Гервятах, возера Нарач і Блакітныя азёры. Нязменны арганізатар экскурсіі і экскурсавод — А.А.Аўсейчык.
Феерычным атрымаўся канцэрт “першакурснікаў”, якія прадэманстравалі свае таленты ў песнях, танцах і гумары.
Тыдзень праляцеў непрыметна, і, на жаль, прыйшоў час расстацца. У развітальным коле ўдзельнікі расказалі пра тое, як будуць выкарыстоўваць атрыманыя веды ў адукацыйным працэсе, падзяліліся сваімі планамі і ўражаннямі ад курсаў і ад летніка.
Каб чытачы адчулі атмасферу летніка, каб у іх з’явілася жаданне далучыцца да нашай суполкі або самім арганізаваць штосьці падобнае, прапануем прачытаць выказванні ўдзельнікаў.
Святлана Гін (Гомель): “Я прыехала ў Альхоўку абмяняцца вопытам, энергіяй з такімі ж крэатыўнымі педагогамі”.
Вераніка Васільева (Мінск): “Альхоўка — гэта месца, дзе цябе прымаюць, месца, дзе пануюць сяброўства і ўзаемадапамога, месца, дзе ты вучышся і расцеш. Дзякую лёсу за тое, што на маім шляху з’явіліся гэты лес, гэтая вёска і, галоўнае, — гэтыя людзі. Уся справа ў іх. Чалавек стварае месца, а не наадварот. Я захапляюся ўсімі і кожным, хто быў у летніку. І ў першую чаргу Мікалаем Іванавічам Запрудскім, заснавальнікам гэтага месца шчасця і свабоды. Я захапляюся Святланай Іванаўнай Гін, якая паказала, што белай варонай быць не сорамна, а наадварот, — гэта знак якасці. У гэтае месца я хачу вярнуцца, у гэтым месцы ўжо жыве часцінка мяне. Тут у паветры лунаюць крэатыў і творчасць. Тут ты робішся майстрам”.
Уладзіслаў Саўчыкаў (Клічаўскі раён): “Зносіны з таленавітымі, крэатыўнымі педагогамі, удзельнікамі і пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” натхнілі мяне на ўдзел у гэтым конкурсе”.
Інеса Хіневіч (Мір): “Пазнаёмілася з цікавымі калегамі. Атрымала вялікі практычны вопыт. Мяне ўразілі сяброўскія ўзаемаадносіны паміж педагогамі”.
Алена Вярбіцкая (Слуцк): “Тут я пазнаёмілася з таленавітымі, крэатыўнымі людзьмі, якія далі магчымасць адчуць, што крэатыўнасць — важная і актуальная ў сучасным свеце. Захацелася самой змяніцца і пачаць крэатывіць”.
Ірына Андрыевіч (Слуцк): “Я атрымала магчымасць паглядзець на прафесію з іншага боку. Пасля складанага навучальнага года, калі пачынаецца прафесійнае і эмацыянальнае выгаранне, зносіны з лепшымі, творчымі педагогамі краіны зараджаюць ідэямі і жаданнем тварыць на цэлы год. Хацелася б адзначыць вельмі добразычлівую атмасферу. Калі трапляеш у Альхоўку, адчуваеш, што ты прыехаў да сяброў, якія гатовы табе ва ўсім дапамагчы, падтрымаць, падзяліцца самым важным”.
Ірына Адамовіч (Барысаў): “Альхоўка — гэта месца сілы, натхнення, месца, куды хочацца вяртацца кожны год, месца, дзе настаўнікі абменьваюцца рознымі ідэямі. Калі я першы раз вярнулася з Альхоўкі, пачала размаўляць па-беларуску”.
Сяргей Цімашук (Столінскі раён): “Навошта з году ў год я вяртаюся ў Альхоўку? Гэта немагчыма растлумачыць. Настаўнік павінен пастаянна развівацца. Тут мы атрымліваем цікавыя ідэі, цягнемся за таленавітымі педагогамі і раўняемся на іх”.
Алег Купрацэвіч (Жлобін): “Навошта вяртаюся ў Альхоўку? Для таго, каб сустрэцца з сябрамі-калегамі, каб запасціся новымі ідэямі, каб у асаблівай атмасферы аднавіць сілы, папоўніць энергію пасля складанага навучальнага года”.
Навошта настаўнікі прыязджаюць у Альхоўку? Крэатыўныя педагогі ў цяперашні час найбольш запатрабаваны ў школе. Яны канкурэнтаздольныя, і іх любяць дзеці. Толькі крэатыўны настаўнік можа выхаваць крэатыўнага навучэнца. А ў нашым летніку найвышэйшая канцэнтрацыя крэатыўных людзей, творчасцю прасякнуты ўвесь змест гэтай адукацыйнай падзеі.
Летнік паспяхова прайшоў дзякуючы не толькі самому Мікалаю Іванавічу Запрудскаму, але і Анатолію Аляксандравічу Аўсейчыку, які адказваў за стварэнне ўмоў для жыццядзейнасці і паспяховай вучобы педагогаў; настаўніцы з Ушач Вользе Анатольеўне Жыткай і педагогу з Варапаеўскай школы Пастаўскага раёна Мікалаю Алегавічу Атрахімовічу — адказным за арганізацыю харчавання; дырэктару Альхоўскай школы Сяргею Анатольевічу Гаўрыловічу, які стварыў умовы для вучобы і жыцця ўдзельнікаў летніка. Дзякуй вам вялікі ад удзельнікаў курсаў!
Людміла ШАМАТРАНАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 19 Магілёва.
Фота Анатолія Аўсейчыка і Святланы Здаранковай.