Біяграфія пісьменніка праз візуалізацыю

У школьным курсе беларускай літаратуры важнае месца займае вывучэнне біяграфіі пісьменніка. Аднак даследаванне жыццёвых фактаў творцы не ёсць самамэта ў літаратурнай адукацыі, а каштоўны арыентацыйны матэрыял, які ў далейшым дапаможа школьнікам спасцігнуць сутнасць мастацкіх твораў пэўнага аўтара, стане своеасаблівым ключом да разумення яго індывідуальнай адметнасці.

У старшых класах творчасць пісьменніка і яго біяграфія вывучаюцца падрабязна і грунтоўна. Асноўным метадам, да якога звяртаецца настаўнік пры вывучэнні біяграфіі, з’яўляецца лекцыя. Важна правільна пабудаваць лекцыю, напоўніць яе цікавым зместам, умела вылучыць галоўнае, не ператварыць яе ў манатонны маналог. Тут на дапамогу прыходзіць візуалізацыя. Існуе шырокая палітра традыцыйных спосабаў візуалізацыі на ўроках беларускай мовы і літаратуры: схемы, апорныя канспекты, табліцы, планы, прэзентацыі, відэаролікі і інш.

Аднак сёння з развіццём камп’ютарных тэхналогій набываюць папулярнасць новыя сродкі. У рабоце мне дапамагае Canva — анлайн-сэрвіс для стварэння графічнага дызайна. Ключавая перавага гэтага рэдактара заключаецца ў прастаце яго выкарыстання, можна ствараць дызайны рознага прызначэння, захоўваць праект у самых розных фарматах, працаваць як праз браўзер, так і з дапамогай дадаткаў для камп’ютараў і смартфонаў.

У Canva шмат шаблонаў для самых розных мэт, усе яны даступныя ў адпаведным раздзеле на галоўнай старонцы. Адштурхоўваючыся ад асноўнай задачы візуалізацыі, якая заключаецца ў забеспячэнні вобразнага прадстаўлення інфармацыі, лагічнасці пры яе выкладанні, дэманстрацыі ўзаемасувязі паміж тэкстам і яго графічнымі адпаведнікамі, хачу больш падрабязна спыніцца на простым і даступным шаблоне — плакаце. 

Змест плаката можа ўтрымліваць як тэкставую, так і партрэтную, ілюстрацыйную інфармацыю. Напрыклад, пры вывучэнні біяграфічных звестак пра Яна Чачота прапаную вучням пададзены на плакаце змест біяграфіі пісьменніка дапоўніць звесткамі з артыкула падручніка. Наступны плакат (плакат 1) накіруе вучняў на падрыхтоўку паведамлення пра творчыя і грамадскія сувязі Яна Чачота і асоб, што адлюстраваны на плакаце.

Найбольш складаным момантам у вывучэнні біяграфіі пісьменнікаў з’яўляецца арыентацыя ў храналогіі жыццёвых і творчых этапаў. Для падачы такога матэрыялу раю выкарыстоўваць плакаты, што змяшчаюць храналагічныя звесткі (плакат 2). Пры рабоце з такімі плакатамі прапаную вучням вызначыць пэўныя жыццёвыя і творчыя этапы пісьменнікаў па гадах, карыстаючыся артыкулам падручніка або інфармацыяй з інтэрнэту. Плакаты з фотаздымкамі ўстаноў адукацыі, дзе вучыліся пісьменнікі, дапамогуць запомніць звесткі пра іх жыццёвы шлях. А плакаты з фотаздымкамі вокладак кніг дапамогуць акунуцца ў творчасць пісьменнікаў (плакат 3). На аснове матэрыялу некаторых плакатаў можна пабудаваць выступленне пра пісьменніка (плакат 4). А плакаты-калажы дапамогуць вучням падагульніць свае веды.

Плакаты, прыведзеныя ў якасці прыкладаў сродкаў візуалізацыі, дапамагаюць настаўніку будаваць урок па біяграфіі пісьменніка: падача з вуснаў настаўніка той ці іншай інфармацыі падмацоўваецца візуальна. Але найбольшую карысць прыносіць выкарыстанне плакатаў, падрыхтаваных самімі вучнямі. Па-першае, яны асвойваюць прыёмы работы з інфармацыяй: здабываюць, аналізуюць, сістэматызуюць, робяць высновы. Па-другое, такая работа павышае эфектыўнасць засваення матэрыялу.

Самым распаўсюджаным заданнем па стварэнні плакатаў вучнямі з’яўляецца заданне па падрыхтоўцы паведамлення пра пісьменніка. На плакаце вучні змяшчаюць тую інфармацыю, якая можа служыць апорнай пры адказе. Гэтая інфармацыя з’яўляецца ключавой, а часам і новай  для іншых вучняў у класе, што служыць добрым сродкам для пашырэння і замацавання ведаў.

Безумоўна, работа з плакатамі пры вывучэнні біяграфіі пісьменнікаў не абмяжоўваецца прыведзенымі прыкладамі. Гэта толькі некаторыя з іх. Кожны настаўнік, у залежнасці ад сваіх творчых здольнасцей, можа пашырыць варыянты выкарыстання плакатаў, бо работа з плакатамі дазваляе апрацаваць большую колькасць інфармацыі, арганізаваць дзейнасць вучняў з улікам іх індывідуальных асаблівасцей, што ў значнай ступені павышае эфектыўнасць засваення матэрыялу і ўрока ўвогуле, надаць вучням упэўненасці ў сваіх сілах, стварыць уласную скарбонку матэрыялаў. Усё разам гэта дае магчымасць разнастаіць вучэбную дзейнасць, павысіць цікавасць да вывучэння біяграфіі пісьменнікаў і да прадмета ў цэлым.

Святлана ВАБІШЧЭВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Столінскай дзяржаўнай гімназіі Брэсцкай вобласці.