Інструментарый для павышэння эфектыўнасці вучэбнага працэсу

“Можна і патрэбна настаўніку даць педагагічны інструментарый, і тады яго месца будзе самым лепшым месцам пад сонцам”, — пісаў Я.А.Каменскі. Такім інструментарыем бачыцца педагагічны савет, які з’яўляецца эфектыўным сродкам павышэння якасці адукацыі і прафесіяналізму настаўнікаў, развіцця іх індывідуальнасці.

Якім жа павінен быць педагагічны савет і якім крытэрыям ён павінен адпавядаць? Па-першае, адзначу актуальнасць, значнасць і ўсеагульнасць праблемы, якая патрабуе ўсебаковага калектыўнага абмеркавання, у тым ліку з выкарыстаннем вывадаў педагогікі, псіхалогіі, сацыялогіі, фізіялогіі. Вялікую ролю адыгрываюць перспектыўнасць і канцэптуальнасць, што садзейнічае развіццю школы. Сістэмнасць — метадалагічная аснова планавання педагагічных саветаў.


Калектыўна выпрацаваць кіраўніцкае рашэнне па стварэнні ўмоў для эфектыўнага супрацоўніцтва ў рэалізацыі метадычнай тэмы адукацыйнай установы — мэта правядзення педагагічнага савета. Мэта школы — абазначыць навукова-практычную праблему, якая вызначыць і тэматыку педагагічных саветаў. Змест дзейнасці педсавета накіраваны на вырашэнне праблем, звязаных з удасканаленнем адукацыйнага працэсу і павышэннем якасці адукацыі, распрацоўкай сістэмы педагагічных мер, якія забяспечаць перспектывы развіцця школы.

Часцей за ўсё педагагічныя саветы праводзяцца ў форме даклада з абмеркаваннем, даклада з судакладам, шэрага паведамленняў. Як правіла, такія педсаветы адрозніваюцца традыцыйным характарам зместу, нізкай актыўнасцю настаўнікаў, аўтарытарным стылем зносін кіраўніцтва з настаўнікамі, праводзяцца такія педсаветы пераважна з прымяненнем славесных метадаў. Сучаснай інтэнсіфікаванай формай традыцыйнага педсавета з’яўляецца семінар-практыкум, дзе загадзя прапаноўваюцца пытанні, па якіх плануецца субяседаванне. Затым праходзіць курс практычных заняткаў: адкрыты ўрок ці мерапрыемства, паказ мадэлей урока ці мерапрыемства, выкарыстанне відэаматэрыялаў.

У апошнія гады атрымалі распаўсюджанне такія формы правядзення педсаветаў, як дзелавая, ролевая, вытворчая праблемна-дзейнасная гульня, метадычны дзень, метад “Акварыум”, педсаветы на аснове аналітыка-праектных і экспертных груп, дыскусія, дэбаты, творчая справаздача, канферэнцыя, аўкцыён і інш. У якасці метадаў выкарыстоўваюцца прэзентацыя-расказ, дэманстрацыя, апытанне, анкетаванне, аналіз вынікаў, падрыхтоўка рэкамендацый.

* * *

Для нагляднасці прадэманструю некалькі прыкладаў правядзення педагагічных саветаў. Так, педсавет па тэме “Аб рэсурсным падыходзе ва ўпраўленні развіццём установы адукацыі” можна правесці ў форме акварыума. Усе ўдзельнікі (назіральнікі) размяшчаюцца за сталамі, якія расстаўлены па перыметры прасторнай аўдыторыі. Па чатырох вуглах знаходзяцца чатыры экспертныя групы (за кожнай экспертнай групай замацавана адно з пытанняў для абмеркавання). У цэнтры перыметра (у “акварыуме”) размяшчаюцца дзеючыя асобы — самыя ініцыятыўныя ўдзельнікі (як правіла, дзеючымі асобамі з’яўляюцца намеснікі дырэктара, кіраўнікі метадычных аб’яднанняў ці іншых метадычных фарміраванняў) — і вядучы (дырэктар).

Цэласнасць педагагічнага савета прадстаўлю тэхналагічнай схемай з каментарыямі:

I этап — распрацоўка педсавета, якая здзяйсняецца метадычным саветам: мэта — задачы — выбар тэхналогіі — распрацоўка зместу — фарміраванне складу груп — размеркаванне абавязкаў. Вядучы — вядзенне педсавета, арганізацыя мыслядзейнасці і сэнсатворчасці ўдзельнікаў для стварэння новага погляду на праблему і развіццё індывідуальнага ўсведамлення кожнага. Дзеючыя асобы — аналіз дзейнасці педагагічнага калектыву па ажыццяўленні рэсурснага падыходу ў кіраванні развіццём установы. Экспертная група — фіксацыя ўсіх ідэй, меркаванняў, сэнсаў, выказаных дзеючымі асобамі, абагульненне інфармацыі з суправа­джэннем дэманстрацый, схем, малюнкаў, табліц, праект рашэння педагагічнага савета і падрыхтоўка праекта загада аб яго правядзенні.

II этап — падрыхтоўчая работа: ранжыраванне праблем — ранжыраванне значнасці рэсурсаў — вывучэнне тэарэтычных крыніц, перадавога педагагічнага вопыту — аналіз дзейнасці па ажыццяўленні рэсурснага падыходу.

III этап — правядзенне педсавета. Вядучы — праблема, яе значнасць і актуальнасць для развіцця ўстановы, вынікі ранжыравання. Дзеючыя асобы — аналіз дзейнасці педагагічнага калектыву па здзяйсненні рэсурснага падыходу: інфармацыйны, матэрыяльна-тэхнічны, кадравы, навукова-метадычны рэсурсы, выхаваўчае асяроддзе, узаемадзеянне з соцыумам, уключэнне бацькоў у дзейнасць школы як рэсурс, рэсурс псіхалагічнай падтрымкі. Экспертныя групы — фіксацыя інфармацыі, выступленні, абагульненне з выкарыстаннем схем, малюнкаў, табліц:

  1. Інфармацыйны, матэрыяльна-тэхнічны рэсурсы (экспертная група № 1).
  2. Кадравы, навукова-метадычны рэсурсы (эксперт­ная група № 2).
  3. Выхаваўчае асяроддзе, узаемадзеянне з соцыумам, уключэнне бацькоў у дзейнасць школы як рэсурс (экспертная група № 3).
  4. Рэсурс псіхалагічнай падтрымкі (экспертная група № 4).

IV этап — паслядзеянне: абагульненне (вядучы) — прыняцце рашэння, рэалізацыя рашэння, кантроль за рэалізацыяй рашэння.

У якасці рэфлексіі для назіральнікаў можна прапанаваць наступныя пытанні:

* Ці разумееце вы сутнасць праблемы, якая абмяр­коўваецца?

* Якія ідэі вы прапанавалі б для рэалізацыі рэсурснага падыходу?

* Як вы ацэньваеце дзейнасць калег па абмеркаванні праблем?

* Ці актуальная для вас праблема абмеркавання?

* * *

Прывяду прыклад педсавета па тэме “Аб забеспячэнні механізма самавызначэння навучэнцаў ва ўмовах профільнага навучання”, праведзенага ў форме дзелавой гульні. Педагагічны калектыў разбіваецца на групы: інфармацыйна-аналітычныя, даследчыя і экспертная. Пазіцыйная дынаміка гульні прадстаўлена сацыяльнымі ролямі: педагогі, вучні, бацькі, міністэрства.

У адносінах да зместу работы ў групе можна вызначыць генератара ідэй, распрацоўшчыка, дыягноста, даследчыка, эксперта, арганізатара, аналітыка і інш. Педагогі (адміністрацыя, настаўнікі, педагог-псіхолаг, педагог сацыяльны) увайшлі ў склад інфармацыйна-аналітычных груп, якія павінны абмеркаваць праблемы і выказаць пункт гледжання на іх рашэнне: арганізацыйна-кіраўніцкае, псіхалагічнае суправаджэнне самавызначэння навучэнцаў, забеспячэнне механізма сацыяльнага, прафесійнага і культурнага самавызначэння ў адукацыйным працэсе (выхаваўчая работа, курс “Мая прафесійная будучыня”, выбар профілю, урокі самавызначэння, профільная адукацыя ў кампетэнтнаснай парадыгме).

Вучні і бацькі прадстаўляюць даследчыя групы, мэтай якіх з’яўляецца даследаванне праблем і асаблівасцей навучэнцаў, іх прафесійных накіраванасцей (субяседаванні, анкетаванне, мікрадаследаванні, прафарыентацыйнае тэсціраванне). На аснове даследаванняў выяўляюцца праблемы і ажыццяўляецца пошук шляхоў іх вырашэння. Пасля работы інфармацыйна-аналітычных, даследчых груп мэтазгодна арганізаваць выступленні ўдзельнікаў у форме міжгрупавой дыскусіі (адкрыты мікрафон).

Міністэрства, прадстаўленае экспертнай групай, падводзіць вынікі, адзначае станоўчае ў рабоце па забеспячэнні самавызначэння навучэнцаў ва ўмовах профільнага навучання, прапануе рэкамендацыі па вырашэнні існуючых праблем і праект рашэння педагагічнага савета.

* * *

У многіх школах прыярытэтным на працягу многіх гадоў з’яўляецца метадычны напрамак. Адна з форм педсаветаў так і называецца — “Метадычны дзень”. Мэта такога педсавета — вывучэнне пэўнай праблемы як у тэорыі, так і на практыцы. Педагагічны калектыў збіраецца на першым уроку, а для навучэнцаў першы ўрок па школе выкарыстоўваецца для вучнёўскага самакіравання (класныя гадзіны). У гэты час праводзіцца першае пленарнае пасяджэнне (тэарэтычная частка) педагагічнага савета.

На другім уроку настаўнікі расходзяцца па групах на практычную частку — адкрытыя ўрокі. Пасля наведвання ўрокаў праводзіцца кароткае абмеркаванне, адзначаецца, як была рэалізавана тэма педагагічнага савета на ўроку. Другое пленарнае пасяджэнне адбываецца пасля ўрокаў. На ім ажыццяўляецца самааналіз урокаў з пазіцыі тэмы педагагічнага савета і ацэнка групай таго, як гэтая праблема рэалізавана на практыцы.

Для настаўнікаў такі педсавет з наведваннем урокаў і самааналізам з пазіцыі пэўнай праблемы з’яўляецца ўнікальным інструментарыем для павышэння эфектыўнасці вучэбнага працэсу. Школьны ўрок — гэта тая базавая цаглінка, якая ляжыць у аснове ўсяго школьнага навучання. І на педагагічных саветах часцей павінны гучаць пытанні накшталт “Што такое эфектыўны ўрок?”, “Як фарміра­ваць адзінае поле разумення праблем у галіне планавання ўрока і арганізаваць засваенне ведаў у дзеянні?”, “Чаму трэба прытрымлівацца заяўленай мэты на працягу ўсяго ўрока, прымяняць методыкі, якія ўлічваюць фізіялагічныя асаблівасці дзяцей, забяспечыць на працягу ўсяго ўрока дадатковую вучэбную матывацыю?”, “Якія сродкі і спосабы навучання дапамогуць дасягнуць зададзеных вынікаў з мінімальнымі затратамі, асабліва ў адносінах да здароўя дзіцяці?” і інш.

Адказаць на пастаўленыя пытанні настаўнік зможа толькі пры засваенні ім у ходзе педагагічных саветаў уменняў тэхналагічнага ўзроўню метадычнай культуры і новых прафесійных роляў (прадметныя — спецыяліст—прадметнік, гнастычныя — даследчык, праекціровачныя — сцэнарыст, адаптацыйныя — рэжысёр, арганізацыйныя — арганізатар, камунікатыўныя — моўны партнёр, матывацыйныя — энергізатар, кантрольна-аналітычныя — эксперт), дзякуючы чаму педагогі атрымаюць магчымасць прымяняць іх у сваёй практыцы.

Валянціна БАРЭЙКА,
метадыст, выдатнік адукацыі.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.