Два гады назад у Гурнаўшчынскім дзіцячым садзе — базавай школе Клецкага раёна Мінскай вобласці стартаваў педагагічны праект “Развіццё даследчых уменняў навучэнцаў праз іх уключэнне ў дзейнасць па вывучэнні гісторыі малой радзімы”. Як паказаў час, кірунак быў выбраны ўдала. Педагогі і вучні з цікавасцю ўключыліся ў дзейнасць і паспелі зрабіць многае.
Мэтай праекта стала павышэнне пазнавальнай матывацыі навучэнцаў установы адукацыі да даследчай дзейнасці з апорай на асобасны творчы патэнцыял, фарміраванне даследчых навыкаў і развіццё даследчай кампетэнтнасці.
Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гурнаўшчынскага дзіцячага сада — базавай школы Клецкага раёна Наталля Уладзіміраўна Хаванская, выпускнік сучаснай установы адукацыі павінен валодаць практыка-арыентаванымі ведамі, неабходнымі для паспяховай інтэграцыі ў соцыум і адаптацыі ў ім. Для вырашэння гэтай задачы неабходна рабіць стаўку на развіццё дзіцяці. І вядучую ролю тут адыгрывае даследчая дзейнасць. Час паказаў: у практыцы работы малакамплектнай сельскай установы адукацыі ўсё больш актуальным становіцца пытанне фарміравання навыкаў даследчай дзейнасці як спосабу развіцця індывідуальных інтэлектуальна-творчых здольнасцей кожнага навучэнца. Аптымальным месцам для арганізацыі работы ў гэтым кірунку з’яўляецца менавіта вучэбна-педагагічны комплекс, паколькі ён дае магчымасць пераемнасці з дашкольнага ўзросту. Калі ў такой сельскай установе адукацыі стварыць умовы для развіцця даследчай дзейнасці навучэнцаў у натуральным працэсе вывучэння малой радзімы, то гэта адназначна будзе спрыяць паспяховай самарэалізацыі дзяцей і выяўленню галін ведаў, якія найбольш цікавяць вучняў.
У работу па рэалізацыі адразу былі ўключаны ўсе ўзроставыя катэгорыі навучэнцаў, што якраз і дае магчымасць забяспечыць пераемнасць у рабоце дашкольнай групы, факультатыўных заняткаў у пачатковай школе, а таксама ўрокаў, школьнага навуковага таварыства вучняў, школьнага краязнаўчага музея.
Асноўны сэнс дзейнасці педагагічнага праекта складае распрацоўка на базе Гурнаўшчынскага дзіцячага сада — базавай школы праграмы “Юныя даследчыкі”. Яе рэалізацыя якраз і далучае да даследчай дзейнасці ўсе ўзроставыя катэгорыі навучэнцаў з захаваннем пераемнасці ад дашкольнай групы да выпускніка, а таксама яна павінна садзейнічаць уключэнню педагогаў установы адукацыі, законных прадстаўнікоў навучэнцаў у даследчую дзейнасць на аснове матэрыялаў школьнага краязнаўчага музея, рашэння задач фізіка-матэматычных навук.
Пачалі з таго, што на пачатку 2019/2020 навучальнага года былі скамплектаваны дзве групы для арганізацыі факультатыўных заняткаў “Юныя даследчыкі, або Прыступкі на шляху да адкрыцця”
(у 1 і 4 класах). Вучэбны план накіраваны на прывіццё вучням пачатковай школы спецыяльных ведаў і навыкаў, якія спрыяюць развіццю культуры пошукавай дзейнасці.
Факультатывы “Юныя даследчыкі, або Прыступкі на шляху да адкрыцця” сталі добрым падрыхтоўчым этапам перад самастойнай даследчай дзейнасцю навучэнцаў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Сістэма заняткаў прадастаўляе навучэнцам шырокі спектр магчымасцей для рэалізацыі творчага патэнцыялу і фарміравання станоўчых адносін да працэсу пазнання. Правядзенне факультатываў прадугледжвае канцэнтрычны прынцып рэалізацыі зместу праграмы. Вывучанае ў 1 класе паглыбляецца ў 2, 3 і 4-м у адпаведнасці з дынамікай развіцця ўяўленняў і здольнасцей навучэнцаў. Змест заняткаў паступова ўскладняецца і пашыраецца за кошт узбагачэння новымі кампанентамі. Дзякуючы такой структуры вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў “Юныя даследчыкі, або Прыступкі на шляху да адкрыцця”, прыёмы даследчай дзейнасці паступова адпрацоўваюцца на факультатыўных занятках з году ў год.
Акрамя таго, з самага пачатку работы праекта была скамплектавана яшчэ і група 6 класа для арганізацыі факультатыўных заняткаў “Мая Айчына”. Мэтамі курса сталі паглыбленае знаёмства з гісторыяй сваёй радзімы і фарміраванне грамадзянска-патрыятычных якасцей асобы дзіцяці. Яны рэалізуюцца праз пашырэнне ведаў вучняў аб асаблівасцях гістарычнага развіцця Беларусі, аб жыцці беларускага народа; выхаванне на лепшых традыцыях нацыянальнай культуры.
Для дасягнення мэты і вырашэння пастаўленых задач выкарыстоўваюцца як традыцыйныя, так і інтэрактыўныя формы і метады арганізацыі дзейнасці навучэнцаў. Ладзяцца дыскусіі, мадэляванне, гульні, прэзентацыі, праектная дзейнасць, круглыя сталы, урокі-прэзентацыі. Напрыклад, вучні ўдзельнічалі ў фотарэпартажы “Мой бацькоўскі дом”. Здымалі відэа пра свой дом, наваколле, маляўнічую прыроду, якую ў вёсцы можна ўбачыць у поўнай красе. Затым неабходна было творча апісаць тое, што атрымалася, выказаць свае адносіны да месца, дзе нарадзіліся.
Працуе ва ўстанове і школьнае навуковае таварыства “Эўрыка”, у склад якога ўваходзяць навучэнцы 2—8 класаў. У яго рамках вядзецца мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы дзяцей да другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, раённых алімпіяд малодшых школьнікаў і школьнікаў сярэдняга звяна. Члены навуковага таварыства “Эўрыка” — актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскіх прадметных конкурсаў “Каласок”, “Глабусёнак”, “Зубраня”, “Сініца”, “Буслік” і іншых.
З таго часу як праект стартаваў, вучні з большым жаданнем пачалі займацца даследчай дзейнасцю і пры магчымасці прымаць удзел у конкурсах. У мінулым годзе асабліва цікавымі атрымаліся работы “Гісторыя ткацтва ў экспанатах школьнага краязнаўчага музея” (працоўнае навучанне, 5 клас); “Імёны беларускага народнага календара з характарыстычнымі кампанентамі” (беларуская літаратура, 6 клас); “Моўныя і сэнсавыя асаблівасці назваў беларускіх цукерак” (руская мова, 7 клас) і іншыя.
У параўнанні з мінулым навучальным годам сёлета арганізавана яшчэ і даследаванне на падставе матэрыялаў летапісу “Хроніка школьная”
(у школе захоўваецца арыгінальны дакумент на польскай мове, датаваны 1926—1939 гадамі, ёсць пераклад на беларускую мову). Вучаніца 3 класа Дар’я Лобан і настаўніца пачатковых класаў Сняжана Уладзіміраўна Казак даследавалі гісторыю стварэння ўстановы адукацыі. Так атрымалася даследчая работа “Мая школа: учора і сёння”. Яна пабудавана на параўнальным прынцыпе: назвы канікул, колькасць вучняў, назвы вучэбных прадметаў, мерапрыемствы.
Вучань 4 класа Аляксандр Раманчук і настаўніца Таццяна Леанідаўна Горбач падрыхтавалі даследаванне “Такія цікавыя забытыя гульні”. У ходзе работы было праведзена апытанне сталых жыхароў мікрараёна, якія падзяліліся ўспамінамі пра гульні свайго часу. Найбольшую цікавасць у вучняў установы выклікалі гульні “Жмуркі”, “Колечко”, “Ручаёк”, “Пятнашкі”, “Халі-хало”. Па выніках работы створана міні-кніжка “Такія цікавыя забытыя гульні”.
Таксама сёлета ў рамках праекта настаўніца гісторыі Ірына Сяргееўна Муравейка і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Іванаўна Маліноўская стварылі экскурсійны маршрут “Па сцежках роднага краю”. Мэтай гэтай работы стала жаданне садзейнічаць абуджэнню цікавасці да культурна-гістарычнай спадчыны сваёй малой радзімы, выхаванню нацыянальнай самасвядомасці, павагі да гістарычнага мінулага роднага краю.
Змест экскурсіі ўключае знаёмства з экспазіцыямі школьнага краязнаўчага музея “Гісторыя вёскі Гурнаўшчына” (аглядны экскурс); наведванне брацкай магілы савецкіх воінаў у вёсцы Гурнаўшчына; пешы паход у вёску Лецяшын, дзе знаходзіцца батанічны помнік прыроды мясцовага значэння “Дубовыя алеі сядзібы Чарноцкіх”. Гэтыя матэрыялы выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе ўстановы адукацыі.
Як у мінулым навучальным годзе, так і ў гэтым яркім і ў многім паказальным перыядам стала традыцыйная метадычная дэкада адкрытых урокаў і мерапрыемстваў па развіцці пошукава-даследчых уменняў навучэнцаў. Яна ахапіла ўсе вучэбныя прадметы і класы, яшчэ раз падкрэсліваючы пераемнасць і актуальнасць праекта для ўсіх. Так, у мінулым навучальным годзе ў рамках дэкады былі праведзены факультатыўныя заняткі “Мая Айчына” па тэме “Я ведаю мінулае маёй Радзімы” (6 клас) і факультатыўныя заняткі “Юныя даследчыкі, або Прыступкі на шляху да адкрыцця” з выкарыстаннем элементаў даследавання роднага краю па тэме “Вучымся знаходзіць сувязь паміж з’явамі, дзеяннямі” (1 клас); урок беларускай мовы з выкарыстаннем краязнаўчага матэрыялу па тэме “Правапіс о, е пасля шыпячых у корані слова” (5 клас), урок матэматыкі з выкарыстаннем краязнаўчага матэрыялу “Рашэнне задач” (5 клас); урок працоўнага навучання з элементамі пошукава-даследчай дзейнасці па тэме “Прыёмы афармлення інтэр’ера жылога памяшкання” (7 клас) і іншыя.
Эстафета працягнулася і сёлета. Яскравым і запамінальным для дзяцей стаў урок англійскай мовы ў 6 класе па тэме “У кафэ. Беларускія стравы”. Настаўніца Марыя Вадзімаўна Піструй захапіла вучняў беларускай народнай кухняй. Да ўрока вучні атрымалі заданне спытаць бацькоў, бабуль пра стравы, якія гатавалі раней, якія любяць сёння ў сям’і, паспрабаваць разабрацца, чаму гэтыя стравы маюць такія назвы. У ходзе ўрока вучні не толькі змаглі папоўніць свой слоўнікавы запас новымі англійскімі словамі, скласці маналагічнае выказванне аб традыцыйных стравах Беларусі, але і даследаваць нацыянальную кухню, стварыць уласнае меню для сучаснага беларускага кафэ.
На ўроку беларускай мовы ў 3 класе настаўніца Сняжана Уладзіміраўна Казак запрасіла вучняў у “Марфалагічную лабараторыю”, дзе яны з цікавасцю праводзілі даследчую дзейнасць па тэме “Род назоўнікаў”. У выніку вучні пачатковай школы навучыліся складаць план работы над даследаваннем, прапаноўваць гіпотэзу, праводзіць дослед і падводзіць вынікі сваёй работы.
На вучэбных занятках па працоўным навучанні Святлана Віктараўна Горбач азнаёміла васьмікласнікаў з асаблівасцямі арганізацыі свята. Да ўрока дзяўчынкі падрыхтавалі адкрытую панараму “Святы, якія заўсёды з намі”, дзе абмеркавалі значэнне такіх свят, як Вадохрышча, Юр’е, Каляды, Купалле. Не абышлі ўвагай і сямейныя святы: вяселле, уваходзіны, хрэсьбіны. На практычнай частцы ўрока было дадзена заданне стварыць падарунак сваімі рукамі. З вялікім задавальненнем дзеці зрабілі ляльку-абярэг, якую кожны панёс у сваю сям’ю.
Такім чынам, арганізацыя ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці ў рамках праекта спрыяе фарміраванню даследчай пісьменнасці асобы, якая свабодна арыентуецца ў патоках інфармацыі, здольна будаваць канструктыўныя зносіны, супрацоўнічаць, эфектыўна вырашаць вучэбныя і пазнавальныя задачы.
Адным з пунктаў праекта стала арганізацыя музычна-тэатралізаваных забаў з удзелам дзяцей і бацькоў (законных прадстаўнікоў). Гэта “Масленiца”, “Купалле”, “Запрашаем на Калядкi”, “На вячоркі да бабулі Алены”, “Што ў бабуліным куфэрку?”. Дзякуючы гэтаму, у цікавай, займальнай форме ўдалося фарміраваць уяўленні аб культурных традыцыях беларускага народа, яго побыце, развіваць актыўны беларускамоўны слоўнік дзяцей і бацькоў, выхоўваць цікавасць да гісторыі свайго народа, далучаць бацькоў да актыўнага ўдзелу ў выхаваўчым і адукацыйным працэсе ва ўстанове дашкольнай адукацыі.
Дзякуючы праекту, школьны музей стаў месцам, дзе ў апошнія гады больш актыўна праводзяцца ўрокі, факультатывы і разнастайныя мерапрыемствы. Распрацоўкі заняткаў з выкарыстаннем музейных экспанатаў сістэматызаваны ў “Метадычную скарбонку”.
— Вялікае значэнне мае далучэнне да далёкай і блізкай гісторыі малой радзімы ў гады вучобы ў школе, — расказвае настаўніца гісторыі, кіраўнік школьнага краязнаўчага музея Ірына Сяргееўна Муравейка. — Асабліва парадаваў той факт, што ў ходзе даследчай дзейнасці да вучняў і настаўнікаў даволі часта падключаюцца і іх бацькі. Напрыклад, пры падрыхтоўцы даследчай работы “Эдвард Вайніловіч і Клецкі раён” бацька вучаніцы Ангеліны Лобан дапамог ёй наведаць мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Эдварда Вайніловіча. Уся сям’я вучня Андрэя Горбача актыўна ўдзельнічала ў напісанні радаводу сям’і: спецыяльна наведалі магілы сваякоў, каб устанавіць дакладныя даты жыцця, падзяліліся фотаздымкамі з сямейнага фотаальбома, дакументамі.
Работа ўстановы адукацыі па рэалізацыі педагагічнага праекта “Развіццё даследчых уменняў вучняў праз іх уключэнне ў дзейнасць па вывучэнні гісторыі малой радзімы” адначасова дае магчымасць фарміраваць і развіваць практычныя навыкі самаарганізацыі і самакіравання, грамадзянскай актыўнасці і дысцыпліны, збору і апрацоўкі навуковай інфармацыі, афармлення матэрыялу творчых работ, прадстаўлення вынікаў даследчай дзейнасці. Далучэнне школьнікаў да пошукава-даследчай дзейнасці — гэта адзін з кірункаў развіцця творчых здольнасцей, паглыблення ведаў не толькі па гісторыі, але і па іншых вучэбных прадметах, пашырэння кругагляду дзяцей, выхавання мэтанакіраванасці.
Намеснік дырэктара Н.У.Хаванская падкрэслівае: работа па развіцці даследчых навыкаў навучэнцаў спрыяе вырашэнню актуальных для ўстановы на сучасным этапе задач: павышэнню рэйтынга ўдзелу ў даследчых конкурсах, павышэнню якасці ведаў як выніку даследчай работы па вызначаных вучэбных прадметах, забеспячэнню творчай самарэалізацыі асобы навучэнца і педагога, развіццю камунікатыўных уменняў і навыкаў, а таксама прывіццю любові да роднага краю на аснове даследчай дзейнасці па матэрыялах школьнага краязнаўчага музея.
Таццяна ШЫМКО.