Прыемным сюрпрызам для выхаванцаў старшай групы ясляў-сада № 24 Маладзечна сталі заняткі па тэме “Паштоўка з Беларусі”, якія правяла Таццяна Лявонаўна Апановіч, пераможца Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2017” у намінацыі “Дашкольная адукацыя”. Заняткі мелі інтэграваны характар, паколькі аб’ядналі адукацыйныя галіны вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі “Дзіця і прырода”, “Дзіця і грамадства”, “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”. Рыхтуючыся да іх, Таццяна Лявонаўна распрацавала новыя дыдактычныя гульні, падрыхтавала яркі наглядны матэрыял.
…Таццяна Лявонаўна ўносіць у групу канверт і звяртаецца да дзяцей: “Гэты канверт прыйшоў да нас у сад. На ім надпіс: “Выхаванцам групы № 5”. Давайце адкрыем яго”. Педагог дастае з канверта паштоўку, дэманструе яе дзецям, звяртаючы ўвагу на малюнкі, якія яе ўпрыгожваюць. “Адкуль жа прыйшоў да нас гэты ліст?” — задае пытанне Таццяна Лявонаўна. Маленькая Сонечка выказала здагадку, што ліст з Афрыкі. Некаторыя з дзяцей заўважылі на малюнках паштоўкі абрысы афрыканскага кантынента, пальмы, жоўты пясочак, расліны, якія там растуць, а таксама жывёл, што жывуць у Афрыцы. У самім лісце паведамлялася: “Шлём прывітанне з Афрыкі. Вы сталі ўдзельнікамі міжнароднай гульні “Раскажы пра сваю краіну”. Дзеці з розных куточкаў планеты робяць паштоўкі аб сваёй краіне і адпраўляюць адно аднаму”.
“Па правілах гульні, мы павінны зрабіць такую ж маляўнічую паштоўку пра нашу Радзіму і адправіць яе дзецям у іншую краіну, — гаворыць Таццяна Лявонаўна. — Аснова для нашай паштоўкі ёсць — гэта карта Беларусі. А мы з вамі вырашым, якія сімвалы — выявы раслін і жывёл — размясціць на ёй. Збіраць выявы будзем у прыгожы мяшочак. Што яны раскажуць аб нашай краіне? І дзе мы будзем шукаць сімвалы?”
Выхавальніца выслухоўвае адказы дзяцей. Дашкольнікі прапаноўваюць адправіцца ў лес, на луг ці паляну, да вадаёма. У кожнай з гэтых прыродных супольнасцей ёсць жывёлы і расліны, якія дапамогуць расказаць пра Беларусь.
Таццяна Лявонаўна ўключае запіс гукаў лесу — і дзеці адразу здагадваюцца аб гэтым. Яны крочаць па ўяўнай сцяжынцы і трапляюць у лес. Глядзяць па баках — нікога не бачаць.
“У лесе дзікіх звяроў, як правіла, цяжка ўбачыць, яны хаваюцца ад чалавека. Але самыя пільныя з нас усё ж могуць іх заўважыць, — працягвае выхавальніца. — Мне здаецца, што патрэбныя нам жывёлы схаваліся за дрэвам. Давайце знойдзем іх вось на гэтай карціне”. Дзеці выконваюць дыдактычнае практыкаванне “Чый, чыя, чые?”.
Чые гэта вушы? (Заечыя, вавёрчыны.)
Чый хвосцік? (Вавёрчын або лісіны.)
Чые іголкі? (Вожыкавы.)
Чые нос і лапа? (Мядзведжыя.)
Чыя галава? (Зубрыная.)
“Як вы лічыце, хто з жыхароў беларускага лесу самы вялікі?”— задае пытанне выхавальніца. Дзеці ўпэўнена адказваюць, што зубр. Таццяна Лявонаўна расказвае, што зубр, нягледзячы на свае ўнушальныя памеры, сілкуецца травой, карэньчыкамі, галінкамі і парасткамі хмызнякоў, карой дрэў. Можа паласавацца ягадамі і грыбамі. А яшчэ ён умее скакаць, плаваць, а зімой нават знаходзіць горку і з’язджае з яе на спіне, каб ачысціць сваю шэрсць”. Выява зубра пакладзена ў мяшочак, каб потым быць размешчанай на паштоўцы.
Дзеці працягваюць шукаць жывёл, якія схаваліся за дрэвам. Але Таццяна Лявонаўна нечакана пытаецца: “А за якім дрэвам схаваліся іншыя жывёлы? Якія ўвогуле дрэвы растуць у лесе?” Дзеці выказалі меркаванне, што жывёлы схаваліся за магутным дубам. А ў лесе, акрамя дуба, растуць елка, хвоя, якія адносяцца да іглічных, а таксама бяроза і клён.“А якое дрэва самае высокае ў беларускім лесе? — пытае выхавальніца. — Канечне, хвоя. Яна вельмі святлолюбівая і імкнецца быць вышэйшай за ўсе астатнія дрэвы, каб першай сустракаць раніцай сонца”. Дзеці ўзнімаюць рукі і паказваюць, наколькі хвоя высокая. Выява гэтага дрэва таксама зойме сваё ганаровае месца на паштоўцы.
Гучыць запіс гукаў лугу, аб чым выхаванцы здагадваюцца па гудзенні пчол. Таццяна Лявонаўна прапануе дзецям прысесці за сталы і выканаць дыдактычнае практыкаванне “Што расце і хто жыве на лузе”. Дзеці бяруць алоўкі і пачынаюць абводзіць выявы раслін і насякомых лугу. Па ходзе выканання практыкавання педагог задае ўдакладняльныя пытанні, а дзеці дзеляцца сваімі сумненнямі. Напрыклад, адзін хлопчык спытаў: “Ці трэба абводзіць кактус, ці расце ён на лузе?” А дзяўчынка не ведала дакладна, ці жыве на лузе яшчарка.
“Як адным абагульняльным словам назваць тых, каго мы можам сустрэць на лузе? — пытае выхавальніца. — Канечне, насякомыя. Чаму іх так шмат на лузе? Таму што там ёсць кветкі, насякомыя збіраюць з іх нектар. Як вы думаеце, з якой кветкі можна сабраць больш за ўсё нектару? Падкажу: з канюшыны. Гэта расліна-меданос, з вялікага лугу, на якім яна расце, можна атрымаць да 100 кілаграм мёду. Расліну іншы раз людзі спецыяльна высаджваюць. Прапаную пакласці і канюшыну ў наш мяшочак”.
На лугах Беларусі шмат прыгожых кветак. Таццяна Лявонаўна парэкамендавала пакласці ў мяшочак яшчэ адну кветку. Каб даведацца якую, трэба было адгадаць вершаваную загадку: “Назван он ласково именем мальчика, // Дружит с ромашкою и с одуванчиком, // Строен и крепок синий цветок. // Как же прозвали его? // Василёк”.
Васілёк — лекавая расліна, яе кветкі дапамагаюць людзям пры прастудзе. У Беларусі кветак вельмі шмат, і колерам яны падобны да неба. У запаветны мяшочак трапляе таксама блакітнавокі васілёк.
Каб даць дзецям крыху адпачыць, Таццяна Лявонаўна праводзіць фізкультхвілінку: “Пагуляем і паглядзім, якія вы ўважлівыя. Калі я назаву жывёлу — вы патупаеце нагамі. Калі назаву птушку — папляскаеце ў далоні. Калі назаву насякомае — вы прысядзеце”.
Адпачываюць і ідуць далей. Выхавальніца ўключае запіс, па якім дзеці адразу пазнаюць гукі вады. Таццяна Лявонаўна абмяркоўвае з выхаванцамі наступныя пытанні: якія вадаёмы яны ведаюць (возера, рэчка, сажалка, балота); якімі вадаёмамі славіцца Беларусь; якія азёры і рэкі краіны дзеці ведаюць (Нарач, Свіцязь; Нёман, Днепр, Бярэзіна); хто з рыб можа жыць у возеры і рацэ (сом, шчупак, карась); хто жыве каля ракі (вадаплаўныя птушкі); якія ёсць на тэрыторыі краіны вадаплаўныя птушкі (качкі, лебедзі, чайкі); якія расліны мы можам убачыць каля вадаёма (чарот, гарлачык) і інш.
Выхаванцы выконваюць дыдактычнае практыкаванне “Рассяліце жыхароў вадаёма”. Дзеці дзеляцца па парах, у кожнай — свой вадаём. Таццяна Лявонаўна папярэджвае: “Будзьце ўважлівыя, у вашых малюнках схаваліся жыхары не толькі вадаёма, але і іншых прыродных супольнасцей”. Выхаванцы старанна працуюць над заданнем. “Скажыце, можа, хто-небудзь пасяліў слана ці бегемота каля вадаёма нашай краіны? — з усмешкай пытае выхавальніца. — А хто пасяліў бусла? Так, бусла можна ўбачыць каля вадаёма, таму што там ён знаходзіць сабе ежу (дробную рыбу, жаб, змей). Бусел — любімая птушка беларусаў, да яе ставяцца вельмі беражліва, лічаць, што яна прыносіць у дом шчасце і шмат дзяцей. Возьмем і гэтую птушку ў мяшочак для паштоўкі. Між іншым бусла на паштоўцы маглі б намаляваць і дзеці з Афрыкі, бо буслы адлятаюць зімаваць на афрыканскі кантынент”.
Педагог дэманструе поўны мяшочак малюнкаў і правярае, хто з дзяцей самы ўважлівы, хто назаве ўсіх жывёл і расліны, якія ўжо знаходзяцца ў мяшочку. Затым дзеці размяшчаюць сабраныя назвы на паштоўцы, прымацаванай да магнітнай дошкі. “Паглядзіце, якая прыгожая паштоўка ў нас атрымалася, як шмат яна раскажа пра Беларусь, — падводзіць вынік Таццяна Лявонаўна. — Ваня, зазірні, калі ласка, у мяшочак. Ці ўсё мы дасталі з яго?” Хлопчык глядзіць у мяшочак і знаходзіць яшчэ адну карцінку. “Хто ведае, як называецца расліна на гэтай карціне? — пытае выхавальніца. — Так, кветка лёну. Дарэчы, наш мяшочак быў пашыты з ільняной тканіны. Беларускі лён вядомы ва ўсім свеце, таму мы таксама возьмем яго на нашу паштоўку. Усе вы вялікія малайцы! Думаю, што дзеці з любой краіны будуць рады атрымаць нашу маляўнічую паштоўку, якая шмат цікавага раскажа ім пра Беларусь. У мяне ёсць канверт, у які мы пакладзём паштоўку і адправім яе за мяжу па пошце”.
Дзеці з задавальненнем пляскаюць цудоўнаму выніку, які ў іх атрымаўся. Цяпер яны ўпэўнены, што пра іх краіну, а таксама пра выхаванцаў групы № 5 з Маладзечна даведаюцца не толькі жыхары Афрыкі, але і іншых кантынентаў.
***
“Сённяшнія заняткі “Паштоўка з Беларусі” былі прысвечаны беларускай сімволіцы. Чаму менавіта такую тэму я выбрала? Дзіцячыя ўражанні самыя моцныя, многае з дашкольнага перыяду запамінаецца на ўсё жыццё. Чаму б не пазнаёміць выхаванцаў з іх Радзімай? Яны павінны ведаць свае карані і традыцыйныя сімвалы Беларусі, — гаворыць Таццяна Апановіч. — Сённяшнія заняткі мелі пэўны сюжэт. Пачаліся з сюрпрызнага моманту: дзеці атрымалі ліст з Афрыкі, што іх вельмі ўразіла. Затым мы замацавалі інфармацыю пра тры прыродныя супольнасці, якія вывучалі раней, шукалі разам сімвалы, якія характарызуюць іх. Такім чынам, дзеці атрымалі дадатковую інфармацыю пра кожны з гэтых сімвалаў.
Атмасфера на занятках панавала пазітыўная, дзеці былі адкрытымі, актыўна ўдзельнічалі ў дыялогу. Нават імкнуліся расказаць па тэме цікавыя гісторыі са свайго жыцця”.
***
Таццяна Лявонаўна Апановіч — па адукацыі настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Скончыла філалагічны факультэт БДУ, атрымала свабодны дыплом і вярнулася ў Маладзечна. Паколькі ўсе школы горада на той момант былі ўкамплектаваны педагагічнымі кадрамі, маладая настаўніца вырашыла пайсці працаваць у дзіцячы сад. Было гэта 17 гадоў назад.
“Паціху спасцігала азы дашкольнай адукацыі. Дапамагала мне спачатку вопытны педагог Наталля Аляксандраўна Сушко — выхавальнік ад Бога, для якой прафесія — сэнс і лад жыцця, — згадвае Таццяна Лявонаўна. — Вучылася ў яе літаральна ўсяму, засвойвала дашкольную педагогіку ад “А” да “Я”, пачынаючы ад самага неабходнага — выканання належнага распарадку дня, да больш складанага — умення спраўляцца з псіхалагічнымі праблемамі. Вучылася знаходзіць падыход да сарамлівых дзяцей, да гіперактыўных. Навык паспяховага ўзаемадзеяння з дзецьмі прыйшоў да мяне з вопытам работы, са з’яўленнем свайго дзіцяці. Ішоў час — і мяняліся мае адносіны да падрыхтоўкі і правядзення заняткаў. Я пачала больш задумвацца аб дакладнасці інфармацыі, якую паведамляю малышам. Дзеці не ведаюць занадта разумных слоў і паняццяў, таму тлумачыць ім неабходна на простай і зразумелай мове, з апорай на нагляднасць. Пры падрыхтоўцы да заняткаў я ўзяла за правіла карыстацца рознымі крыніцамі ведаў, параўноўваць, удакладняць прачытанае. Для дашкольнікаў выхавальнік з’яўляецца носьбітам ісціны, знаўцам праўды. Таму падводзіць дзяцей проста не маю права”.
***
“Удзел у конкурсе “Настаўнік года” стаў для мяне вялікім урокам, падарыў каласальныя веды, — адзначае Таццяна Лявонаўна. — Адны знаёмствы з калегамі чаго варты! У звычайным жыцці я ніколі не сустрэла б такіх цікавых людзей, якія былі побач са мной падчас конкурсных выпрабаванняў, ніколі не праслухала б лекцыі сапраўдных мэтраў дашкольнай педагогікі. Паспяховае выступленне на конкурсе — гэта толькі напалову мая заслуга. Без каманды аднадумцаў у канкурсанта не будзе перамогі. За шчырую падтрымку я ўдзячна метадысту з аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Алене Адольфаўне Кізіцкай, супрацоўнікам кафедры дашкольнай адукацыі МАІРА, калегам і, зразумела, сваёй сям’і”.
Вярнуўшыся з конкурсу, Таццяна Лявонаўна Апановіч праводзіць майстар-класы, перадае каштоўныя практычныя веды сваім калегам з розных устаноў адукацыі. Як удзельнік клуба “Крыштальны журавель” (у дашкольных педагогаў свая адпаведная структура) яна ездзіць па ўсёй краіне.Тэма яе найбольш запатрабаванага майстар-класа — “Выхаванне ў дашкольнікаў паважлівых адносін да працы дарослых. Як лепш за ўсё знаёміць дзяцей з прафесіямі дарослых”. Адпаведны вопыт Таццяна Лявонаўна прадстаўляла і падчас конкурсу “Настаўнік года”.
“У апошні час для некаторых маладых людзей страціла сваю значнасць каштоўнасць працы, — лічыць мая суразмоўніца. — Прыметай паспяховасці чалавека многія сталі лічыць наяўнасць грошай, а тое, што гэтыя грошы павінны зарабляцца, не ўсе ўсведамляюць. А прычына ў тым, што сучасных дзяцей выхоўваюць пазбаўленыя цэнзуры СМІ, героі фільмаў, ток-шоу, серыялаў, дзе аўтарытэтамі становяцца людзі са звышпрыбыткамі. Пазнаёміцца з прафесіямі дзіця ў першую чаргу павінна ў сям’і, і ў гэтым вялікая роля бацькоў, бабуль і дзядуляў. На жаль, веды аб прафесіях нават блізкіх людзей у дзяцей павярхоўныя. Дарослыя не расказваюць дзецям пра каштоўнасці сваіх прафесій і наогул пра неабходнасць і важнасць працы. І ў дзяцей складваецца ўяўленне аб тым, што адзіны сэнс прафесійнай дзейнасці дарослага чалавека — грошы. На пытанні “Дзе працуюць твае бацькі?”, “Чым твае бацькі канкрэтна займаюцца?” адказваюць: “На рабоце”, “Зарабляюць грошы”.
Калі малых пытаеш аб прафесіях, якія яны ведаюць, то называюць тыя, з прадстаўнікамі якіх сутыкаюцца штодня: доктар, прадавец, вадзіцель. У 5—6 гадоў яны выдатна ведаюць, што прычоску робіць стыліст, на ракеце лятае касманаўт, а за камп’ютарам сядзіць праграміст. А на пытанні “Чым займаюцца электрыкі, маляры?”, “Хто сукенкі шые?”, “Хто робіць мэблю, фарбуе сцены дамоў?” адказы часта бываюць адназначнымі: дзядзька або цётка. Навідавоку дылема: як расказаць дзецям аб рабочых прафесіях так, каб запомнілася надоўга, а не знікла з памяці заўтра толькі таму, што гэтыя работы нямодныя і непрэстыжныя.
Атрыманне рабочай прафесіі большасць бацькоў не разглядаюць у якасці перспектывы для сваіх дзяцей. Як часта ад дарослых можна пачуць: “Будзеш дрэнна вучыцца — пойдзеш вуліцу падмятаць”, “Без адукацыі цябе толькі на будоўлю возьмуць!” Хто сёння з маладых людзей усвядомлена скажа, што хоча быць маляром? Калі мы азірнёмся вакол, ці не будаўнікамі і дворнікамі зроблена ўся тая прыгажосць, якая нас акружае? Чаму французскі булачнік, турэцкі будаўнік, шведскі камінар ганарацца сваімі прафесіямі, а мы сціпла замоўчваем поспехі сваіх зваршчыкаў, плітачнікаў, кандытараў, слесараў, цесляроў, дасягненнямі працы якіх мы карыстаемся штодня?
Я разумею, што мне не пад сілу змяніць чалавецтва, але я магу пачаць з выхавання сваіх дашкольнікаў. Менавіта ад нас, педагогаў, дзеці павінны пачуць, што любая прафесія можа быць цікавай, любімай, спрыяць самарэалізацыі і асабістаму поспеху, стаць справай жыцця, а не толькі сродкам заробку”.
Таццяна Апановіч расказала пра тое, што яслі-сад № 24 Маладзечна шмат гадоў супрацоўнічае з Маладзечанскім дзяржаўным каледжам, навучэнцы якога са сваімі майстрамі прыходзяць у сад і праводзяць майстар-класы для дзяцей, каб пазнаёміць іх са сваімі будучымі прафесіямі. Нядаўна ў яслях-садзе прайшоў чарговы тыдзень прафарыентацыі, які ўключаў дні будаўнічых спецыяльнасцей, кухарскага мастацтва, швейнага майстэрства, цырульніцкага мастацтва і іншыя. Студэнты прыходзілі ў спецыяльнай форме, прыносілі з сабой неабходныя матэрыялы, расказвалі і паказвалі, напрыклад, як будаўнік робіць кладку (для гэтага выкарыстоўваюць спецыяльныя драўляныя цаглінкі), як замешваць раствор, забіваць цвікі. Кухары гатавалі з дзецьмі салаты і бутэрброды, кандытары ляпілі з масцікі ўпрыгажэнні для тартоў, выраблялі маляўнічыя пернікі.
Падчас такіх сустрэч абмяркоўваюцца патрабаванні, якія прад’яўляюцца да пэўных прафесій. Швачка павінна быць уважлівай і працавітай, а муляр — цягавітым, паколькі працуе на вуліцы і ў моцны мароз, і ў спякотнае лета. Маляру важна быць акуратным, каб фарба са сцен не капала на падлогу. Чырвонай ніткай падчас такіх сустрэч праходзіць ідэя аб неабходнасці паважаць працу чалавека і яе вынікі. Колькі душы і сіл укладзена людзьмі ў рэчы, якія нас акружаюць. Дарослыя і дзеці не заўсёды беражліва ставяцца да іх. Штосьці зламалася — выкінулі, заўтра новае купяць. Магчыма, рамонт рэчаў можа стаць вельмі цікавым заняткам.
Таццяна Лявонаўна выкарыстоўвае розныя сродкі па азнаямленні дашкольнікаў з прафесіямі, у тым ліку дыдактычныя дапаможнікі — кніжкі-малышкі, насценгазеты, калажы, лэпбукі. Галоўная ідэя гэтых дапаможнікаў — у тым, што дзеці з імі не толькі гуляюць, але і ствараюць іх у сумеснай практычнай дзейнасці.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.