Жыццё дашкольнікаў мяняецца імкліва. Рамкі сям’і ў іх хутка пашыраюцца да разумення паняццяў “вуліца”, “горад”, “краіна”. Дзіця адкрывае для сябе свет чалавечых адносін, імкнецца ўключыцца ў дарослае жыццё. Адзіным сродкам спасціжэння свету для малога з’яўляецца гульня.
Існуе шмат класіфікацый дыдактычных гульняў. А.К.Бандарэнка ў сваім дапаможніку “Дыдактычныя гульні ў дзіцячым садзе” адзначае, што ў дашкольнай педагогіцы такія гульні можна падзяліць на тры асноўныя віды: гульні з прадметамі (цацкамі, прыродным матэрыялам); настольна-друкаваныя гульні; слоўныя гульні.
Лепшага выніку ў рабоце з выхаванцамі можна дасягнуць, калі далучаць іх да цікавай дзейнасці. Так, у рабоце па фарміраванні слоўніка малыша неабходна выкарыстоўваць дыдактычныя моўныя і слоўныя гульні. Яны дапамогуць забяспечыць колькаснае ўзбагачэнне слоў, зразумець і засвоіць іх значэнні, у тым ліку абагульняючыя, дзякуючы вылучэнню істотных прыкмет прадметаў і з’яў, актывізаваць слоўнік.
У дашкольнай групе варта абсталяваць маўленчы цэнтр, дзе размясціць наглядна-дыдактычны матэрыял для выхаванцаў. Яго можна напоўніць зборнікамі казак, вершаў і апавяданняў з ілюстрацыямі, дыдактычнымі гульнямі (“Складзі карцінку”, “Мае, мая, маё”, “Чароўны мяшочак”, “Лато”, “Чыя песенька”, “Адгадай” і інш.). Дыдактычныя гульні трэба падбіраць з паступовым ускладненнем — ад простага да складанага (“Збяры каралі”, “Збяры дрэва”, “Закончы слова”, “Скажы ласкава” і інш.). Можна скласці картатэку дыдактычных гульняў з улікам узроставых асаблівасцей выхаванцаў і патрабаванняў вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.
Важную ролю адыгрывае ўзбагачэнне маўлення дзяцей сярэдняй групы словамі, якія абазначаюць якасці і ўласцівасці прадметаў і элементарныя паняцці. Напрыклад: “Што можа быць шырокім?”, “Што можа быць вузкім?”, “Хто больш успомніць і назаве частак прадмета?”. Для замацавання абагульняючых паняццяў праводзяцца гульні “Чацвёрты лішні”, “Падбяры прыметнік да слова коцік” (пухнаты, вясёлы, хуткі), якія фарміруюць уменне дыферэнцыраваць якасці, уласцівасці прадметаў па ступені іх выяўленасці (кісленькі, кіслявы, кісла—салодкі), засвоеныя раней паняцці (посуд кухонны, чайны). Гульня “Тлумачалка”: растлумач, што гэта такое. (Вадаспад — вада падае з гары.)
Нараўне з замацаваннем слоўніка вырашаецца і задача ўдакладнення сэнсу слова, паглыблення яго значэння. Практыкаванні ў словазмяненні і словаўтварэнні дапамагаюць у дакладным падборы правільных слоў: “Як называецца суп з фасолі?” (фасолевы), “Чыя галава, чый хвост?” (каровіны, каровін). Неабходна звяртаць увагу дзяцей на мнагазначнасць слова. Цікавая з’ява, калі адно і тое ж слова абазначае розныя прадметы (ручка — прыналежнасць для пісьма, ручка — фурнітура).
Дыдактычная гульня з’яўляецца адным з эфектыўных сродкаў па ўзбагачэнні слоўніка выхаванцаў сярэдняй групы. Яны прыкметна ўзбагачаюць слоўнік за кошт пераходу слоў з пасіўнага слоўніка ў актыўны, у іх фарміруюцца краявідныя (назвы асобных прадметаў), радавыя (садавіна, транспарт і іншыя), абагульняючыя паняцці з іх наступнай дыферэнцыяцыяй (транспарт наземны, паветраны і г.д.). Дзеці значна лягчэй тлумачаць лексічныя значэнні слоў, іх мнагазначнасць, асэнсоўваюць вобразныя выразы.
Прапаную выканаць з выхаванцамі некалькі заданняў (у спасылцы).
Надзея ЛЯЎЧУК,
выхавальніца ясляў-сада № 447 Мінска.