З новымі ідэямі на кожны ўрок

Намеснік дырэктара гімназіі № 33 Мінска, настаўніца рускай мовы і літаратуры, выдатнік адукацыі Людміла Сцяпанаўна Дзмітрачкова — даўні падпісчык і прыхільнік “Настаўніцкай газеты”. Чытае выданне на працягу 40 гадоў, што аддала прафесіі. Больш за ўсё цікавіцца метадычнымі матэрыяламі. Не ўяўляе сябе чыстым адміністратарам. Толькі жывыя зносіны з дзецьмі дапамагаюць ёй заўсёды трымаць руку на пульсе.

Усвядоміць сябе настаўнікам

— Маім першым месцам работы пасля інстытута стала сельская школа ў невялікай вёсцы Рабунь пад Вілейкай, — расказала педагог. — Там я пазнаёмілася з выдатным завучам Ліліяй Вячаславаўнай Лычаўка. Яна амаль штодня хадзіла да мяне на ўрокі. І толькі ад яе я магла пачуць канструктыўную крытыку, за што вельмі ёй удзячна. Настаўнікам у поўнай меры ўсвядоміла сябе ўжо ў Мінску, калі мне стала нецікава карыстацца гатовымі планамі-канспектамі ўрокаў з метадычак, складзенымі іншымі педагогамі. Мне захацелася зрабіць нешта сваё. Сёння я нават не выкарыстоўваю свае старыя планы. Маю шмат напрацовак. І кожны раз пішу новы план на ўрок — свой для кожнага класа. З аднымі дзецьмі мы глыбока прапрацоўваем матэрыял, з іншымі абмяжоўваемся выкананнем патрабаванняў праграмы.

Людміла Сцяпанаўна вельмі любіць групавую работу на ўроках, што дапамагае праявіцца практычна кожнаму дзіцяці. У кожнага ў групе свая роля. Адзін рыхтуе агульную тэму, напрыклад, дае характарыстыку эпохі, калі быў напісаны твор. Другі знаходзіць у творы і зачытвае канкрэтныя прыклады, якія пацвярджа­юць гэтую характарыстыку. Трэці разглядае матэрыял з улікам грамадска-палітычнай сітуацыі таго часу. Чацвёрты расказвае, як фарміраваліся асабістыя якасці героя твора і г.д.

Людміла Дзмітрачкова: ”Калі чалавек не аналізуе свае ўчынкі, не ведае, што адбывалася з яго продкамі, роднымі і блізкімі людзьмі, калі здзейсненае не захоўваецца ў памяці, не можа быць і ацэнкі ўчынкаў. Без памяці няма сумлення. Таму вельмі важна выхоўваць падрастаючае пакаленне ў “маральным клімаце памяці”: памяці народнай, памяці культурнай”.

Ёсць прыём, які педагог умоўна называе “Адно слова”. Пры рабоце з любым мастацкім творам практыкуецца складанне характарыстыкі герояў. Кожны вучань называе самае галоўнае слова, якое характарызуе героя, і абгрунтоўвае свой выбар канкрэтнымі прыкладамі з тэксту твора. Агучаныя словы запісваюцца на дошцы ў выглядзе кластара.

— Вельмі люблю першыя мінуты ўрока, калі ў мяне ідзе дыферэнцыяцыя “на ўзроўні вачэй”, — расказвае Людміла Сцяпанаўна. — Гавару дзецям: “Усе вочы на мяне”. Пакуль мы з імі вітаемся, кожнага вывучаю па вачах. І бачу, напрыклад, што Лёшу я сёння не буду апытваць, ён не гатовы са мной гаварыць. Па якой прычыне, даведаюся пасля. У той жа час заўважаю адкрытыя вочы вучняў, якія са мной рады супрацоўнічаць. Я не прыхільнік таго, каб выкрыць і пакараць, мая задача — даць веды. Калі сёння вучань не гатовы, прашу сказаць мне пра гэта да ўрока, але з агаворкай, што заўтра ён усё адкажа.

Люблю тэхналогію поўнага засваення ведаў, выкарыстоўваю яе на ўроках рускай мовы. Кожны вучань на пачатку вывучэння новай тэмы атрымлівае пералік таго, што павінен засвоіць, якія пытанні будуць падчас тэматычнай праверкі. Такім чынам, на працягу некалькіх урокаў ідзе мэтанакіраваная падрыхтоўка да кантролю: акрамя засваення тэорыі, праводзіцца актыўная работа па развіцці ўменняў і навыкаў. Усе заданні падаюцца ад простага да складанага па ланцужку: назавiце — па­тлумачце — падайце інфармацыю графічна — раскрыйце асаблівасці — прапануйце новы варыянт — абгрунтуйце з дапамогай уласных прыкладаў.

Скарбніца мудрасці

Як педагог-славеснік Людміла Сцяпанаўна не толькі вучыць, але і выхоўвае ў дзяцей паважлівыя адносіны да мінулага. Калі чалавек не аналізуе свае ўчынкі, не ведае, што адбывалася з яго продкамі, роднымі і блізкімі людзьмі, калі здзейсненае не захоўваецца ў памяці, не можа быць і ацэнкі ўчынкаў. Без памяці няма сумлення. Таму вельмі важна выхоўваць падрастаючае пакаленне ў “маральным клімаце памяці”: памяці народнай, памяці культурнай. Як можна забыць, што ў гісторыі была вайна 1812 года? А як не памятаць ахвяры Другой сусветнай вайны?..

— Чым сёння цікавы Леў Талстой дзецям? — разважае Людміла Сцяпанаўна. — Ніхто не паспрачаецца з тым, што нам патрэбны не проста спецыялісты. Патрэбны крэатыўныя людзі, якія ўмеюць за сабой павесці, якія валодаюць лідарскімі якасцямі, сацыяльна адаптаваныя, эканамічна дасведчаныя, культурныя і выхаваныя. Гэта практычна ідэальная мадэль выпускніка школы. А цяпер паглядзім на Андрэя Балконскага. І са Сперанскім ён працаваў, і ў вайне ўдзельнічаў. Усё жыццё вучыўся. П’ер Бязухаў адзначаў, што Балконскі шмат чытаў, што ў яго цудоўная адукацыя. Ён шукаў прымяненне ведам не толькі для сябе, хацеў прынесці карысць і краіне. Творы Л.Талстога — скарбніца мудрасці. Чытаючы кожны раз раман “Вайна і мір”, я адкрываю для сябе нешта новае. Часам такія ж адкрыцці робяць і дзеці, чым мяне вельмі здзіўля­юць. “Якая незвычайная думка! Ты разумніца!” — гавару я.

Сучаснае жыццё прадугледжвае пераацэнку і інтэрпрэтацыю iснуючых педагагічных падыходаў. Наш свет усё больш становіцца візуальна-лічбавым, што патрабуе выхавання асобы, якая свабодна арыентуецца ў навакольным асяроддзі і дзейнічае ў адпаведнасці з грамадскімі нормамі. Таму сёння праблема функцыянальнай пісьменнасці вучняў выйшла на першае месца. Вы калі-небудзь сутыкаліся з тым, што чалавеку задаеш пытанне, а ён адказвае не тое, пра што вы ў яго спыталіся? Так і з дзецьмі бывае, калі абмяркоўваеш з імі твор. Прычына ў тым, што дзіця не можа засяродзіцца і ўлавіць сутнасць пытання, што яно не ўмее правільна чытаць тэксты, вылу­чаць у іх галоўнае, паглыбляцца і аналіза­ваць. Гэтаму трэба вучыць.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.