Пытанні аказання комплекснай псіхолага-педагагічнай дапамогі дзецям з АПФР ранняга ўзросту абмеркавалі спецыялісты Мінскай вобласці падчас семінара-практыкуму, які праходзіў на базе Маладзечанскага ЦКРНіР — абласнога рэсурснага цэнтра па аказанні ранняй комплекснай дапамогі дзецям з асаблівасцямі ў развіцці. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар Мінскага абласнога ЦКРНіР Ніна Канстанцінаўна Віктароўская і намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Марыя Яўгенаўна Сківіцкая.
Дасягненні, праблемы, перспектывы
“Пытанні аказання ранняй дапамогі абмяркоўваюцца падчас навуковых, навукова-практычных мерапрыемстваў, у тым ліку міжнародных, навучальных курсаў, якія праходзяць на базе Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ і Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі, створанага на базе інстытута, — расказала Марыя Яўгенаўна Сківіцкая. — Сёння ў нашай краіне аказанне ранняй комплекснай дапамогі (РКД) дзецям з АПФР ажыццяўляецца ў 141 ЦКРНіР, на базе якіх функцыянуюць кабінеты ранняй комплекснай дапамогі, а таксама ва ўстановах аховы здароўя, дзе працуюць цэнтры ранняга ўмяшання. Колькасць дзяцей, якія маюць патрэбу ў такой дапамозе, расце з кожным годам. Калі ў 2013—2014 гадах у ЦКРНіР яе атрымалі 1947 чалавек, то ў 2018—2019 гадах — 2519”.
Якія ўмовы паспяховай ранняй дапамогі? Перш за ўсё, належным чынам павінны быць абсталяваны кабінеты РКД у ЦКРНіР, створана адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе, насычанае прадметнымі, прасторавымі, арганізацыйна-сэнсавымі і сацыяльна-псіхалагічнымі групамі рэсурсаў. Важны аспект — ранняе выяўленне і ранняя дыягностыка парушэнняў развіцця ў дзіцяці, час паміж выяўленнем першаснага парушэння і пачаткам карэкцыйна-развіццёвай работы павінен быць мінімізаваны. Гэта пашырыць магчымасці дзіцяці ў будучыні для атрымання адукацыі. Варта забяспечыць узаемадзеянне міждысцыплінарнай каманды спецыялістаў (настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг, медыцынскія работнікі і інш.) і бацькоў дзяцей ад 0 да 3 гадоў, адсочваць выніковасць РКД і ступень задаволенасці бацькоў якасцю аказання ранняй дапамогі. Наступная ўмова — распрацоўка, распаўсюджванне інфармацыйна-асветніцкіх матэрыялаў па пытаннях развіцця дзіцяці і размяшчэнне інфармацыі па праблеме аказання РКД на сайтах ЦКРНіР.
Марыя Яўгенаўна Сківіцкая звярнула ўвагу на некаторыя праблемныя аспекты. У прыватнасці, на неабходнасць абнаўлення нарматыўных прававых дакументаў, якія рэгламентуюць пытанні аказання ранняй дапамогі. Адчуваецца недастатковасць навукова-метадычнага забеспячэння. Існуючыя праграмы для дзяцей ранняга ўзросту, якія рэкамендаваны Міністэрствам адукацыі, адрасаваны толькі дзецям з аўтыстычнымі парушэннямі і дзецям з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату. Узнікаюць праблемы, звязаныя з перадачай інфармацыі пра дзіця з АПФР, з аказаннем яму дапамогі паміж рознымі ведамствамі. Абмяркоўваецца праблема кадравага забеспячэння міждысцыплінарнага ўзаемадзеяння — стварэння каманды, якая будзе працаваць з дзіцем у рамках комплекснага падыходу з улікам яго асаблівых адукацыйных патрэб.
“У Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў на І ступені вышэйшай адукацыі па чатырох спецыяльнасцях: “Алігафрэнапедагогіка”, “Тыфлапедагогіка”, “Сурдапедагогіка” і “Лагапедыя”, — адзначыла Марыя Яўгенаўна. — У названых кірунках для будучых спецыялістаў прапануюцца вучэбныя дысцыпліны “Методыка карэкцыйна-развіццёвай работы пры інтэлектуальнай недастатковасці (пры парушэннях зроку, пры парушэннях слыху, з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення)”. І толькі адзін раздзел кожнай з дысцыплін разглядае вузкі аспект работы па аказанні ранняй комплекснай дапамогі. Але на практыцы да спецыяліста (настаўніка-дэфектолага, педагога-псіхолага, сацыяльнага педагога) прыходзяць дзеці з рознымі асаблівасцямі развіцця, таму спецыяліст павінен быць мнагапрофільным. У сувязі з гэтым узнікае неабходнасць разгляду або перагляду зместу вучэбных праграм тых дысцыплін, якія звязаны з аказаннем ранняй комплекснай дапамогі”.
Перспектывы работы па пытаннях аказання РКД бачацца, у прыватнасці, у стварэнні і абнаўленні навукова-метадычнага забеспячэння па названай праблеме. У 2019 годзе спецыялістамі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ праводзілася навукова-даследчая работа па распрацоўцы рознаўзроўневага зместу адукацыі выхаванцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з улікам прынцыпу інклюзіўнасці на аснове міждысцыплінарнага падыходу. Навуковыя кіраўнікі даследавання Таццяна Віктараўна Лісоўская, доктар педагагічных навук, дацэнт, і Святлана Мікалаеўна Фяклістава, кандыдат педагагічных навук, дацэнт. Асноўныя вынікі, атрыманыя ў ходзе работы над тэмай, адлюстраваны ў распрацоўцы метадычных рэкамендацый: па арганізацыі псіхолага-педагагічнага абследавання дзяцей з АПФР ва ўзросце да 3 гадоў, па распрацоўцы і рэалізацыі індывідуальных праграм ранняй комплекснай дапамогі ва ўмовах установы адукацыі і ў сям’і дзецям ва ўзросце да 3 гадоў.
Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы адукацыі ў 2019 годзе атрымала дацэнт кафедры спецыяльнай педагогікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ кандыдат псіхалагічных навук Алена Анатольеўна Лемех. Яна занялася распрацоўкай і ўкараненнем у адукацыйны працэс вучэбна-метадычнага комплексу па вучэбнай дысцыпліне “Якасць інклюзіўнай адукацыі ў раннім дзяцінстве” для студэнтаў другой ступені вышэйшай адукацыі (магістратуры) па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка дашкольнай адукацыі”. Што тычыцца падрыхтоўкі спецыялістаў да работы па аказанні РКД, то ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ ажыццяўляецца эксперыментальны праект, звязаны з рэалізацыяй у сеткавай форме адукацыйнай праграмы магістратуры сумесна з Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэтам па спецыяльнасці “Карэкцыйная педагогіка” з прафілізацыяй “Ранняя комплексная дапамога дзецям з адхіленнямі ў развіцці” (2017—2021 гады). Разглядаецца магчымасць адкрыцця магістратуры “Інклюзіўная адукацыя” з прафілізацыяй “Ранняя комплексная дапамога дзецям з АПФР” для таго, каб у магістратуру мелі магчымасць паступаць не толькі студэнты пасля І ступені вышэйшай адукацыі, але і практыкуючыя спецыялісты на завочную форму навучання.
Вопыт лепшых
“Дыягнастычнае абследаванне дзіцяці ранняга ўзросту адбываецца ў кабінеце ранняй комплекснай дапамогі ЦКРНіР па ініцыятыве бацькоў, а таксама ўстаноў сацабслугоўвання і адукацыі, арганізацый аховы здароўя са згоды і ў прысутнасці бацькоў, — паведаміла педагог-псіхолаг ЦКРНіР Маладзечна Юлія Валер’еўна Бельская. — Спецыялісты псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі пачынаюць абследаванне з вывучэння медыцынскіх дакументаў дзіцяці, з размоў з бацькамі аб развіцці дзіцяці і ўдакладненні іх адукацыйнага запыту, рэсурсаў і магчымасцей удзелу ў адукацыйным працэсе. Асноўныя дыягнастычныя методыкі, якімі карыстаюцца спецыялісты ў рабоце з малышамі ад 0 да 3 гадоў, — гэта шкала псіхаматорнага развіцця па Грыфітс, мюнхенская функцыянальная дыягностыка развіцця, дыягностыка псіхічнага развіцця дзяцей першага года жыцця па Бажэнавай, псіхолага-педагагічнае абследаванне дзяцей ранняга ўзросту Стрэбелевай.
Методыка па Грыфітс наша любімая. Асноўныя параметры развіцця дзіцяці, якія вывучаюцца па ёй, — маторыка, сацыяльная адаптацыя, слыхавое і зрокавае ўспрыманне, маўленне, здольнасць да гульні. Пад наглядам спецыялістаў дзіця выконвае пэўныя заданні, даходзячы да заданняў, якія можа выканаць цалкам самастойна. Далей параўноўваюцца актуальны і пашпартны ўзровень развіцця малыша. Так, яго маторыка можа адпавядаць узросту 7 месяцаў, а пашпартны ўзрост складаць 12 месяцаў. Члены псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі ў выніку праведзенай дыягностыкі даюць адпаведнае заключэнне, і на падставе заявы бацькоў дзіця залічваецца ў групу ранняй комплекснай дапамогі, дзе асобныя спецыялісты (выхавальнік, педагог-псіхолаг, настаўнік-дэфектолаг), якія працуюць з малышамі, праводзяць паглыбленую дыягностыку развіцця дзіцяці. Пасля спецыялісты пераходзяць да складання праграмы ранняй комплекснай дапамогі канкрэтнаму дзіцяці”.
Педагогі ЦКРНіР Маладзечна прадэманстравалі ўдзельнікам семінара фрагменты заняткаў з дзецьмі ранняга ўзросту па выяўленчай дзейнасці, развіцці маўлення, эмацыянальнай сферы, па адаптыўнай фізічнай культуры. Яны раскрылі магчымасці групавой, падгрупавой і індывідуальнай работы з дзецьмі, а таксама ўзаемадзеяння з бацькамі.
Настаўнік-дэфектолаг цэнтра Святлана Анатольеўна Юрчанка правяла практыкум па складанні праграмы ранняй комплекснай дапамогі. Работа ішла ў групах, спецыялісты складалі праграмы для дзяцей ранняга ўзросту з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі; з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата; з парушэннямі зроку; з затрымкай маўленчага развіцця. На сталах знаходзіліся матэрыялы, дзе быў пазначаны актуальны ўзровень развіцця пэўнага дзіцяці, якое прайшло абследаванне, і бланкі, якія неабходна запоўніць, з акрэсленымі напрамкамі і зместам работы. У дапамогу педагогам прапаноўваліся праграмы Міністэрства адукацыі па рабоце з дзецьмі ранняга ўзросту і праграмы, складзеныя ў службе ранняй комплекснай дапамогі ЦКРНіР Маладзечна, а таксама нарматывы развіцця дзіцяці. Спецыялісты павінны былі выбраць патрэбны варыянт праграмы або прапанаваць свой.
Падчас круглага стала ўдзельнікі семінара падзяліліся вопытам работы з дзецьмі ранняга ўзросту і іх бацькамі. Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці ЦКРНіР Маладзечна Таццяна Міхайлаўна Мышук звярнула ўвагу на важнасць комплекснага падыходу і зладжанай работы спецыялістаў, расказала пра міжведамаснае ўзаемадзеянне з дзіцячай паліклінікай Маладзечанскай ЦРБ, вопыт уключэння бацькоў у адукацыйны працэс, у тым ліку шляхам правядзення з імі анлайн-заняткаў і кансультацый.
Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці ЦКРНіР Смалявіцкага раёна Таццяна Сяргееўна Каралёва расказала, што іх установа ўключана ў праектную дзейнасць, у тым ліку па пытаннях ранняй дапамогі. Педагогі выкарыстоўваюць на занятках нестандартныя асяроддзевыя рэсурсы, працуюць па нетрадыцыйных рэабілітацыйных тэхналогіях, напрыклад практыкуюць іпатэрапію. Настаўнік-дэфектолаг установы Алеся Аляксандраўна Дзірко прадставіла вопыт па выкарыстанні ў сістэме ранняй комплекснай дапамогі спецыяльна распрацаванага шматфункцыянальнага дапаможніка — пано-дывана “Свет вакол нас”. Буклеты аб дзейнасці цэнтра з запрашэннем наведаць бацькоўскі клуб распаўсюджваюцца ў мясцовай паліклініцы, створаны дыск з прэзентацыяй работы спецыялістаў цэнтра па раннім дзяцінстве. У раённай газеце вядзецца рубрыка “Маміна школа”. Пра эфектыўнасць такой работы сведчыць і той факт, што з 20 дзяцей, якія атрымлівалі ў мінулым годзе раннюю комплексную дапамогу, 13 працягнулі навучанне па адукацыйных праграмах дашкольнай адукацыі ў групах інтэграванага навучання і выхавання, дашкольных установах горада і раёна.
Слуцкі раённы ЦКРНіР з’яўляецца абласным рэсурсным цэнтрам па рабоце з бацькамі, якія выхоўваюць дзяцей з АПФР. Як расказала намеснік дырэктара ўстановы па асноўнай дзейнасці Анжэла Альбертаўна Сяўрук, работа з дзіцем і яго сям’ёй пачынаецца са складання дарожнай карты — пакрокавага сцэнарыя дзеянняў. На кожным этапе вырашаецца свая важная задача. Дзеці з АПФР ад нараджэння да 3 гадоў выяўляюцца праз узаемадзеянне з дзіцячай паліклінікай. Штотыдзень у раённай паліклініцы педагог-псіхолаг цэнтра пры неабходнасці дае кансультацыі бацькам, запрашае наведаць цэнтр. Установа падпісала праграму і план міжведамаснага ўзаемадзеяння па выяўленні дзяцей ад нараджэння да 3 гадоў з АПФР і аказанні ім ранняй комплекснай дапамогі з цэнтральнай раённай бальніцай і дзіцячай паліклінікай. Калі дзіця пражывае ў аддаленых населеных пунктах, каманда спецыялістаў карэкцыйнага цэнтра выязджае ў сем’і.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.