Кожнаму з нас хацелася б пражываць сваё прафесійнае і асабістае жыццё без канфліктаў. Мы не толькі марым пра гэта, але і набываем вопыт, які дапамагае ажыццявіць намер: разумення прычын канфліктаў, спосабаў зносін, якія перашкаджаюць узнікненню або разраджаюць выбухованебяспечныя сітуацыі ў зносінах. Аднак не варта ярка дэклараваць і дэманстраваць сваю поўную бесканфліктнасць. Калі гэта вядома ўсім навакольным, то можна стаць “лёгкай здабычай” для маніпулятараў, якія ёсць і ў калектыве дарослых, і нават дзяцей. Пагаворым сёння пра нюансы і законы ўзнікнення канфлікту. Высветлім, як без “гульні ў паддаўкі” або без улагоджвання партнёраў па зносінах узаемадзейнічаць камфортна з калегамі, бацькамі, вучнямі і сваімі дзецьмі.
Дыялог з чытачом
Жыццё і прафесія пераконваюць нас у тым, што нават пераможца ў канфлікце — гэта несапраўдны герой, таму што ён нажывае сабе нядобразычліўца, які памятае крыўду і, магчыма, чакае рэваншу. Такім чынам, мы ўжо настроены перашкаджаць узнікненню канфліктаў! І ўсё ж настрою мала, трэба ўзброіцца інфармацыяй і практыкавацца. Варта ўлічыць вопыт канфліктолагаў, якія сцвярджаюць, што 80% канфліктаў узнікаюць самаадвольна, міжволі ўсіх іх удзельнікаў. Падштурхоўваюць да гэтага негатыўныя эмоцыі, якія ўзніклі пры выпадковым збегу нядобрых акалічнасцей: няўдалае слова, непрадуманае дзеянне, няправільнае разуменне намераў іншага чалавека, агрэсіўная або пагардлівая інтанацыя, недружалюбны выраз твару, агрэсіўныя позы і жэсты, у рэшце рэшт, нават проста рэзкае тармажэнне ў транспарце. Негатыўным эмоцыям дапамагае раптоўнасць узнікнення гэтых акалічнасцей.
Мы ведаем пра вірусы, якія прыводзяць да хвароб цела. Ёсць вірусы, якія выклікаюць выпадковыя канфлікты. У псіхалогіі яны называюцца канфліктагенамі. Канфліктаген — гэта словы, дзеянні або бяздзейнасць, якія могуць прывесці да канфлікту. Мы часта недаацэньваем небяспечнасць і каварства канфліктагенаў. Паколькі гэтак жа, як не кожны вірус прыводзіць да ўзнікнення хваробы, так і кінуты ў сітуацыю зносін канфліктаген не заўсёды выкліча канфлікт да жыцця. Аднак важна ўлічваць тое, што канфліктаген у наш адрас нам хочацца (і, як правіла, гэта адбываецца) “пабіць” яшчэ больш моцным канфліктагенам, каб адказаць крыўдай на крыўду з запасам, кампенсаваць свой (як нам здаецца) псіхалагічны пройгрыш. Толькі што апісаны працэс называецца эскалацыяй канфліктагенаў. Такім чынам, можа закруціцца тарнада канфлікту. Выхаванне, этыка, рэлігіі свету вітаюць уменне стрымлівацца, прабачаць. Аднак не заўсёды ўдаецца быць паслядоўнікамі гэтых цудоўных заклікаў.
Папрактыкуемся пазбаўляцца канфліктагенаў
- Для гэтага складзём спіс слоў і фраз канфліктагенаў, якія выкарыстоўваем часцей за ўсё. Напрыклад, “не”, “вы не маеце рацыі”, “нічога падобнага”, “я буду на вас скардзіцца”, “калі вы яшчэ хоць раз…”, “глупствы не гаварыце”, “гэта агіднасць”, “не дзіця, а няшчасце нейкае”, “няўжо”, “у той час як я, вы…”, “як вам не сорамна”, “да каго вы падобны” і г.д.
- Змесцім гэты спіс на прыметным месцы. Рэгулярна будзем праглядаць яго і дапаўняць. З часам у нас атрымаецца выключаць з маўлення вылучаныя намі як забароненыя словы і фразы, якія спрыяюць нараджэнню канфлікту. Каб стымуляваць сябе да гэтага, за ўжытыя ў маўленні канфліктагены прыменім штрафы, напрыклад, прысяданні 10 разоў або пазбаўленне нечага прыемнага (кубачка кавы, часу зносін у сацсетках). Пажадана, па магчымасці, каб штраф быў адразу пасля ўжывання ў маўленні канфліктагену. І наадварот, заахвоцім сябе за тое, што атрымалася ўтрымацца ад ужывання слоў і фраз, якія правакуюць (купляннем сувеніра, дадатковым часам да прагулкі, паходам у цырульню, праглядам любімых тэлепраграм, паходам на канцэрт, у тэатр).
- Адзначым (для сябе) канфліктагены, якія ідуць ад навакольных. У першую чаргу — перабіванні, рэзкія пярэчанні, катэгарычнасць. Будзем рабіць гэта з мэтай выключэння такога ў сваіх паводзінах, а таксама з мэтай загартоўвання супраць эскалацыі канфліктагенаў.
- Адсочым канфліктагены, якія сустракаюцца ў мастацкіх фільмах, і іх уплыў на наступныя паводзіны персанажаў. Калі ў сям’і або сярод сяброў у нас з’явіцца саюзнік, то такая работа над сабой пройдзе лягчэй і больш эфектыўна, стане падобнай на гульню, а значыць, акрамя карысці, прынясе яшчэ і станоўчыя эмоцыі. Адным з відаў канфліктагенаў лічыцца парушэнне правіл. У якасці сяброўскіх пажаданняў і перасцярог самім сабе нагадаем правілы бесканфліктных паводзін:
— будзем уважлівы да свайго партнёра па зносінах, будзем выслухоўваць, нават калі не збіраемся пагаджацца з ім;
— прымаем суразмоўцу такім, які ён ёсць, скараемся таму, які ён ёсць у цяперашні момант, ламаем негатыўную ўстаноўку да партнёра, калі адчуваем, што яна ёсць, складаем уласныя адносіны да партнёра, не давяраючы чужой ацэнцы;
— лічым заганы партнёра па зносінах яго асаблівасцямі, бо ідэальных людзей не бывае;
— гаворым з чалавекам на “яго мове”, выкарыстоўваем зразумелыя яму словы і выказванні;
— улічваем самаадчуванне партнёра па зносінах і яго настрой;
— падтрымліваем зрокавы кантакт поглядамі ў вочы, на пераноссе, на губы, на рукі;
— называем партнёра па зносінах па імені, больш задаём адкрытых пытанняў, не баімся паўз у зносінах, даём час на абдумванне;
— памятаем пра этыкет — зброю супраць канфліктаў, павага, павага і яшчэ раз павага да партнёра па зносінах;
— назіраем за мімікай і жэстамі, праяўляем да чалавека сапраўдную цікавасць, змякчаем негатыў;
— правяраем, ці правільна зразумелі партнёра па зносінах, па магчымасці прапануем гатовыя рашэнні;
— калі неабходна крытыка, то крытыкуем вельмі асцярожна, выконваючы правілы крытыкі (выслухоўваючы тлумачэнні, захоўваючы роўны тон, спачатку пахвалім, потым крытыкуем, крытыкуем дзеянні чалавека, а не яго самога, не шукаем “стрэлачніка”, не абвінавачваем, а шукаем разам вырашэнне, не крытыкуем пры сведках, не тоім прэтэнзіі, перш чым пакрытыкаваць, правяраем, ці няма тут нашай віны, выкарыстоўваем розныя віды крытыкі).
Удзелім яшчэ крыху ўвагі канструктыўнай крытыцы. Усім вядома, што навучыцца хваліць лягчэй, чым рабіць някрыўдныя актуальныя заўвагі. Папрактыкуемся і ўдасканалім сваё майстэрства крытыкі. Вывучым варыянты стваральнай крытыкі і створым уласную калекцыю выказванняў у стылі стваральнай крытыкі.
Падбадзёрваючая крытыка: нічога, наступны раз зробіце лепш.
Абнадзейлівая крытыка: спадзяюся на вашу новую ўдалую спробу.
Крытыка-аналогія: неяк я таксама зрабіў такую ж памылку, ну і папала ж мне ад майго настаўніка.
Крытыка-пахвала: практыкаванне зроблена ў цэлым добра, але для такога выпадку трэба яшчэ лепш.
Крытыка-заклапочанасць: я вельмі хвалююся за становішча спраў у такіх нашых вучняў, як…
Крытыка-суперажыванне: я добра разумею вашы пачуцці, але пастарайцеся зразумець і мае…
Крытыка-шкадаванне: вельмі засмучана, але практыкаванне выканана недастаткова добра.
Крытыка-здзіўленне: як у вас не атрымалася выканаць гэтае заданне?
Крытыка-намёк: ведаў я аднаго вучня, які рабіў гэтак жа, цяжка яму потым прыйшлося…
Крытыка-патрабаванне: заданне трэба перарабіць.
Крытыка-выклік: колькі памылак атрымалася, даю вам права прапаноўваць, як падцягнуцца па нашай тэме, прапануйце.
Навука бесканфліктных паводзін складаная, але кожнага, хто захоча прасоўвацца да гэтай мэты і прыкладае намаганні, чакае поспех. А калі жаданы поспех прыходзіць не адразу, то няхай нас падбадзёрваюць словы Генры Форда: “Няўдача — гэта толькі нагода пачаць нанава, на гэты раз разумней”.
Псіхалагічнае люстэрка
ЯК МЕТАФАРА МОЖА ДАПАМАГЧЫ ЗМАГАЦЦА З КАНФЛІКТАМІ
У сучасным свеце аддаюць перавагу хуткаму навучанню, хуткаму ўспрыманню, эфектыўнасці і практычнасці. Выкарыстанне метафары (прымаўкі, ісціны, якая ўстаялася), у тым ліку і ў тэстах, дазваляе хутка, эфектыўна, даступна і эмацыянальна даследаваць, усведамляць і аналізаваць вынікі. Зварот да метафары дазваляе пазбегнуць стэрэатыпаў, самаідэалізацыі, памылковых адказаў. Методыка, якую мы прапануем для вывучэння галоўных стратэгій канфліктных паводзін, арыентавана на выяўленне распаўсюджаных стратэгій у канфліктных сітуацыях: дасягнення асабістых мэт, захавання добрых міжасобасных адносін. У рамках гэтых дзвюх стратэгій у методыцы вылучана пяць метафарычных стратэгій. Вывучайце, аналізуйце, удасканальвайцеся.
Інструкцыя да тэста
Заданне заключаецца ў ацэнцы ступені выкарыстання прапанаваных прымавак у сваёй паводзінскай практыцы. Падчас работы трэба прытрымлівацца правіла: не існуе дрэнных і добрых адказаў, а існуюць рэальныя, якія найбольш выкарыстоўваюцца ў тых ці іншых жыццёвых сітуацыях. Трымаючыся гэтага правіла, у бланку адказаў побач з нумарам пытання пастаўце адзін з трох адказаў: “так” або “+”; “не” або “-” ; “цяжка сказаць” або “+/-”. Да апошняй формы адказу старайцеся звяртацца ў выключных выпадках. Парадак запаўнення парадковы, злева направа.
- Лепш сем разоў змарыцца, як адзін раз пасварыцца.
- Калі вы не можаце прымусіць другога зрабіць так, як вы хочаце, прымусьце яго рабіць так, як вы думаеце.
- Мякка сцеле, ды мулка спаць.
- Нага нагу падпірае, рука руку абмывае (пачухай мне спіну, а я табе пачухаю).
- Розум добра, а два лепш.
- З двух спрачальнікаў разумнейшы той, хто першым замаўчыць.
- Хто мацнейшы, таго і праўда.
- Не мазаўшы, не паедзеш.
- З паршывай авечкі хоць воўны касмыль.
- Праўда тое, што мудры ведае, а не тое, пра што ўсе балбочуць.
- Хто ўдарыць і збяжыць, той зможа біцца і на наступны дзень.
- Слова “перамога” выразна напісана толькі на спінах ворагаў.
- Забівай ворагаў сваёй дабрынёй.
- Сумленная здзелка не выклікае спрэчкі.
- Ні ў каго няма поўнага адказу, але ў кожнага ёсць што дадаць.
- Трымайся далей ад людзей, якія не згодны з табой.
- Бітву выйграе той, хто верыць у перамогу.
- Добрае слова не патрабуе затрат, а цэніцца дорага.
- Ты — мне, я — табе.
- Толькі той, хто адмовіцца ад сваёй манаполіі на ісціну, зможа атрымаць карысць з ісцін, якімі валодаюць іншыя.
- Хто спрачаецца — ні гроша не варты.
- Хто не адступае, той кідаецца наўцёкі.
- Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе, а ўпартае — ніводнай.
- Хто дорыць, сяброў нажывае.
- Вынось турботы на свет і райся з іншымі.
- Лепшы спосаб вырашаць канфлікты — пазбягаць іх.
- Сем разоў мер і то не вер.
- Лагоднасць перамагае гнеў.
- Лепш верабей у руцэ, чым жораў пад небам.
- Чыстасардэчнасць, сумленнасць і давер зрушваюць горы.
- На свеце няма нічога, што заслугоўвала б спрэчкі.
- У гэтым свеце ёсць толькі дзве пароды людзей — пераможцы і пераможныя.
- Калі ў цябе шпурнулі камень, кінь у адказ кавалак ваты.
- Узаемныя ўступкі цудоўна вырашаюць справы.
- Капай і капай без стомы — і дакапаешся да ісціны.
АПРАЦОЎКА І ІНТЭРПРЭТАЦЫЯ ВЫНІКАЎ
Падлічваецца колькасць балаў у кожнай з пяці калонак. Найбольшая колькасць балаў у той ці іншай калонцы сведчыць пра прыхільнасць той ці іншай стратэгіі ў канфліктных сітуацыях. Калі ў нейкіх калонках назіраецца аднолькавая колькасць балаў, то гэта сведчыць пра раўназначнасць выкарыстання дзвюх стратэгій.
I II III IV V
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10
11 12 13 14 15
16 17 18 19 20
21 22 23 24 25
26 27 28 29 30
31 32 33 34 35
l Тып І. “Чарапаха” — стратэгія ўцёкаў пад панцыр, гэта значыць адмаўлення як ад дасягнення асабістых мэт, так і ад арыентацыі на добрыя ўзаемаадносіны з навакольнымі.
l Тып ІІ. “Акула” — сілавая стратэгія. Для прыхільнікаў гэтай стратэгіі мэты вельмі важныя, узаемаадносіны — не. Ім няважна, ці любяць іх. Яны лічаць, што канфлікты вырашаюцца толькі выйгрышам аднаго з двух бакоў і пройгрышам другога.
l Тып ІІІ. “Медзведзяня” — стратэгія згладжвання вострых вуглоў. Узаемаадносіны важныя, мэты — не. Такія людзі хочуць, каб іх прымалі, любілі, дзеля чаго ахвяруюць мэтамі.
l Тып IV. “Ліса” — стратэгія кампрамісу. Умерана важныя і мэты, і ўзаемаадносіны; такія людзі гатовы адмовіцца ад часткі мэт, каб захаваць узаемаадносіны.
l Тып V. “Сава” — стратэгія адкрытай і сумленнай канфрантацыі. Цэняць і мэты, і ўзаемаадносіны. Адкрыта вызначаюць пазіцыі і шукаюць выйсце ў сумеснай рабоце па дасягненні мэт, імкнуцца знайсці рашэнні, якія задавальняюць усіх удзельнікаў.
Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык
Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.