Раўняемся на дзіцячага Хрыста

Калі паглядзець на асабістую геаграфічную карту нашага прафесійнага жыцця, то можна ўбачыць на ёй нараўне з горнымі градамі поспехаў, ляснымі масівамі радасцей, азёрамі прызнання, рэкамі актыўнасці, морамі адкрыццяў, ручаямі інавацый і ўпадзіны знясілення, рыфы непрыемнасцей, балоты турбот, скалы негатыўных эмоцый. Калі-нікалі мы чуем ад спецыялістаў медыцыны прароцтвы, што ўжо наша дзесяцігоддзе дваццаць першага стагоддзя на другое месца па распаўсюджанасці захворванняў чалавека ва ўсім свеце паставіць дэпрэсію, у тым ліку дзіцячую. Нараўне з такім песімістычным прафесійным меркаваннем існуе і больш пазітыўнае, якое заключаецца ў тым, што мы ў асноўным народ аптымістычны і павальныя дэпрэсіі нам не пагражаюць. Тым не менш звернем увагу на інфармацыю, што дзіцячыя дэпрэсіі магчымы. Яны небяспечны тым, што ў асноўным незаўважныя, пакуль не дасягаюць грандыёзнага маштабу і не абрастаюць іншымі шматлікімі няшчасцямі.

Дыялог з чытачом

Жыццё пацвярджае гэта пакуль нешматлікімі, але шакіруючымі выпадкамі праявы падлеткавай і юнацкай агрэсіі. Дзеці часта па-майстэрску хаваюць свой душэўны боль не толькі ад нас, дарослых, але і ад сябе саміх. Пачынаюць неяк забаўляцца, хуліганіць, маляваць карцінкі, ню­хаць клей, паглыбляцца ў камп’ютарныя гульні, каштаваць алкаголь і накротыкі — адным словам, заганяць боль далей. Дзіцячыя дэпрэсіі непрыметны таму, што выяўляюцца бясслоўнымі сродкамі: праз настрой, паводзіны. А ў дарослых ёсць штампы, схемы псеўдаразумення: усе дзеці засмучаюцца калі-нікалі, плачуць, на злосць упарцяцца, гневаюцца, негатыўні­чаюць, каб увагу прыцягнуць, каб разжаліць, каб свайго дабіцца.

Януш Корчак пісаў, што бацькі і настаўнікі заклапочаны толькі адпаведнасцю паводзін, што зменлівасць дзіцячага настрою падманлівая сваёй павярхоўнасцю. Свавольства, лянота, упартасць, хлусня, крадзеж — усё звонку, а прычыну, “душу, якая баліць, ва ўпор не бачаць, практычна нікому да сапраўднага настрою дзіцяці, да яго глыбіні няма цікавасці, адзінокае дзіця”. Уладзімір Леві, доктар псіхалогіі і медыцыны, лічыць, што яны па-ранейшаму не імкнуцца: “Пра гэта ў Корчака многа і горка… Акрамя яго, бадай, не назаву сапраўднага даследчыка дзіцячых настрояў ва ўсім іх аб’ёме. Гэты акіян ён аб’ездзіў уздоўж і ўпоперак, апускаўся ў яго так глыбока, як ніхто ні да, ні пасля… Дзіцячы Хрыстос, вось хто ён. Мізэрна мала яго выдаюць і чытаюць у параўнанні з тым, як трэба. “Як любіць дзіця” — Евангеллем павінна быць у кожным доме, дзе дзеці…”

Мы не прывыклі думаць, што дзіця, як і дарослы, адчувае душэўны боль, часам перажываючы яго вастрэй, глабальней, пакутлівей за дарослага. Спецыялісты называюць гэты боль псіхалогіяй. Расшыфраваць паняцце дапамогуць нам у пэўным сэнсе сінонімы — пакута, туга, смутак.

Хто можа нараўне з бацькамі (яны павінны быць першыя) распазнаць настрой, стан дзіцяці, падлетка, юнака? Гэта мы, настаўнікі. Для таго каб быць чуллівым, успрымальным, уважлівым, спагадлівым, педагогу трэба пачаць з сябе: вучыцца падтрымліваць уласную цярпімасць, ураўнаважанасць, чуллівасць, аптымістычнасць, пазітыўны настрой.

Пачнём з настрою. Абмяркуем, як яго захоўваць.

  1. Перш за ўсё прызнаць тое і пага­дзіцца, што настрой — велічыня хісткая, пераменная. Настрой будзе мяняцца, няўстойлівасць — яго закон, нават калі надвор’е, адносіны, здароўе будуць нязменнымі.
  2. Настрой не наш начальнік і не падначалены, а мы не гаспадары, але і не рабы яго. Мы з настроем супрацоўнікі.
  3. Настрой нельга падмануць і перамагчы, паступова з ім можна дамовіцца пры дапамозе доказаў рэальнасці і яркага ўяўлення.
  4. Важна прымаць жыццё без самападманаў.
  5. Заклікаем на дапамогу сяброў настрою: прыроду, музыку, чытанне, гульню, гумар. Але не ставім настрой у залежнасць ні ад чаго.
  6. Карысна часта нагадваць сабе пра сваё і чужое права мець настрой, які не залежыць ні ад чаго: чужога меркавання, нечых ацэнак, нечых адносін.
  7. Успомнім, што настрой, вызвалены ад залежнасцей, сам робіцца добрым: калі не радасным, то роўным, калі не прыўзнятым, то спакойным.
  8. Зрабіўшы свой настрой дастаткова незалежным, зробім і сябе незалежным ад яго.

Кіраваць настроем у бок яго паляпшэння, ужывацца ў рэсурсны стан дапамогуць дыгітальныя гісторыі. Дыгітальная гісторыя (digital storу) — аповед чалавека пра сябе, пра сітуацыю, з якой ён выйшаў пераможцам. Гісторыя можа быць проста расказана або можа суправаджацца візуальным радам: фотаздымкамі, малюнкамі. Збірайце такія гісторыі і стварайце на іх аснове кнігу або альбом, падкрэсліваючы свае каштоўныя якасці, поспехі, перспектывы. Стварайце плакаты, гербы з выкарыстаннем фота, малюнкаў, тэксту, якія дэманструюць не толькі вашы моцныя бакі, але і жыццёвае, прафесійнае крэда.

Ці знаёмы вы з методыкай арт-джорнелінг? Упэўнена, вы ведаеце пра вядзенне дзённіка. Арт-джорнелінг падобны да яго, але ўключае яшчэ і вобразы, перажыванні, думкі, фантазіі, сны, дапоўненыя ілюстрацыямі або фотакалажамі. Часам гэта могуць быць асобныя словы ў суправаджэнні малюнкаў. Прымальны фармат маналогу, дыялогу, размовы са сваім целам, душой, нават з некаторымі органамі (саматычны джорнелінг). Такая методыка патрабуе часу і жадання. Каб з’явілася матывацыя да вядзення арт-дзённіка, пачніце першую яго старонку, выкарыстоўваючы методыку “Крамзолі” (адпусціце кантроль, дайце руцэ свабоду, проста ідзіце за сваёй рукой, якія б крамзолі яна ні стварала, і вы атрымаеце расслабленне, зніжэнне кантролю, створыце настрой).

Калі нам не хочацца ні з кім гаварыць і дзяліцца настроем, які трэба паправіць, то скарыстаемся тэхнікай самадапамогі.

Тэхніка самадапамогі для зняцця ўнутранага напружання “Ох” і “ах”

Пры назойлівых думках, перажоўванні разумовай жвачкі, галашэннях “Бедны я, бедны…”, “Што рабіць, што рабіць?”, бясконцых успамінах пра адну і тую ж праблему, чарговай сустрэчы з перашкодамі або агрэсіўным чалавекам, цяжкасці ў знаходжанні вырашэння, сапсаваным настроі, калі хочам палепшыць стан, узбадзёрыцца, трэба стаць пасярэдзіне пакоя, у якім нікога няма, глыбока-глыбока ўдыхнуць і з жывата працягла, гучна, з пачуццём выдыхнуць: “О-ооох-ххх…” На выдыху нахілімся ўперад, рукамі дастанем пальцы ног або калені, потым узмоцнім перажыванне яшчэ раз: “О-ооох-ххх…” І яшчэ раз на мяжы: “О-ооох-ххх…”

Глыбока-глыбока ўдыхнём і з жывата працягла, гучна, з пачуццём выдыхнем: “А-ааах-ххх…” На выдыху прагнём спіну, адкінуўшыся назад, рукі развя­дзём у бакі, потым узмоцнім перажыванне і яшчэ раз: “А-ааах-ххх…” І яшчэ раз на мяжы: “А-ааах-ххх…” Глыбока ўдыхнём і з жывата працягла, гучна і з пачуццём выдыхнем: “У-ууух-ххх…” На выдыху рукі ўзнімаем уверх, цягнемся за імі, вачамі ўтаропліваючыся за кончыкамі пальцаў рук, потым узмацняем перажыванне і яшчэ раз: “У-ууух-ххх…” І яшчэ раз на мяжы: “У-ууух-ххх…”

Няхай узрастае наша любоў да сябе і ўмацоўваюцца ўнутраныя апоры! Калі гэта здарыцца, то вучням і сваім дзецям мы зможам дапамагчы жыць толькі з той колькасцю душэўнага болю, якая спрыяе развіццю душы і сталенню.

Псіхалагічнае люстэрка

Не дай чалавеку ўпасці

Найвышэйшы сэнс прафесіі педагога не толькі ў тым, каб вучыць, даваць асвету, развіваць, але і ў тым, каб ствараць умовы для радаснага жыцця ў школе, цікавага, псіхалагічна бяспечнага. Часам вучні бываюць складанымі асобамі, людзьмі, не блізкімі нам па духу, яны супраціўляюцца нашым добрым уплывам, імкнуцца паспрабаваць негатыўнае, забароненае, нават небяспечнае. Здараецца, што нам трэба выратаваць чалавека ад прорвы. Даследаваць нашу гатоўнасць да такіх дзеянняў можна, прымяніўшы праектыўную методыку Т.Е.Смірновай “Не дай чалавеку ўпасці”. Яна дазваляе выявіць асаблівасці нашых паводзін у форс-мажорных сітуацыях.

Інструкцыя

На карцінцы намаляваны абрыў і чалавек, які ці то падае, ці то скача з яго. Вы павінны выратаваць чалавека ад немінучай траўмы, не даць яму ўпасці. Як вы зробіце гэта, вырашаць вам. Дапоўніце карцінку неабходнымі дэталямі.

Апрацоўка методыкі і інтэрпрэтацыя выніку

  1. Перш чым штосьці намаляваць, вызначыце для сябе, скача чалавек ці падае.

Калі ваш чалавек добраахвотна скача з абрыву, то гэта гаворыць пра вашу рашучаць і актыўнасць, вы лічыце за лепшае дзеянне, а не разважанні, вы практык, а не тэарэтык.

Калі ж вам здаецца, што чалавек падае, гэта значыць, што вы нерашучы і цярплівы, вы гатовы чакаць, пакуль усё наладзіцца само сабой. Вы не любіце актыўных дзеянняў.

  1. А цяпер спынімся на тых дэталях малюнка, якія вы дамалявалі ў якасці першай дапамогі чалавеку і якія павінны не даць яму ўпасці.

Калі вы намалявалі ваду пад нагамі чалавека (раку, возера, мора), то гэта гаворыць пра вашу схільнасць усё пускаць на самацёк. Нярэдка вы самі даводзіце сітуацыю да крытычнага стану, не робячы ніякіх крокаў па яе ўрэгуляванні. Вы бяздзейнічаеце ў тыя моманты, калі трэба быць актыўным і рашучым і браць быка за рогі.

Калі вы намалявалі пад нагамі чалавека батут або нацягнутую коўдру, каб змякчыць падзенне і злавіць чалавека, то гэта гаворыць пра вашу прадбачлівасць. Вы вельмі рэдка трапляеце ў крытычныя сітуацыі, таму што заўсёды пралічваеце ўсе магчымыя варыянты развіцця падзей і стараецеся прадбачыць усё, што можа здарыцца. Але нават калі вы штосьці не ўлічыце, у вас усё роўна заўсёды будзе сродак па выратаванні сітуацыі. На вас можна спа­дзявацца, вы не падведзяце.

Калі вы намалявалі пад абрывам чалавека з выцягнутымі рукамі, гатовага злавіць таго, хто падае, у абдымкі, то гэта значыць, што вы неабачлівы і даверлівы, у крытычнай сітуацыі схільны давярацца любому. Вы не хочаце самастойна знайсці выхад з тупіка і шукаеце чалавека, які дапамог бы вам. Паколькі вы не спрабуеце добра разбірацца ў людзях, то вас часта падманваюць і падводзяць.

Калі вы ператварылі абрыў у невялікі ўзгорачак, тым самым спыніўшы па­дзенне чалавека, то гэта значыць, што вы валодаеце лідарскімі якасцямі і здольны весці людзей за сабой. У крытычнай сітуацыі вы не разгубіцеся і зробіце ўсё неабходнае, каб выправіць тое, што здарылася. Калі вы намалявалі чалавеку крылы, гэта гаворыць пра тое, што вы заўсёды знойдзеце дасціпны выхад са складанага становішча.

І чарговы раз нагадаю: тэсты важна ўспрымаць як інфармацыю для разважання і пошуку шляхоў шліфоўкі сваёй асобы на карысць сабе і людзям, якія нас акружаюць.

Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык
Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.