Як паставіліся б да такога выказвання людзі, якія не займаюцца педагагічнай працай: “Няма больш цікавай і больш эмацыянальнай прафесіі, чым педагог!”? Хутчэй за ўсё, пагадзіліся б, дадаўшы аргументаў пра вечную маладосць педагога, пра прастору для творчасці, пра магчымасць сяброўства з дарослымі вучнямі на ўсё жыццё. Прафесійны педагог таксама пагодзіцца з выказваннем. Аднак паглыблены ў вопыт узаемадзеяння з вучнямі, апіша і другі бок медаля, гэта значыць цяжкасці, з якімі сутыкаецца кожны педагог. Гэта і актыўнасць дзяцей, якая не заўсёды накіроўваецца ў рэчышча, што прапануе настаўнік. Гэта і індывідуальныя асаблівасці вучняў, якія зліваюцца ў паток праяў, што патрабуе імгненных адэкватных дзеянняў. Часам гэта знаходжанне паміж двума, трыма і больш агнямі (вучні, бацькі, прабацькі, адміністрацыя) і неабходнасць ажыццяўляць цуды балансавання паміж інтарэсамі ўсіх удзельнікаў педагагічных зносін.
“Дыялог з чытачом”
Нават высокія прафесіяналы педагагічнай працы, якія самаахвярна любяць сваю справу, сутыкаюцца з цяжкасцямі рэагавання на праяўленне агрэсіі вучняў і з радасцю абапіраліся б на парады псіхолагаў, якія б павысілі гатоўнасць сустракаць і трансфармаваць празмерную дозу гэтага эмацыянальнага стану. Старшакласнікі лепш спраўляюцца з рэгуляцыяй эмоцый, чым навучэнцы пачатковай школы, таму ў фокусе нашай увагі сёння — дзіцячая агрэсія і спосабы яе рэгулявання.
Першы крок да гатоўнасці сустрэцца твар у твар са з’явай — разуменне таго, што агрэсія — гэта дзеянне, а агрэсіўнасць — гатоўнасць да здзяйснення такіх дзеянняў. Прычынамі праяўлення непажаданага стану і паводзін вучня могуць быць слоўнае і фізічнае нападзенне на яго, падбухторванне, неатрыманне важнай для яго адзнакі, даручэння, статусу ў дзіцячым калектыве, а таксама гарачыня, шум, цесната, забруджанае паветра.
Добра праветранае памяшканне — неабходная ўмова не толькі для прафілактыкі вірусных інфекцый, але і агрэсіўных праяў удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
Калі ў дзіцяці назіраюцца такія індывідуальныя асаблівасці, як напорыстасць, схільнасць да саперніцтва, жаданне перасягнуць іншых, нецярплівасць, высокі ўзровень варожасці, то будзьце гатовы і да праяўленняў агрэсіўнасці гэтага вучня, а значыць, папярэджвайце непажаданыя праявы. Уключайце ў мяккае спаборніцтва, звяртайце пільную ўвагу такога дзіцяці на ўмовы, правілы, крытэрыі спаборніцтва. Рэкамендуйце напрамкі, у якіх вучню неабходна ўдасканальвацца. Параўноўвайце вынікі пасля прыкладзеных дзіцем намаганняў з яго мінулымі дасягненнямі, падкрэслівайце дасягненні. Шукайце магчымасці пераключаць вучня на выканальныя для яго мэты, у выпадку яго неадэкватных дамаганняў.
Звернем увагу, што не з любой агрэсіяй трэба змагацца. Псіхолагі ўпэўнены, што правільная агрэсія ўключаецца ў паводзіны, калі існуе рэальная небяспека і трэба абараняцца. Трансфармаваць неабходна жорсткасць і дэструктыўнасць, якія выяўляюцца як фізічныя дзеянні, запальчывасць, грубасць, пагрозы, крыкі, лаянка, злосныя жарты.
Для таго каб пазбегнуць непажаданых праяў агрэсіі ў дзяцей у класе, у якасці прафілактыкі неабходна імкнуцца да наладжвання цёплых адносін з імі, а таксама праяўляць цвёрдасць і рашучасць. Калі прафілактыка не дае неабходных вынікаў, разгледзьце напрамкі работы з дзецьмі, якія паводзяць сябе агрэсіўна.
1. Вучыце дзяцей спосабам выяўлення гневу ў прымальнай форме.
2. Вучыце дзяцей прыёмам самарэгуляцыі, уменню валодаць сабой у цяжкіх сітуацыях.
3. Паведаміце пра спосабы зносін у магчымых канфліктных сітуацыях.
4. Фарміруйце давер да людзей, уменні суперажываць, радавацца агульнаму поспеху, поспеху сяброў, аднакласнікаў.
Выяўляць гнеў у прымальнай форме можна, адкрыта заяўляючы пра свае пачуцці. Ідэальна выказваць свае пачуцці ветліва. Але калі нават дзіця паведамляе пра свае пачуцці некарэктна, то гэта ўсё ж лепш, чым праявы ціхага шкодніцтва (ламае школьныя прылады, капрызнічае, адмаўляецца ад дзейнасці, пастаянна не запісвае дамашнія заданні ў дзённік). Маленькія дзеці не заўсёды могуць усвядоміць і назваць свае пачуцці, таму рэкамендуем звярнуцца да пераносу пачуццяў на небяспечныя аб’екты. Для работы з такімі дзецьмі ў арсенале дарослага павінны быць гумавыя цацкі, пластылін, каўчукавыя шарыкі, якія можна кідаць у ванну, напоўненую вадой, падушкі, паралонавыя мячы, мішэнь з дроцікам, шклянка для крыку, спартыўны інвентар. Некаторыя спосабы могуць выкарыстоўвацца толькі дома ў дзіцяці, і педагог рэкамендуе іх бацькам. Усе гэтыя прадметы неабходны для таго, каб дзіця не накіроўвала гнеў на людзей, а пераносіла яго на нежывыя прадметы, выплюхвала ў гульнявой форме. Такая тэхніка работы з гневам будзе асабліва карыснай для работы з нясмелымі, няўпэўненымі ў сабе дзецьмі, але можа быць сумніўнай пры карэкцыі паводзін празмерна адкрытага і актыўнага дзіцяці.
Падкажыце бацькам дзейсны і цікавы прыём “Стоп” для барацьбы з дэструктыўнай агрэсіяй. У кішэню адзення можна пакласці намаляваны ад рукі дарожны знак “Стоп”. Як толькі дзіця пачнуць адольваць непажаданыя пачуцці, яно можа дастаць з кішэні карцінку і ў думках ці шэптам вымавіць: “Стоп”. Для таго каб гэты прыём пачаў працаваць, неабходна шматдзённая трэніроўка.
Прыклад бацькоў і педагога, якія выяўляюць сваё раздражненне, гнеў і нават лютасць у ветлівай, прымальнай форме, якая сацыяльна адабраецца, таксама цудоўны спосаб кіравання агрэсіўнасцю дзіцяці.
Агрэсіўным дзецям карысны любыя рэлаксацыйныя практыкаванні і гульні на расслабленне мышцаў твару і цела.
Гульня “Усмешка”. Выдыхаючы паветра і шмат разоў усміхаючыся промню сонца, дзеці становяцца крыху дабрэйшымі.
Гульня “Сярэбраны капыток”. Уяві сабе, што ты прыгожы, зграбны, мудры алень. Твая галава горда ўзнята. На тваёй левай ножцы — сярэбраны капыток. Як толькі ты тройчы стукнеш капытком па зямлі, з’явяцца сярэбраныя манеты. Яны чароўныя, нябачныя. З кожнай новай манетай з-пад твайго капытка ты становішся больш ласкавым, дабрэйшым. І хаця гэтыя манеты бачыш толькі ты, людзі іх з’яўленне адчуваюць праз тваю дабрыню, цеплыню, ласку, што зыходзіць ад цябе. Яны цягнуцца да цябе, ты ім усё больш і больш падабаешся.
Гульня можа стаць рытуалам для цэлага класа ці нават спосабам вырашэння канфліктаў у класе.
У непрыемных жыццёвых сітуацыях дзеці могуць успомніць свае пазітыўныя пачуцці, адпрацаваныя ў гульнях, і вярнуцца да іх, замяняючы негатыўныя эмацыянальныя станы на нейтральныя ці станоўчыя.
Чаканыя станоўчыя вынікі ў рабоце з неканструктыўнай агрэсіўнасцю дзіцяці наблізяцца, калі вучыць яго спосабам канструктыўных зносін. Часам агрэсіўнымі дзеяннямі дзіця карыстаецца толькі таму, што іншыя спосабы ўзаемадзеяння проста яму невядомы. Абмяркоўвайце з дзецьмі ў класе канфліктныя сітуацыі, якія найбольш часта сустракаюцца. Раскажыце, што зрабіць, калі ім трэба тое, што знаходзіцца ў руках у іншага дзіцяці, як прасіць дапамогу, як прапаноўваць яе, як пачынаць размову, гульню. Такія гутаркі дапамогуць набыць гнуткасць у паводзінах і ўменні ўзаемадзейнічаць пазітыўна, па-сяброўску. Такія ўменні можна атрымліваць у ролевых гульнях. Разыгрывайце канфліктныя сітуацыі з цацкамі і абмяркоўвайце іх (сваркі з-за ўладання, слоўныя перапалкі, сітуацыі несумленнага саперніцтва, бойкі).
Гульня “Ліпучка”. Усе дзеці рухаюцца па пакоі. Двое, трымаючыся за рукі, спрабуюць злавіць іншых дзяцей і прыгаворваюць: “Я ліпучка-прыставачка, я хачу цябе злавіць”. Кожнага, каго злавілі, “ліпучкі” бяруць за рукі, далучаючы да сваёй кампаніі. Потым яны разам ловяць у “сеткі” іншых. Калі ўсе дзеці злоўлены і сталі “ліпучкамі”, яны выконваюць пераможны танец пад рытмічнае плясканне ці пад музыку.
Важным этапам барацьбы з дэструктыўнай агрэсіяй вучняў з’яўляецца фарміраванне станоўчых уласцівасцей асобы дзіцяці: эмпатыі, даверу да людзей, дабрыні. Сумеснае чытанне і абмеркаванне прачытанага, дзе педагог заахвочвае выказванне дзіцем сваіх пачуццяў, дапамагаюць фарміраванню якасцей асобы вучня, якія сацыяльна адабраюцца. Карысна прыдумляць з дзіцем казкі, гісторыі.
Гульня “У трыдзявятым царстве”. Педагог і дзеці, прачытаўшы казку, малююць яе, адлюстроўваючы герояў і падзеі, якія запомніліся. Потым педагог пытаецца, дзе на сваім малюнку дзіця хацела б апынуцца. Яно расказвае пра свае магчымыя прыгоды ў казцы. Варта задаваць пытанні накшталт “Што б ты адказаў герою казкі, калі б ён спытаў цябе? Што б ты зрабіў на месцы героя? А што б ты адчуваў, калі б героі казкі з’явіліся тут?”.
Працэс змянення, гарманізацыі паводзін дзіцяці, якое праяўляе агрэсію, можа быць працяглым, таму дарослым неабходна набрацца цярплівасці дапамагчы яму добрымі адносінамі, а таксама яркім жаданнем. Да праблемы, што мы сёння разглядалі, падыдзе выказванне з вядомых казак: “Хутка слова кажацца, ды не хутка справа робіцца!” Жадаем поспеху педагогам, бацькам, дзецям, якія працуюць з дэструктыўнай агрэсіўнасцю, і просім улічыць, што важнымі з’яўляюцца не толькі дзеянні, але і словы, што іх суправаджаюць.
Псіхалагічнае люстэрка
Праектыўная методыка А.Раманава па дыягностыцы агрэсіўнасці ў дзяцей: “Хто ёсць хто, калі злуецца? Чаму і як часта гэта бывае?”
Прызначэнне методыкі: дыягностыка асаблівасцей агрэсіўных паводзін дзіцяці, ацэнка дзіцем выяўленасці агрэсіўных паводзін у іншых.
Прымяненне методыкі: індывідуальна з дзецьмі 4—7 гадоў.
Правядзенне даследавання
Дзіцяці прапануецца вызначыць, якая бывае злосць: падобнай да кошкі, да дыназаўра, бывае як маланка, як шасцярэнькі, як змяя, як кансервавая бляшанка (выкарыстоўваюцца малюнкі). Дзіцяці прапануецца вызначыць, у каго з яго блізкіх бывае злосць і агрэсія, як часта яна праяўляецца і якая. Дзіця можа ацэньваць дарослы ці само дзіця.
Выяўленасць праяўленняў ацэньваецца ў балах:
- 0 балаў — няма праяўленняў агрэсіўнасці;
- 1 бал — праяўленні агрэсіўнасці назіраюцца часам;
- 2 балы — часта;
- 3 — амаль заўсёды;
- 4 — бесперапынна.
Рэгістрацыя адказаў
Хто? |
Якая агрэсія бывае? |
|||||
Кошка |
Дыназаўр |
Маланка |
Шасцярэнькі |
Змяя |
Кансервавая бляшанка |
|
Мама |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
Тата |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
Брат |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
Сястра |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
Дзядуля |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
Бабуля |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
Я сам (сама) |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
0 1 2 3 4 |
Ацэнка выяўленасці агрэсіі:
0—6 балаў — нізкая;
7—12 балаў — сярэдняя;
13—18 балаў — высокая;
19—24 балы — вельмі высокая.
Святлана РАДЗЬКОВА.