Ці варта змагацца з бацылай славалюбства?

Дыялог з чытачом

Напэўна, нашым чытачам знаёма праграма Беларускага тэлебачання “Я ведаю”. Яе свежы выпуск парадаваў перамогай па-сапраўднаму адоранага падлетка. У цэлым адносіны да яго нестандартных паво­дзін, якія выяўляліся ў большай раскаванасці, шчырасці, свабодзе выказванняў у параўнанні з астатнімі ўдзельнікамі, былі станоўчыя, асабліва з боку вядучага праграмы. Можна было заўва­жыць, што падлетак здольны жартаваць са сваіх адказаў, быць іранічным, разважлівым, інтуітыўным, а таксама выкарыстоўваць нестандарт­ныя тактыкі паводзін для дасягнення перамогі, якія спрацавалі. Выказванні педагогаў у дачыненні да сваіх вучняў, якія паступова выбывалі са спаборніцтва з-за недастатковай колькасці набраных балаў, на 90% былі падтрымліваючымі, разумнымі і псіхалагічна правільнымі. Высновы, якія разам з вучнямі рабілі педагогі, разважаючы аб прычынах пройгрышу, часцей за ўсё былі правільнымі, стваралі перспектыву ўдзель­ніку і фармуляваліся карэктна. Аднак два выказванні з тэлевізійнай настаўніцкай, якія прамільгнулі як каментарыі падчас спаборніцтва, маглі б нейтралізаваць поспех пераможца, калі б ён іх пачуў.

“Ты мяне падводзіш; куды ты спяшаешся?” — у сітуацыі, дзе трэба было першым націскаць на кнопку! Менавіта гэтыя фразы вызначылі змест нашай сённяшняй размовы пра адораных дзяцей. Такія размовы неабходны, каб адшліфоўваць прафесійны падыход у адносінах да адораных вучняў. Паколькі адоранае дзіця ці падлетак часта праяўляе сацыяльную аўтаномнасць: можа супярэ­чыць меркаванню большасці, не прызнаваць аўтарытэтныя і агульнапрынятыя меркаванні, тактыкі і правілы, ад педагога патрабуецца такт, высокая педагагічная кампетэнтнасць, чуласць, інтуіцыя. Такі падыход можа ўзнікнуць тады, калі мы будзем раз за разам задаваць сабе пытанне: “Хто такі адораны вучань?” Вось некаторыя адказы.

Адоранае дзіця імкнецца дабіцца поўнага выкарыстання сваіх здольнасцей і асобаснага патэнцыялу — гэта дамінуючая асаблівасць адоранага.

Значыць, важна ствараць умовы для яго самарэалізацыі. Асаблівасцю псіхасацыяльнага развіцця асобы з’яўляецца імкненне даводзіць прадукты сваёй дзейнасці да адпаведнасці самым высокім стандартам, са здольнасцю да ацэнкі. Таму адораны вучань схільны пастаянна перарабляць, удасканальваць сваю добрую работу, што можа знясільваць, ускладняць жыццё. Таму дапамога ў балансаванні паміж перфекцыянізмам і цвярозым сэнсам будзе адэкватнай дапамогай педагога адоранаму вучню. Адоранаму падлетку прывычна думаць самастойна. Яму непрыемны, часам непрымальны канфармізм (несамастойнасць, дзеянні і рашэнні па шаблоне). Трэба быць гатовым да таго, што адоранае дзіця можа не быць выдатнікам ці тым, хто вучыцца на добра і выдатна. Яго могуць захапляць праблемы ў галіне яго інтарэсаў, якія ля­жаць за рамкамі школьнага навучання, а не руцінная, нудная, нецікавая, штодзённая, аднастайная, з яго пункту гледжання, адукацыйная работа.

Чым больш ведаеш, тым больш шансаў паводзіць сябе эгацэнтрычна! Такім чынам, адоранаму чалавеку не можа быць не ўласцівы эгацэнтрызм. Аднак у некаторых адораных вучняў эгацэнтрызм бывае выяўлены менш, чым у звычайных равеснікаў, але пры некаторых акалічнасцях мацней. Напрыклад, пазнавальны эгацэнтрызм. Пазнавальны эгацэнтрызм устойлівы і часта захоўваецца па меры сталення. Выяўляецца такім чынам: адораным дзецям цяжка зразумець, як тое, што проста і зразумела ім, цяжка засвоіць іншым дзецям. Гэта значыць, адоранае дзіця думае пра навакольных лепш, чым яны ёсць у рэальнасці. У сталым узросце пазнавальны эгацэнтрызм, які не змякчыўся ці не скарэкціраваўся, можа стаць бар’ерам для развіцця лідарства адоранага з-за няздольнасці цярпліва і дружалюбна ставіцца да менш здольнага чалавека.

Маральны эгацэнтрызм уласцівы адоранаму дзіцяці ў меншай ступені, чым яго звычайнаму равесніку, і лягчэй пераадольваецца, паколькі адораны лепш выяўляе, разумее прычыны ўчынкаў іншых лю­дзей, чым яго звычайныя равеснікі. Важным фактарам развіцця асобы адоранага вучня з’яўляецца ўдзел у спаборніцтвах — інтэлектуальных, спартыўных, мастацкіх. У спаборніцтвах атрыманы вопыт перамог і няўдач спрыяе падрыхтоўцы да дарослага жыцця. Праз спаборніцтва адораны падлетак фарміруе ўяўленне пра свае магчымасці, набывае ўпэўненасць, вучыцца рызыкаваць, самасцвярджацца, рэалізоўваецца. Спаборніцтва з жорсткай канкурэн­цыяй паміж адоранымі ці спаборніцтва з неадоранымі з пастаяннай фіксацыяй на перамогах выяў­ляе негатыўны яго ўплыў на развіццё асобы і творчага патэнцыялу адоранага. Сумленная, мяккая канкурэнцыя з больш моцнымі ці больш дарослымі навучэнцамі пры выкананні псіхалагічных і педагагічных умоў садзейнічае рэалізацыі і развіццю адоранасці.

Педагогам трэба ўлічваць вельмі важную асаблівасць псіхаэмацыянальнай сферы адоранага вучня — яго павышаную чуллівасць, эмацыянальную ўразлівасць. Больш глыбокае і тонкае разуменне прычынна-выніковых сувязей, глыбіня ўспрымання навакольнай рэчаіснасці, здольнасць выбіраць інавацыйныя спосабы дзеянняў, больш складаныя мэты і задачы адоранага — прычыны неабходнасці асабліва далікатных адносін педагога да ацэнкі творчых прадуктаў адоранага, яго асобы, перспектыў, дасягненняў, мэт, спосабаў дзеянняў. Увага да невербальных паво­дзін настаўніка, якія ўключаюць асаблівасці мімікі, жэстаў, погляду, паставы цела, нахілы галавы, — важная ўмова для развіцця адоранасці. Калі адораны вучань, валодаючы асаблівай адчувальнасцю да ўспрымання не толькі слоў, але і невербальных сігналаў настаўніка, беспамылкова ўспрыме нават схаваныя непрыманне, асу­джэнне, агрэсію, канкурэнцыю, помсту, пагарду, залішнюю, жорсткую крытыку, то будзе абараняцца. Сродкамі абароны будуць выбраны з’едлівыя заўвагі, сустрэчная крытыка, абыякавасць да ацэньвання, страта цікавасці да навучання. У ход будзе пушчана саркастычнае пачуццё гумару.

Адораны навучэнец можа адказваць негатыўнымі праяўленнямі на рэальныя псіхалагічна небяспечныя для яго ўмовы, а таксама на існуючыя толькі з яго пункту гледжання. Калі педагог адчуе такія сігналы абароны ад адоранага вучня, то цярплівыя, шчырыя адносіны да яго здольны пераканаць вучня ў неаб’ектыўнасці свайго ўспрымання. З вышэйапісанага не вынікае, што адоранага вучня трэба толькі хваліць, заахвочваць, адабраць, ахоў­ваць. У яго адрас прымальна карэктная мяккая крытыка, шчырая цікавасць да творчага прадукту і мэт асабістага развіцця. Мудрасць дарослага чалавека, яго жыццёвы вопыт дапамогуць адоранаму дзіцяці канцэнтраваць яго намаганні на галоўным, пераадольваць камунікатыўныя цяжкасці, калі такія ўзнікаюць.

Педагогу важна ведаць пра крызісы развіцця адоранасці. Крызіс крэатыўнасці характарызуецца стратай творчага патэнцыялу: дзіця перастае ствараць асаблівыя, уласцівыя яго адоранасці творчыя прадукты. У такіх сітуацыях не павялічвайце колькасць трэніровак, заняткаў, рэпетыцый, практыкаванняў. Гэта прывядзе да неўратызацыі, узбуджанасці, знясілення. Важна даць адпачынак вучню, супакоіць ці пераключыць яго ўвагу на іншую дзейнасць. Крызіс інтэлектуальнасці характарызуецца зніжэннем інтэлектуальнай актыўнасці ці знікненнем інтэлектуальнай прадукцыйнасці. Можа ўзнікнуць у выпадку перагружанасці адоранага заданнямі, якія развіваюць толькі інтэлектуальныя здольнасці.

Крызіс матыву дасягненняў выяўляецца ў зніжэнні ці поўнай страце цікавасці да працэсу і выніку сваёй працы. Крызіс узнікае ў выпадку перавагі асобаснай рэфлексіі над інтэлектуальнай. Узнікае негатыўны фобраз “Я” і тармажэнне развіцця адоранасці. Крызіс самасвядомасці “зорная хвароба” ці “бацыла славалюбства” праяўляецца як псіхалагічная дэфармацыя асобы, што выяўляецца ў сацыяль­най дэзадаптацыі, якая прыводзіць да спынення развіцця і дэградацыі здольнасцей.

Для таго каб прадухіліць крызісы развіцця адоранасці, неабходна прадугледзець магчымасць узаемадзеяння вучняў з некалькімі тыпамі настаўнікаў:

— педагог захоплены сваім прадметам спрыяе ўзнікненню цікавасці да яго;

— настаўнік, які адпрацоўвае тэхніку майстэрства і закладвае яе асновы;

— педагог, які выводзіць на высокапрафесійны ўзровень.

Усе пералічаныя іпастасі могуць спалучацца і ў адным чалавеку, але такое здараецца не часта.

Аблягчае работу з адоранымі дзецьмі іх здольнасць выконваць цяжкія заданні з задавальненнем, яркая фантазія, цярпі­масць да нявызначанасці, выдатнае ўспрыманне супярэчанняў, валоданне вытрымкай пры пошуку рашэння, упартасць, імкненне дасягнуць выніку.

Найлепшай умовай для супрацоўніцтва педагога і адоранага вучня будзе здоль­насць настаўніка развіваць уласную адоранасць, глядзець на свет вачамі адоранага чалавека. Тады без цяжкасцей вы разам з вучнямі разгледзіце, як некалі Мікалай Казанскі, што бясконцы круг — гэта не што іншае, як прамая лінія, якая з’яўляецца найкарацейшым шляхам да дасягнення мэты! Варта адзначыць, што праграма на тэлебачанні “Я ведаю” ў час фіналу найбліжэйшай ня­дзельнай праграмы, якая прастымулявала нашу сённяшнюю размову, прадэманстравала важную гатоў­насць педагогаў і ўсяго грамадства да пазітыўнага ўспрымання свое­асаблівасці адоранага чалавека. Калі талент будзе адчуваць сябе ў грамадстве камфортна, то і паслужыць яму самым лепшым чынам!

Псіхалагічнае люстэрка

Асаблівая характарыстыка асаблівага вучня

Нам не прывыкаць ствараць характарыстыкі вучняў. Нават калі афіцыйна не патрабуюцца, то ў думках мы іх часта абнаўляем, дапаўняем, удасканальваем. Назіранні за дзецьмі і падлеткамі з пункту гледжання выяўлення іх адоранасці карысныя і прадукцыйныя. Прапануем схему назіранняў (аўтар А.І.Савянкоў), якая аблегчыць і накіруе прафесійныя назіранні.

Ахарактарызуйце тыповыя паводзіны вучня, паставіўшы ў канцы кожнага радка “так” ці “не”.

Вучэбныя характарыстыкі

1. Мае незвычайна вялікі запас слоў.

2. Валодае вялікім аб’ёмам інфармацыі і свабодна разважае на розныя тэмы.

3. Разумее сэнс і прычыны дзеянняў людзей і рэчаў.

4. З’яўляецца тонкім назіральнікам; “бачыць больш” ці “бярэ больш” з апавядання, фільма ці з нейкай дзейнасці, чым іншыя.

5. Паступіў у гэты клас, маючы жаданне і здольнасці чытаць больш, чым патрабуецца ў гэтым класе.

6. Паказаў хуткае разуменне арыфметыкі, матэматыкі.

Матывацыйныя характарыстыкі

1. Настойлівы ў пошуках рашэння задання.

2. Лёгка становіцца рассеяным у час сумнага задання ці справы.

3. Звычайна перапыняе іншых.

4. Прыкладае намаганні для заканчэння дзеяння.

5. Мае патрэбу ў мінімуме ўказанняў з боку настаўнікаў.

6. Упарты ў абароне свайго меркавання.

7. Чуллівы да меркаванняў іншых.

8. Не абыякавы да правільнага і няправільнага, добрага і дрэннага, да справядлівасці, можа асуджаць лю­дзей, падзеі, рэчы.

9. Схільны ўплываць на іншых; часта кіруе іншымі; можа быць лідарам.

Творчыя характарыстыкі

1. Цікаўны і дапытлівы, задае шмат пытанняў (не толькі на рэальныя тэмы).

2. Праяўляе цікавасць да інтэлектуальных гульняў, фантазій (цікава, што здарылася б, калі…).

3. Часта прапануе незвычайныя адказы, расказвае гісторыі з багатай фантазіяй, схільны да перабольшання.

4. З захапленнем імкнецца раска­заць іншым аб адкрыццях (голас усхваляваны).

5. Праяўляе вострае пачуццё гумару і бачыць гумар у сітуацыях, якія не здаюцца іншым гумарыстычнымі, атрымлівае задавальненне ад гульні слоў (гуляе ў словы).

6. Не схільны прымаць напавер “афіцыйнае рашэнне” без крытычнага даследавання; можа запатрабаваць доказы.

7. Не здаецца ўсхваляваным, калі парушаны нармальны парадак.

Лідарскія характарыстыкі

1. Бярэ на сябе адказнасць.

2. Яго любяць аднакласнікі.

3. Лідар у некалькіх відах дзейнасці.

Апрацоўка вынікаў

Для адукацыйнай практыкі дадатковай апрацоўкі да таго, што зроблена, не патрабуецца. Вынікі відавочныя. Запоўненая характарыстыка многа раскажа пра дзіця і дапаможа іншым настаўнікам пры пераходзе дзіцяці з пачатковай школы ў сярэдняе звяно, а затым у старшую школу.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.