Зімовая сцюжа ці мяккае цяпло канкурэнцыі?

“Дыялог з чытачом”

Напярэдадні самага яскравага зімовага свята важна пагаварыць пра канкурэнцыю ў дзіцячым калектыве, каб яе тэмпература не скавала лёдам радасныя эмоцыі дзяцей і бацькоў ці не расплавіла сяброўскія пачуцці ўсіх удзельнікаў педагагічных зносін.

Наколькі для дзяцей натуральныя прынцыпы канкурэнцыі? Ці варта культываваць прынцып спаборніцтва ў адукацыі? Можа, варта пазбягаць ацэнак і параўнанняў? Пытанні важныя і цяжкія. Аднак паспрабуем адказ­ваць на іх, бо пастаўлены яны самім жыццём перад намі, дарослымі, якія адказваюць за развіццё новага пакалення людзей. У зносіны як дарослых, так і дзяцей канкурэнцыя пранікае даволі часта і натуральна. Педагогу важна ­балансаваць, каб канкурэнцыя сярод вучняў была стымулюючай, здаровай, а значыць, не татальнай. Адрозніць здаровы дух канкурэнцыі сярод дзяцей і падлеткаў ад хворага і дэструктыўнага даволі проста. Варта парадавацца і працяг­ваць дзейнічаць у тым жа ўмераным рэчышчы, калі:

  • поспехі аднакласнікаў пад­ахвочва­юць вучняў працаваць лепш, а сіла, якая падахвочвае, — азарт, а не адмоўныя эмоцыі на­кшталт зайздрасці і крыўды;
  • існуюць пераважна паважлівыя і добразычлівыя адносіны паміж дзецьмі, канкурэнцыя не перашкаджае чалавечым адносінам;
  • дзеці, падлеткі здольны парадавацца поспехам іншых дзяцей; няма зайздрасці, паколькі поспех іншага заслужаны, справядліва ацэнены;
  • дзеці, вучні выкладваюцца, таму што любяць вучыцца, ім цікава вучыцца, атрымліваць вынік — і не толькі каб атрымаць пахвалу ці ўцерці некаму нос.

Як стымуляваць здаровую канкурэнцыю ў дзяцей:

  1. Стаўце рэалістычныя мэты.
  2. Арыентуйцеся на вечныя каштоўнасці. Адэкватна перажывайце няўдачы і не вельмі ўпівайцеся перамогамі; не судзіце лю­дзей вельмі жорстка, асабліва сваіх сяброў; не прымайце такіх спосабаў выйграваць, як падман, маніпуляванне, прысваенне. Прыводзьце натхняльныя прыклады адмаўлення ад выйгрышу праз падман, хлусню. Пастарайцеся растлумачыць дзіцяці, што перамога, якая прыходзіць з махлярствам, робіць яго няўпэўненым і ўразлівым.
  3. Навучыце бацькоў пасылаць дзіцяці правільныя сігналы ў зносінах. Напрыклад, вашы парады бацькам могуць быць такімі: “Калі ваша дзіця напісала кантрольную, здало экзамен, не пытайцеся пра тое, якую адз­наку яно чакае, замест гэтага спытайце, што ён ці яна напісалі. Калі ваш сын удзельнічаў у школьных спаборніцтвах, не пытайцеся, выйграла яго каманда ці не, лепш спытайце, як многа ён трэніруецца, колькі забіў мячоў? Няхай дзіця ведае, што вас больш цікавіць, як яно ці яны выканалі тое ці іншае заданне, а не ці з’яўляецца яно тым, хто прайграў ці выйграў. Стымулюйце дзяцей пастаянна быць лепшым у параўнанні з самім сабой.
  4. Адсочвайце няправільнае. У дзіцяці, падлетка павінна быць права мець узор для пераймання і магчымасць браць прыклад. Калі гэта куміры, якія дзейнічаюць нягодна дзеля поспеху, важна развенчваць такія ідэалы, звяртаючы ўвагу на іншых вялікіх паспяховых людей.

І ўсё ж варта памятаць, што нават здаровая канкурэнцыя можа выклікаць дыскамфорт. Прымаючы і ствараючы ўмовы для ўмеранай, дазіраванай, кіруемай канкурэнцыі з-за матывуючага і развіццёвага ўплыву, усё ж пастаянна трымаем руку на яе пульсе. Падводным каменем канкурэнцыі ў дзіцячым калектыве можа стаць булінг. У канкурэнтным асяроддзі пры няўважлівасці педагога можа актывізавацца такі тып агрэсара, як кампенсатар.

Кампенсатар адчувае недахоп ведаў і здольнасцей да навучання, які папаўняе праяўленнем улады, хлуснёй, грубасцю. Любіць здзекавацца з фізічна і псіхалагічна слабых, неабароненых. Нанесеныя яму крыўды памятае доўга, заўсёды спрабуе ўзяць рэванш. Магчымасць барацьбы з такім тыпам агрэсара — заваяваць падтрымку калектыву. Як толькі ён разумее, што ахвяру падтрымліваюць іншыя, напружанне яго агрэсіі зніжаецца. Акрамя гэтага, педагог павінен прачытаць такія паво­дзіны як сігнал да аказання дапамогі дзіцяці, якое ініцыіруе булінг, у навучанні, фарміраванні пазітыўных адносін з дзецьмі, падлеткамі, калектывам у цэлым.

Дзіцячы калектыў, пачынаючы фарміравацца, уяўляе сабой “жменю пяску”, потым — “мяккую гліну”, потым — “мігатлівы маяк”, толькі ў завяршэнні свайго фарміравання — “факел, які гарыць” ці “пунсовы ветразь”. Гэта значыць, поўнае самакіраванне, агульныя каштоўнасці і нормы, традыцыі, патрабаванні, якія прад’яўляе кожны сабе. У развіцці калектыву, яго здаровага духу, у тым ліку часам і спаборніцка-канкурэнтнага, асаблівая роля належыць сумеснай дзейнаці дзяцей. Ёсць неабходнасць уцягваць дзяцей і падлеткаў у разнастайную і змястоўную калектыўную дзейнасць. Яна павінна быць так арганізавана і прастымулявана, каб згуртоўвала, аб’ядноўвала выхаванцаў у працаздольны калектыў. Важнымі сродкамі фарміравання здаровай атмасферы ў калектыве могуць быць вучэбная і іншыя разнастайныя віды дзейнасці дзяцей і падлеткаў. Напрыклад, мы бачым, што калектыву варта збавіць узровень канкурэнцыі і фарміра­ваць давер унутры калектыву замест яе. Апрабуйце практыкаванні, якія прапануюцца, — і ў вас атрымаецца дасягнуць гэтай мэты.

Практыкаванне-гульня “Хваля”

Структура гэтай гульні простая, але па­трабаванні да ўдзельнікаў вялікія, бо кожны гулец павінен быць максімальна засяро­джаны. Для правядзення спатрэбіцца многа прасторы, можна гуляць на вуліцы. Да гульні абмяркуйце з групай пытанні бяспекі: усе павінны быць пастаянна напагатове, каб той, хто бяжыць, не траўміраваўся. Важна не зво­дзіць вачэй з таго, хто бяжыць, і ацэнь­ваць яго хуткасць. Рукі трэба падымаць уверх своечасова, лепш раней, чым вельмі позна. Дзеці выстройваюцца ў два рады насупраць адно аднаго. Адлегласць паміж удзельнікамі такая, каб яны маглі дакрануцца да выцягнутых рук партнёра. У гульні некалькі раўндаў. У кожным з іх удзельнік стартуе за 10 метраў ад гульцоў і прабягае паміж імі радамі. Удзельнікі трымаюць рукі на вышыні плячэй, выцягваючы іх у бок партнёра, які стаіць насупраць, так, што далоні перакрываюць адна адну (ні ў якім разе рукі не павінны быць счэплены). У гульца, які падбягае, складваецца ўражанне, што ён прабяжыць праз перашкоду. Незадоўга да таго, як гулец падбя­жыць, удзельнікі, якія стаяць, павінны падняць рукі і, як толькі ён прабяжыць міма іх, зноў апусціць рукі. Той, хто бяжыць, павінен быць упэўнены ў тым, што ўсе гульцы сканцэнтравалі ўвагу на ім і што ён не наткнецца на іх рукі. Папрасіце таго, хто бяжыць, не ­мяняць тэмп руху. Калі бягун запаволіць ход, то праблем не ўзнікне, калі рэзка паскорыцца, то магчымы не­прыемнасці. Бягун дае сігнал, пытае гульцоў: “Гатовы?” Трэба дачакацца сцвяр­джальнага адказу ад групы. Лепш зрабіць некалькі трэніровачных спроб, у якіх бягун рухаецца павольна. Бяспека гарантуецца, калі той, хто ­бяжыць, ­загадзя аб’яўляе, на якую ­хуткасць ён адважваецца. Чым хутчэй мае намер бегчы гулец, тым далей месца старту. Дайце кожнаму ўдзельніку ўпэўніцца ў на­дзейнасці хвалі.

Практыкаванне-гульня “Падтрымліваем адно аднаго”

Захапляючае практыкаванне на давер, у якім адзін гулец знаходзіцца ў моцнай ­залежнасці ад другога. Пажадана, каб у памяшканні быў дыван ці іншае мяккае пакрыццё. ­Удзельнікаў зноў раздзяляем на пары. Дзеці падбіраюцца прыкладна адной камплекцыі. Потым дзеці становяцца адно насупраць аднаго на адлегласці даўжыні рук і бяруцца за рукі крыж-накрыж. Падкрэсліце, што вельмі важна абсалютная надзей­насць партнёраў. Цалкам засяродзіўшыся адно на адным, партнёры павольна і пад кантролем вядучага пачынаюць перамяшчаць свой цэнтр цяжару. Партнёры пераносяць вагу наперад, потым робяць некалькі малюсенькіх крокаў назад, так што вага кожнага ўтрым­ліваецца дзякуючы супрацьдзеючаму ціску іншага. Кожная пара сама вызначае вугал нахілу. Калі напружанне становіцца гранічным, пара на імгненне застывае ў гэтай пазіцыі. Потым партнёры павольна і раўнамерна вяртаюцца ў вертыкальнае становішча, маленькімі крокамі прасоўваючыся наперад, пакуль не дасягнуць зыходнага становішча. І кожны з партнёраў зможа стаяць самастойна. У канцы гульні пары сцісла абмяркоў­ваюць свае дзеянні.

Практыкаванне-гульня “Падарункі”

Уручаць падарункі — старая традыцыя, у гэтай гульні яна выглядае па-іншаму. Група садзіцца ў круг. Педагог расказвае, як важна рабіць падарункі, каб паказаць добрыя адносіны адно да аднаго. Папрасіце аднаго з удзельнікаў пачаць гульню. Ён устае, падыходзіць да любога ўдзельніка і ўручае яму выдуманы падарунак. Перадача падарунка складаецца з вербальнай і невербальнай частак. Той, хто дорыць, гаворыць добрыя словы партнёру і тлумачыць, чаму ён до­рыць падарунак. Адкрыта называць, што ён дорыць, нельга. З дапамогай мімікі і жэстаў як мага больш праўдападобна паказаць, якой формы падарунак, вялікі ці маленькі, наколькі цяжкі. Потым той, хто прымае, таксама выкарыстоўваючы толькі міміку і жэсты, павінен паказаць, як ён яго прымае, пры неабходнасці — распакоўвае. Ён павінен выра­шыць, што гэта такое, падзякаваць за падарунак, выразна расказаць, што яму падарылі. Першы гулец вяртаецца на месца. Гулец, які атрымаў падарунак, накіроўваецца да іншага члена групы, каб у сваю чаргу зрабіць падарунак яму. Важна падкрэсліць, што дарыльшчыкі павінны пагаджацца з усім, што назаве гулец, які прымае падарунак. І ў час дыялогу арыентавацца менавіта на гэта. Гулец, які прымае падарунак, абсалютна свабодны ў тым, як вызначыць гэты падарунак. Гэта можа быць канкрэтны прадмет, а таксама абстрактная якасць. Педагог і ўдзельнікі клапоцяцца пра тое, каб не быў забыты ніхто. Пры гэтым кожны можа атрымаць толькі адзін падарунак. Вядучы таксама ўдзельнічае ў гульні.

Існуюць гульні, якія заснаваны на канкурэнцыі. Задавальненне гульцы атрымліваюць менавіта ад спаборніцтва. Гэта даганялкі, хованкі, выбівалы, перагонкі. Гэтыя гульні дазваляюць дзецям зняць напружанне. Праз рухальную актыўнасць і сімвалічную перамогу над іншымі (ці яе блізкую магчымасць) зніжаюць напружанасць агрэсіўных станаў, сітуацыя становіцца больш спакойнай. У канкурэнтных гульнях важна, каб перамога была магчымай. Калі гульцы вельмі адрозніваюцца па сіле, то адным будзе пастаянна крыўдна, а іншым — сумна.

Прафілактуючы вельмі яркае саперніцтва ў дзіцячым калектыве, варта больш удзяляць увагі гульням, якія патрабуюць супрацоўніцтва, узаемаразумення, абмену, узаемадзеяння. Прыдумваючы добрыя традыцыі калектыўнага жыцця групы, класа, арганізоўваючы захапляючыя перспектывы для калектыву, мы ствараем гарманічную мелодыю міжасобасных зносін нашых дзяцей пры аптымальнай тэмпературы стваральнай канкурэнцыі.

Псіхалагічнае люстэрка

Садавіна — ягады

Канкурэнтаздольнасць часта залежыць ад характару чалавека. І жартам, і сур’ёзна, рысы характару можна параўнаць з чым хочаш, ствараючы яркую, выразную, празрыстую метафару. Напярэдадні свята развесяліце сваіх вучняў, уласных дзяцей, усміхніцеся самі, падумаўшы, што характар залежыць ад ягад і фруктаў, якія мы любім ужываць у ежу. Каб правесці гэты вясёлы тэст, напішыце спіс садавіны і ягад на плакаце і павесьце яго такім чынам, каб было відаць усім прысутным. Спытайцеся ў тых, хто сабраўся, якім з гэтых пладоў яны аддаюць перавагу, а потым прачытайце характарыстыку, зме­шчаную ніжэй.

“Апельсіны”

Як правіла, “апельсіны” — натуры любячыя і любімыя. Яны не могуць жыць без пастаяннай увагі з боку навакольных, на фоне якіх прывыклі вызначацца сваёй неардынарнасцю. “Апельсіны” літаральна зараджаны энергіяй, цэлымі днямі яны штосьці ствара­юць, ні секунды не седзячы на адным месцы.

“Грушы”

“Грушы” па сваёй натуры — вялікія аптымісты. Яны хутка і лёгка сыходяцца з людзь­мі, якім даспадобы жыццялюбства і нязгас­нае пачуццё гумару гэтых фруктаў. З “грушамі” заўсёды весела і камфортна. Вакол іх жыццё б’е крыніцай. “Грушы” — цудоўныя сябры, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу ў цяжкую хвіліну.

“Яблыкі”

“Яблыкі” — вялікія кансерватары. Навінкі тэхнічнага прагрэсу доўга могуць шукаць да іх дарогу. Сваё жыццё яны лічаць за лепшае акружаць антыкварыятам ці проста звычайнымі рэчамі, у якіх, на іх думку, заключана душа. А ў адносінах з людзьмі яны прытрымліваюцца меркавання, што стары сябар лепшы за новых двух.

“Клубніцы”

Саперніцтва — вось пачуццё, якое характарызуе “клубніц”. Ім падабаюцца вялікія і шумныя кампаніі, вясёлыя вечарыны і святы. Яны часта з’яўляюцца завадатарамі ў любой кампаніі. Любяць, каб сябры ўдзялялі ўвагу толькі ім.

“Чарэшня”

Душэўная мяккасць і дабрыня характарызуюць чалавека-“чарэшню”. Гэта сапраўдны філантроп, здольны шчыра і бескарысліва дапамагаць навакольным, дарыць ім сваю любоў і ласку. Такія людзі наіўныя і мілыя, а таксама любяць свавольствы і сюрпрызы.

А цяпер створым прастору для канку­рэнцыі. Выканаем заданне-тэст “Хто самы кемлівы?”. Вывучым хуткасць мыслення. Папра­сіце ўдзельнікаў адказаць на зада­дзеныя вамі пытанні, пасля чаго пакажыце ім чысты ліст паперы і спытайце:

— Гэтая папера якога колеру?

Удзельнікі адказваюць:

— Канечне, белага!

Потым тут жа задайце наступнае пытанне:

— Што п’е карова?

У большасці выпадкаў будзе адказ:

— Малако!

Толькі даўшы няправільны адказ, падыспытныя зразумеюць, што карова малако дае, а п’е яна ваду. Той, хто адразу адказвае правільна, вызначаецца здольнасцю хутка і лагічна думаць. Менавіта ён выйграў у гэтым жартаўлівым спаборніцтве.

Святлана РАДЗЬКОВА.